Навасёлкі

ново1 копия

“Мне тут спакойна і ўтульна…”

1 ліпеня 2018 г. у Навасёлках у чарговы раз адбылося свята вёскі. Вядучыя адкрылі яго цудоўнымі паэтычнымі словамі:
На Беларусі ёсць такая вёска,
Якую я люблю мацней за ўсё.
Мне тут спакойна і ўтульна,
Бо Навасёлкі – сонейка маё.
Нават спорны дождж, які ўжо некалькі дзён ліў без перапынку, не перашкодзіў сабрацца разам у клубе ў Навасёлках не толькі сённяшнім жыхарам Навасёлак і Новых Навасёлак, а і выхадцам з іх, дзецям і ўнукам, якія прыехалі на сваю малую радзіму, каб у чарговы раз праведаць вытокі свайго жыцця, бацькоў і бабуль з дзядулямі.

ново копия
Навасёлкаўцы спяшаюцца на свята
Спонсарам свята зноў выступіў ураджэнец Новых Навасёлак, генеральны дырэктар упраўляючай кампаніі холдынга “БелГАЗаўтасервіс” Міхаіл Супруновіч.
А работнікі мясцовай установы культуры падрыхтавалі ў файе выставы народных умельцаў, бяспроігрышную латарэю. Індывідуальны прадпрыймальнік наладзіў гандаль рознымі цацкамі і сувенірамі, а райспажыўтаварыства – гандаль рознай смачнай смажаніны і іншых святочных далікатэсаў.
Адкрыў свята прывітальным словам старшыня Капліцкага сельвыканкама Генадзь Кавальчук. “Зямля, на якой мы жывем, – гэта зямля нашых продкаў, гэта наша зямля, кожная сцяжынка якой з дзяцінства знаёмая нам. Няма нічога лепш, чым жыць на сваёй радзіме, аддаваць ёй сваю любоў, памнажаць яе багацці і верыць у яе, – сказаў Генадзь Віктаравіч і дадаў з жартам. – Навасёлкаўцы – таленавітыя і працавітыя людзі. І толькі дождж дапамог нам сабрацца разам на свята вёскі. А так бы вас тут не злавіў: хтосьці пайшоў бы ў ягады, нехта па лісічкі, а добрая палова палола б гароды”.
На свяце у першую чаргу ўспомнілі пра сваіх землякоў, якія паклалі на алтар Айчыны свае жыцці ў суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны.
Успомнілі тых, хто з Перамогай вярнуўся да родных хат. Са сцэны прагучалі імёны Сцяпана Валатоўскага, Сцяпана Сянько, Івана Шынкарэнкі, Пятра Шынкарэнкі, Герасіма Раманішкі. Памяць герояў вайны ўшанавалі хвілінай маўчання.
Затым даніну павагі аддалі ветэранам працы. Граматамі раённага савета ветэранаў і каштоўнымі падарункамі былі адзначаны сельскія працаўнікі Іван Камыш, Віктар Марштупа, Вольга Мышкавец, Рыгор Савіцкі, Таццяна Салаўянчык, Пётр Раманішка, Вольга Лаўда, Вольга Губская, Галіна Шэўчык, Надзея Зямлянская. Уручыла іх і павіншавала ветэранаў працы са святам вёскі намеснік старшыні раённага савета ветэранаў Марыя Арцюшэнка.
Дарэчы, большая частка з ветэранаў, якіх запрасілі на сцэну, так на яе і не ўзняліся, бо знаходзіліся ў той час на працы, на фермах і грамадскім полі.
Марыя Арцюшэнка ўручыла Падзячныя пісьмы за шматгадовую добрасумленную працу на ніве асветы і ветэранам – педагогам, ураджэнкам Навасёлак, Валянціне Ус і Ніне Супруновіч. Няма ўжо сёння Навасёлкаўскай школы. На месцы яе знаходжання каласіцца збожжа, а вось жыхары Навасёлак не забываюць сваю alma mater і яе настаўнікаў.
Не забылі на вясковым свяце і пра мясцовых умельцаў, якія стварылі ўласнымі рукамі сапраўдныя шэдэўры прыгажосці, на што мог палюбавацца ў той дзень кожны тут жа на выставах.
З рук дырэктара Калінкавіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, ураджэнкі Навасёлак Алены Цурко мясцовыя народныя ўмельцы Вольга Раманішка, Ніна Самойленка, Анастасія Шынкарэнка, Валянціна Шэлег, Надзея Шынкарэнка, Віталь Шынкарэнка і Кацярына Раманішка таксама атрымалі каштоўныя падарункі.
Успомнілі землякі падчас свята і пра залаты юбілей сумеснага жыцця Уладзіміра і Ганны Радзько, 25-гадовы юбілей з дня вяселля Міхаіла і Ірыны Пачтарэнка, палатнянае вяселле (35 гадоў разам) Віктара і Галіны Марштупа, рубінавае вяселле ( 40 гадоў разам) Васіля і Любові Шэлег. Падарункі з рук старшыні сельсавета юбілярам і гарачыя пацалункі “маладажонаў” пад воклічы “горка!” яшчэ больш ажывілі святочную атмасферу.
Падарунак атрымала і самая маленькая жыхарка паселішча Аляксандра Савіцкая. Яго ўручылі яе бацькам, Андрэю і Анастасіі Савіцкім, у сям’і якіх выхоўваецца 6 дзяцей.
Ушанавалі навасёлкаўцы і самага старэйшага жыхара Новых Навасёлак Надзею Савіцкую, якой споўнілася 92 гады. Нягледзячы на паважаны ўзрост, Надзея Мікалаеўна не толькі даглядае сябе сама, але і садзіць, і апрацоўвае ўласнаручна агарод.
Каштоўныя падарункі атры-малі і Марыя Варабей, Надзея Пасюк, Ева Савіцкая, Надзея Манько, Уладзімір Раманішка. Гэтым паважаным жыхарам вёсак споўнілася ўсяго па 80 гадоў. Не забылі арганізатары свята і пра 70-гадовых Ганну Радзько, Васіля Шэлега, Валянціну Рагавец, Людмілу Супруновіч і 60-гадовых Сцяпана Савіцкага і Любоў Шэлег.
Успомнілі навасёлкаўцы і пра сваіх “афганцаў” і іх маці – Марыю Севярын і Надзею Рагавец.
Словы ўдзячнасці былі выказаны і ў адрас шматгадовых бяззменных работнікаў пошты Ніны Самойленка і Валянціны Шэлег, а таксама лепшых здатчыкаў малака Рыгора Савіцкага і Любові Баштык.
На свяце вёскі былі падведзены вынікі конкурсаў на атрыманне ганаровых званняў “Лепшы дом” і “Лепшая сядзіба”. Пераможцай першага прызнаны дом Віктара і Галіны Марштупа, а пераможцай другога – сядзіба Вячаслава і Параскі Сіманавых. Дарэчы, апошнія жывуць у Мінску, а сядзіба – бацькоўская хата Параскі, якую Сіманавы ўтрымліваюць ва ўзорным парадку пад- час рэгулярных прыездаў.
ново2 копия
Віктар і Галіна Марштупа
ново3 копия
Вячаслаў і Параска Сіманавы
Далі на свяце ў ліку іншых слова і мне. Прыйшлося падзяліцца ўспамінамі пра два гады сумеснага жыцця і працы ў Навасёлках, дзе давялося ўзначаліць мясцовую васьмігодку. А яшчэ жыхары Навасёлак папрасілі мяне ў той дзень напісаць гісторыю іх вёсак.
Таму пасля публікацыі ў раёнцы (№ 76, 10 ліпеня 2018 г.) рэпартажа пра свята ў Навасёлках, накіраваўся ў Мазырскі архіў, каб сабраць матэрыял пра мінулае Навасёлак. На шчасце, там знайшлося шмат цікавага.

“Село княгини Володимировое …”

Першы том энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі” ( Кн.1. Гомельская вобласць / С.В Марцэлеў; Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (гал. Рэд.) і інш.. –Мн.: БелЭн, Мінск, 2004) на с.563 паведамляе: “Навасёлкі – вёска ў Капліцкім сельсавеце, за 25 км на Пн ад Калінкавіч, 16 км ад чыг. ст. Халоднікі (на лініі Жлобін – Калінкавічы), 147 км ад Гомеля, на У р. Іпа (прыток р. Прыпяць) і меліярацыйныя канавы. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Калінкавічы – Бабруйск. 139 гаспадарак, 274 жыхары (2004 г.).
Па пісьмовых крыніцах вядома з 18 ст. як вёска ў Мазырскім пав. Мінскага ваяв.”.
Аднак трэба заўважыць, што складальнікі энцыклапедыі тут зрабілі дзве памылкі. Па-першае, прасёлачнымі дарогі да Навасёлак былі ў той час, як я ўпершыню іх наведаў у 1978 годзе. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Калінкавіцкім раёне шпаркімі тэмпамі пачалі да ўсіх вёсак класці асфальтавыя стужкі. Да некага яны прышлі хутчэй, да кагосьці – крыху пазней. Але асфальт у Навасёлкі праклалі ўжо ў 90-я гады мінулага стагоддзя.
Другое. Навасёлкам ужо пяць вякоў без малога.
Аўтары энцыклапедыі чамусьці не заглянулі ў “Вопіс Мазырскага замка 1552 года” (“Літоўская метрыка, кніга перапісаў № 6). А ў гэтай пісьмовай крыніцы знаходзіцца прамое сведчанне таго, каму належалі Навасёлкі, з якога часу, і колькі жыхароў яны налічвалі.
Як вынікае з “Вопісу”, Навасёлкі належалі княгіні Уладзіміравай. Вёска была даравана яе мужу князю Уладзіміру гадоў за 15 , а то і больш, да часу складання “Вопісу Мазырскага замка”. А пражывала ў Навасёлках у 1552 г. 25 чалавек.
Вось як запісана аб гэтым ў самім “Вопісе”: “У недели Ипской село Новоселки княгини Володимировое, человекъ 25, которые были дани мужу ее князю Володимиру отъ 15 лѢтъ або и далей, которые перестали тягнути и города рубити за пана Нарбута”. (Мікалай Войцехавіч Нарбут – ваявода Падляскі, стараста Мазыра. У перыяд існавання Вялікага княства Марыскі замак і прыпісаныя да яго вёскі належалі вялікаму князю і каралю Вялікага княства Літоўскага. Па статусе стараста з’яўляўся намеснікам вялікага князя і адказваў за ўласнасць, якая яму даручалася – І.Г.).
Захавалася ў старадаўніх крыніцах да нашых дзён і апісанне Навасёлкаўскай прыходскай Пятра-Паўлаўскай царквы.
Вось што сказана пра яе ў даведніку «Описание церквей и приходов Минской епархии, 1879 г.» (сс. 109 – 111):
“40) Новоселки.
I. МѢстность. Село Новоселки, состоящее въ 3-мъ благо чинническом округѢ, рѢчицкаго уѢзда, расположено не въ далекомъ разстояніи отъ болотистой рѢки Ипы. Отъ губернского города находится въ 300, отъ своего уѢзднаго въ 150 и отъ почтовой станціи въ 12 верстахъ.
II.Церковь. Приходская Петро-Павловская церковь, расположенная въ селеніи, построена въ 1818 году. Зданіем деревянная, устроена продолговатым крѢстомъ съ однимъ открытымъ куполомъ и колокольнею во фронтонной части. Кровля деревянная, окна расположены одинъ ярусъ, дверь одна. Въ зданіи церковь довольно прочна, но необходимо только сдѢлать наружную ошивку и устроить новую крышу, къ чему и предложено приступить на прихожанскія средства. Внутрення площадь, вмѢстимостію около 20 квадр. Саженъ, имѢетъ квадратное расположеніе. Потолокъ устроенъ сводообразно къ открытому куполу; стѢны выбѢлены; полъ деревянный; къ отопленію не приспособлена. Старого устройства иконостасъ изъ 9 иконъ, поставленныхъ въ один рядъ. Необходимая для совершенія богослуженія утварныя вещи имѢются, въ том числѢ одинъ серебряный приборъ литургійныхъ сосудовъ. Въ ризницѢ имѢется пять священническихъ облаченій: 1 серебрянной парчи, 2 шелковой матеріи, 1 мишурной парчи и 1 траурное плисовое, — всѢ годны къ употребленію. Евангеліе употребляемое при богослуженіи одно, въ листъ, въ бархатномъ переплетѢ съ финифтами; изъ прочихъ богослужебныхъ книгъ недостаетъ мѢсячной минеи, октоиха и апостола. Въ архивѢ церковномъ метрическія книги хранятся съ 1792 года. Колоколовъ имѢется пять: въ 3,3,2,2 и 2 пуда. Погостъ церковный обнесенъ простымъ заборемъ.
III. Приходъ. Въ составъ прихода входятъ селенія: Новоселки, Кощичи, Козловичи, Крюковичи, Свищичи, ШарѢничи и Углы, — самый отдаленный пунктъ прихода находится въ 9 верстахъ. Прихожанъ числится мужеского пола 900, а женского 986 душъ, всѢ они крестьянскаго сословія и занимаются хлѢбопашествомъ и вывозкою лѢса, по найму отъ лѢсопромышленниковъ. Религіозно-нравственное состояніе прихода не можетъ быть признано вполнѢ удовлетворительнымъ.
IV. Причтъ. Причтъ составляютъ настоятель и псаломщикъ. Настоятелемъ состоитъ священникъ Василій Бычковский, окончилъ курсъ наукъ въ духовной семинаріи, рукоположенъ въ 1874 году.
V. Влад сѢнокосной нія церкви и причта. Церковнаго дохода въ теченіи года поступаетъ до 60 рублей. Причтъ, кромѢ штатного жалованья, пользуется церковною землею и помѢщеніемъ. Церковной земли считается: усадебной 6, пахатной 35, сѢнокосной – мурожной 4, сѢнокосной болотной 50 десятинъ. Усадьба причта расположена при церкви, а остальная земля въ шести отдѢльныхъ участкахъ. Плана и межевой книги на сію землю нѢт’ъ, но владѢтъ оною прчтъ безпрепятственно. Для помѢщенія причта имѢются: домъ, амбаръ, гумно, варивня, и сарай – для священника, и домъ, гумно и два сарая для причетника. Строенія сіи требуютъ капитального исправленія, но ко времени составленія сего описанія учрежденною коммиссіею проэкта на сіе не было составлено.
VI. Церковныя и приходскія учрежденія. При церкви учреждено церковно-приходское попечительство, — штатной же школы и богодѢльни нѢтъ”.
З цягам часу Навасёлкі разрасталіся падворкамі і колькасцю насельніцтва.
У 1850 г., напрыклад, тут было ўжо 62 двары, якія насялялі 444 жыхары.
Паводле перапісу 1897 г. у Навасёлках было 111 двароў, а колькасць яго насельніцтва дасягнула 657 жыхароў.
У населеным пункце, акрамя царквы, была царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін, конны млын і 2 ветракі.
У пачатку 20-га стагоддзя развіццё вёскі пайшло яшчэ хутчэйшымі крокамі. Ужо ў 1908 г. тут было 140 двароў, а колькасць жыхароў налічвала 992 чалавекі. А ў 1925 г. вёска павялічылася да 251 двара.
У пачатку 20-х гг. мінулага стагоддзя побач з Навасёлкамі на былых памешчыцкіх землях з ліку перасяленцаў з навакольных вёсак была заснавана вёска, якая атрымала назву Новых Навасёлак.

