Жыццё не замірае. Віншуем з Днем бібліятэк

Яна Пасюк, Анастасія Жураўская і Дзмітрый Яськоў, вучні 9 класа БШ №5, у бібліятэцы.

Яна Пасюк, Анастасія Жураўская і Дзмітрый Яськоў, вучні 9 класа БШ №5, у бібліятэцы.

“У Барысаўскім інтэрнаце ветэранаў працы жыве Дар’я Яфімаўна Мішчанка, член партыі з 1919 года. Гэта адзінокая жанчына пражывала ў Калінкавічах, а пры пераездзе свой домік перадала гарадскому Савету і папрасіла, каб у ім абсталявалі бібліятэку. Ужо паўгода ў гэтым доміку знаходзіцца бібліятэка, яе рэгулярна наведваюць больш за 350 чытачоў ” — пісала раённая газета “За камунізм” 9 студзеня 1964 года.
Няцяжка падлічыць, што гісторыя ўстановы пачалася летам 1963 года. Як у тыя часы, так і зараз яна называецца Калінкавіцкая гарадская бібліятэка. Домік жа той знаходзіўся на вуліцы Маскоўскай.
Роўна праз 10 гадоў бібліятэка справіла наваселле і пераехала ў толькі што пабудаваны аднапавярховы будынак па вул. Ленінградская, 14. Аднак з цягам часу што ён прыйшоў у заняпад, рамонт быў немэтазгодны, і вось з лістапада 2013 года гарадская бібліятэка працуе па сённяшнім адрасе — у двух сумежных пакоях з левага боку базавай школы №5. У адным з іх знаходзіцца чытальная зала, у другім — абаненцкая зала.
З пачатку 80-х гадоў установа ўваходзіць у склад раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Гістарычныя звесткі сведчаць, што першай загадчыцай бібліятэкі была Аляксандра Іванаўна Процка. Яе ў 1988 годзе змяніла Марыя Іванаўна Фіцнер. З сакавіка 2000 года і па сённяшні час установу ўзначальвае Лілія Міхайлаўна Клімава.
Яна ж паведаміла, што на сённяшні дзень бібліятэчны фонд налічвае каля 11000 кніг. Для параўнання, у год заснавання гарадской бібліятэкі было 2100 кніг. Колькасць чытачоў за гэты час вырасла з 350 да амаль 1000.
Асаблівасць гарадской у тым, што з першага свайго дня яна абслугоўвае як дарослых, так і дзяцей. Зыходзячы з гэтага пры камплектацыі фонду ўлічваюцца інтарэсы людзей самага рознага ўзросту — ад дашкольнікаў да ветэранаў. На паліцах знаходзіцца шмат школьнай праграмнай літаратуры. Заўважаю, што аразу некалькі стэлажоў займаюць творы беларускіх аўтараў. Яны прадстаўлены ў тэматычных раздзелах “Беларуская літаратура”, “Чытаем па-беларуску” і інш. Руская і савецкая класіка, творы вядомых замежных пісьменнікаў таксама ёсць у наяўнасці. З гэтага мноства разнастайнай літаратуры чытачы, як і раней, у асноўным аддаюць перавагу дэтэктыўна-прыгодніцкім жанрам, апошнім часам карыстаецца папулярнасцю містыка. З беларускіх пісьменнікаў найбольш папулярны Мікалай Чаргінец.
Дзякуючы таму, што ўстанова ўваходзіць у цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму, неабходная літаратура паступае сюды даволі часта: напрацягу года бывае па тры і больш паступленняў новых кніжак. Сярод іх — літаратура сацыяльна-значнага накірунку, зборнікі паэтаў і пісьменнікаў Гомельскай вобласці, творы сучасных літаратараў. Акрамя мастацкай літаратуры, рэгулярна паступае і галіновая — па педагогіцы, сельскай гаспадарцы, медыцыне, мастацтву і інш.
Бібліятэкар Таццяна Магільнікава паведаміла, што недзе гадоў 20 назад больш было даведачнай, навуковай літаратуры. Студэнты Мазырскага педінстытута, навучэнцы Палескага аграрнага і Мазырскага палітэхнічнага тэхнікумаў у той час рабілі ў гарадской бібліятэцы запыты на літаратуру па тэматыцы дыпломных і курсавых прац, дакладаў для семінарскіх заняткаў, усемагчымых рэфератаў. Шмат рабілася і гэтак званых галіновых запытаў. Зразумела, што і наведваемасць тады была вышэй чым у нашы дні, з развіццём жа камп’ютарных тэхналогій гэту інфармацыю стала лёгка знайсці ў інтэрнэце.
Па словах Таццяны Віктараўны кніга паступова ператварылася ў сродак баўлення часу і зараз выконвае найбольш забаўляльную функцыю. Пачытаць што-небудзь лёгкае, калі раптам надакучыў гаджэт, няма чаго рабіць, альбо каб лягчэй было заснуць увечары, прыхапіць з сабою ў цягнік ці маршрутіку гэтак званы покет-бук — для гэтага і звяртаюцца чытачы. Сваю былую вялікую выхаваўчую ролю, друкаванае слова, на жаль, сёння губляе.
Калі браць юную праслойку чытачоў, то найбольшую цікавасць кніга выклікае ў дашкалят, а таксама школьнікаў малодшых класаў. Іх у гарадскую бібліятэку прыво-дзяць бацькі, бабулі з дзядулямі, якія самі ў дзяцінстве часта сюды прыходзілі. Па меры ж сталення цікавасць да чытання прыкметна падае.
— Заўважаеш, што дзіця часта наведвала нашу бібліятэку, але раптам “знікла”. Гэта, так і ведай, бацькі купілі яму смартфон або планшэт, — з пэўнай горыччу расказала Таццяна Віктараўна.
І атрымліваецца, што старшакласнікі ў значнай большасці сваёй прыходзяць за літаратурай, якая складае школьную праграму, альбо зададзена для пазакласнага чытання. Зразумела, галоўная прычына гэтага — гаджэты, а да таго ж і звыш насычаная школьная праграма.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.