Аляксей і Надзея Сівак — людзі, моцныя духам

IMG_8261

Аляксей і Надзея Сівак, якія жывуць па вуліцы Зарэчнай у Гарбавічах – звычайныя вяскоўцы, якія дасягнулі ўсяго, што сёння маюць, руплівай працай, паважлівымі адносінамі да людзей і адзін да аднаго.

Апошняе, бадай, самае галоўнае, бо павага і ўзаемаразуменне ў сям’і – галоўная каштоўнасць, той моцны падмурак, на якім усё і трымаецца. Таму і пражылі яны столькі гадоў разам, выгадавалі добрых дзяцей, дачакаліся семярых ўнукаў.

У красавіку Аляксей Іванавіч і Надзея Уладзіміраўна адсвяткавалі залатое вяселле, на якое з’ехалася ўся іх вялікая, дружная сям’я. Пэўнай яе частцы нават не прыйшлося нікуды ехаць, ім трэба было толькі крыху прайсціся па вясковай вуліцы. Старэйшая дачка залатых юбіляраў Алена і сярэдні сын Віктар са сваімі сем’ямі жывуць непадалёку ад бацькоў, у Гарбавічах. Працуюць у мясцовай гаспадарцы ААТ «Неначскае». Алена — загадчыцай складам, Віктар — трактарыстам.

Малодшая Наталля таксама недалёка — у Калінкавічах, працуе касірам у адной з гандлёвых кропак горада.

Старэйшыя ўнукі Сівакоў ужо атрымалі адукацыю і самі зарабляюць сабе на хлеб. На шчасце, зараз другі час, і ім, як і іншай нашай моладзі, не трэба ісці працаваць адразу пасля школы, з маленства ўзвальваць на свае плечы турботы дарослага жыцця. Але ўнукі Сівакоў ведаюць, як нялёгка давялося іх дзядулі з бабуляй, як тыя шчыравалі з раніцы да ночы, каб забяспечыць іх бацькоў усім неабходным.

Надзея Уладзіміраўна пайшла працаваць пасля восьмага класса. Астатнія два заканчвала ўжо ў вячэрняй школе. Падзарабляла на будоўлі, у паляводстве, даглядала цялятак, даіла кароў. Сем гадоў была раздатчыцай, развозіла абеды механізатарам. Потым скончыла курсы павароў і сямнаццаць гадоў, да самага выхаду на заслужаны адпачынак працавала ў школьнай сталовай. Расказвае, што ў той час у Гарбавіцкай школе навучалася 120 дзяцей. Настаўнікам таксама падабаліся стравы, якія яна гатавала.

Малая радзіма Аляксея Іванавіча – вёска Залатуха. Пасля заканчэння дзесяцігодкі ён працаваў у калгасе «Іскра» на конях, на якіх у той час і аралі, і баранавалі, і сеялі.

— Аднойчы да нас на поле прыйшоў старшыня калгаса Міхаіл Горахаў і кажа: «Хлопцы, хутка перасядзеце на трактары» і накіраваў нас вучыцца на трактарыстаў, — расказвае Аляксей Сівак. – Вывучылася нас тады багата, трактароў усім не хапіла, і я пайшоў у меліярацыю. У СМУ мне даручылі экскаватар Э-304.

Калі мы будавалі мост каля Якімавічаў, я сустрэў свайго земляка з Навінак. Той мне і расказаў, што працуе ў геолагаразведцы і што ім патрэбны работнікі. Вось так я змяніў сферу дзейнасці. Працаваў на бурстанках, потым перасеў на машыну, вазіў людзей. У Гарбавічах стаяў наш склад выбуховых матэрыялаў, а мы з хлопцамі жылі на кватэры ў вёсцы.

Зімой 1970 года я пазнаёміўся са сваёй Надзеяй, а ў красавіку павёз яе ў Залатуху знаёміць з бацькамі. З таго часу і жывем разам.

Вадзіцельскі стаж Аляксея Сівака складае 45 гадоў. Пасля геолагаразведкі ён доўгі час працаваў вадзіцелем у райпо і яшчэ тры гады на пенсіі.

Супругі трымалі вялікую, нават па сельскіх мерках, гаспадарку – па трое коней, кароў, з дзясятак свіней, розную птушку. А агароду, здавалася, не было канца і краю.

Ды і зараз яны не сядзяць на месцы. Кароўку ўжо не трымаюць, кажуць, што і рады былі б свайму малаку, але ў Гарбавічах ужо няма ніводнай каровы. Затое за іх хатай пасецца кабылка Карына і статак з дзесяці авечак, квохчуць куры.

— Агарод сажаем ужо невялікі, усяго 40 сотак, каб было ўсё сваё, каб дапамагчы дзецям і ўнукам, — расказвае гаспадыня. – У лес конікам ездзім. Я – баба лясная. Так мяне сяброўкі называюць. Мы з імі нават сцэнку ў нашай мастацкай самадзейнасці пра мяне ставілі, як я возам бяру грыбы. Лес я ведаю добра, мяне маці яшчэ ў дзяцінстве навучыла браць ягады, грыбы, лісічкі. І Аляксей мой лес любіць. Сёлета грыбоў мала, а вось лісічак крыху адшукалі, на зіму хопіць.

У мастацкай самадзейнасці Гарбавіцкага СДК Надзея Сівак выступае, колькі сябе памятае. Кажа, што са школьных гадоў. У мінулым годзе іх калектыў аб’ездзіў з канцэртамі ўсё наваколле. Калі сёлета ў гаспадарцы пачалося жніво, Надзея Уладзіміраўна зажынала першы сноп на калгасных «Зажынках».

Зараз жанчына пакуль не спявае, бо ў жалобе — летам пахавала сястру. Але гэта часовы, вымушаны перапынак.

Поварам у школе Надзея Сівак не працуе даўно, але працягвае кулінарыць дома. Толькі мы пераступілі парог іх хаты, нам адразу прапанавалі пачаставацца пышнымі сухарамі і духмянымі піражкамі з тварагом, якія гаспадыня толькі выняла з печы.

Аляксей Іванавіч даглядае гаспадарку, шмат працуе на падворку і вельмі любіць завіхацца каля тэхнікі.

— Ледзь з-пад машыны сёння выгнала, — смяецца Надзея Сівак. – Можа дзень там праляжаць.

Машына ў Аляксея Сівака сур’ёзная – самасвал ГАЗ-52. Маленькія машынкі ён не прызнае:

— Якая ад іх карысць? Машына павінна быць вялікай, грузавой, ёмістай, — адказаў гаспадар. На якіх аўтамабілях больш за 40 гадоў адпрацаваў, такую і сабе набыў для асабістага карыстання.

Вось такія яны залатыя юбіляры з Гарбавіч: на першы погляд, звычайныя вяскоўцы, а калі пазнаёміцца бліжэй, бачыш, што насупраць цябе сядзяць неразбэшчаныя лёсам, моцныя духам людзі, якія прывыклі да працы на роднай зямлі і ўжо не ўяўляюць сябе без яе.

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.