“Прымаюцца пастановы, выносімыя заможнымі …”

У Мазырскім архіве знайшоў пацверджанне таму, што з 1923 г. сяло Навасёлкі стала цэнтрам сельсавета ў Савіцкай воласці Рэчыцкага павета. А пасля пераходу Беларускага Палесся са складу РСФСР у межы БССР, з 20 жніўня 1924 г. – цэнтрам Навасёлкаўскага сельсавета Азарыцкага раёна Мазырскай акругі.
У склад сельсавета тады ўвайшлі сяло Навасёлкі, у якім пражывала 1449 жыхароў, вёскі: Казловічы – I з 374 жыхарамі, Казловічы — II з 557 жыхарамі, Цідаў і Навасёлкі са 148 жыхарамі.
26 жніўня 1924 г. адбылося аргані-зацыйнае пасяджэнне Навасёлкаўскага райсельсавета (так першапачаткова называліся сельсаветы ў 1924 г. – І.Г.) і камітэта ўзаемадапамогі. У пасяджэнні прыняў удзел упаўнаважаны Азарыцкага райвыканкама Еўстратоўскі, старшыня Навасёлкаўскага сельсавета Пячура Яфім Клімавіч , сакратар Цурунок Фёдар Дзям’янавіч, старшыня камітэта ўзаемадапамогі Варабей Сцяпан, Севярын Фама, Варабей Васіль Мінавіч, Савіцкі Пятро Авяр’янавіч, Цурунок Піліп. Ад Казловіцкага сельсавета – яго былы старшыня Савіцкі Пятро Савіч, Мятлушка Іван Сцяпанавіч, былы сакратар савета Мятлушка Рыгор Сцяпанавіч, ад камітэта ўзаемадапамогі – Мятлушка Іосіф.
На парадку дня былі два пытанні: “Аб арганізацыі райсельсавета” і “Аб арганізацыі райкамітэта ўзаемадапамогі”.
Пасля выступлення ўпаўнаважанага райвыканкама было прынята рашэнне: старшынёй Навасёлкаўскага сельсавета выбраць Цурунка Фёдара Дзям’янавіча, яго намеснікам – былога старшыню Казловіцкага сельсавета Савіцкага Пятра Савіча, сакратаром – былога сакратара Казловіцкага сельсавета Мятлушка Рыгора Сцяпанавіча. Астатнія члены сельсаветаў засталіся і надалей членамі райсельсавета.
Старшынёй аб’яднанага камітэта сельскай узаемадапамогі выбралі Цурунка Піліпа, а сакратаром Мятлушка Рыгора Лук’янавіча. (Занальны дзяржаўны архіў г. Мазыра (ЗДАМ). ф.74, воп.1, с.23, л.1).
Праз тры месяцы, у адпаведнасці з парадкамі таго часу, адбыліся перавыбары складу сельскага савета.
Старшынёй сельсавета быў абраны Варабей Пятро Рыгоравіч, яго намеснікам – Мачальнік Кірыла Анто-навіч, сакратаром – Мятлушка Рыгор Сцяпанавіч. Членамі сельсавета – Варабей Аляксандр Іванавіч Варабей Ева Раманаўна, Дземідовіч Віктар Дзям’янавіч, Захараў Нупрэй Піліпавіч, Кундас Андрэй Якаўлевіч, Лашук Міхаіл Трафімавіч, Пячура Яфім Кліменцьевіч, П’яўкін Пракопій Андрэевіч, Сцяпанаў Васіль Панкратавіч і Цырулік Піліп Паўлавіч. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.1827, л. 7, 10).
У 1925 г. склад сельсавета зноў змяніўся. Узначаліў яго Захараў Нупрэй Піліпавіч. Сакратаром стаў Рыбчынскі Антон Адамавіч. Сябрамі сельсавета – Варабей Пятро, Варабей Андрэй, Варабей Емяльян, Лашук Міхаіл, Цурунок Піліп і Пячура Яфім.

