Святлана Бойка стварае для людзей свята і добры настрой

IMG_1907

 Працалюбівая, пазітыўная, спагадлівая і жыццярадасная. Менавіта так гавораць аднавяскоўцы пра загадчыцу Лясецкага сельскага дома культуры Святлану Бойка. Яна для іх сёння  – і верная сяброўка, і арганізатар цікавых вясковых мерапрыемстваў, і мудры настаўнік.

 Святлана Міхайлаўна родам са Светлагорскага  раёна, у Лясец прыехала пасля таго як закончыла Мазырскі педагагічны ўніверсітэт. Спачатку працавала настаўніцай працоўнага навучання ў Хаміцкой сярэдняй школе, была старшынёй прафсаюзнай арганізацыі. Пасля была выхавацелем, а затым і настаўнікам матэматыкі ў былой Азарыцкай дапаможнай школе-інтэрнаце.  

IMG_1909

— Канечне, дзеці, з якімі мы працавалі ў дапаможнай школе, адрозніваліся ад звычайных. Ім трэба было надаваць значна больш увагі, ласкі і цеплыні. Да кожнага неабходна было падабраць асобны падыход, быць уважлівай і церпялівай. Толькі так мы маглі чамусьці іх навучыць, стаць для дзяцей не проста настаўнікамі, а блізкімі людзьмі, дарослымі сябрамі.

IMG_1846

У Азарычах Святлана Бойка адпрацавала амаль трыццаць гадоў. А пасля таго, як школу закрылі, ёй прапанавалі працаваць у Калінкавіцкім сацыяльна-педагагічным цэнтры, які тады знаходзіўся ў пасёлку. Праз год цэнтр перамясціўся ў горад, і Святлана Міхайлаўна разумела, што кожны дзень ездзіць у Калінкавічы для яе будзе складана. Прыйшлося шукаць другое месца працы.

IMG_1835

На шчасце, праблема хутка вырашылася. Адказую і працалюбівую Святлану запрасілі на пасаду загадчыцы вясковага клуба ў Лясцы. І яна згадзілася.

— Ведаеце, я вельмі перажывала тады, хвалявалася.  Работа зусім іншая, абавязкі другія. Помню, як прыйшла ў клуб і думаю, колькі ўсяго трэба зрабіць! Старалася, каб тут было ўтульна нашым вяскоўцам, каб сюды хацелася ісці. Як гавораць, вочы баяцца, а рукі робяць! Вось так і у мяне было. Дзень за днём, месяц за месяцам, так і клуб папрыгажэў, і тэрыторыя вакол яго.

IMG_1828

Гледзячы на тое, як цікава падыйшла да афармлення клуба і яго двара Святлана Міхайлаўна, пераконваемся: праца прыйшлася ёй па душы. Сёння на тэрыторыі сельскага дома культуры шмат яркіх клумб, малых архітэктурных форм, створанных яе рукамі. Тут вам і драўляныя зайцы, і грыбы, і мельніца, і вялікі гадзіннік з аўтапакрышак, і розныя мультперсанажы. Карацей кажучы, аформіла загадчыца ўсё даволі крэатыўна. У размове з намі яна дадае, што ідэй для новага дэкора яшчэ хапае. Першае, што запланавана – пасадзіць ядловец.

Шмат чаго цікавага ёсць і ў самім клубе. Больш за ўсё прыцягваюць увагу выстаўкі творчых работ жыхароў Лясца – дарослых і дзяцей. Яны сёння з радасцю прыходзяць да Святланы Міхайлаўны на аб’яднанні па інтарэсах “Пацерынка”, “Арыгамі”, “Рукадзельніца”. Для падлеткаў Святлана Бойка яшчэ агранізавала спартыўны гурток, а для людзей больш сталага ўзросту дзейнічае клуб “Дапамажы сабе сам”.

IMG_1809

— Дзеці, яны ж актыўныя. Ім не хочацца сядзець на месцы. Вось мы і гуляем з імі ў розныя гульні, ходзім на экскурсіі. З дарослымі збіраемся ў клубе, праводзім карысныя бяседы пра харчаванне, вучымся клапаціцца пра сваё здароўе. Ну і, канечне, займаемся творчасцю.

З асобай цеплынёю рассказвае нам Святлана Міхайлаўна і аб тым, як да яе прыйшла задумка стварыць у Лясцы этнаграфічны музей. Для гэтага яна прывяла ў парадак былую калгасную кантору, што знаходзілася ў адным будынку з клубам. А пасля пачала шукаць цікавыя экспанаты.

IMG_1803

— Ездзілі з мужам па вёсках, па пустых закінутых хатах, там то бочку якую знойдзем, то скрыню. Шмат чаго прынеслі нашы жыхары самі – ручнікі, тканыя посцілкі, посуд, розныя побытавыя рэчы, — усё гэта дапамагло мне стварыць тут куток народнага побыту, якому мы далі назву “Родная даўніна”.

Святлана Бойка ўпэўнена, што нашай моладзі неабходна як мага чацей звяртацца да нацыянальных традыцый, бо іменна з любові да роднай хаты, да песні маці, з вывучэння гісторыі народа і спасціжэння яго традыцый пачынаецца любоў да роднага краю, да сваёй Радзімы.

IMG_1800

Сёння міні-музей Святланы Міхайлаўны змяшчае шмат найцікавейшых экспанатаў – прадметаў беларускай даўніны. Усе яны дапамагаюць зберагчы памяць аб продках, перадаюць ўспаміны пра побыт дзядоў і прадзедаў, расказваюць нашчадкам пра іх жыццё.                 

— Мне вельмі прыемна, што побач хапае аднадумцаў, якія разумеюць і падтрымліваюць. Ім хачу адрасаваць самыя шчырыя словы падзякі. Бо справа культработніка і заключаецца ў тым, што ён дарыць хвіліны радасці і добрага настрою людзям. Гэта дорага каштуе, заваяваць павагу і аўтарытэт сярод насельніцтва.

IMG_1798

Ужо не адзін год я імкнуся арганізаваць работу з людзьмі на належным узроўні. Нашы святочныя праграмы, прысвечаныя розным падзеям і датам,  заўсёды збіраюць шмат наведвальнікаў. Людзі з задавальненнем і добрым настроем прыходзяць на нашы канцэрты, і гэта не можа не радаваць.

Гаворачы пра Святлану Бойка, трэба адзначыць, што яна разам з мужам Мікалаем (якога яна назвае сваім самым надзейным сябрам у жыцці) выхавалі траіх дзяцей, зараз у іх падрастае пяцёра ўнукаў. Усе яны вельмі любяць прыязджаць у Лясец да іх у госці. І гэта зразумела, з такой абаяльнай, жыццярадаснай і клапатлівай бабуляй – заўсёды весела і цікава.

 

Ала ВЕКА.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.