Ніна Ткачэнка: «Жыццё без працы – не жыццё»

IMG_1894

Многія з прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва гарманічна спалучаюць у сабе некалькі роляў: яны і любячыя жонкі, і клапатлівыя матулі, і руплівыя гаспадыні, і сумленныя працаўніцы. Менавіта да такіх жанчын – працавітых, гаспадарлівых і адказных адносіцца жыхарка вёскі Лясец Ніна Архіпаўна Ткачэнка.

 З малых гадоў Ніна Архіпаўна ўжо працавала на малочнай ферме. У пасляваенныя гады там даіла кароў яе маці. Каля яе бавіла час і падрастаючая Ніна. У драўляных кароўніках, пабудаваных пасля арганізацыі калектыўнай гаспадаркі, уручную раздавалі кармы, чысцілі памяшканні, насілі напоўненыя малаком бітоны. Пакуль маці даглядала замацаваную групу кароў, дачушка знаходзіла сабе занятак. Засвоіла працу даяркі, падчас школьных канікулаў падмяняла маці, якой хапала спраў па хатняй гаспадарцы.

IMG_1883

— Маё дзяцінства не было галодным, — расказвае жанчына. — Хаця нас у бацькоў усіх было пяцера. Татка працаваў на трактары, на экскаватары, быў брыгадзірам паляводчай брыгады. Усё жыцце ў калгасе адпрацаваў.

Ніна Архіпаўна дадае, што ўсіх сваіх дачок і сыноў бацькі выхоўвалі на ўласным прыкладзе працалюбства. Заўжды вучылі дзяцей, што галоўнае ў жыцці — сумленнае стаўленне да таго, што робіш. Асуджалі і такія  заганы як п’янства і гультайства. Яны сцвярджалі, што не было ў іх часу, каб ўпадаць у дэпрэсіі ці падавацца ў загулы. Многа і шчыра працавалі, але і наогул жылі весялей, бо ад працы задавальненне атрымлівалі.

IMG_1880

— Вучыцца таксама стараліся. Спачатку хадзілі ў пачатковую школу ў Лясцы, затым вучыліся ў Азарычах. У той час у Азарыцкую школу шмат дзяцей прыязджала – з Цідава, Крукавічаў, Літвінавічаў і іншых вёсак. Нават і інтэрнат тут быў для тых, каму далека кожны дзень дабірацца. Мы ж з Лясца ўсе пешшу хадзілі.  Быў у нас адзін такі хлопец высокі Тарасюк, дык зімой ён  заўсёды першы ішоў, пратопваў нам сцяжынку, а мы, як гусі, ішлі следам.

Адразу ж пасля школы, Ніна Ткачэнка пайшла працаваць. І ў шаснаццаць гадоў яна ўжо была ўкладчыцай труб у будаўніча-мантажным упраўленні меліярацыі. 

— Чатыры гадкі там адпрацавала. Займаліся мы асушэннем балот. Цяжка, што сказаць. Нас, такіх малых, нават не хацелі браць на працу. Асабліва зажымаць трубы паміж сабою было нялёгка. Стыкі абварочвалі мохам. А мох той самі хадзілі ў лес збіраць. Гэта ж зараз сцеклавата, а тады нічога такога не было.  Але ж мы цяжкасцей не баяліся, таму і работу выконвалі сваю заўсёды як след.

IMG_1878

Пасля Ніна Ткачэнка ўладкавалася на працу ў саўгас “Азарычы” (цяпер – “Беразнянскі”). Стала даяркай, сорак два гады адпрацавала на ферме.

— Ведаеце, што я вам хачу сказаць. Па-першае работаць было нам весела. Хаця і няпроста. Мы ўсяму знаходзілі час. Пакуль муку нам палучаць ці пакуль кароўкі нашы прыдуць, мы папапяём разам. Мы ўсе ж заўзятыя спявачкі! Ды і, працуючы, прыгожыя песні тых часоў спявалі. Душа прагла радасці.

І пагаворым мы, і сваімі шчасцямі-бедамі падзелімся. Ну і папрацуем абавязкова. Ніколі такога не было, каб мы паляніліся да не выканалі свае абавязкі. Адным словам, ведалі: калі адпачнуць, калі папрацаваць трэба.

IMG_1875

Ніна Архіпаўна дадае, што амаль 15 гадоў яна была дэпутатам. Спачатку яе абралі ў мясцовы Савет, а пасля – у раённы. Давялося паўдзельнічаць у злёце перадавікоў у Маскве, была ўдарнікам дванаццатай пяцігодкі, зараз – ветэран працы. Мае шмат грамат і дыпломаў за шматгадовую і старанную працу ў сельскай гаспадарцы.

Галоўная радасць Ніны Архіпаўны – яе дзеці. Разам з мужам Уладзімірам Анісімавічам яны выгадавалі і выхавалі траіх дзетак – сына Сяргея і дачок Святлану і Таццяну. Сёння ў яе падрастаюць унукі і праўнукі.

— З маім Валодзькам пражылі разам душа ў душу амаль 55 гадоў. Ён некалькі месяцаў не дажыў да нашаго ізумруднага вяселля.  Вясёлы ён быў, і сёння захоўваем гармонік, на якім іграў нам. А яшчэ ж гаспадар які добры. Ад таго, мусіць, і дзеці нашыя добрыя выраслі. Не пьюць, слава Богу, да працы ахвотныя. Светка мая, як і я, з маленства на ферму прыбягала памагаць.

Дзеці і сёння пра мяне не забываюць. Што па дому трэба падрамантаваць, Сяргей бярэцца. Таня і Света – і ў двары, і ў хаце парадак навядуць.

Словы Ніны Архіпаўны пацвярджаюць і прыгожы чысценькі двор, дзе нават у кастрычніку нямала яркіх кветак, і аккуратны,  дом, у якім па-вясковаму светла і ўтульна.

— Я люблю, калі вакол мяне ўсё прыгожае. Вось і клапачуся, каб так і было. Дзе кветачку пасаджу, дзе падфарбую плот, хату. Люблю вышываць, шмат ручнікоў у музей наш Лясецкі аддала. Увогуле, без працы не люблю сядзець. Па душы у лес схадзць па грыбы ці ягады, прыгатаваць смачненькае штосьці. Жыццё без працы – для мяне не жыццё.

Ніна Ткачэнка ўпэўнена, што ў вяскоўцаў абавязкова павінна быць падсобная гаспадарка. Па-першае, гэта дадатковы заробак на сяле, па-другое — занятак, які расслабляе, дае магчымасць пераключыцца з асноўнай, часта напружанай работы, пазбавіцца стрэсавых сітуацый, якія здараюцца. Можа, некалькі і стомішся фізічна, але ў выніку адпачнеш лепей, чым лежачы на канапе.

А яшчэ хочацца дадаць, што Ніна Архіпаўна — чалавек надзвычай пазітыўны і, як большасць вяскоўцаў, моцна прывязаны да зямлі і месца, дзе жыве. Гаворачы пра свой Лясец, жанчына з любоўю і гордасцю заяўляе, што яе вёска— лепшая ў раёне.

 

Ала ВЕКА.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.