Па вёсках сельсавета былі выбраны і народныя засядальнікі. У іх лік ад сяла Навасёлкі ўваходзілі сераднякі: 33-гадовы Цімковіч Мікалай Іванавіч, 33-гадовы Дземідовіч Пётр Рыгоравіч, 37-гадовы Верат Васіль Якаўлевіч; беднякі 28-гадовы Супруновіч Апанас Майсеевіч, 18-гадовая Савіцкая Марына Рыгораўна і 36-гадовы Ясінскі Пётр Мікалаевіч.
Абедзьве вёскі Казловічы вылучылі ў народныя засядальнікі сераднякоў. Так, па Казловічах-1 выбралі: 55-гадовага Мятлушка Цімафея Лук’янавіча, 32-гадовага Мятлушка Дзяніса Сцяпанавіча, 42-гадовага Мятлушка Васіля Сцяпанавіча і 30-гадовага Чайкоўскага Кірылу Кірылавіча; па Казловічах -2: 40-гадовага Пятра Савіча, 50-гадовага Савіцкага Лявона Апанасавіча і 32-гадовага Савіцкага Міхаіла Іванавіча.
Народным засядальнікам па в. Цідаў абралі 35-гадовага серадняка П’яўкіна Мікалая Ільіча.
Пад канцылярыю сельсавета ў Навасёлках арандавалі хату Дземідовіча Пятра Іванавіча, за што яму ў адпаведнасці з дагаворам ад 1 снежня 1925 г. плацілі штомесячна 3 руб. Гаспадар за гэта павінен быў атапліваць будынак, прыбіраць яго і вартаваць у начны час. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.321, лл.4, 17, 18, 22).
19 верасня 1926 г. у Навасёлках адбыўся агульны сход, на якім было зацверджана стварэнне машыннага сельскагаспадарчага таварыства “Згода”.
Спачатку перад сялянамі выступіў аграном Радзівонаў з раёна, які расказаў аб неабходнасці стварэння машынных таварыстваў у сельскай гаспадарцы дзеля павышэння ў гэтай галіне прадукцыйнасці працы. Ён жа азнаёміў вяскоўцаў і са Статутам таварыства.
Сход зацвердзіў праўленне таварыства, у склад якога ўвайшлі Васіль Варабей, Пятро Варабей. Емяльян Варабей, Кірэй Мачальнік і Іван Цурунок. У склад рэвізійнай камісіі таварыства выбралі Пятра Ясінскага, Андрэя Вараб’я, Фядоса Гардзіенку і Аляксандра Вараб’я.
Узнос для ўступлення ў таварыства вызначылі ў памеры 25 кап., а паявы ўзнос – у памеры 2 руб. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.362, л.16).
Што датычыцца складу сельсавета, то Ануфрый Захараў быў перавыбраны на пасаду старшыні і ў 1926 г. Яго намеснікам стаў Супруновіч А.А., сакратаром сельсавета – Мятлушка Рыгор Сцяпанавіч, сябрамі сельсавета – Гурбо Цярэнцій Ф., Сенько Алена Мін., Цурунок Ів. Еўс., Рагавец Піліп Ант., Мачальнік Пятро Як., Мятлушка Мікалай Ф., Мятлушка Ів. Ст. і Галавач Віктар Ал. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.558,л.5).
Трэба адразу ж адзначыць, што з першых дзён стварэння сельсавета у Навасёлках верхавенства ў ім захапілі прадстаўнікі заможнага сялянства. Гэтае ж самае тычылася тут і камітэта сялянскай узаемадапамогі (КСУ).
Апошнія, як вядома, пачалі ствараць адразу ж з пачаткам правядзення ў краіне новай эканамічнай палітыкі, у 1921 г. галоўнай задачай гэтых камітэтаў з’яўлялася аказанне падтрымкі эканамічна слабым гаспадаркам сялян, інвалідаў, удоў, сірот і сямей чырвонаармейцаў.
Па задумцы бальшавікоў КСУ павінны былі ствараць натуральныя і грашовыя фонды, а таксама прыцягваць больш моцныя гаспадаркі для аказання працоўнай дапамогі больш слабым.
Згодна Палажэння аб КСУ, усе жыхары вёсак, якія не былі пазбаўлены грамадзянскіх правоў, станавіліся членамі таварыстваў узаемадапамогі і былі абавязаны прымаць удзел у іх дзейнасці. Перад гэтымі таварыствамі ставілася і задача развіцця калектывісцкіх пачаткаў у гаспадарчай дзейнасці сялян.
Аднак, адна справа – планы на паперах, другая – рэаліі жыцця. У Навасёлках напачатку не ўсё пайшло па тых планах, якія задумваліся ў Маскве. І гэта быў вымушаны канстатаваць у сваім акце рэвізіі інструктар Мазырскага акруговага выканаўчага камітэта Турно, які прыбыў з праверкай у Навасёлкі 25 чэрвеня 1927 г.
Мэтай яго камандзіроўкі ў глухую глыбінку была рэвізія стану работы мясцовага сельсавета і камітэта сялянскай узаемадапамогі. Аднак тое, што ўбачыў мазырскі госць у Навасёлках, яго не парадавала. Вось, што ён мусіў напісаць у акце рэвізіі:
“Сельсавет пляна працы ня мае. Праца праводзіцца безплянава.Спачатку выбарау, ін. каж. З 3 лютага 1927 г.зроблена усяго 5 безплянавых пасяджэнняу прэзідыуму с/с, на якіх вырашана толькі 9 аснауных пытаньняу, астатнія вырашаемыя пытаньні, гэта разгляд, а таксама за гэты час праведзены 4 пленарных пасяджэньняу, на якіх вырашана 14 аснауных пытаньняу. Вырашаныя пытаньні па свайму характару больш усяго разгляд тых ці іншых скарг, альбо хадайніцтва сялянства, а пытаньняў аб паляпшэнні быта сялянства, аб уцягненьні сялянства у Савецкае будаўніцтва, і наогул пытаньнні вытворчаскага характара не вырашалася. Пытаньні, якія уносіліся у парадак дня прэзідыумаў, альбо пленумау на падрыхтоуку нікому не даручаліся, а уносіліся ў павестку дня з каляндарнага расьпісаньня. Агульных сходаў па вескам праведзена 8, на якіх вырашана 18 пытаньняў, якія па свайму характару большай часткай пытаньні камісійнага характара. Вучота аб выкананьні выняснных пастаноу ня маецца. Што і ня дае магчымасьці праверыць выкананьне. Выездных пленарных пасяджэнняу было адно. Абежнікі і бюлецені СНК і др. Вышэйшых ворганау на пасяджэньнях не разьбіраліся, насельніцтва з імі не азнаемлялася, а гэткія толькі прачытваліся старшыней і сакратаром с/с. На правадзімыя сходы сялянства у в. Наваселкі зьяуляюцца вельмі слаба да і у гэтым сяле вельмі рэдка бывалі сходы. Жанчыны у сходах удзелу непрымалі.
У сваім складзе с/с налічвае 13 сяброу с/с і 2 кандыдатау, якія па маемаснаму становішчу заможных – 3, сераднякоў – 6, беднякоу -2 і служачых -1. Партыйцаў і камсамольцаў няма. С/с абслугоуваецца 4 насельніцкіх пункта з лікам 500 гаспадарак.
Абавязкі сярод сяброу разьмеркаваны, яны прымацованы к маючымся камісіям, праца сябрамі с/с праводзіцца слаба, займаюцца толькі простым выкананьнем тых ці іншых даручэньняу с/с. Актыву вакол с/с няма, а таксама і ня створана група беднаты і ніякага уплыву бедната на заможных нямае. Пры вырашэньні тых ці іншых пытаньняў больш усяго на агульных сходах прымаюцца пастановы, выносімыя заможнымі (сяло Наваселкі).
У існуючых двух машынных т-вах беднякоў нязначная колькасьць.
У галіне паляпшэньня дабрабыту, зямельнай працы, пажарнай справы нічога не рабілася і пытаньні гэтага характару не вырашаліся. Сялянства у працы с/с удзел прымае слабы. Адмены пастаноу с/с з боку РВК было 2 выпадкі, як несправедліва вынесеныя.
На тэрыторыі с/с існуюць 2 школы і адзьдзяленьне спажывецкага таварыства, кірауніцтва якімі праводзілася шляхам заслухоуваньня справаздач і дачы дырэктыуных указаньняу, але ж выкананьне даручанага не правяралася. Аутарытэтнасьць с/с з боку насельніцтва недастатковая, дзякуючы слаба праводзімай арганізацыйна-творчаскай працы с/с. Кіраўніцтва с/с з боку РВК было толькі папяровые, жывога кірауніцтва было недастаткова.
Прымацаваны сябр РВК к абслугоуваньню с/с на пасяджэньні ні разу не зьяулялся.
Барацьба з злачынствам стаіць слаба і вызываемы с/с з раену прадстаунік міліцыі на пасяджэньне зрабіць даклад не зьяулялся.
Вучот аб’ектау абкладаньня і страхоўкі праведзены здавальняюча, но жывелы у параунаньні з мінулым годам паменшылася, маюцца выпадкі укрыцьця. Рэвізійная камісія с/с нічога зусім не рабіла. А таксама і ня было ніякай праверкі працы с/с працаунікамі РВК. Камісіі, якія існуюць пры с/с – 5 планау працы ня маюць і камісіі нічога не рабілі. Сельсаветам заслуханы справаздачы 3 камісіі. Алеж даручаныя дырэктывы не выкананы і с/с не правяралася выкананьне.
В.К.С.У.
Пляна працы камітэт узаемадапамогі ня мае. Пасяджэньняу ніякіх не рабілася з лістапада месяца 1926 г. Сьпісы беднаты маюцца. Фонда камітэта збожжам 252 п. 13 ф., грашыма – 8 р.97 к.
Суда роздана сялянству, узысканьне суды праводзілася слаба і нічога ня робіцца па узысканьню сяброускіх узносау. Каміт. Узаем. У сваем уладаньні прадпрыемств ніяніх ня мае. Сялянства працай камітэта не цікавіцца, дзякуючы бяздзейнасьці. Кірауніцтва з боку с/с над кам.узаем. слабае, а таксама і ня было належнага кірауніцтва з боку раеннага камітэту сялянск. узаемадапамогі.
Старшыня камітэту працаю не зацікаулен, так як яго пасада не адказвае клясавай лініі. Камітэт узаемадапамогі мае 5 спрау, перапіска вядзецца на беларускай мове”.
У канцы акта рэвізіі працы Навасёлкаўскага сельсавета і камітэта сялянскай узаемадапамогі правяраючы з Мазыра робіць выснову:
“Усякае адсутнічаньне арганізацыйна-творчаскай і масавай працы с/с з аднаго боку тлумачыцца ня добрым клясавым падборам складу с/с, так як у складзе с/с вельмі невялікая частка беднякоу, зыходзячы з таго клясавага прынцыпу, пры вырашэнні тых ці іншых пытанняў у бок беднаты не назіраецца…
Бяздзейнічанне ВКСУ і не правядзенне адчотнасьці перад сялянствам. Селянство от гэтай працы адклонілось і паулекло за собой неаддачу сяброускіх узносоу. І бедната падпала пад уплыўу заможных (село Наваселкі)”. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.587,лл. 99-101).
Нягледзечы на большасць у складзе членаў сельсавета заможнага сялянства некаторыя дырэктывы “з верху” яны вымушаны былі выконваць, хоць і без асаблівай ахвоты, а можа баючыся за ўласны лёс. У першую чаргу гэта тычылася вызначэння тых, хто пазбаўляўся выбарчых правоў.
Канстытуцыя РСФСР 1918 года арт. 65 устанаўлівала, што: “Не абіраюць і не могуць быць абранымі, хоць бы яны ўваходзілі ў адну з вышэйпералічаных катэгорый:
а) асобы, якія звяртаюцца да наёмнай працы з мэтай атрымання прыбытку;
б) асобы, якія жывуць на непрацоўны даход, як-то: працэнты з капіталу, даходы з прадпрыемстваў, паступленні з маёмасці і т. п.;
в) прыватныя гандляры, гандлёвыя і камерцыйныя пасрэднікі;
г) манахі і духоўныя служыцелі цэркваў і рэлігійных культаў;
д) служачыя і агенты былой паліцыі, асобнага корпуса жандараў і ахоўных аддзяленняў, а таксама члены царыўшага ў Расіі дома;
е) асобы, прызнаныя ва ўстаноўленым парадку разумова пашкоджанымі або вар’ятамі, а таксама асобы, якія знаходзяцца пад апекай;
ж) асобы, асуджаныя за карысныя і ганябячыя злачынствы на тэрмін, устаноўлены законам або судовым прысудам”.
На падставе гэтага дакумента ў спіс пазбаўленых права выбіраць і быць выбраным ў Навасёлкаўскі райсельсавет ад 30 кастрычніка 1924 г. былі ўключаны сераднякі: 61-гадовы святар Навасёлкаўскай царквы Яніцкі Рыгор Дзям’янавіч, яго 62-гадовая жонка Яніцкая Еўдакія Гаўрылаўна, 61-гадовы псаломшчык гэтай жа царквы Ясінскі Аляксандр Мікалаевіч, яго 62-гадовая жонка Аляксандра, 31-гадовы хлебароб царкоўны стараста Варабей Міхаіл Мінавіч; зажытачныя сяляне: 49-гадовы ўладальнік паветранага млына Герасіменка Рыгор Фёдаравіч, яго жонка 46-гадовая Марыя Якаўлеўна, 36-гадовы ўладальнік паветранага млына Савіцкі Іван Піліпавіч, яго жонка 31-гадовая Наталля Піліпаўна, 51-гадовы ўладальнік паветранага млына Герасіменка Іван Фёдаравіч і яго жонка-аднагодак Ірына, 23-гадовы ўладальнік паветранага млына Дземідовіч Андрэй Рыгоравіч, 40-гадовы земляроб Чайкоўскі Даніла Кірылавіч і яго 27-гадовы брат Аляксандр, якія выкарыстоўвалі наёмную працу сялян, прыватныя гандляры, 61-гадовыя Атлас Йосель Бейнусавіч і Атлас Цыра Залманаўна ; беднякі — хлебаробы, асуджаныя судом: 31-гадовы Варанцоў Пётр Данілавіч, 21-гадовы Пархоменка Пётр Іванавіч, 31-гадовы Паштарэнка Ігнат Канстанцінавіч, і інш. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.23, л.39).
А ў спісы пазбаўленых выбарчых правоў на 1925/26 гг. па в. Навасёлкі трапілі: Варабей Міхаіл Мінавіч, Варабей Матрона Аляксандраўна, Варабей Іван Якаўлевіч, Паштарэнка Ігнат Канстанцінавіч, Савіцкі Ян Рыгоравіч, Сянько Васіль Пятровіч, Сянько Параска Пятроўна, Яніцкі Рыгор Дзямідавіч, Яніцкая Аўдоцця Гаўрылаўна, Ясінскі Аляксандр Мікалаевіч. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.594, л.1).
3 лістапада 1924 г. пад час чарговых выбараў у Навасёлкаўскі сельскі савет былі абраны з в. Навасёлкі: Варабей Пётр Рыгоравіч – старшынёй, Мачальнік Кірыла Андрэевіч – яго намеснікам, сябрамі: Варабей Аляксандр Іванавіч, Варабей Ева Андрэеўна, Дземідовіч Віктар Дзям’янавіч, Лашук Міхаіл Трахімавіч, Пячура Яфім Клімавіч і Цурунок Піліп Паўлавіч; ад в. Казловічы: Мятлушка Рыгор Сцяпанавіч – сакратаром, Сцепанееў Васіль Панкратавіч- членам; ад в. Цідаў: Захараў Нупрэй Піліпавіч, Кундас Андрэй Якаўлевіч, П’яўкін Пракоп Андрэеевіч – членамі. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.23, л.44).
9 снежня 1927 г. у Навасёлках адбыўся агульны сход, у якім прынялі ўдзел каля 300 грамадзян. У прэзідыум схода , як сведчаць архіўныя дакументы, былі выбраны: “А. Варабей, К. Пінчук, М. Сачкоўская, Д. Рагавец”.
Старшынстваў на сходзе Козінцаў, а сакратаром яго быў абраны Ясінскі.
На парадак дня схода была вынесена справаздача Навасёлкаўскага камітэта сялянскай узаемадапамогі, які узначальваў Мачальнік Сямён Андрэевіч.
Пасля яго кароткага і невыразнага выступлення, сяляне Навасёлак уступілі ў спрэчкі. Напрыклад, Шулякоўскі адразу ж пакрытыкаваў выступоўцу за яго кароткі даклад. Ён адзначыў, што “кіраўніцтва камітэтам ажыццяўлялася неналежна: не праводзіліся пасяджэнні камітэта; яго старшыня не удзельнічаў у працы сельскага савета; дагэтуль не вырашана пытанне аб вясковай сенажаці”.
Есіп Гардзіенка заўважыў: “Багачы разабралі хлеб, а бедната бярэ хлеб і не варочае”.
Цурунок быў яшчэ больш катэгарычным: “У камітэце працуюць бесплатна, а сельсавет адзін бярэ дзве платы”.
Прадстаўнік РВК Ахраменка заявіў: “Адносіны сялян да КСУ вельмі дрэнныя, чуць што – сялянам не трэба КСУ, а тым часам арганізацыя КСУ вельмі патрэбная. У Навасёлкаўскім КСУ невядома дзе дзеваліся 200 р.Бедната стараецца плаціць суду ў тэрмін і своечасовае ўзысканне 600 руб. сяброўскіх узносаў крайне неабходна. Мочальнікоў не сабіраў сходы, не даваў скідкі бедняку, ухіляючыся ад гэтай работы. Ад працы КСУ можна дабыць сабе сродкаў на жалованьне”.
Козінцаў у сваім выступленні зрабіў акцэнт на важнасці актывізацыі дзейнасці камітэта сялянскай узаемадапамогі. Камітэт, па яго словах, не толь павінен прыйсці на дапамозу беднякам, сіратам і сем’ям чырвонаармейцаў, ён павіннен стаць рухавіком усяго новага ў развіцці сельскай гаспадаркі, стаць правадніком палітыкі партыі і дзяржавы ў развіцці сельскай гаспадаркі.
Пасля доўгіх дыскусій сход у мэтах актывізацыі дзейнасці свайго камітэта сялянскай узаемадапамогі выбраў 20 упаўнаважаных, якія павінны былі ажывіць дзейнасць Навасёлкаўскага КСУ. У лік асоб, якім даверылі гэтую важную справу, былі выбраны: Цурунок Хведар, Палуян Сава, Дземідовіч Віктар, Рагавец Даніла, Пячура Яўхім, Сцепановіч Пятро, Ус Люцыян, Савіцкі Міхась Ів., Рагавец Пятро, Ус Кузьма, Шлапак В., Галавач Васіль, Цурунок Піліп, Барысенка Адам, Супруновіч Сава, Зайцаў Барыс, Самойленка Ахрэм, Вішнеўскі Сямён і Варанцоў Кузьма. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.587, л.99-101).
Згодна звестах, якія былі складзены па Навасёлкаўскаму сельсавету на 22 сту-дзеня 1928 г., у Навасёлках налічвалася 264 падворкі, на якіх пражывала 1510 душ. У іх карыстанні знаходзілася 816 дзесяцін зямлі.
У Цідаве (Цыдово – так пісалі тады – І.Г.) было 45 гаспадарак, у якіх пражывала 258 чалавек.
У Казловічах 1-х адпаведна 104 гаспадаркі і 527 душ.
У Казловічах 2-х – 79 двароў і 431 чалавек.
Надзел цідаўцаў складаў 156,5 дзесяцін, жыхароў Казловіч 1-х – 363, Казловіч 2-х – 258 дзесяцін. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.630, л.16).
Старшынёй Навасёлкаўскага сельсавета у пачатку 1928 г. быў Пятро Ясінскі, а сакратаром – Якаў Шулякоўскі. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.1151,л.1).
Праўда, у хуткім, відаць, па прычыне сваёй заможнасці, Пятру Ясінскаму прыйшлося пакінуць старшынёўскае крэсла. 24 ліпеня ён ў прысутнасці панятых – жыхара Казловіч П.С.Савіцкага і сакратара сельсавета Якава Шулякоўскага перадаў сельсавецкія справы, наяўныя грошы ў колькасці 1414 руб. 43 кап. самаабкладання, ды 150 руб., атрыманых у Азарыцкім РВК, а таксама маёмасць сельсавета: стол, 3 скамейкі са спінкамі, бар’ер, будынак, які рамантаваўся пад канцылярыю, будаўнічыя матэрыялы, і, зразумела ж, пячатку новаму кіраўніку сельсавета жыхару Казловіч Даніле Мятлушка. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с. 894, л.1).
Справы ў савеце тым часам ішлі сваёй чарадой. Як сведчыць “Справаздача Навасёлкаўскага сельсавета за перыяд з 1-га кастрычніка 1927 г. па 1-е кастрычніка 1928 г.”, з пачатку выбараў у склад сельсавета ўваходзілі “…13 сяброў…з кандыдатамі”.
“Пасяджэнняў прэзыдыумаў за увесь справаздачны час адбылося 22 разоў з пасяшчаемасцю 5 сяброў у сяреднім. Разгледжана 51 галоўных пытанняў наступнага характару: арганізацыйных 17, гаспа-дарча-будаўнічых 14, зямельных 4, культасветныя 3. Кааперацыйныя 1, адміністрацыйныя 1, па ахові здароўя і санітарныя 3, па палепшэньні дабрабыту насельніцтва 4, страхавыя 2. Пасяшчаемасць насельніцтва на пасяджэннях с/савету у сярэднім 20 чалавек
Пасяджэнняў пленумаў было 5 разоў з прысутнасцю 9 сяброў колькасцю у сярэднім 53 чал., разгледжана 14 галоўных пытанняў наступнага характару: арганізацыйныя 7, палітычныя 2, гаспадарча-будаўнічыя 2, па паляпшэнню працы у ФПСУ 1,па сельгаспадатку 2, страхавыя 1.
Заслуханы даклады ўсіх устаноў, якія існуюць па абшару сельсавета, усіх камісій існуючыя пры сельсавету, падкрэслівалісь усе добрыя і адмоўныя бакі, давалісь напрамкі, якім чынам палепшыць працу у той ці іншай галіне.
На пасяджэннях камісій заслуханы справаздачы наступных устаноў: ВКСУ, страх агента, загадчыкаў школ, добрахотнай пождружыны, 2 машынных таварыстваў, семенаводчага таварыства і ОСААВІАХІМу.
Праведзены справаздачы сельсавету ва ўсіх населеных пунктах.
Агульных сходаў па ўсіх насельніцкіх пунктах адбылося 19 разоў”. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.894, л.6).
3 снежня сакратар Азарыцкага райвыканкама А. Робак у прысутнасці старшыні рэвізійнай камісіі Навасёлкаўскага сельсавета Васіля Вараб’я, старшыні савета Данілы Мятлушкі і сакратара савета Якава Шулякоўскага зрабіў рэвізію паступлення і выдаткавання сродкаў па самаабкладанні 1928 г., на што быў састаўлены адпаведны акт. Вось што ў ім гаварылася:
“1) Пастановы насельніцтва аб сама-абкладаньні былі вынесены на агульных сходах у в. Навасёлкі 4 сакавіка 1928 г., пры чым мэтавага прызначэньня скарыстаньня сродкаў на сходзе не было вызначана. У в. Цідаве пастанова была праведзена на сходзе 17-га сакавіка 1928 г. І прызначана скарыстаць сродкі на інтарнат пры Навасёлкаўскай школе.
У в. Казловічы сходы аб сама-абкладаньні адбыліся 12/III-28 г., сродкі прызначаліся на школу, хаця дакладнае пастановы аб гэтым на сходзе вынесена не было, таксама пытаньне аб прызначэньні сродкаў на тое ці інш. будаўніцтва не разглядалася на пленуме, альбо прэзідыуме. Гэта прызначэньне было зроблена старшынею і сакратаром с/с.
2) Усяго па Навасёлках і Цідаву …згодна сьпісаў аб налічэньні самаабкладаньня паступіла 1073 р.73 кап.
…Па в. Навасёлкі і Цідаву выдаткавана на пажарную ахову і адкрыцьце пажарнага хлява у Казловічах, рэзку шалёвак і ашаляваньне пажарнага хлява 34 р. 65 кап.
На дарожнае будаўніцтва (рамонт грэблі па шляху Навасёлкі – Казловічы) выдаткована 234 р. 35 кап., з якіх апраўдальных дакументаў маецца на 101 р., выданых за падсыпку грэблі і рамонт маста, астатнія выданы б. старшыней с/с Ясінскім за копку канаў па ведамасьці, але расьпісак атрымаўшых грошы 47 грамадзян у ведамасьці няма.У гэтую ведамасьць унесена аплата самаму старшыні за прысутнічаньне пры работах па копке канаў за 2 дні 3 рублі. Але яны не могуць быць залічаны ў выдатак…
Выдаткавана на Навасёлкаўскую школу (выкапана студня, зроблен рамонт ганкаў, загатоўлены дошкі для інтарнату 107 р. 20 кап., на якія маюцца усе апраўдальныя дакументы.
На пабудову ў Навасёлках хаты-чытальні выдана 724 р. 74 кап.” (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.894, л.11).
27 снежня 1928 г. у Навасёлках адбылася новая перадача ўсіх сельсавецкіх спраў ад былога старшыні сельсавета Данілы Мятлушка і сакратара Шулякоўскага часова назначанаму старшыні С.Ахраменка. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.894, л.14).
Напачатку студзеня 1929 г. у Навасёлках адбыўся агульны сход грамадзян, на якім разглядалася работа сельсавета. Справаздачу чамусьці па гэтым пытанні рабіў Пятро Ясінскі, які хаця і быў вызвалены ад пасады старшыні, але заставаўся сябрам сельсавета.
Вяскоўцы ацанілі работу сельсавета нездавальняюча і ў адрас яго кіраўніцтва паступіла шмат непрыемных пытанняў.
Напрыклад, Пятро Варабей цікавіўся: “Як давалісь працы (заданні — І.Г.) на рамонт школы, хаты чытальні, дарог? Ці былі отчеты загадчыка школы і перад кім? Пасяшчалі-лі прадстаўнікі РВК сельсавет і давалі дастатковыя указанні і руководства? Сколькі было собраній сельсавета? Чым тлумачыцца плахая праца 6 сяброў сельсавета і якія прымалісь меры па прыцягненню іх да працы? Як абстаяць справы з патравамі , якія прымалісь к гэтому меры і рэзультат іх? Сколькі паступіла сродкаў ад школьных вучасткаў у карысць школы?”
Траццякоў запытаў: “Колькі камісій працуе пры сельсавеце? Якія меры прымаліся ў вёсцы і сельсавеце па укрепленію пескоў? Ці расшырылась пасяўная плошча?”
Кузьма Лашук пацікавіўся: ”На якія сродкі выкапан калодзец пры школі, колькі самаабкладання, дык пачаму?”
Павел Варабей паставіў больш сур’ёзныя пытанні: “З якой маёмасццю лічацца беднякамі граждане? Чаму не абкутаны могілкі?”
Васіль Варабей, выступаючы ў спрэчках, выказаў наступную думку: “Рэвізія сельсавета не была з прычыны таго, што старшыней рэвізійнай камісіі была жонка сакратара сельсавета Шулякоўскага”.
Ахраменка у сваім выступленні падсумаваў: “Не згаджаюся з справаздачай сельсавета, дзе выказваюць, што політычное становішча ў сельсавеце харошае, так як у сельсавеце малісь выпадкі пажараў, убійствоў, краж і іншых выпадкаў, а так сама культурная праца сельсавета дрэнна, ба не рабілась справаздача культкамісіі пры сельсавеце. Отчеты ОСОАВІАХІМа і МОПРа лічацца толькі на паперы, а не ў сапраўднасці, як і іншыя гурткі і арганізацыі”.
На сходзе было прынята рашэнне аб стварэнні камісіі з 5 чалавек, у якую ўвайшлі: Варабей Пятро Рыгоравіч, Варабей Васіль Мінавіч, Дземідовіч Пятро Рыгоравіч, Ус Хведар Дзянісавіч і Ясінскі Пятро Мікалаевіч. Гэтая камісія павінна была выпрацаваць рэзалюцыю аб працы новага складу сельсавета. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.1196, лл.33-34).
Што там яны рашалі, прасачыць не ўдалося, аднак у хуткім часе некалькіх былых сельсаветчыкаў арыштавалі.
Праз некалькі дзён пасля гэтага схода адбылося пасяджэнне прэзідыума Навасёлкаўскага сельсавета, у якім прынялі ўдзел члены сельсавета Ясінскі, Лашук і Рагавец. З райвыканкама прыбыла прадстаўнічая брыгада, у склад якой увайшлі: Ахраменка, Харытончык, Арцімовіч, Траццякоў і Белька.
Старшынстваваў на пасяджэнні Ахраменка, сакратаром быў Белька.
Па першым пытанні дакладваў Ахраменка, які прапанаваў: “… зацвердзіць часова старшынёй сельскага савета Паўла Траццякова, а сакратаром – Хвядоса Белька”.
Яго прапанову падтрымалі.
Затым разгледзелі пытанне аб зменах у складзе выбарчай камісіі.
Пастанавілі: “У сувязі з арыштам Шулякоўскага, Мятлушка Данілы і Банчука Васіля, у склад выбарчай камісіі ўвясьці старшынёй выбарчай камісіі Ахраменка і сябрамі Рагаўца Данілу і Мятлушка Янку Кандратавіча”.
На гэтым жа пасяджэнні размеркавалі і грашовыя сродкі, выдзеленыя для аказання дапамогі беднякам, а таксама разгледзелі заявы на водпуск крэдытнага лесу.
Навасёлкаўцам Міхасю Валатоўскаму і Захараву пашанцавала – ім выдзялілі па 25 руб. Сенько Цімаху Якімаву – 15 руб.
А вось просьбы Міхася Кундаса, Васіля Мятлушкі, Паўла Вараб’я, Евы Варабей аб водпуску ім лесу, з-за адсутнасці фондаў засталіся без задавальнення. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.1196, л.1).
Арыштаваных жа ў хуткім выпусцілі. І нават аднавілі на рабочых месцах.

