Узнавіць і захаваць імёны землякоў-герояў вырашылі ўраджэнцы Ужынца

5943

На Ужынцы – а менавіта так гавораць тутэйшыя ўраджэнцы – сёння ў трыццаці хатах пражывае каля шасцідзесяці чалавек. Лічы, два чалавекі на хату. А яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя ў кожным з сямідзесяці пяці двароў жылі ў сярэднім па шэсць-сем чалавек.
Ды што стагоддзе! Паўста-годдзя таму ва Ужынцы пражывала звыш 650 чалавек! Колькі сваёй моладзі, колькі з’язджалася на лета да бабуль і дзядуль? Старажылы кажуць, што вёска тады проста гудзела ад вясёлых галасоў і шчаслівага смеху моладзі.
Але з часам моладзь вырасла і разляцелася па малых і вялікіх гарадах Беларусі і былым СССР, асела ў суседніх населеных пунктах, стварыла свае сем’і і стала будаваць уласнае жыццё. І вёска паступова бязлюдзела.
Толькі б дзе не жылі ўраджэнцы Ужынца, ніколі яны не забывалі пра свае карані, пра сваю малую радзіму. А сёлета, у год 75-годдзя Вялікай Перамогі, узнікла ў іх ідэя стварыць памятны знак у гонар землякоў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
Належала гэтая ідэя маладому пакаленню, унукам удзельнікаў вайны Алене Гапоненка і Аляксандру Медвядкову. Яе падтрымалі іншыя ўраджэнцы вёскі, і паступова сумеснымі намаганнямі яна пачала ажыццяўляцца.
Першапачаткова планавалася, што ўрачыстае адкрыццё памятнага знака землякам, якія змагаліся з захопнікамі на франтах і ў партызанскіх атрадах, адбудзецца ў Дзень незалежнасці. Аднак абставіны склаліся так, што адкрыццё перанеслі на 24 лістапада – дату, калі ў 1943 годзе Чырвоная Армія і партызаны вызвалілі вёску Ужынец ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Цяпер жа працягваецца работа па ўдакладненні ўсіх прозвішчаў. Дарэчы, пра тое, каб усе прозвішчы былі тройчы пераправераны і ніводнае не прапушчана, падчас сустрэчы з актывам Юравіцкага сельсавета прасіў кіраўнік раёна Сяргей Гвоздзь.
А вось сам памятны знак, створаны на сумесныя сродкі, ужо гатовы. Каб паказаць яго землякам і параіцца наконт далейшай работы, арганізатары прапанавалі сабрацца ўсім разам. І ў адзін са жнівеньскіх выхадных з Калінкавічаў, Мазыра, Рэчыцы, Хойнікаў у вёску пацягнуліся ўраджэнцы Ужынца. Амаль семдзесят чалавек прыехалі, каб разам адсвяткаваць падзею і ўспомніць землякоў – былых франтавікоў і партызан.
І за кожным імем – свая ваенная біяграфія. Узяць, напрыклад, Іосіфа Пархоменку. Згодна дакументаў, ён быў прызваны ўжо на наступны дзень пасля пачатку вайны – 23 чэрвеня 1941 года. Іосіфу Мікітавічу ўжо споўнілася 43 гады, і ён быў старэйшым сярод прызыўнікоў. У яго ўжо была жонка Марыя Андрэеўна, дзеці.
Але ўжо ў першыя тыдні акружэнне, палон. Невядома, як ён з яго выбраўся, але ў 1943-м, адразу пасля вызвалення вёскі, Іосіф прайшоў праз 23-ці зборна-перасылачны пункт і 18 снежня 1943 года быў накіраваны ў 215 азсп. У якасці стралка Іосіфа Пархоменку накіравалі ў 47 сп 15 сд 61 А. Але неўзабаве ён захварэў, трапіў у інфекцыйны шпіталь 4256, дзе і памёр 12 студзеня 1944 года. Яго пахавалі ў Маканавічах, зусім недалёка ад родных мясцін.
