Заўсёдная аптымістка Груня Шынкарэнка

IMG_1981

Не толькі ў Вуглах, але і ва ўсіх навакольных вёсках многія добра ведаюць, хто такая Груня Шынкарэнка.  Гавораць пра яе, як пра выдатную гаспадыню, клапатлівую маці, бабулю і таленавітую спявачку. Яшчэ на пад’ездзе заўважаем ўвесь у восеньскіх кветках двор узорнага парадку і простую вясковую  хату гаспадыні. А ў яе пакоях – быццам выстава твораў народных майстроў: саматканыя дываны і ручнікі, сямейныя фотаздымкі, якіе падарылі жанчыне дзеці, унукі і праўнукі.

Груня Шынкарэнка родам з вёскі Беразнякі. Нарадзілася да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якая і адабрала ў дзяўчынкі бацьку.

— Маме давялося адной гадаваць семярых дзяцей, — успамінае Груня Мікалаеўна. — Былі ў нашай сялянскай хаце і голад, і нястача. Рана мы, дзеці, пакінулі свае гульні і забавы і шмат працавалі разам з маці. Клопаты па хатняй гаспадарцы, а пасля праца ў калгасе. Усё асвойвалі: і ткацтва, і вышыўку, і вязанне.

Жанчына дадае, што тады іх простых вясковых працаўнікоў, заўсёды суправаджала добрая душэўная песня. Расказвае, што ўся яе сям’я была пявучая. Бацька, дзядзька і два браты ігралі на ўсіх вяселлях у акрузе.

IMG_1967

— Жылі дружна. Увечары збіраліся — спявалі песні, працавалі — спявалі песні, перапынак у працы — ізноў спявалі песні. І скакалі хоць куды — пад гармонік, балалайку. І так зграбна гэта ў нас атрымлівалася, нават у лапцях. Спявалі, танцавалі, працавалі і стомы не ведалі. Не звярталі ўвагі, што не было чаго ні паесці, ні апрануць.

А яшчэ жанчына прызнаецца, што працаваць ёй падабалася. Успамінае, як, прыйшоўшы дадому,  вечарамі чакала наступнай раніцы, калі зноў пойдзе. Тады на дзень ёй прыходзілася зжынаць сярпом па 20 сотак, а то і болей. Успамінае, як самі дзяўчаткі насілі копы, як ездзілі на сенажаць па цэламу тыдню, як за дзень умудралася скласці па два стагі сена. Памятае добра і тое, як уцякалі з работы на гадзіну – другую ў лес па лісічкі, іх пасля здавалі і куплялі паркалёвую тканіну для новага адзення. Хадзілі і па ягады, і па грыбы, працавалі і весяліліся.

Цяжка было жыць у тыя гады, але маладая Груня заўжды заставалася вясёлай аптымісткай. Працавала з песняй, а ў вольны час танцавала з сяброўкамі на вячорках, дзе збіралася ўся вясковая моладзь. Там ёй і трапіўся асаблівы хлопец, вясёлы і здатны да музыкі гарманіст Цімафей Шынкарэнка, які запаў у сэрца дзяўчыне. З кахання і песні пачалося іх сямейнае жыццё.

Замуж Груня Мікалаеўна выйшла ўлетку 1957 года. У той час яна пераехала ў Вуглы, адкуль быў родам яе муж. Там яны пабудавалі новы прасторны дом, у якім пражылі разам 25 гадоў, нарадзілі пяцёра дзяцей.  

IMG_1972

 — Рознага ў нас з Цімафеем хапала: і добрага, і дрэннага. Але ж ад цяжкасцей я не хавалася. Выйшла замуж, вось і цярпела, што прыходзілася. Старалася заўжды вясёлай хадзіць, а для гэтага пела, пела і пела. Так і жыццё ўсё прапела сваё.

У Вуглах Груня Шынкарэнка да самага выхаду на пенсію працавала даяркай. На заслужаны адпачынак пайшла ў 50 гадоў, маючы за плячамі 35-гадовы стаж.

Так скалаўся лёс, што Груня Мікалаеўна рана аўдавела.  Але ж жыццё рухалася наперад, і жанчына, дзякуючы свайму прабітному характару і вялікаму працалюбству, сама выгадавала і выхавала сваіх дзяцей.

Сёння Груня Шынкарэнка ўжо мае адзінаццаць унукаў і столькі ж праўнукаў. Жанчына радуецца, што і дзеці, і ўнукі выраслі добрымі і сумленнымі людзьмі, што не забываюць пра яе і часта наведваюцца ў госці. Ім з вялікімі задавальненнем яна спявае свае песні, расказвае вершы. А іх ведае вельмі многа. Пра што толькі пажадаеце: і пра каханне, і пра нялёгкую жаночую долю, і пра Радзіму. Іменна так яна працягвае дарыць радасць сваім самым  любімым людзям. 

Груня Мікалаеўна ўжо доўгі час жыве адна, але ж на лёс не скардзіцца. Яна ўсё ж такая гаваркая, вясёлая і гасцінная. Яе прыемна бачыць і чуць, гутарыць з ёю. Гэта жанчына пражыла зусім нялёгкае жыццё, але не страціла аптымізму і жыццёвай цвёрдасці. Яна з тых, хто лічыць: “Што нас не забівае, тое робіць нас больш моцнымі”.

Ала ВЕКА.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.