“У Навасёлках кулацкіх гаспадарак няма …”

У Мазырскім архіве знайшлося і шмат дакументаў, якія расказваюць пра няпросты перыяд у мінулым нашай краіны, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай “Калектывізацыя”.
Яшчэ са школьных падручнікаў нам вядома, што да 1921 г. Расія, у склад якой уваходзіла тэрыторыя сённяшняга Калінкавіцкага раёна, літаральна ляжала ў руінах. З-за недахопу паліва і сыравіны спыняліся заводы. Рабочыя былі вымушаны пакідаць гарады і з’язджаць у вёску.
Аб’ём сельскагаспадарчай вытворчасці скараціўся ў сувязі з абясцэненнем грошай і дэфіцытам прамысловых тавараў.
Сяляне, абураныя дзеяннямі харча-атрадаў, не толькі адмаўляліся здаваць хлеб, але і падняліся на ўзброеную барацьбу. На падаўленне гэтых выступленняў былі накіраваны часткі Чырвонай Арміі.
Кіраўніцтву краіны трэба было нешта рабіць, каб выправіць становішча. І рашэнне было знойдзена. Дэкрэтам УЦВК ад 23 сакавіка 1921 года, на падставе рашэнняў X з’езда РКП (б), харчразвёрстка была адменена і заменена харчовым падаткам, які быў прыкладна ўдвая ніжэй. X з’езд абвясціў і Новую эканамічную палітыку, галоўная мэта якой заключалася ў зняцці сацыяльнай напружанасці і ўмацаванні сацыяльнай базы савецкай улады ў выглядзе саюза рабочых і сялян.
30 кастрычніка 1922 г. у РСФСР выйшаў Зямельны кодэкс, які адмяняў закон аб сацыялізацыі зямлі. Гэтым дакументам абвяшчалася яе нацыяналізацыя. Пры гэтым сяляне атрымалі права самастойна выбіраць форму землекарыстання — супольную, аднаасобную або калектыўную. Была адменена і забарона на выкарыстанне наёмных работнікаў. Аднак заможныя сяляне абкладаліся падаткам па павышаных стаўках.
Многія мнагадзетныя сяляне Беларускага Палесся ўсярэдзіне 20-х гг. мінулага стагоддзя ў пошуках лепшай долі і вольнага кавалка зямлі накіраваліся за межы Беларусі.
Як сцвярджае доктар гістарычных навук, прафесар У. Я. Казлякоў у сваім артыкуле “Да пытання аб арганізацыі перасялення з Беларусі ў паўднёвыя рэгіёны СССР (20-30-Е ГГ. ХХ В.)” (Працы БГТУ. 2014. №5. История, філасофія, філалогія): “ …пачынаючы з 1924 г. і на працягу трох наступных гадоў, пра жаданне перасяліцца з беларускага рэгіёну заявілі 42 тыс. сем’яў”.
Пастановай Савета Працы і Абароны СССР ад 17 кастрычніка 1924 г. быў утвораны Цэнтральны каланізацыйны камітэт (Цеколком), які пастановай ЦВК і СНК СССР ад 10 красавiка 1925 г. быў пераўтвораны ва Усесаюзны перасяленчы камітэт пры ЦВК СССР. На гэты орган ускладалася агульнае кіраўніцтва перасяленчай палітыкай Саюза ССР. Сярод канкрэтных задач, якія стаялі перад Усесаюзным перасяленчым камітэтам, былі вызначэнне квотаў і забеспячэнне фінансавання для перасяленцаў з саюзных рэспублік у расійскія рэгіёны. Адной з прычын павелічэння колькасці жадаючых выехаць з БССР было малазямелле.
«Пры надзяленні зямлёй па спа-жывецкай-працоўнай норме, згодна Усеагульнага перапісу 1926 г., магло быць забяспечана толькі каля 80% усіх гаспадарак, а астатнія 20% — маглі застацца наогул без зямлі. Вось чаму кіраўніцтва БССР пастаянна прасіла павялічыць квоты для перасяленцаў з БССР «, — напісаў у сваім артыкуле прафесар Уладзімір Казлякоў.
Знайшліся добраахвотнікі, якія вырашылі паспрабаваць шчасця ў чужых землях і сярод навасёлкаўцаў. Так, 31 мая 1928 г. Азарыцкі земаддзел выдаў жыхарам Навасёлак Сянько Міхаілу Дзямідавічу, у якога сям’я складалася з 9 душ, і Палуяну Міхаілу Піменавічу, сям’я якога складала 11 душ, Хадацкія пасведчанні. На падставе гэтых пасведчанняў хадакі накіроўваліся ва Урал-Троіцкую губерню Расійскай Федаратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі для выбару і афармлення за сваёй сям’ёй зямельнага надзелу. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.953, лл. 38-39).
Як склаўся далей лёс гэтых сем’яў, нам, на жаль, не вядома.
Сяляне пасля прынятых уладамі мер у пачатку 20-х гг. з аднаго боку атрымалі магчымасць паляпшаць свой дабрабыт, але з другога, яны не малі сэнсу занадта пашыраць сваю гаспадарку. Такія абставіны прывялі да таго, што дабрабыт сялян у параўнанні з даваенным узроўнем у цэлым павысіўся, а вось колькасць бедных і багатых паменшылася. Затое доля сераднякоў — ўзрасла.
У канцы 20-х гг. у краіне пачалася масавая калектывізацыя, якая выклікала ажыццяўленне і палітыкі масавага раскулачвання, якая да пачатку 1930 г. перарасла ў «ліквідацыю кулацтва як класа” ў сувязі з суцэльнай калектывізацыяй.
Усе гэтыя працэсы не абмінулі і вёскі Навасёлкаўскага сельсавета. Так, 2 красавіка 1928 г. у Мазырскі акружны земаддзел паступае заява ад навасёлкаўскіх сялян з просьбай зарэгістраваць Навасёлкаўскае насенневодчае кааператыўнае таварыства “Дабро”. Заснавальнікамі таварыства выступілі: “Шулякоўскі Якаў Якаўлеў, Шэлег Даніла Іванаў, Сенько Іван Пятроў, Ясінскі Пятро Мінаў, Лашук Міхаіл Трахімаў”. У таварыства таксама ўступілі: “Савіцкі Міхаіл Іваноў, Панцелеенка Мацвей Пракопаў, Сянько Іосіп Петроў, Шэлег Міхаіл Іваноў, Дземідовіч Іван Дзям’янаў, Сьцепановіч Петро, Палуян Сава Міхасёў, Шэлег мікалай Піліпаў, Барысенка Дзямід Хведараў, Севярын Хама Якаўлеў, Бандарэнка Павел Рыгораў, Ясінскі Васіль Мікалаеў, Варабей Сьцяпан Паўлаў, Цурунок Піліп Паўлаў, Валатоўскі Андрэй Кірылаў, Сянько Іван Міхалёў, Шэлег Сьцяпан Хведараў, Гарасіменка Васіль, Цурунок Якаў Дзям’янаў, Пінчук Карпей Сямёнаў, Варабей Амельян Хведар”. Старшынёй праўлення таварыства быў выбраны Даніла Шэлег. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.947, лл.10,14).
Як і многія падобныя сельгаскааператывы і таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, насенневодчае кааператыўнае таварыства “Дабро” у Навасёлках стала прабацькам будучага калгаса “Авангард”, які быў створаны тут на наступны год.
Няпроста ішло стварэнне калектыўнай гаспадаркі ў вёсцы. Вельмі ўжо розным па свайму сацыяльнаму статасу былі жыхары вёсак. Так, напрыклад, статус вяковай беднаты сярод жыхароў Навасёлкаўскага сельсавета у 1929 г. атрымалі: “Герасіменка Дзяніс Паўлаў, Герасіменка Рыгор Паўлаў, Раманішка Вульяна Давыдава, Латышэвіч Нікадзім Восіпаў, Савіцкі Патап Сямёнаў, Савіцкі Аляксей Патапаў, Самойленка Павел Раманаў, Самойленка Цярэшка Паўлаў, Сянько Пятро Андрэяў, Мышкавец Васіль Мікалаеў, Цонтэр Бенцыян, Лашук Васіль Паўлаў, Сцепановіч Банадыс Лаўрэнаў, Сцепановіч Пятро Банадысаў, Варабей Сцяпан Паўлаў, Пячура Параска Міхайлава, Дземідовіч Іван Дзянісаў, Варабей Хведар Мінаў, Варабей Сцяпан Хведараў, Галавач Васіль Рыгораў, Радзько Васіль Аляксандраў, Пінчук Міхась Якавін, Савук Васіль Агееў, Дземідовіч Хведар Пракопаў, Шэлег Павел Данілаў “ і інш. ” . Гэта іх па прычыне маламагутнасці рашэннем сельсавецкай падатковай камісіі вызвалілі ад сельгаспадатку на 1929-30 гг. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.1323, л.5).
А ў разрад “сераднякоў”, якія выка-рыстоўвалі ў сваіх гаспадарках наёмную працу, ўвайшлі Дземідовіч Пятро Міхасёў, Герасіменка Рыгор Хведараў, Савіцкая Наталля Піліпава, Герасіменка Іван Хведараў, Раманішка Мар’я Аляксеева, Дземідовіч Хведар Міхалёў, Савук Міхась Агееў, Севярын Мар’я Хамічна, Супруновіч Майсей Амельянаў, Лашук Пятро Аляксееў, Радзько Даніла Савін, Савіцкі Пятро Лявонаў, Лашук Хама Міхасёў, Савіцкі Іван Тодараў, Ахраменка Захар Ахрэмаў і Савіцкі Павел Лявонаў.
Жыхарка Навасёлак Наталля Савіцкая, напрыклад, на пасяджэнні Азарыцкай раённай падатковай камісіі 3 кастрычніка 1929 г. апраўдвалася: “Я рабочых не наймала, толькі хлопчыкі пасуць кароў за адработ, бо ў мяне няма рабочых мужчынскіх рук. У мяне жала 9 баб па 3-4 дні, капалі бульбу бабы па 2 дні, касілі сена 6 дзён. Прыбытак маёй гаспадаркі ня больш чым летась. Хлеба прадала пудоў 10. Ад млына я не зарабіла ніколькі”.
Аднак актывісты савецкай улады даказалі адваротнае. І хлеба па вясне яна прадала Іцку з Мазыра 150 пудоў. І наёмнай працай карысталася. І абклалі яе за ўсё гэта павышаным індывідуальным падаткам.(ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.1323, лл.51-52).
Праўда, у Навасёлках нават прыхільнікі новай улады напачатку не маглі ра-забрацца з наяўнасцю кулацкага класу. Напрыклад, 20 мая 1930 г. на пасяджэнні Навасёлкаўскай падатковай камісіі, у склад якой уваходзілі Якаў Цурунок, Шынкарэнка і Хама Севярын, падчас абмеркавання пытання “Аб выяўленні і індывідуальным абкладанні кулацкіх гаспадарак”, член камісіі Шынкарэнка заявіў: “… у Навасёлкаускім сельсавеце і асабіста у Навасёлках кулацкіх гаспадарак няма, а калі хто і скарыстоўвае наёмную працу, то гэта сераднякі”. З ім пагадзіліся астатнія члены камісіі, што ўласна і было занатавана ў ў пратакол. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.1684, лл.2 ).
Хаця самі члены калгаса яшчэ 18 верасня 1929 года на сваім агульным сходзе выключылі са сваіх радоў: “ Варанцова Пятра Данілава, Гардзіенка Осіфа, Супруновіч Міну Васілева, Мачальніка Семена Андрэева, Тозіка Якава Астапава і Палуяна Ефрэма Міхасева за тое: “…что этети себры колгаса непачинялись высё выремя наступной работ коллективному управлению. А тольки делали узрыв колектива”. Пратакол схода падпісалі старшыня калгаса “Авангард” Цімафей Мышкавец і член праўлення калгаса Шуляк Павел Адамавіч.
Савецкая ўлада прымала ўсе захады па арганізацыі і стварэнні калгасаў. Аказвала ім любую дапамогу, нават прыцягваючы для гэтага аднаасобнікаў. Аб гэтым сведчыць наступны архіўны дакумент. 31 мая з Навасёлкаўскага сельсавета ў Азарыцкі райвыканкам паступіла дакладная: “Канцылярыя с/савета 29.05.1930 г. была закрыта з прычыны таго, што была арганізавана с/с брыгада з аднаасобнікаў для дапамогі калгасу “ Авангард” у пасеве бульбы. У брыгадзе працавала 23 конных павозкі аднаасобнікаў на вывазцы гною і пешых чалавек 20, што пасаблялі ліквідаваць прарыў на пасяўным участку бульбы” (ЗДАМ). ф.74, воп.1, с.1684, лл.81-82).
Аднак працэс стварэння калектыўнай гаспадаркі ў Навасёлках, як і паўсюдна ў тыя часы, быў не простым і не хуткім. Так, архіўныя дакументы сведчаць, што ў 1930 г. у Навасёлках, якія налічвалі 256 гаспадарак, аб’ядналіся ў калектыўную гаспадарку толькі :“… 8 + 5”.
У Казловічах, якія мелі 186 сялянскіх сядзіб, аб’ядналася: “… 4 + 5” гаспадарак. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.1647, л. 44).
1 студзеня 1931 г. Навасёлкаўскі сельсавет узначаліў Сямён Мачальнік, а сакратаром з 1 лютага тут стаў працаваць Ахрэм Палуян. Рахункаводам з 1930 г. па-ранейшаму працаваў Шынкарэнка Іван Сцяпанавіч. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.1823, л.38).
У 1931 г. у склад Навасёлкаўскага сельсавета ўваходзілі вёскі Навасёлкі, 1-я і 2-я Казловічы, Цідаў і хутары Дубовая града, Дарожышчэ, За бродам, Завоседа, Зьмена, Клетаў, Навіны, Стаўскі лес і Старына. Усе яны налічвалі 521 двор, у якіх пражываў 2841 жыхар. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.1827, лл.7,10).
8 ліпеня 1931 г. Азарыцкі раён быў ліквідаваны. А Навасёлкаўскі сельскі савет перадалі Мазырскаму раёну.
Пасля стварэння 12 лютага 1935 г. Даманавіцкага раёна, Навасёлкаўскі сель-савет перайшоў з Мазырскага пад яго юрысдыкцыю.
А пасля ліквідацыі Даманавіцкага раёна ў студзені 1960 г., вёскі Навасёлкі ўвайшлі ў склад Капліцкага сельскага савета Калінкавіцкага раёна.

“Настаўніцтво не дзержіць сувязі з сельсоветом…”