У той самай 15-й стралковай дывізіі ваяваў і Мікалай Яраш, 20-гадовы аднавясковец Пархоменкі. Ён загінуў 10 студзеня 1944 года ў час вызваленні Есіпавай Рудні.
Калі вызвалялі Якімавічы, 16 студзеня 1944 года загінуў 37-гадовы Аляксей Жолуд.
Або вось Платон Паўловіч, 1894 года нараджэння, ваяваў у 331 сд, быў забіты ў баі 20 кастрычніка 1944 года ва Ўсходняй Прусіі. Там жа 15 студзеня 1945 года загінуў камандзір стралковай роты 671 сп 221 сд 44-гадовы капітан Сцяпан Лешчанка. З першых дзён вайны ён ваяваў на Заходнім, Бранскім, Ленінградскім і 3-м Беларускім франтах, быў узнагароджаны медалём “За абарону Масквы” і ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені (пасмяротна).
За год да Перамогі, 9 мая 1944 года, трапіў у палон Мікалай Якаўлевіч Кавальчук, 28 мая 1923 года нараджэння (маці – Ульяна Жолуд). 15 жніўня таго ж года ён аказаўся ў Бухенвальдзе. Дзе служыў Мікалай, як склаўся яго далейшы лёс, невядома. Гэта ўся інфармацыя з нямецкага данясення аб палоне, якое знаходзіцца ў нацыянальным архіве ЗША.
У час вызвалення Гданьскага ваяводства Польшчы 20 сакавіка 1945 года загінуў радыст 599-га гаўбічнага артпалка 2-га артдывізіёна Харытон Кудрыцкі, 1895 года нараджэння, які, як і яго аднавясковец Іосіф Пархоменка, пайшоў на фронт у першыя дні вайны, трапіў у палон, вызваліўся, а потым прайшоў праз 23 спп і 215 азсп.
Цікавыя загадкі ёсць у ваенным лёсе Івана Аўрамавіча Атрошкі, 1911 года нараджэння. Па дакументах, прызваны на фронт ён быў у Кіеве 22 ліпеня 1944 года і накіраваны сапёрам у 129 гсд 1-га Украінскага фронту. А ўжо праз пяць дзён яго прозвішча з’явілася ў спісе незваротных страт з адзнакай: “Загінуў 27 ліпеня мястэчка Ходарава Ходараўскага раёна Драгобыцкай вобласці, пахаваны на паўднёвай акраіне мясцовых могілак”.
Падобна, у тым баі Іван Атрошка атрымаў вельмі цяжкае раненне. Але ўжо 22 лістапада імя сапёра 87-га асобнага сапёрнага батальёна 140 сд Івана Атрошкі згадваецца сярод узнагароджаных медалём “За давагу”. Наш зямляк атрымаў яго за тое, што 16 лістапада пры выкананні баявога задання разам з агульнавайсковай разведкай дывізіі знаходзіўся ў групе размініравання, зняў 14 штук ПТМ і 12 штук ППМ, нават узяў у палон нямецкага ўнтэрафіцэра.
У ноч з 14 на 15 студзеня 1945 года Іван Атрошка зняў 18 супрацьтанкавых і 31 супрацьпяхотную міны, прарабіў бяспечныя праходы, а пры вядзенні разведкі боем правёў пяхоту праз мінныя палі. На наступны дзень пры прарыве абароны праціўніка зноў правёў пяхоту праз мінныя палі і ўвесь час знаходзіўся наперадзе баявых парадкаў. За гэта адважны сапёр быў узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ст., а 20 кастрычніка 1987 года яму ўручылі ордэн Айчыннай вайны 2-й ст.
Здавалася б, вось і ўсе загадкі. Аднак імя нашага земляка фігуруе яшчэ ў адным спісе – Указе Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР № 221/248 ад 2.05. 1945 г. аб узнагароджанні за мужнасць і доблесць, праяўленыя ў партызанскай барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, партызан Украінскай ССР. Па ім Іван Атрошка быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Ці атрымаў Іван Аўрамавіч яго, дакладна невядома: у партызанскім спісе яго прозвішча АТРОШКА, а ў ваенных дакументах да 1960 года ён лічыўся загінуўшым і быў запісаны як АТРОЖКО.
