У галоўнай Чапурушкі Клаўдзіі Абібак — юбілей

IMG_8717
Не памылюся, калі скажу, што  ведаюць многія ў нашым раёне. Адны – як зямлячку, другія — як выдатнага настаўніка і намесніка дырэктара СШ №1, трэція — як актыўную ўдзельніцу культурных і грамадскіх мерапрыемстваў. Апошні час Клаўдзія Андрэеўна вядома як стваральніца вакальнага ансамбля «Чапурушкі» і яго вядучая артыстка. Яна – галоўная Чапурушка нашага раёна.
Энергічная, жвавая, руплівая, няўрымслівая, харызматычная – гэтая жанчына ўмее ўзняць людзям настрой. І дзе б Клаўдзія Андрэеўна не працавала, яна ўсюды прыўносіць сваю іскрынку, напаўняе творчасцю і запалам усё навокал сябе, аб’ядноўвае людзей. Яна іграе на баяне, прыгожа спявае, танцуе народныя танцы, складае вершы і піша аўтабіяграфічную аповесць. Вось такая яна Клаўдзія Абібак – адзіная і непаўторная.

«Ёсць да болю знаёмы куточак зямлі – гэта вёска Сырод – мая песня й калыска.
І хоць сцежкі дадому даўно зараслі, усё часцей і часцей я гляджуся ў дзяцінства…»
Сваёй малой радзіме Клаўдзія Андрэеўна прысвяціла шмат вершаваных радкоў. У іх – успаміны пра дзяцінства і вясковыя клопаты, дзявоцкія жаданні і мары. Некаторыя з іх збыліся, іншым спраўдзіцца не было наканавана.
Маці — настаўніца пачатковых класаў, гадавала пяцярых дачок – Святлану, Клаву, Зіну, Ларысу і Марыю — адна. Яны з’явіліся ў сям’і Пугачовых з Сырода адна за другой.
«Дзень быў марозны і сонца свяціла,
Вецер шалёна па вокнах скакаў.
Маці мяне ў той час нарадзіла,
Бацька ад шчасця, як месячык ззяў.
Рада па вушы была і Святланка –
Гэта старэйшая наша сястра.
Кінула коўзанку, кінула санкі,
Кінула гульні – бывай, дзетвара!
Усё разглядала мой тварык дзіцячы,
Песціла тонкія ручкі мае,
Клікала маці, калі я заплачу,
Тая падыдзе, пакорміць мяне…»
Так апісвае Клаўдзія Андрэеўна ў паэме «Мой лёс» дзень, калі яна з’явілася на свет – 9 студзеня 1956 года.
Калі малодшай Марыйцы было тры месяцы, бацька абвясціў, што пакахаў другую жанчыну і пакінуў жонку з дзецьмі адну. Паліна Даманаўна не галасіла, не здалася, а заглушыла страшэнны боль у сэрцы і ўсю сябе аддала дзецям.

Працоўная дзейнасць пачалася ў 16 гадоў

У адрозненне ад сясцёр, Клаўдзія з дзяцінства ведала, што будзе настаўніцай. Як усе дзеці, яна гуляла ў розныя гульні, але ж «гульня ў школу» была ёй найбольш даспадобы.
На выбар прафесіі паўплывала не толькі маці-настаўніца, але і першы настаўнік дзяўчынкі франтавік Міхаіл Лучына.
У інстытут Клава не паступала: разумела, што вучоба ім не па кішэні. Паліна Даманаўна сама завяла дачку да загадчыка райана Мікалая Цеслюка і папрасіла: «Вазьміце Клаўку на работу».
Працоўная дзейнасць Клаўдзіі Андрэеўны пачалася ў 16 гадоў у Кротаўскай школе, дзе яна год была піянерважатай. На наступны год яе перавялі ў Шыіцкую сярэднюю школу. Тады ж яна паступіла ў Гомельскі ўніверсітэт на філалагічны факультэт.
А яшчэ праз год дзяўчына вый-шла замуж.

Замуж толькі за шафёра

Як расказала Клаўдзія Андрэеўна, усе пяцёра сясцёр выходзілі замуж па чарзе, так як нараджаліся. Кавалераў не перабіралі, доўга не вагаліся. Разумелі, што вялікі пасаг маці не дасць.
— А замуж я вельмі хацела, — усміхаецца Клаўдзія Андрэеўна. – І толькі за шафёра. Мабыць таму, што гэтага шафёра ў нашай сям’і так не хапала. Пражыла я са сваім Васілём Барысавічам шчаслівых 45 гадоў, як за родным бацькам, якога ў мяне, можна сказаць, не было.
Свайго «шафёра» Клаўдзія спаткала ў Гулевічах, калі ўладкавалася на лета старэйшай важатай у раённы лагер для дзяцей працаўнікоў сельскай гаспадаркі. На той момант Васіль Абібак працаваў механікам у геалогіі.
Пасля вяселля Клаўдзія Андрэеўна перайшла ў Гулевіцкую школу настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Потым пайшлі дзеці. Спачатку нарадзілася Людміла, а за ёй – Васілёк.
У 1987 годзе яны ўсёй сям’ёй ажно на тры гады пераехалі ў Эфіопію, куды Васіля Абібака накіравалі ў складзе савецкай нафтапошукавай экспедыцыі.
Клаўдзія Андрэеўна там працавала настаўніцай у школе для савецкіх дзяцей. А пасля заняткаў арганізоўвала культурны адпачынак для камандзіровачных беларусаў. Яна і ў Эфіопію прыехала са сваім баянам! Дарэчы, эфіопцам таксама прыйшліся да спадобы нашы беларускія песні.