Вывучаючы ў Мазыры архіўныя дакументы, я знайшоў сведчанне таго, што ў пачатку 20-х гг. мінулага стагоддзя ў Навасёлках была адкрыта школа 1-й ступені, якая ў 30-я гады стала сямігодкай.
Так, згодна справаздачы за 1926/1927 навучальны год у Навасёлкаўскай аднакамплектнай 4-гадовай школе, якая ў дарэвалюцыйныя часы была царкоўна-прыходскай, навучалася 80 дзяцей: у 1-м класе – 34, у 2-м – 10, у 3-м – 23 і ў 4-м – 13 дзяцей.
Школа размяшчалася ў арандаваных хатах. З мэблі ў навучальнай установе былі: 1 класная дошка, 2 сталы, 2 шафы, 2 табурэткі і 18 лавак на 45 месц. Для нармальнай арганізацыі навучальнага працэсу патрабавалася яшчэ адна класная дошка і 20 лавак.
Навучанне ў школе вялося на беларус-кай мове. На працягу навучальнага года у школу было набыта 76 падручнікаў і 21 дапаможнік.
Загадвала школай 29-гадовая незамужняя Вольга Іванаўна Савановіч, якая мела 9 гадоў педагагічнага стажу, і жыла ў школьнай кватэры. У Навасёлках Вольга Іванаўна настаўнічала з пачатку адкрыцця школы, з канца 1920 года. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.677, л.59).
Савановіч навучала і старэйшае пакаленне Навасёлак у пункце ліквідацыі непісьменнасці, які быў арганізаваны пры Навасёлкаўскай школе. Так, у лістападзе-снежні 1926/1927 навучальнага года тут навучалася па вечарах у чацвер, пятніцу і суботу на працягу 6 гадзін трое хлапцоў і 17 дзяўчат ва ўзросце ад 15 да 25 гадоў. Пасля Новага года да іх далучыўся яшчэ адзін хлапец. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.683, л.1).
Асаблівая ўвага ў той час удзялялася ліквідацыі непісьменнасці сярод дапрызыўнікоў 1905-1906 гадоў. Так, сярод навасёлкаўцаў дапрызыўнога ўзросту, якіх Вользе Савановіч трэба было навучыць чытанню і пісьму, у 1927 г. значыліся: Палуян Максім Аляксеевіч, Раманішка Авяр’ян Іванавіч, Рагавец Мікалай Паўлавіч, Савіцкі Аляксей Пятровіч, Савіцкі Сцяпан Пятровіч, Савіцкі Фёдар Сцяпанавіч і Цурунок Іван Ігнатавіч. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.677, л.183-190).
Дагэтуль у Мазырскім архіве захоўваецца Акт аб правядзенні школьных экзаменаў вучняў Навасёлкаўскай, Лясецкай, Хаміцкой і В.-Ліцвінавіцкай школ. Прывядзем яго поўнасцю:
“Акт ад 18 красавіка 1927 г.
Камісія ў складзе заг. Культспраў Азарыцкага РВК т. Табанько, старшыні райпартбюро Савановіча Д., настаўнікаў Навасёлкаўскай школы Савановіч В., Лясецкай – Рашал Н.Я., Хаміцкой – Старавойтава Аўг. і В.-Ліцвінавіцкай – Ясінскай Алены вытварыла выпускныя калеквіумы вучням Лясецкай, Навасёлкаўскай, Хаміцкой і В.-Ліцвінавіцкай школ.
Пасля праверкі ведаў шляхам пісьмовых прац па роднай мове, матэматыцы і вусных іспытаў па роднай мове, расійскай мове, матэматыцы, прыродазнаўству і грамадазнаўству, камісія знайшла, што набытыя ў школе веды адпавядаюць праграме трох гадоў навучання 1-й працоўнай школы ніжэй пералічаных вучняў
Лясецкай школы: Рыкоўскага Пацея, Жала Міная, Тарасюка Анікея, і Манько Іллі.
Навасёлкаўскай школы: Раманішка Васіля, Раманішка Піліпа, Рагаўца Васіля, Палуяна Паўла, Сянько Петрука, Севярына Івана.
Хаміцкой школы: Дразда Андрэя, Манько Васіля, Ільіна Андрэя.
В.-Ліцвінавіцкай школы: Вялічка Гаўрыла, Цурко Апанаса, Цурко Васіля, Шаблінскага Максіма,
Якіх лічыць скончыўшымі школу і выдаць ім пасьведчаньні за тры гады навучаньня па праграме Наркамасьветы.
Што тычыцца вучняў Хаміцкой школы Старавойтава і Вішнеўскага Мацьвея; Лясецкай школы – Р. Аляксея, то іх, як не адказваючых па выяўленым ведам праграмным патрабаваньням вясковай школы, камісія пастанавіла лічыць не скончыўшымі школу, аб чым і склалі гэты акт у двух экзамплярах”. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.417, л. 34).
У 1929 г. загадчыкам Навасёлкаўскай школы стаў Віктар Лаханскі. Разам з ім у школе пачала працаваць нядаўняя настаўніца В.- Ліцвінавіцкай школы Алена Ясінская.
Адначасова пры калгасе “Авангард”, які арганізаваўся ў Навасёлках у 1929 г. быў створаны пункт па ліквідацыі непісьменнасці, у якім навучаннем дарослых займаўся Мікіта Бусел і Зміцер Палуян.
5 верасня 1929 г. на чарговым пасяджэнні Навасёлкаўскага сельсавета супраць настаўнікаў Навасёлкаўскай школы вылучылі сур’ёзныя абвінавачванні. Вось што ім інкрымінавалі, як сведчаць архіўныя дакументы:
“У Навасёлках праводзілось некалькі сходаў адносна арганізацыі калгаса, то настаўніца Ясінская ніводного з іх не наведала. Праўда Лаханскі на адным са сходов робіў даклад.
Навасёлкаўскае настаўніцтва неспра-вядліво подходзіць да ўсеагульного навучаньня; несвоечасова рамантуюць школы, што можа спыніць заняткі ў школе; навасёлкаўскія настаўнікі не заслужылі аніякае ўвагі сярод насельніцтва…
… Настаўніцтво не дзержіць сувязі з сельсоветом і калектывом, даже некоторые зажіточные, у которых хутора образаюць, ходзят за советом к настаўніце Ясінскай…
… Настаўніцтво негледзечы, што уже давно получылі указанія як со стороны РВК і ад с/с адносна ўсеагульного навучаньня, непровело аніадного схода, і калі деті учанікі прышлі за кнігамі, то Лаханскі адмовіўся іх выдаць ім і калі деті прышлі у с/с то сакратар напісаў товарыщэскую запіску к Лоханскому то ен прачытаў гэтую запіску і говорыць што я не неподчыняюсь с/с”.
Справа магла закончыцца для педагогаў катастрафічна. Абвінавачванні ў непадпарадкаванні савецкай уладзе ў спалучэнні з аказаннем дапамогі заможнаму сялянству (лічы – кулакам) цягнула на арышт і ў лепшым выніку – на высылку за межы Беларусі.
Навасёлкаўскім настаўнікам пашчасціла. Па просьбе сельсавета РВК накіраваў іх на працу ў іншыя школы.
У 1930 г. Навасёлкаўскую школу ўзначаліў Міхась Беражкоў. А ў калгасным пункце па ліквідацыі непісьменнасці працавалі ўжо вядомы нам Зміцер Палуян і Алесь Драздоў. (ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.1467, лл. 1,4,15; ЗДАМ. ф.74, воп.1, с.1466, лл. 8,12).

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны дырэктарам школы ў Навасёлках быў Рыбакоў Арцём Давыдавіч, 1909 г. н., якога пакінулі на акупіраванай тэрыторыі для арганізацыі падпольнай і партызанскай барацьбы, і якога разам со старшынёй мясцовага сельсавета Мікалаем Рудніцкім, таксама 1909 г.н., акупанты па ўказцы мясцовых здраднікаў расстралялі ў 1941 годзе.

“Вынослівы і смелы лётчык-знішчальнік…”

Праз некалькі дзён пасля свята ў Навасёлках да мяне ў рэдакцыю завітала калінкавічанка, якая прынесла некалькі цікавых дакументаў, якія засталіся ад яе сваякоў.
Прывядзем адзін з іх:
“Выканкаму Навасёлкаўскага с/с ад грамадзянкі Мачальнік Вольгі Рыгораўны

Заява
Прашу выканкам с/с выявіць ісціну, пасадзейнічаць і дапамагчы мне атрымаць пенсію за загінуўшага сына лейтэнанта авіяцыі Мачальніка Васіля Сямёнавіча.
Справа ў наступным. Сама я з 1887 года нараджэння. Сын мой загінуў на фронце ў 1945 годзе. У гэты час мне было 58 гадоў, малодшаму сыну Уладзіміру было тады 16 гадоў, дочцы Еве -12. Такім чынам уся мая сям’я на дзень гібелі сына была непрацаздольнай і жыла за грошы, якія высылаў сын з арміі. Акрамя гэтага, прыехаўшы ў водпуск у 1944 годзе, сын Васіль даў мне 9 тыс. руб., за якія я купіла карову ў Заходняй Беларусі.
У 1954 годзе я з усімі дакументамі звярнулася ў Навасёлкаўскі с/с за назначэннем мне пенсіі. Усе дакументы ад мяне былі ўзяты сакратаром с/с Вараб’ёвым М.І., аформлены і здадзены ў Даманавіцкі райваенкамат. Аднаразовая дапамога ў памеры 30 тыс. руб. і пенсія мне былі назначаны. Але калі прывезлі ўсё гэта ў с/с Вараб’ёў М.І і ваенком Цэлікаў, то Варабей прапанаваў мне даць яму 15 тыс. хабару. Я сказала: “Багата”. Тады Варабей М.І. на вачах ваенкома і паштальёна сувязі Пасюка А.Т. парваў усе дакументы і кінуў іх у скрынку для смецця. Зрабіў у Пагаспадарчай кнізе с/с за 1944-46 гады замест майго ісціннага года нараджэння 1887 года на 1900 год і пачаў пісаць хлуслівыя даведкі, што я не знаходзілася на ўтрыманні сына і лічуся з 1900 года нараджэння і па гэтых хлуслівых дакументах мне ўвесь час адмаўляюць у пенсіі.
Тады я пачала хадайніцтва.
У 1955 годзе я звярнулася са сведкамі-аднагодкамі ў Мазырскую судмедэкспертызу, дзе і пацвердзілі, што я сапраўды з 1887 года. І я зноў звярнулася са ўсімі дакументамі ў с/с і ваенкамат. Аднак абласны ваенкамат знайшоў старыя дакументы хлуслівыя і вярнуў маю справу назад для ўдакладнення. Таму прашу дакладна ўдакладніць мой год нараджэння, становішча і ўтрыманства, і даць сваё заключэнне.
Прасіцель Мачальнік
12.03.64 года.”

На наступны дзень пасля звароту маці лётчыка, які загінуў, ў сельскі савет, адбылося пасяджэнне яго выканкама, на якім і адбыўся разгляд заявы.
Старшыня сельсавета Савіцкі А.Р. спачатку азнаёміў прысутных са зваротам Мачальнік. А затым пачалося абмеркаванне.
Мышкавец Алена Яфімаўна, напрыклад заявіла, што “ведае Вольгу Рыгораўну з дзяцінства, паколькі маладзей за яе ўсяго на 5 гадоў”. І пацвердзіла, што тая сапраўды з 1887 год нараджэння.
Пацвердзіў гэта і Рагавец А.А.
А Усаў Міхаіл Трафімавіч, які да вайны працаваў у Навасёлках паштальёнам, а затым начальнікам аддзялення сувязі, і з 1944 па 1945 гг. зноў быў на гэтай пасадзе, расказаў, “што асабіста уручаў розныя сумы пераводаў Мачальнік В.Р ад сына Васіля з арміі”.
Дэпутаты Несцераў А.А. і Пазняк А.С. прапанавалі справу, у сувязі з яе заблытаннасцю, перадаць у народны суд, што ў выніку і было зроблена.
Няшчасная жанчына так і не змагла своечасова атрымаць пенсію, на якую мела поўнае і законнае права.
А я тым часам вырашыў паглыбей пазнаёміцца з асобай яе загінуўшага сына. На сайце “Памяць народа.ру” хутка знайшоў звесткі аб баявых узнагародах героя.

Мачальнік Васіль Сямёнавіч
14 ліпеня 1944 г. малодшы лейтэнант лётчык 17-га знішчальнага палка Мачальнік Васіль Сямёнавіч, 1920 г.н., які з 1940 г. знаходзіўся ў Чырвонай Арміі, быў прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.
Камандзір палка маёр Мікалаенка напісаў у сваім прадстаўленні:
“Удзельнічае ў Вялікай Айчыннай вайне на 1-м Прыбалтыйскім фронце з 22.06.1944г. Выконвае задачу па суправаджэнні штурма-вікоў Ілюшын-2, зрабіў 34 паспяховыя баявыя вылеты. Правёў тры групавыя баі, у выніку якіх знішчальнікі праціўніка не былі дапушчаны да штурмавікоў і штурмавікі страт не панеслі.
Вынослівы і смелы лётчык-знішчальнік, лятае вядомым, надзейна і адукавана прыкрывае вядучага, чым забяспечвае добрае выкананне агульнай задачы па прыкрыцці штурмавікоў. У паветраных баях храбра б’ецца са знішчальнікамі праціўніка. Хутка засвоіў тактыку паветранага бою.
За праведзеныя 30 паспяховых баявых вылетаў па суправаджэнні штурмавікоў Ілюшын-2 і праяўленую пры гэтым адвагу дастоін узнагароджання ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені”.
1 лістапада 1944 г. маёр Мікалаенка прадставіў нашага земляка да ўзнагароджання ордэнам Чырвонага Сцяга.
“Удзельнічае ў баях па вызваленні Прыбалтыкі на пасадзе старшага лётчыка, зрабіў 33 паспяховыя баявыя вылеты вядучым пары па суправаджэнні бамбардзіроўшчыкаў ТУ-2-26, 7 баявых вылетаў на разведку войск праціўніка. Правёў 8 паветраных баёў з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка. Асабіста збіў адзін самалёт ФВ-190.
У баі вынослівы і настойлівы.Умела арганізуе кіраванне і вядзенне паветранага бою, праяўляе адвагу, мужнасць і гераізм.
15.08 44 г. вылятаў на прыкрыццё поля бою ў раён Скаістскальне, сустрэў 12 ФВ-190. Дзякуючы ўмелай арганізацыі і вядзенню боя асабіста збіў адзін ФВ-190, пры гэтым не згубіўшы ні аднаго свайго самалёта.
Выпадкаў страт бамбардзіроўшчыкаў ад знішчальнікаў праціўніка ў час суправаджэння не меў, усе варожыя атакі паспяхова адбіваліся”.
Загінуў герой трагічна. І не ад варожай рукі. Па ленд-лізу ад амерыканцаў нашы войскі атрымалі новыя знішчальнікі, якія называліся “Аэракобра”. Дэталёва невядома, як гэта адбылося. У паіменным спісе беззваротных страт асабістага складу часцей 190-й знішчальнай авіяцыйнай Полацкай Чырвонасцяжнай дывізіі значыцца: “Старшы лётчык 17-га знішчальнага авіяпалка лейтэнант Мачальнік Васіль Сямёнавіч, 1920 г.н., кандыдат у члены ВКП (б), які 28 студзеня 1945 г. загінуў у час катастрофы самалёта “Аэракобра” № 471156”.
У гэтым жа спісе занатаваны і яго аднапалчанін, лётчык, малодшы лейтэнант Мошчанка Яўген Дзмітравіч, 1926 г.н., які таксама загінуў 28 студзеня 1945 г. пры катастрофе самалёта “Аэракобра” № 220664.
Відаць, знішчальнікі трывіяльна сутыкнуліся ў небе.
Бацька лётчыка – героя, Мачальнік Сямён Андрэевіч, памёр яшчэ напярэдадні вайны.

“Увесь экіпаж,
за выключэннем мяне, загінуў…”

У ліпені 1941 г. на фронт прызвалі землякоў Васіля Мачальніка. У барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўступілі: Варабей Алесь Сцяпанавіч, 1918 г.н., Верат Пятро Васільевіч, 1908 г.н., Дземідовіч Міхаіл Іванавіч, 1910 г.н., Кісель Рыгор Нікадзімавіч, 1914 г.н., Папок Васіль Рыгоравіч, 1898 г.н., Пінчук Васіль Анікеевіч, 1911 г.н., Пінчук Васіль Міхайлавіч, 1919 г.н., Пінчук Фёдар Міхайлавіч, 1920 г.н., Пячура Фёдар Яфімавіч, 1898 г.н., Рагавец Міхаіл Пятровіч, 1920 г.н., Савіцкі Дзмітрый Іванавіч, 1902 г.н., Цурунок Якаў Дзяменцьевіч, 1901 г.н., Шлапак Пётр Паўлавіч, 1922 г.н., Ус Міхаіл Трафімавіч, 1921 г.н. і мн. Іншыя. (ЗДАМ. ф.1204, воп.1, с.3 ).

Многія навасёлкаўцы былі прызваны ў армію пасля вызвалення Калінкавіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і злажылі свае галовы побач з бацькоўскім домам, як, напрыклад, Шэлег Мікалай Піліпавіч, 1907 г.н., які загінуў 26 чэрвеня 1944 года у час аперацыі “Баграціён” ў вёсцы Паганцы і пахаваны ў брацкай магіле ў Парычах Светлагорскага раёна. Дома ў яго засталося трое дзяцей: Каця, Васіль і Сцяпан.

На франтах і ў партызанскіх атрадах загінуў 121 ураджэнец Навасёлак (Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Калінк.ра-на (Рэд.-укл.В.Р.Феранц.-Мн.: Ураджай, 1999, стар. 623-626). Напрыклад, з чатырох сыноў Стэфана Шынкарэнка, які ў 1929 годзе перавёз сям’ю ў вёску з хутара, што мясціўся паблізу Новых Навасёлак, дамоў з фронту вярнуўся толькі Цімох. Іван, 1898 г.н., загінуў 24 чэрвеня 1944 г., непадалёк ад свайго раёна, Пятро, 1901 г.н., загінуў 20 жніўня 1944 г. у Польшчы, Аляксей, 1912 г.н., прапаў без вестак.