Як расказала пра свайго дзеда Лілія Савіцкая ў артыкуле да 70-годдзя Перамогі “Партызан і сапёр Іван Трошка”, прызваны ў першыя дні вайны на фронт, ён разам з землякамі трапіў у акружэнне каля Брагіна. Вярнуўся разам з імі ва Ужынец, а праз чатыры дні пайшоў у партызаны, трапіў у атрад Шытава брыгады Сабурава, удзельнічаў у некалькіх баявых аперацыях, атрымаў добрыя навыкі сапёра, таму і трапіў пазней у асобны сапёрны батальён. У тым жа артыкуле указвалася, што партызанская дзейнасць Івана Атрошкі была адзначана медалямі “За адвагу” і “Партызану Айчыннай вайны” 2-й ст.
Вось так па драбніцах узнаўляюцца сёння біяграфіі герояў-землякоў, чые імёны, спадзяемся, неўзабаве з’явяцца на плітах памятнага знака.
Ёсць дзясяткі іншых прозвішчаў ураджэнцаў Ужынца, якія доблесна ваявалі на фронтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанскіх атрадах (дарэчы, у архіве Штаба партызанскага руху захоўваюцца ўзнагародныя лісты ажно на 76 ураджэнцаў вёскі!), былі адзначаны баявымі ўзнагародамі. Як, напрыклад, гвардыі сяржант Ігнат Русак – кавалер ордэнаў Славы 3-й ст., Чырвонай Зоркі, двух медалёў “За адвагу” і “За перамогу над Германіяй”, або чырвонаармеец Павел Яраш – кавалер ордэнаў Славы 3-й ст., Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 2-й і 1-й ст., медалі “За баявыя заслугі”, старшы тэхнік-лейтэнант Іван Яраш – кавалер двух ордэнаў Чырвонай Зоркі, медалёў “За баявыя заслугі”, “За пермогу над Германіяй” і “За перамогу над Японіяй”, Іван Яраш – адзін са стваральнікаў партызанскага атрада імя Фрунзе, кавалер ордэна Чырвонага Сцяга і медалі “За баявыя заслугі”, і Іван (Апанасавіч) Яраш – адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камуністычнага і партызанскага падполля ў Барысаўскім раёне, які загінуў у баі 20 лютага 1942 года каля вёскі Зачысце Барысаўскага раёна…
На ўрачыстай сустрэчы ў суботні жнівеньскі дзень да вяскоўцаў звярнуўся старшыня Юравіцкага сельвыканкама Леанід Пянько. Выказаў удзячнасць за памяць, за дбайнае захаванне мінулага.
Выступілі і тыя, для каго Ужынец – найдаражэйшы куток ва усім свеце. Галіна Яраш штолета вяртаецца ў родную вёску з Цюмені. Яна не толькі прачытала прачулыя вершаваныя радкі, але і ўспомніла пра бацьку-франтавіка Івана Андрэевіча.
Было што сказаць аднавяскоўцам і адной са старэйшых удзельніц сустрэчы Ганне Сяргееўне Прышчэп. Ваявалі не толькі яе бацька Сяргей Яраш, але і муж Канстанцін Прышчэп, а браты яго, Васіль і Мікалай Тамашавічы, дадому так і не вярнуліся.
Ад мясцовых жыхароў слова сказаў Анатоль Кудрыцкі. Былі тут і “афганец” Анатоль Гарчанка, які актыўна ўдзельнічаў у стварэнні памятнага знака, і Сяргей Маскаленка, які на лета прыязджае ў родную вёску з Мінска. Некалькі чулых песен на ваенную тэму выканаў для землякоў Сяргей Яраш.
А потым усе ўраджэнцы Ужынца разам сфатаграфаваліся на памяць.
Аляксандр Века.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.