Паважаныя чытачы, дарагія падпісчыкі раённай газеты “Калінкавіцкія навіны”!

Веко А В копия

Вось і перагарнулі мы разам з вамі апошнюю старонку 2020 года. Для адных ён быў дрэнны, бо прынёс вялікія выпрабаванні, многа расчараванняў і, што самае сумнае, незваротных страт… Для другіх – удалы і шчаслівы, таму што яны ўехалі ў новую кватэру, у іх нарадзіўся доўгачаканы сынок або дачушка, унучак або ўнучка…

І першыя, і другія будуць па-свойму правыя, бо ў кожнага свая праўда. У такім выпадку нашы продкі казалі: Бог няроўна дзеліць. Але ўсё ж дзякавалі за любыя выпрабаванні. Бо ведалі: гэта знакі вялікай любові, праз якія нам даводзіцца, хто і што з’яўляецца для нас галоўным у гэтым жыцці, каго і за што мы павінны любіць, шанаваць і аберагаць. І трэба добра вывучыць і засвоіць гэтыя важныя ўрокі, каб не страціць жыццёвыя арыенціры.

На працягу ўсяго года мы заставаліся з вамі, працавалі для вас, дзялілі з вамі шчаслівыя і сумныя моманты сямейнага і асабістага жыцця дзеля таго, каб у сто разоў памножыць радасць і як мага суцішыць душэўны боль. Мы расказвалі вам пра тыя падзеі, што адбываліся ў раёне, пра лепшых людзей – работнікаў ферм і палёў, цэхаў і кабінетаў, аўтамабільных дарог і чыгункі, пра заслугі ветэранаў вайны і працы, пра дасягненні нашых дзяцей. Мы расказвалі вам пра сучаснасць і мінуўшчыну роднага краю, які мы атрымалі ў спадчыну ад нашых продкаў і які павінны берагчы як зрэнку вока, бо ён у нас адзіны, і іншага ў нас няма і не будзе. Словам і справай сваімі мы стараліся вам усё гэта данесці. І будзем вельмі задаволены, калі нам гэта хоць крыху ўдалося. Значыць, наша работа была нездарма.

Дзякуй вам, нашы падпісчыкі і чытачы, паважаныя сябры і дарагія землякі, што вы і ў Новым годзе застаецеся з намі. Гэта асабліва прыемна, бо новы год у нас з вамі адметны – раённай газеце спаўняецца 80 гадоў. На працягу гэтага часу мы былі летапісцамі жыцця раёна і абяцаем застацца імі надалей. Але толькі разам з вамі!

А таму жадаем вам у Новым годзе моцнага здароўя, сямейнага шчасця і дабрабыту, натхнення і энтузіязму, бадзёрасці і радасці. Няхай не толькі ў гэтыя святочныя дні, але і на працягу ўсяго года здараюцца ў вас прыемныя нечаканасці. Няхай вашы дамы і кватэры напаўняюцца радасным дзіцячым смехам. Няхай калядная зорка ў гэтыя чароўныя дні падорыць вам шмат станоўчых эмоцый і надалей асвятляе жыццёвы шлях, будзе заступніцай вашых сем’яў і памочнікам  у добрых справах. І няхай для ўсіх нас у новым годзе ўсё складзецца паспяхова!

Ад імя калектыву рэдакцыі  “КН” Аляксандр Века, намеснік галоўнага рэдактара.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.