Аб мужнасці і гераізме навасёлкаўцаў, сведчаць іх узнагароды і архіўныя дакументы, якія змешчаны на сайце “Подзвіг народа”.
Асабліва вызначыўся ў баях з фашыстамі ўраджэнец Новых Навасёлак Радзько Пётр Данілавіч, 1919 г.н., які служыў у Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі з лістапада 1939 г. Ваяваў навасёлкаўскі хлапец на Ленінградскім фронце з чэрвеня 1942 г. У тым жа годзе атрымаў лёгкае раненне.
Першую сваю ўзнагароду – ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені – камандзір разведбатарэі 28-га карпуснога кулямётна-артылерыйскага палка 109-га стралковага корпуса старшы лейтэнант Пётр Радзько атрымаў 28 чэрвеня 1944 г. за баі па вызваленні г. Талі на Карэльскім перашыйку.
Падчас Выбаргскай аперацыі фіны аказалі савецкім войскам упартае супраціўленне. І ад разведкі іх абарончых умацаванняў, і асабліва месцазнаходжання батарэй, залежаў поспех наступлення савецкіх войск. Разведбатарэя Пятра Радзько справілася з пастаўленай задачай — яна змагла выявіць батарэі праціўніка ў час прарыву трох яго абарончых рубяжоў, якія былі тут жа падаўлены.
Ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені камандзір батарэі гукаразведкі 17-га гвар-дзейскага асобнага разведвальнага артылерыйскага дывізіёна 9-й гвардзейскай арміі 2-га Украінскага фронту старшы лейтэнант Пятро Радзько быў узнагароджаны за подзвігі падчас вызвалення Венгрыі. У ходзе баёў з сакавіка па красавік 1945 г. разведчыкі пад кіраўніцтвам нашага земляка засяклі 59 артылерыйскіх батарэй праціўніка, 50 асобных гармат розных калібраў, 20 мінамётных батарэй, 12 мінамётаў.
У час наступальных баёў паўднёва-заходней Будапешта батарэя Радзько ўзяла ў палон 28 гітлераўскіх салдат і афіцэраў.
Ужо пасля разгрому Германіі да ўзнагарод адважнага разведчыка-артылерыста прыбавіліся медалі “За ўзяцце Вены” і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”.
У адстаўку з арміі Радзько выйшаў у званні маёра.
Ордэна Айчыннай вайны 1-й ступені ўдастоіўся і ўраджэнец Навасёлак — наводчык самаходнай гарматы 1821-га самаходна-артылерыйскага Пражскага палка сяржант Валатоўскі Сцяпан Міхайлавіч. Нарадзіўся герой у 1924 г. На фронт трапіў у кастрычніку 1943 г. А ўжо праз некалькі дзён атрымаў сваю першую ўзнагароду – медаль “За адвагу”, якім быў узнагароджаны за трапныя стрэлы, якімі ён падпаліў фашысцкі “Тыгр” і тры аўтамабілі.

11 студеня 1945 г., у час баёў па разгрому будапешцкай групоўкі немцаў, 5 нямецкіх “Тыграў” раптоўна напалі на самаходную артылерыйскую ўстаноўку, у экіпажы якой ваяваў Сцяпан Валатоўскі. Наш зямляк, нягледзячы на яўную перавагу сіл, не разгубіўся і адкрыў снайперскі агонь па варожых танках. Ужо праз некалькі хвілін чатыры варожыя машыны ахапіла полымя. А пяты “Тыгр”, “паджаўшы хвост”, кінуўся наўцёкі.
Вось за гэты бой Валатоўскі, ужо ўзнагароджаны дагэтуль двума медалямі “За адвагу”, быў адзначаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені. А ў 1985 г. да яго франтавых узнагарод прыбавіўся і ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені.
У Навасёлкаўскім сельскім клубе захоўваецца альбом, у якім занатаваны ўспаміны франтавікоў. Вось што ўспамінаў пра ваенную гадзіну Сцяпан Валатоўскі: “Пасля заканчэння Свярдлоўскага вучэбна-танкавага вучылішча мяне накіравалі камандзірам гарматы ў 1921 полк танка-самаходных гармат, з якім я і прыбыў на фронт. Першае баявое хрышчэнне атрымаў летам 1943 года на Украіне. Удзельнічаў у баях за вызваленне гарадоў Крывы Рог, Кіраваград і г.д. У баях за населены пункт Знаменка ў нашу самаходку трапіў нямецкі снарад, які прабіў лабавую браню. Раніла механіка-вадзіцеля, і самаходку ахапіла полымя. Мы выбраліся з агню з вялікімі цяжкасцямі і пайшлі з поля бою. Было крыўдна, страшна і горка да слёз гінуць пад варожымі гусеніцамі, але нам пашчасціла выбрацца жывымі.
Пасля гэтага нас накіравалі на перафарміраванне, дзе мы атрымалі другую баявую машыну. І так было не аднойчы. Напрыклад, у баях за Ковель варожы снарад трапіў нам у гусеніцу. Пад агнём мы адрамантавалі машыну і зноў уступілі у бой. Пайшлі на Варшаву. Вораг люта супраціўляўся, моцна засеў на беразе невялічкай рэчкі. Цяжка давялося тады танкістам. Ніяк не ўдавалася праскочыць мост. Фрыцы падбілі тры нашыя танкі. Наступіла наша чарга. Нам удалося прарвацца і замаскіравацца ў пасадцы ля царквы. Але знікла сувязь з камандзірам палка. Мяне, як малодшага, камандзір танка накіраваў назад з данясеннем. Прабраўся. Даставіў данясенне. Нашы танкі пайшлі ў атаку. Калі я вярнуўся да сваіх, яны ўжо пайшлі ў бой. Варожы снарад трапіў прама ў нашу баявую машыну. Калі я падбег да яе, люкі былі закрыты, а з сярэдзіны валіў дым. Увесь экіпаж, за выключэннем мяне, загінуў”.
Ордэнаў Айчыннай вайны 2-й ступені і Славы 3-й ступені за мужнасць і гераізм, выключную асабістую адвагу ўдастоіўся і ўраджэнец Навасёлак Раманішка Іван Пятровіч, 1915 г. н.
Іван Раманішка быў прызваны ў армію ў снежні 1943 г., на фронт трапіў у верасні 1944 г.
Асабліва вызначыўся камандзір аддзялення 5-й стралковай роты 130-га гвар-дзейскага двойчы Чырвонасцяжнага стралковага палка 44-й стралковай гвардзейскай Баранавіцкай Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі сяржант Раманішка ў баях па ўтрыманні плацдарма на заходнім беразе ракі Нараў з 4 па 7 кастрычніка 1944 г. Аддзяленне, якім камандаваў Раманішка, стойка вытрымала масіраваныя налёты варожай артылерыі, у час контратак знішчыла каля 30 гітлераўцаў. Асабіста камандзір аддзялення знішчыў 13 нямецкіх салдат і афіцэраў.
За гэты подзвіг сяржант Раманішка 17 кастрычніка быў прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам Славы 3-й ступені.
У студзені 1945 г. наш зямляк вызначыўся ў чарговы раз. Камандуючы аддзяленнем пешай разведкі, старшы сяржант Іван Раманішка ў складзе ўзвода савецкіх разведчыкаў накіраваўся ў варожы тыл. Рухаючыся наперадзе, у дазорнай групе, аддзяленне Раманішкі ледзь не натыкнулася на ўзвод нямецкага прыкрыцця, які іх не заўважыў. Скарыстаўшы сітуацыю, Раманішка разгарнуў аддзяленне і раптоўна атакаваў гітлераўцаў, знішчаючы іх кінжальным аўтаматным агнём. Разведчыкі захапілі ў палон чатырох гітлераўцаў, астатніх прымусілі збегчы. За гэты бой Іван Раманішка быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.
Гэткай жа ўзнагароды ўдастоіўся і чырвонаармеец-артылерыст 1103-га артылерыйскага палка 328-й стралковай дывізіі 47-й арміі 1-га Беларускага фронта Пасюк Аляксей Цярэнцьевіч, 1926 г.н., які 27 кастрычніка 1944 г. атрымаў у баях пад Варшавай цяжкае раненне левай рукі, якую прыйшлося ампутаваць.
Ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені і Чырвонай Зоркі, медалём “За абарону Каўказа” адзначаны і баявы шлях камсорга 168-га асобнага ордэна Чырвонай Зоркі батальёна сувязі 128-га стралковага Гумбінненскага корпуса лейтэнанта Мікалая Мышкаўца.
Нарадзіўся Мікалай Сцяпанавіч у 1920 г. у в. Навасёлкі. На Крымскі фронт трапіў у студзені 1942 г. У ліпені 1943 г. на Паўночна-Каўказскім фронце быў кантужаны. У час наступальных аперацый на берлінскім напрамку і па вызваленні Чэхаславакіі праявіў узоры асабістай мужнасці і высокія арганізатарскія здольнасці па мабілізацыі воінаў-камсамольцаў на выкананне баявых заданняў. Не раз на чале іх хадзіў у атакі, адбіваў контрнаступленні варожых парадкаў.
У чэрвені 1941 г. быў прызваны на фронт і ўраджэнец Навасёлак Мышкавец Іван Данілавіч, які нарадзіўся ў 1915 г. Усю вайну салдат праслужыў сапёрам у 149-ым інжынерна-сапёрным батальёне.
У 1941 г. яму прыйшлося разам з баявымі сябрамі стаяць насмерць пад Масквой, каб не прапусціць фашыстаў у глыб краіны, за што затым быў узнагароджаны медалём “За абарону Масквы”.
Сапёрам, як вядома, прыходзілася заўжды быць у першых шарэнгах, на пярэднім краі бітвы з ворагам: узводзіць пераправы, абарончыя збудаванні. І ўсё гэта пад бесперапынным агнём праціўніка.
Іван Мышкавец быў не толькі геройскім хлопцам, але і чалавекам выдатнай фізічнай моцы. Напрыклад, у час узвя-дзення плаціны на рацэ Ужрэпт у 1943 г., не ўзіраючы на моцны кулямётна-мінамётны абстрэл праціўніка гэтай плаціны, Іван Мышкавец сістэматычна перавыконваў норму на 275-300%, выносіў ад 6 да 8 кубаметраў зямлі. А калі спатрэбілася пабудаваць агароджу з калючага дроту наперадзе нашай баявой аховы, ён за адну ноч з сябрамі пад пастаянным абстрэлам гітлераўцаў забіў колле і працягнуў агароджу на працягу 850 пагонных метраў. За гэту баявую працу сапёр быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.
Наступнай узнагародай – ордэнам Славы 3-й ступені – наш зямляк быў адзначаны за асабістую мужнасць і гераізм, праяўлены ім у час будаўніцтва маста і танкавых перапраў на знакамітай рацэ Проня ў Чаускім раёне падчас вызвалення Беларусі ў 1944 г.
У 1985 г. да франтавых узнагарод Івана Данілавіча прыбавіўся ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені, якім салдат быў узнагароджаны ў гонар 40-годдзя Перамогі.
Ордэнам Славы 3-й ступені быў узнагароджаны і выхадзец з Навасёлак – намеснік камандзіра аддзялення кулямётнага ўзвода 1-й стралковай роты 160 гвардзейскага стралковага палка 54-й гвардзейскай стралковай Макееўскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава дывізіі гвардыі малодшы сяржант Шэлег Васіль Восіпавіч, 1923 г.н.
4 ліпеня 1944 г. падчас вызвалення г. Клецка Мінскай вобласці ён першым ўварваўся ў месца размяшчэння праціўніка, асабістай храбрасцю натхніў сваіх баявых сяброў для ўздыму ў атаку, чым забяспечыў авалоданне першай лініяй абароны і далейшае развіццё наступлення па вызваленні Клецка.
Праз месяц адважны сяржант у час бою за дарогу ля вёскі Булька-Слейоўска на тэрыторыі Польшчы ўступіў у бой з групай варожых аўтаматчыкаў. Пры гэтым двух знішчыў, а астатніх прымусіў да бегства. Сам быў паранены. За гэты бой кулямётчык быў адзначаны медалём “За адвагу”.
Пасля вызвалення часткі Калінкавіцкага раёна ў лістападзе 1943 г. Васілевіцкім райваенкаматам на фронт быў прызваны ураджэнец Навасёлак Варабей Мікалай Васільевіч, 1924 г.н. Залічылі навабранца аўтаматчыкам 1-й роты асобнага лыжнага батальёна 193-й Дняпроўскай Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі 1-га Беларускага фронта, якая працягвала вызваленне Калінкавіцкага раёна.
Пры адбіцці кантратакі немцаў у час вызвалення вёскі Ляскі 26 снежня 1943 г. радавы Варабей асабіста знішчыў 10 фрыцаў і захапіў варожы кулямёт, першым уварваўся ў траншэю праціўніка.
23 студзеня 1944 г. у час баёў за авалоданне шашы Азарычы-Капаткевічы аўтаматчык Мікалай Варабей атрымаў цяжкае раненне ў левы плечавы сустаў.
Свой ордэн Славы 3-й ступені за ратныя подзвігі студэнт Мазырскага педінстытута Мікалай Варабей атрымаў 6 лістапада 1945 г. У 1985 г. да яго прыбавіўся ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені.
Такой жа ўзнагароды ўдастоіўся і яго зямляк Пархоменка Сцяпан Іванавіч, які нарадзіўся ў 1920 г.
Памочнік камандзіра ўзвода 1137 стралковага Растоўскага палка 339-й стралковай Таманскай чырвонасцяжнай ордэна Суворава дывізіі старшы сяржант Пархоменка на фронт трапіў толькі ў студзені 1945 г., у Чырвонай Арміі – з ліпеня 1944 г.
Вызначыўся Сцяпан у час прарыву абароны немцаў у раёне Лассоў 15 красавіка 1945 г. Ён першым узняўся ў атаку на варожыя ўмацаванні, чым натхніў сваіх баявых сяброў. У рукапашным баі ў варожай траншэі ён асабіста знішчыў 3 немцаў. А адбіваючы кантраатаку фрыцаў, падпусціў іх на блізкую адлегласць, і са свайго аўтамата знішчыў яшчэ 20 варожых салдат.
Мужнасць, гераізм і адвагу ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі праявілі многія навасёлкаўцы. Узяць, напрыклад, Супруновіча Андрэя Савельевіча, які ваяваў у артылерыі на 1-м Беларускім фронце з 19 студзеня 1944 г. 10 ліпеня 1944 г. падносчык снарада ў знакамітай “саракапяткі” быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. У час бою за вёску Кругель Ковельскага раёна пад ураганным агнём праціўніка ён бесперапынна забяспечваў свой разлік снарадамі, што дало магчымасць артылерыстам не толькі адбіць варожы націск, але і знішчыць некалькі дзясяткаў фашыстаў.
А праз 16 дзён на грудзях чырвонаармейца Супруновіча паявіўся ордэн Чырвонай Зоркі, якім ён быў узнагароджаны за подзвігі, здзейсненыя яго разлікам па адбіцці варожых кантратак у час фарсіравання ракі Заходні Буг. Артылерысты тады трапным агнём знішчылі дзве кулямётныя кропкі немцаў, нямецкі абоз і некалькі варожых салдат.
Ужо пасля Перамогі, 15 мая 1945 г., да папярэдніх узнагарод камандзіра разліку 2-й мінамётнай роты сяржанта Супруновіча прыбавіўся медаль “За баявыя заслугі”, якім ён быў адзначаны за знішчэнне варожых кулямётных кропак у час авалодання 14 красавіка сялом Штрадэн.
У баі пры ліквідацыі варожай групоўкі на подступах да Эльбы чырвонаармеец Шэлег Максім Апанасавіч, які нарадзіўся ў 1911 г. у Навасёлках, са сваёй 76-міліметровай гарматы 5 мая 1945 г. падавіў 3 кулямётныя кропкі і знішчыў ля 20 гітлераўскіх салдат, забяспечыў тым самым выхад свайго батальёна на Эльбу. За гэты бой артылерыст быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
А ў ліпені 1944 г. чырвонаармеец Шэлег, які на той час з’яўляўся сувязным камандзіра ўзвода, за баі па авалоданні горадам Бабруйскам, у час якіх не толькі своечасова забяспечваў сувязь з камандзірам роты і аддзяленнямі, але і ўласнаручна знішчыў двух варожых салдат, удастоіўся медалі “За адвагу”.
Ордэнамі Чырвонай Зоркі адзначаны і баявы шлях навасёлкаўцаў Мушкаўца Адама Аляксандравіча, 1913 г.н. і Раманішка Івана Якаўлевіча, 1914 г.н.
Наводчык 45-міліметровай гарматы 2-га стралковага батальёна 883-га стралковага палка 193-й дывізіі малодшы сяржант Адам Мушкавец знаходзіўся на фронце з 20 сту-дзеня 1944 г.
17 жніўня гэтага ж года ён быў узнагароджаны медалём “За адвагу” за тое, што 25 ліпеня ў раёне населенага пункта Адамава застава ў час бою з праціўнікам, які перайшоў у атаку і прыблізіўся на блізкую адлегласць да нашай пяхоты, пачаў расстрэльваць са сваёй ”саракапяткі” фрыцаў ва ўпор. Не вытрымаўшы, немцы адступілі, пакінуўшы на полі бою ля 100 забітых салдат.
25 верасня герой-артылерыст быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. 5 верасня ў раёне вёскі Гзоў пад агнём праціўніка ён разам са сваім разлікам фарсіраваў раку Нараў, пераправіў гармату і боепрыпасы на заходні бераг, выкаціў гармату на прамую наводку і ўраганным агнём падавіў 2 кулямёты праціўніка, чым забяспечыў паспяховае наступленне нашай пяхоты.
Раманішка Іван Якаўлевіч на фронце з першых дзён вайны. У 1942 і 1944 гг. быў паранены. Служыў гвардыі чырвонаармеец аўтаматчыкам у 1-м эскадроне 17 гвардзейскага кавалерыйскага палка 5-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі. 9 ліпеня 1944 г. кавалерыст у час бою за г. Ліда пры падходзе да горада знішчыў агнём з аўтамата 5 немцаў, а гранатай падавіў варожую кулямётную кропку.
22 студзеня 1945 г. у баі за горад Аленштайн першым уварваўся ў варожую траншэю, у рукапашным баі знішчыў 3 немцаў, захапіў гітлераўскі кулямёт, з якога знішчыў 10 фрыцаў.

