Сабрала поле спелае: у ААТ «Радзіма» правялі зажынкі

IMG_0398

Зажынкамі беларусы спрадвеку пачыналі ўборку хлеба новага ўраджаю, каб падкрэсліць значнасць падзеі, атрымаць божае і прыроднае блаславенне.

Зажынкі прайшлі ўжо ў некалькіх гаспадарках.

Свята ў гонар пачатку жніва адбылося і на сельгаспалетках ААТ «Радзіма». Каля вёскі Савічы, на полі ва ўрочышчы «Мачулы», дзе каласіцца азімае жыта, выстраілася збожжаўборачная тэхніка. Каля яе – галоўныя героі свята — камбайнёры гаспадаркі. Навокал – шматлікія госці.

Павіншаваць хлебаробаў з пачаткам жніва на жытнёвае поле завіталі старшыня райвыканкама Сяргей Гвоздзь, старшыня Савіцкага сельвыканкама Іна Блоцкая, прадстаўнікі райкама прафсаюза АПК, кіраўніцтва гаспадаркі і галоўныя спецыялісты, калектыў мастацкай самадзейнасці Савіцкага СДК.

IMG_0415

Сяргей Гвоздзь, вітаючы хлебаробаў і ўсіх удзельнікаў зажынак, адзначыў, што непрыкметна падышла галоўная сельскагаспадарчая кампанія – уборка збожжа новага ўраджаю. Сёлета надвор’е больш спрыяльнае, чым летась. І таму зараз галоўная задача – убраць збожжа своечасова і без страт.

Кіраўнік раёна адзначыў, што ААТ «Радзіма» — моцная гаспадарка з працавітымі людзьмі, што славяцца сваёй арганізаванасцю ў працы, таму і займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў раёне.

Ад імя райвыканкама і ад сябе асабіста Сяргей Аляксандравіч павіншаваў усіх са святам, пажадаў моцнага здароўя, добрага працоўнага настрою, каб хлебаробаў нашага раёна не падводзіла тэхніка і ім заўсёды спрыяла надвор’е.

IMG_0478

Народныя традыцыі ўвасобілі на полі ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці мясцовага СДК. Жанчыны, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы з сярпамі ў руках выйшлі на поле зажынаць першы сноп жыта, які затым уручылі Сяргею Гваздзю, а другі Ігару Канапляніку — кіраўніку гаспадаркі. Дарэчы, гэта зусім не першае жніво Ігара Аляксандравіча: у ААТ «Радзіма» ён працуе даўно – быў інжынерам, выконваў абавязкі дырэктара, цяпер — кіраўнік гаспадаркі.

Духмяны каравай, як сімвал багацця, дабрабыту і добрага новага ўраджаю ўручылі старэйшаму камбайнеру гаспадаркі Мікалаю Корбуту.

З цёплымі пажаданнямі плённай працы, шчодрага ўраджаю, спрыяльнага надвор’я і багатага хлебнага караваю да працаўнікоў гаспадаркі звярнулася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Галіна Нікуліна.

IMG_0484

Прыемна, калі праца хлебаробаў заўважаецца і ацэньваецца. Усім экіпажам, якія будуць шчыраваць на палетках, а таксама маладым спецыялістам, што складаюць амаль палову калектыву ААТ «Радзіма», былі ўручаны падарункі ад прафсаюза АПК.

Асабістыя словы падзякі выказалі маладому галоўнаму аграному гаспадаркі Таццяне Клінцэвіч.

Потым усім удзельнікам зажынак прапанавалі пакаштаваць каравай хлеба. Першых частавалі камбайнёраў. Праца гэтых людзей у многім вызначае поспех на полі, для некаторых з іх яна стала справай жыцця.

Сёлета зерневымі культурамі ў ААТ «Радзіма» занята больш за тысячу гектараў. Няхай жа каравай ураджаю 2020 года будзе ў іх вялікім і важкім!

Таццяна КАПІТАН.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.