А пачалося ўсё з гармоніка дзеда Ігнаціка

Першы новенькі гармонік дзяўчатам прынесла маці са школы: «Наце, спрабуйце. Можа, і навучыцеся граць».
— Сёстры хутка страцілі да яго інтарэс, а я загарэлася… Такі ён быў яркі і бліскучы. Памятаю, як плечы балелі. Лягу на печ, гармонік на грудзі пакладу і рыпаю…
Наш сусед дзед Ігнацік як даведаўся пра тое, што я сама на гармоніку вучуся іграць, кажа: «Забірай мой». З той пары са мною крочыць 60 гадоў той гармонік, што калісьці падарыў мне дзед Ігнат, — рыфмаванымі радкамі расказвае мая субяседніца і дадае, што гармонік дзеда Ігната захоўвае і сёння.
У якой бы школе Клаўдзія Андрэеўна не працавала, яна ўсюды знаходзіла аднадумцаў, збірала вакол сябе людзей, арганізоўвала мастацкую самадзейнасць. Нават аднойчы стала ўдзельніцай тэлепраграмы «Землякі».
У 1990 годзе дырэктар СШ №1 Аляксандра Радута прапанавала Клаўдзіі Абібак гадзіны беларускай мовы і літаратуры.
У першай школе Клаўдзія Андрэеўна адпрацавала 24 гады, да самага выхаду на пенсію. З іх больш за 20 гадоў была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.
Сваімі настаўнікамі педагагічнага майстэрства і сёння лічыць Аляксандру Радута і яе намесніка Тамару Сарнаўскую.

Чапурушкі

снимок 1099

Пасля таго, як Клаўдзія Андрэеўна развіталася з педага-гічнай працай, яе запрасілі працаваць у ТЦСАН. Кіраўнік цэнтру Марына Чарнякова папрасіла Клаўдзію Андрэеўну дапамагчы наладзіць работу з людзьмі сталага ўзросту, неяк разварушыць іх. І ў яе гэта атрымалася выдатна.
Менавіта ў той час «нарадзі-ліся» добра вядомыя нам «Чапурушкі», якія за пяць гадоў аб’ездзілі з канцэртамі не толькі наш раён і вобласць, але і сталі ўдзельніцамі «Славянскага базару», пераможцамі шматлікіх конкурсаў і фестываляў.
Сцэнарыі да канцэртаў і тэатральных пастановак Клаўдзія Андрэеўна піша сама. Яна і сцэнарыст, і рэжысёр, і галоўная артыстка.
Назву для свайго ансамбля Клаўдзія Андрэеўна таксама прыдумала сама.
Чапурушкі – гэта вясёлыя, прыгожыя, таленавітыя і пазітыўныя жанчыны, якіх аб’ядноўвае любоў да песні і творчасці.
Год таму Клаўдзію Абібак запрасілі працаваць у раённы Дом культуры, куды яна перайшла разам са сваімі «Чапурушкамі». За год яны больш за 50 разоў выязджалі з канцэртамі ў розныя вёскі нашага раёна, нават у самыя маланаселеныя.
Ансамбль «Чапурушкі» — нязменны ўдзельнік і ўсіх гарадскіх мерапрыемстваў.
Словам, Клаўдзія Абібак не сумуе. На гэта ў яе проста няма часу.
Калі выдаецца вольная хвілінка, бярэ ў рукі спіцы, бісер, пляце макрамэ. А ўлетку весь свой вольны час праводзіць на дачы ў Гулевічах, куды дабіраецца на веласіпедзе, бо ўжо другі год няма побач любімага шафёра. Страта цяжкая, але ж жыццё працягваецца. Васіль Барысавіч аставіў у яе душы толькі добрыя ўспаміны. Пра яго напамінаюць і іх дзеці – Людміла і Васіль, а таксама трое ўнукаў.
А яшчэ наша юбілярка працягвае працаваць над аўтабіяграфічнай аповесцю «Вяртанне ў дзяцінства», якая, як яна спадзяецца, у хуткім часе пабачыць свет. Гэта будзе добрая памяць аднавяскоўцам, нашчадкам.
Вершы Клаўдзія Андрэеўна піша на беларускай і рускай мовах. Гэта як сэрца падкажа. І нават своеасаблівы вынік пражытага адрэзку жыцця яна падвяла наступнымі вершаванымі радкамі.
Не жалею, не зову, не плачу,
Хоть мне исполнилось сегодня 6 и 5.
И жить, наверное, я не могла иначе,
Другой стези не стала бы искать.
Я снова выбрала бы это детство,
Взяла б соседей, преданных друзей.
Взяла бы бедность – горькое наследство,
Что закаляло нас и делало сильней.
И родину я выбирать не стала б,
Не стала бы профессию менять.
Ведь для меня всю жизнь была примером
Любимый мой учитель – моя мать.
Каких сестер судьба мне подарила!
Об этом счастье можно лишь мечтать.
Нас пятеро, и в этом наша сила,
Бесценный дар и Божья благодать.
Я снова выбрала бы брови эти,
В которые всю жизнь я влюблена.
Мой муж красивей всех мужей на свете,
И буду я весь век ему верна.
Идут со мной по жизни мои дети,
За них мне не приходится краснеть.
Две внучки, внук – большой семьи соцветье.
Глядя на них, не хочется стареть.
В природе еще не было такого,
Чтобы реки побежали вспять.
И мне пути не надобно иного,
Но если бы пришлось начать все снова,
То этот путь я выбрала б опять.

Таццяна КАПІТАН.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.