“За Берлін два медалі “За адвагу…”

Калі Германія напала на Савецкі Саюз, Савіцкаму Мікалаю Андрэевічу, які нарадзіўся ў 1925 г., было толькі 16 гадоў. Па гэтай прычыне хлапцу прыйшлося застацца на акупіраванай тэрыторыі і пазнаць спаўна на сабе і сваёй сям’і ўсю “ласку” “вызваліцеляў ад бальшавіцкай дыктатуры”. Толькі пасля вызвалення часткі калінкавіцкай зямлі — 5 студзеня 1944 г. Даманавіцкі райваенкамат прызваў яго ў армію. У войску Мікалай трапіў у сапёрныя часці, дзе спачатку спасцігаў азы сапёрнай навукі. На 1-м Беларускім фронце апынуўся амаль напрыканцы вайны – 24 сакавіка 1945 г. Між тым падчас баёў за Берлін сапёр 84-га асобнага штурмавога інжынерна-сапёрнага Чырвонасцяжнага батальёна 17-й штурмавой інжынерна-сапёрнай Гатчынскай двойчы Чырвонасцяжнай брыгады радавы Мікалай Савіцкі вызначыўся так, што ў баях за Берлін атрымаў два медалі “За адвагу”.
Так, выконваючы баявую задачу па расчыстцы барыкад на Камендант-штрасэ 28 красавіка 1945 г. Савіцкі і яго баявы паплечнік Хамутоў заўважылі, што з вакон з аднаго з будынкаў варожы аўтаматчык вядзе агонь па раёну работ, якія яны выконвалі. Чырвонаармейцы пад агнём фрыца падпаўзлі да дома і чэргамі з аўтаматаў знішчылі ворага. Далей Савіцкі пры дапамозе ўзрыўчаткі зрабіў праход у сцяне будынка і, ўварваўшыся ў яго з Хамутовым, да падходу нашых байцоў знішчылі двух фаустпатроншчыкаў і аднаго унцер-афіцэра.
За гэты подзвіг камандзір батальёна прадставіў нашага земляка да ўзнагароджання ордэнам Славы 3-й ступені. Праўда, вышэйшае камандаванне вырашыла, што хопіць і медаля “За адвагу”.
На наступны дзень сапёр Савіцкі ўсё на той жа Камендант-штрасэ атрымаў задачу зрабіць праход у наступнай барыкадзе. Захапіўшы з сабой 10 кг узрыўчаткі і запальную трубку, Савіцкі, хаваючыся ад варожых куль і асколкаў, пачаў рух да вызначанага аб’екта. У час гэтага руху ён атрымаў асколачнае раненне, але не павярнуў назад, а дасягнуў вызначанай барыкады, залажыў зарад і падарваў яго. У прабоіну хлынула наша пяхота. А параненага накіравалі ў сан-узвод.
За гэты подзвіг Мікалай Савіцкі быў узнагароджаны другім медалём “За адвагу”.
Аднафамілец Мікалая, мінамётчык 303-га стралковага палка 69-й стралковай дывізіі яфрэйтар Савіцкі Пятро Цярэнцьевіч, 1914 г.н., у дзеючай арміі знаходзіўся з красавіка 1944 па май 1945 гг. Яго баявы шлях быў адзначаны двума медалямі “За адвагу” і медалём “За баявыя заслугі”. У прыватнасці, 5 верасня 1944 года падчас фарсіравання р. Нарэў у раёне в. Сітнік Варшаўскага ваяводства ён з асабістай зброі знішчыў 5 салдат праціўніка, а 21 красавіка 1945 года ў баі на заходнім беразе р. Одэр у раёне н.п. Шылерсдорф пры адбіцці варожых контратак падавіў 2 агнявыя кропкі праціўніка, што дало магчымасць нашай пяхоце адбіць 6 контратак і прасунуцца наперад.
За абарону Ленінграда ў 1943 г. удастоіўся медалёў “За адвагу” і “За баявыя заслугі” і Пінчук Васіль Карнеевіч, 1910 г.н., які знаходзіўся на фронце з першых дзён вайны. Франтавы вадзіцель, штохвілінна рызыкуючы сваім жыццём, пад бесперапынным агнём праціўніка бясстрашна пастаўляў на сваёй машыне боепрыпасы на перадавую. У 1985 г. да яго баявых узнагарод прыбавіўся ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені.
Медалямі “За адвагу” і “За баявыя заслугі” быў адзначаны ратны подзвіг і ўраджэнца аднаго з хутароў ля Новых Навасёлак Савіцкага Івана Рыгоравіча, 1912 г.н. З ліпеня 1941 па люты 1944 года радавы Савіцкі ваяваў стралком у пяхоце. З вайны салдат вярнуўся да роднай хаты без ног. Але не страціў франтавік цікавасці да жыцця. Працаваў, нараджаў і паднімаў на ногі дзяцей. А іх у яго было 9.
Медалём “За баявыя заслугі” быў адзначаны франтавы шлях з ліпеня 1941 па май 1945 года ваеннага рэгуліроўшчыка 84-га асобнага дарожна-эксплутацыйнага батальёна Старавойтава Уладзіміра Мікалаевіча, 1898 г.н.
Адважна ваявалі на фронце і іншыя навасёлкаўцы: Валатоўскі Павел Фёдаравіч, 1914 г.н., Варабей Іван Нікітавіч, 1922 г.н., Варабей Мікалай Рыгоравіч, 1902 г.н., Варабей Савелій Сцяпанавіч, 1909 г.н., Варабей Фёдар Андрэевіч, 1918 г.н., Папок Андрэй Рыгоравіч, 1903 г.н., Пінчук Аляксандр Якаўлевіч, 1900 г.н., Пінчук Уладзімір Міхайлавіч, 1919 г.н., Савіцкі Аляксандр Андрэевіч, 1926 г.н., Савіцкі Васіль Аляксандравіч, 1923 г.н., Савіцкі Васіль Іванавіч, 1915 г.н., Савіцкі Рыгор Дзянісавіч, 1922 г.н., Супруновіч Сцяпан Апанасавіч, 1919 г.н., Шэлег Аляксандр Апанасавіч, 1895 г.н. Усе яны ўдастоіліся галоўнай салдацкай узнагароды – медаля “За адвагу”.
Напрыклад, Папок Андрэй Рыгоравіч і Савіцкі Васіль Аляксандравіч, якія служылі аўтаматчыкамі ў 4-м асобным стралковым батальёне 115-й асобнай стралковай брыгады, вызначыліся падчас вызвалення г. Бабруйска 28 і 29 чэрвеня 1944 г. Папок першым уварваўся ў варожую траншэю, дзе заселі нямецкія аўтаматчыкі і гранатай знішчыў іх, дзякуючы чаму яго аддзяленне выканала пастаўленую баявую задачу.
А Савіцкі тым часам, прарваўшыся на вуліцу Пушкінскую, ва ўпор расстрэльваючы фрыцаў, сем з іх захапіў у палон і даставіў у свой штаб.
Ці ўзяць, напрыклад, малодшага сяржанта Савіцкага Васіля Іванавіча, які служыў шафёрам бронетранспарцёра. На сваёй баявой машыне толькі з 17 студзеня па 20 лютага 1945 г. ва Усходняй Прусіі ён разам з аддзяленнем разведкі не аднойчы праявіў адвагу і мужнасць у час разведкі агнявых сродкаў праціўніка і дастаўкі звестак аб іх свайму камандаванню. Сам асабіста знішчыў 2 фрыцаў.
Гвардыі сяржант Варабей Фёдар Андрэеевіч 2 ліпеня 1943 г., ня гледзячы на смяртэльную пагрозу, выратаваў ад пажару машыну з боепрыпасамі, якая загарэлася ў час варожага абстрэлу. А 12 жніўня пад агнём праціўніка падносіў снарады да гарматы, якая знішчыла варожую самаходку “Фердынанд”. “У час бою дзейнічаў смела і адважна”, — запісана ў прадстаўленні яго да ўзнагароды.
А стралок 6-й стралковай роты гвардыі чырвонаармеец Валатоўскі Павел Фёдаравіч у час жорсткага наступальнага бою паўночней сяла Шылупенан ва Усходняй Прусіі 23 кастрычніка 1944 г. па загаду камандзіра аддзялення скрытна вылучыўся наперад і агнём са свайго карабіна знішчыў двух нямецкіх салдат і аднаго снайпера.
Ураджэнец Навасёлак Шэлег Сцяпан Фёдаравіч, 1904 г.н., пасля вызвалення роднай вёскі добраахвотна пайшоў на фронт. Служыў шафёрам у 725-м асобным разведвальным артылерыйскім дывізіёне. На сваёй машыне праехаў ад г. Мазыра да ракі Эльба без паломак і аварый. Неаднаразова праявіў мужнасць і адвагу, за што быў узнагароджаны медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. 19 красавіка 1945 г. трапіў пад гібельны артылерыйскі агонь. Умела манеўруючы, выйшаў з-пад абстрэлу, выратаваў машыну і каштоўны баявы груз, за што быў прадстаўлены да ўзнагароджання медалём “За адвагу”. Атрымаў медаль “За баявыя заслугі”.

Гэткай жа ўзнагародай быў адзначаны і яго зямляк стралок 3-й роты 117-га стралковага палка 23-й стралковай дывізіі 61-й арміі Валатоўскі Аляксей Рыгоравіч у час вызвалення Беларусі. 1 ліпеня 1944 г. пры адбіцці контраатакі немцаў у час бою за вёску Старажоўцы Тураўскага раёна ён знішчыў двух немцаў.
З 1939 г. служыў у Чырвонай Армііі Раманішка Фёдар Сцяпанавіч, 1919 г.н. На фронце – з першых дзён вайны. Ваяваў яфрэйтар снайперам у 312-й дывізіі. Узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі” у студзені 1943 г.
Вось што напісаў у сваім прадстаўленні да баявой узнагароды яго камандзір: “Тав. Раманішка з першага дня ў дзеючай Чырвонай Арміі ў якасці снайпера. Удзельнічаючы у баях у раёнах г. Заходняя Дзвіна, г. Калінін, Ржэва паказаў сябе прыкладным, храбрым, знаходлівым, дысцыплінаваным байцом. Знаходзячыся ў баі у раёне вёскі Калеснікава тав. Раманішка знішчыў 3-х фашыстаў, а ўсяго на яго рахунку 18 знішчаных фрыцаў”.
26 красавіка 1944 г. адважны воін загінуў у чарговым баі, вызваляючы Украіну.
А навасёлкавец Дземідовіч Іван Сцяпанавіч, 1911 г., у Чырвоную Армію быў прызваны 26 чэрвеня 1941 г. Усю вайну праслужыў плотнікам — маставіком 13-га аднаўленчага чыгуначнага батальёна. За стараннасць і самадданасць, высокую працаздольнасць і стаханаўскую працу быў узнагароджаны знакам “Выдатнік чыгуначных войск”, а ў канцы 1943 г. – медалём “За баявыя заслугі”.
У 1985 г. да гэтых узнагарод прыбавіўся ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені.
З лютага 1944 па май 1945 года ў дзеючай арміі ваяваў старшы сяржант, памочнік камандзіра стралковага ўзвода Савіцкі Яфім Іванавіч, 1916 г.н. Узнагароджан медалямі “За ўзяцце Берліна” і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” Давялося старшаму сяржанту з Навасёлак паваяваць і з японскімі мілітарыстамі, за што ён быў узнагароджаны медалём “За перамогу над Японіяй”.
У 1985 г. ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені узнагароджаны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Варабей Даніла Андрэеевіч, 1911 г.н., і Варабей Фёдар Міхайлавіч, 1926 г.н., Савіцкі Аляксей Пятровіч, 1920 г.н., Савіцкі Іван Васільевіч, 1922 г.н., ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені – Савіцкі Пётр Паўлавіч, 1910 г.н.

“Сагналі ў нямецкую няволю 25 чалавек, тых, хто хаваўся – расстралялі…”

Сярод Актаў фашысцкіх зверстваў, якія былі здзейснены ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Даманавіцкага раёна, знаходзяцца і сведчанні аб фашысціх злачынствах на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельсавета. Прывяду канкрэтны дакумент:
“АКТ
1945 года красавіка м-ца 7 дня
Мы, ніжэйпадпісаўшаяся камісія ў складзе 5 чалавек навасёлкаўскага с/с Даманавіцкага р-на Палескай вобл.:
Пархоменка Аляксандр Мікалаевіч – старшыня Навасёлкаўскага с/савета, старшыня камісіі, Савіцкі Мірон Фёдаравіч, Варабей Васіль Мінавіч, Марыніч Міхаіл Сяргеевіч, упаўнаважаны ад райвыканкама т. Спясіўцаў С.В. склалі гэты акт аб наступным.
Мы праверылі звесткі, якія ёсць у калгасах і апытаннем сведак устанавілі, што падчас нямецкай акупацыі і іх гаспадарання на тэрыторыі нашага с/савета, яны восенню 1943 г. у момант адступлення акружылі вёску Навасёлкі таго ж с/с і гвалтоўным чынам пагналі ў нямецкую няволю 25 чалавек савецкіх грамадзян вёскі Навасёлкі. А якія схаваліся – немцы, прымяніўшы зброю, расстралялі 14 чалавек.
Па вёсцы Казловічы Навасёлкаўскага с/с нямецкія бандыты пры адступленні таксама гвалтоўным чынам акружылі пасёлак, абстралялі і ўзялі савецкіх грамадзян 31 чалавека, якіх і сагналі ў Германію.
7 чалавек было расстраляна, з іх 1 стары.
Такім чынам па Навасёлкаўскаму с/с нямецкія бандыты пагналі ў Нямеччыну 56 чалавек і расстралялі 21 чалавека, сярод якіх ёсць старыя і дзеці”.
Тут жа былі змешчаны і спісы жыхароў сельсавета, якія трапілі ў фашысцкую няволю ды загінулі ад варожай кулі.
Прывядзем іх таксама.
Пайменны спіс, расстраляных і замучаных акупантамі жыхароў Навасёлкаўскага сельсавета
Дземідовіч Марфа Емяльян., 1894
Варанцова Еўдакія Рыг., 1890
Раманішка Улляна Ів., 1923
Дземідовіч Міхаіл Е., 1809
Дземідовіч Параска Ад., 1892
Дземідовіч Уладзімір М., 1925
Дземідовіч Іван Міх., 1931
Раманішка Улляна, 1997
Рудзінскі Мікалай, 1909
Рыбакоў Арцём Дав., 1909
Сянько Іван Яфім., 1909
Кундас Фёдар Ів., 1909
Шах Адам Іван., 1902
Самойленка Іван Ціх., 1912
Савіцкі Пётр Сцяпан., 1911
Савіцкі Пётр Ісакавіч, 1880
Савіцкая Ганна Вас., 1894
Мятлушка Павел Міх., 1901
Мятлушка Улляна Яф., 1909
Савіцкая Анастасія Ц., 1925
Савіцкая Таццяна Ів., 1925.
Пайменны спіс жыхароў Навасёлкаўскага сельсавета, вывезеных у фашысцкую няволю
Супруновіч Марыя Сав., 1925
Дземідовіч Ганна Іван., 1922
Супруновіч Вольга Як., 1925
Пачтарэнка Вольга Сярг., 1925
Савіцкі Уладзімір, 1923
Почура Параска Міх., 1884
Почура Поля Нік., 1915
Касінская Лукер’я М., 1995
Цурунок Іван Ігнат., 1924
Цурунок Васіль Іван., 1924
Цурунок Улляна Іван., 1932
Шэлег Сяргей Мацв., 1995
Шэлег Матрона Іван., 1995
Мароз Алена Нік., 1909
Мароз Вольга Ціхан., 1939
Мароз Канстанцін Ціх., 1934
Мароз Валянціна Ціх., 1939
Кундас Алена Іван., 1924
Кундас Таццяна Адам., 1927
Кундас Рыгор Барыс., 1939
Пяўкін Марыя Хам., 1924
Пяўкін Алена Хам., 1938
Кісель Марыя М., 1920
Рагавец Тэкля Паўл., 1938
Кундас Сцяпан Сямен., 1924
Савіцкая Алена Пятр., 1924
Савіцкая Алена Рыгор., 1922
Савіцкая Марыя Рыг., 1921
Савіцкая Улляна Архіп., 1919
Савіцкая Матрона Ан., 1927
Мятлушка Надзя, 1924,
Мятлушка Марыя Яўг., 1924
Мятлушка Пелагея Лук., 1924
Мятлушка Цімох Даніл., 1932
Тупік Фёдар Міх., 1927
Міхайлоўская Люба, 1922
Мятлушка Вольга, 1926
Чайкоўская Вера Рыг., 1924
Мятлушка Павел Мік., 1924
Мятлушка Алена Ф., 1874
Мятлушка Агапа, 1971
Мятлушка Ефрасіння, 1909
Мятлушка Варвара, 1874
Мятлушка Іван Аг., 1884
Новік Ганна Іван., 1904
Мятлушка Есіп Есіп., 1900
Мятлушка Яўген Ан., 1926
Тозік Марыя Ігн., 1904
Шуляк Марыя Іван., 1859
Савіцкая Аляксандра,1924
Савіцкая Вольга Паўл., 1924
Пацей Цярэнцій Як., 1904
Савіцкі Сава Сцяп., 1904
Савіцкі Міхаіл Фёд., 1907
Савіцкі Міхаіл Сцяп., 1904
Мятлушка Прося Фёд., 1885. (ЗДАМ. ф.310, воп.1, с.6, лл. 1 — 139).
На жаль, у архівах не захаваліся спісы тых жыхароў Навасёлак, якія трапілі ў Азарыцкі канцлагер смерці. А такіх набярэцца не адзін дзясятак.

“З ходу прарваць абарону праціўніка не ўдалося…”

Вызваленне Навасёлак, якія былі ператвораны нямецка-фашысцкімі акупантамі ў добра ўмацаваны абарончы пункт, далося вялікай крывёю.
Аб тым, як гэта адбывалася, добра напісаў у сваіх успамінах начальнік палітаддзела 82-й стралковай дывізіі палкоўнік І. Ф. Аўрамаў (82-я Ярцаўская. Баявы шлях 82-й Ярцаўскай Чырванасцяжнай, ордэнаў Суворава і Кутузава стралковай дывізіі. Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга ваеннае выдавецтва Міністэрства абароны СССР. Масква.1973):
«14 студзеня 1944 года дывізія ўвайшла ў падпарадкаванне 19-га стралковага корпуса 65-й арміі і атрымала баявую задачу фарсіраваць рэкі Іпа і Віша, выбіць праціўніка і авалодаць населенымі пунктамі Крукавічы, Навасёлкі і наступаць у напрамку Азарычаў, Савічаў.
Нялёгкая ставілася задача нашым салдатам і афіцэрам: пераадольваць з баямі балоты, якія не замярзаюць нават зімой, фарсіраваць шматлікія рэкі, рачулкі, ручаі на прымітыўных падручных сродках, арыентавацца ў лясных масівах. Мала хто з іх меў вопыт вядзення баявых дзеянняў у такіх умовах. Даводзілася набываць гэты вопыт у працэсе баёў.
У ноч на 15 студзеня перадавы атрад дывізіі пад камандаваннем маёра Ф. С. Чайкіна ў складзе роты разведкі, роты аўтаматчыкаў 250-га стралковага палка пад камандаваннем старэйшага лейтэнанта Д. П. Грыгор’ева і роты аўтаматчыкаў 210-га стралковага палка пад камандаваннем старэйшага лейтэнанта Н. В. Сучкова ўпотайкі фарсіравалі раку Іпа і раптоўна атакавалі гітлераўцаў. Узвод лейтэнанта В. В. Папова і ўзвод лейтэнанта Н. І. Туркіна, прасачыўшыся ў тыл праціўніка, стварылі паніку ў яго шэрагах. Вораг, кідаючы сваю артылерыю, бег да сяла Навасёлкі на загадзя падрыхтаваны рубеж абароны.
Карыстаючыся замяшаннем непрыяцеля, камандзір дывізіі загадаў ноччу без артылерыйскай падрыхтоўкі фарсіраваць раку Іпу сіламі 210-га і 250-га стралковых палкоў і выйсці на плацдарм, заняты перадавымі атрадамі. Дагнаць адыходзячага праціўніка, знішчыць яго ў раёне населенага пункта Навасёлкі і заняць гэтае сяло; у далейшым абодвум палкам наступаць у напрамку Крукавічаў.
601-ы стралковы полк і лыжны батальён дывізіі ішлі ў другім эшалоне, складаючы рэзерв камандзіра дывізіі.
Наступаючыя палкі ўзаемадзейнічалі з суседзямі. Справа дзейнічала 162-я стралковая дывізія, злева – 115-я асобная стралковая брыгада. Захопленыя перадавым атрадам палонныя паказалі, што перад фронтам дывізіі абараняліся 34-ы і 109-ы пяхотныя палкі праціўніка з падраздзяленнямі ўзмацнення.
На подступах да сяла Навасёлкі праціўнік аказаў упартае супраціўленне, і з ходу прарваць загадзя падрыхтаваную абарону не ўдалося. Пасля 30-хвіліннай артылерыйскай падрыхтоўкі падраздзяленні 210-га і 250-га стралковых палкоў зноў пайшлі ў атаку, прасоўваючыся за агнявым валам.
Першымі ў абарону праціўніка ўварваліся байцы 2-га батальёна 250-га стралковага палка і завязалі рукапашны бой у траншэях. Узводы лейтэнантаў І. А. Анішчука і М. Л. Аксенчанка, прасоўваючыся наперад, адарваліся ад батальёна і апынуліся ў акружэнні. Аднак нашы байцы не разгубіліся, арганізавалі кругавую абарону і паспяхова адбівалі варожыя контратакі да падыходу сваіх асноўных сіл.
У цяжкі момант іх выручыў кулямётны ўзвод пад камандаваннем парторга 5-й роты малодшага лейтэнанта М. С. Каровіна. Адбіваючы контратакі гітлераўцаў, кулямётчыкі знішчылі звыш сарака салдат і афіцэраў. Асабліва трапна разіў ворага выдатны кулямётчык малодшы сяржант камсамолец М. І. Паступінскі.
1-ы батальён 250-га стралковага палка, які выйшаў на гэты рубеж, адкінуў праціўніка і часова далучыў да сябе падраздзяленні, якія знаходзіліся ў акружэнні.
На правым флангу імкліва наступаў 1-ы батальён 210-га стралковага палка пад камандаваннем маёра М. Т. Яршова. 2-я рота гэтага батальёна пад камандаваннем лейтэнанта Тулепа Айджанава атакавала ключавыя пазіцыі праціўніка на флангу, выбіла яго, знішчыўшы да сарака фашыстаў. Салдаты К. А. Чыторкін і А. М. Красілаў з супрацьтанкавай стрэльбы падбілі тры танкі.
Завяршаючы прарыў варожай абароны, падраздзяленні 210-га і 250-га стралковых палкоў занялі большую частку вёскі Навасёлкі, але былі контратакаваны. Праціўнік кінуў у бой да палка пяхоты ў суправаджэнні некалькіх дзясяткаў танкаў. У выніку жорсткай сутычкі ім удалося часова выцесніць нашы часткі з сяла. Навасёлкі двойчы пераходзілі з рук у рукі. З уводам у бой 601-га стралковага палка з рэзерву, непрыяцель быў разбіты і стаў адыходзіць на захад».
За вызваленне Навасёлак цэлы шэраг байцоў і камандзіраў удастоіўся ўрадавых узнагарод. Напрыклад, малодшы лейтэнант, камандзір стралковай роты 210-га палка Айджанаў Тулеп быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
“Удзельнічаючы ў баях з 16.01.44 у Даманавіцкім раёне Палескай вобл., малодшы лейтэнант Айджанаў паказаў сябе вопытным і смелым камандзірам.
У баях за вышыню 102,5 16.01 44 г., умела камандуючы стралковай ротай, уварваўся ў нямецкія траншэі і замацаваўся. 17.01.44 г. пры наступленні на населены пункт Навасёлкі пад кіраўніцтвам малодшага лейтэнанта Айджанава былі адбіты 2 контратакі праціўніка. Асабіста тав. Айджанаў застрэліў нямецкага афіцэра. У гэтым баі малодшы лейтэнант Айджанаў быў цяжка паранены”, — напісаў у прадстаўленні да ўзнагароды яго камандзір палка 19 студзеня 1944 г. Нарадзіўся адважны афіцэр у 1923 г. у Казалінскім раёне Кзыл-Ардзінскай вобласці Казахскай ССР.
Дзве ўзнагароды за Навасёлкі атрымаў камандзір стралковага ўзвода 250-га палка малодшы лейтэнант Анішчук Сідар Архіпавіч. 16 студзеня ў час атакі за авалоданне Навасёлкамі ён першым уварваўся ў баявыя парадкі праціўніка. Трапіўшы ў акружэнне варожых салдат, камандзір узвода не разгубіўся, а ва ўпор расстраляў 4 нямецкіх салдат і аднаго афіцэра. За гэты бой Анішчук атрымаў медаль “За адвагу”.
Ордэн Чырвонай Зоркі малодшы лейтэнант Анішчук атрымаў ужо пасля вайны, у 1947 г. Вось што было сказана пра яго подзвігі падчас вызвалення Навасёлак у прадстаўленні да ўзнагароды:
“Пад покрывам ночы 17.01.1944 г. узвод лейтэнанта Анішчука пад яго непасрэдным кіраўніцтвам прабраўся на супрацьлеглы бок вёскі Навасёлкі. Запасцігнутая знянацку пяхота праціўніка была выцеснена з 2-й траншэі і знята ўзводам Анішчука. Шматлікія контратакі і спробы вярнуць траншэю назад закончыліся стратай жывой сілы праціўніка.
На зыходзе дня 18.01.1944 г. у час адбіцця чарговай контратакі ворага загінуў станкавы кулямётчык з узвода Анішчука. Лейтэнант імгненна замяніў кулямётчыка і павёў знішчальны агонь па праціўніку. У гэтым баі лейтэнант двойчы быў паранены: у пазваночнік і ў левае бядро з пераломам касцей”. Нарадзіўся герой у 1908 г. на Украіне.
Ордэна Чырвонай Зоркі ўдастоіўся за вызваленне Навасёлак і камандзір узвода 3-га стралковага батальёна 250-га палка малодшы лейтэнант Аксенчанка Мікалай Лук’янавіч, які нарадзіўся ў 1921 г. у Александраўскім раёне Сталінскай вобласці Украінскай ССР. 17 студзеня ён са сваімі байцамі адбіў 4 контратакі ворага. А 19 студзеня, у час адбіцця чарговай контратакі быў цяжка паранены. 27 лютага мужнага афіцэра не стала. Ён пахаваны на грамадзянскіх могілках у г.п. Васілевічы.
Смерцю героя, вызваляючы Навасёлкі, загінуў і 19-гадовы кулямётчык, ураджэнец Чулымскага раёна Новасібірскай вобласці Паступінскі Міхаіл Іванавіч, пра якога ў сваёй кнізе вышэй успамінаў І. Ф. Аўрамаў. Пахаваны воін – вызваліцель у брацкай магіле, на ўсходняй ускраіне Навасёлак.
Увогуле ж, у баях за Навасёлкі і наваколле загінула 260 савецкіх воінаў, якія пахаваны ў вясковай брацкай магіле, дзе ляжыць 319 воінаў.
Справа ў тым, што ў Навасёлках пасля вызвалення быў разгорнуты ваенна-палявы шпіталь, у якім памерла ад смяротных ран некалькі дзясяткаў байцоў і камандзіраў, якія знаходзіліся тут на вылячэнні. Тут жа пахаваны і вызваліцелі Азарыцкага лагера смерці, якія падчас яго вызвалення заразіліся тыфам, ды так і не паправіліся.
У 1966 г. на брацкай магіле была ўстаноўлена скульптура савецкага воіна на пастаменце з мемарыяльнай дошкай.

ново3 копия
Мітынг ля помніка вызваліцелям у Дзень Перамогі, 1979 г.

“Калгас быў перадавым і багатым…”

Амаль адразу ж пасля вызвалення вёсак Навасёлкі і Новыя Навасёлкі ў іх аднавілі працу калгасы “Авангард” у Навасёлках і “Новыя Навасёлкі” у Новых Навасёлках.
Першае пасляваеннае пасяджэнне праўлення калгаса “Авангард” адбылося 23 лютага 1944 года.
Галоўнымі пытаннямі, якія вынеслі на парадак дня, былі: “Арганізацыя веснавой сяўбы”, “Прызначэнне брыгадзіраў, кладаўшчыкоў і загадчыка фермы”.
Вырашылі на працягу двух дзён здзейсніць збор насення і інвентару. А брыгадзірамі назначыць Вараб’я Ахрэма, Валатоўскага Міхаіла, Сцепанеева П., Мушкаўца Кузьму, Радзько Піліпа, Супруновіча Саву і Рагаўца Піліпа.
Кладаўшчыкамі калгаса назначылі Ясінскую Зіну і Савіцкага Грышана. Загадчыкам фермы – Заяц Барыса.
29 лютага актыў калгаса на сваім пасяджэнні ізноў вярнуўся да тых жа пытанняў. Старшыня калгаса Сцяпан Уладыкоўскі дакладваў, што справа не зрушылася з месца. Ён гаварыў:
”Наш калгас быў перадавым і багатым. І зараз наша вёска не зусім бедная, а таму мы павінны сабраць поўнасцю, што намецілі.
У нашым калгасе ёсць асобы, якія дагэтуль топяць хаты калгасным лесам, ядуць калгасны хлеб, а насенне ўнесці на сяўбу не хочуць, і ўвогуле цураюцца працы ў калгасе”.
4 сакавіка адбылося чарговае пасяджэнне актыву калгаса. На парадку дня стаялі ўсё тыя ж пытанні: “Арганізацыя сяўбы”, “Збор насення” і “”Збор цяглавай сілы”.
Прадстаўнік райзо Алісейка растлумачыў сялянам, як найлепш нарыхтоўваць лупінне бульбы з “вочкамі” і захоўваць яго для наступнай пасадкі.
На пасяджэнні было вырашана ў дапамогу для збору насення выдзяліць членаў камісіі Савіцкага Анд., Пайграя, Уса Трахіма і Дземідовіча Ів.
Паціху — пакрыху справа зрушылася з мёртвай кропкі. Па вёсках сабралі насенне, цяглавы інвентар, адрамантавалі яго, і пасеяліся.
Ад угавораў і перакананняў перайшлі да больш эфектыўных мер. У прыватнасці, 9 жніўня 1944 года рашэннем праўлення калгаса “за зрыў сенаўборачных работ” па другой брыгадзе Супруновіч Максім быў аштрафаваны на 3 працадні, а Дземідовіч Сава, Сянько Пятро і Кундас Іван — на 2 працадні; па трэцяй брыгадзе Кісель Іван – на два працадні. “За зрыў работы па ўборцы насеннага жыта” Сцепа (прозвішча не ўдалося вызначыць – І.Г.) была аштрафавана на 5 працадзён.
Аднак, нягледзячы і на гэтыя меры, дысцыпліна ў калгасе храмала на ўсе чатыры капыты. Аб гэтым сведчаць архіўныя дакументы.
Так, 23 верасня 1944 года на чарговым пасяджэнні праўлення калгаса старшыня гаспадаркі Уладыкоўскі, дакладваючы аб наяўных недахопах, адзначыў:
“На сёння пасеяна азімых толькі 50%, а тэрмін завяршэння сяўбы азімых, дзяржавай быў агавораны да 20 верасня. Няма цяглавай сілы”.
Брыгадзір брыгады № 1 Кузьма Мушкавец дадаў: “Некаторыя калгаснікі не адчуваюць за сабой адказнасці за агульную справу. Ёсць такія, што не толькі не выпрацавалі мінімуму працадзён, а нават не маюць аніводнага працадня”.
Пастановай праўлення абавязалі Сянько Параску Кандратаўну, Кісяля Ніфтодзія, Дземідовіча Фёдара Мікалаевіча і Раманішку Стэфана Макаравіча, якія дагэтуль не падалі заяў аб уступленні ў калгас, да 24 верасня тэрмінова зрабіць гэта, бо ў праціўным выніку яны перастануць быць калгаснікамі.
Не забывалі ў той цяжкі для краіны час у калгасе і аб заахвочванні людзей, якія працавалі ўдарна. У прыватнасці, рашэннем таго ж праўлення гаспадаркі ад 23 верасня было пастаноўлена “… прэміраваць тых калгаснікаў, якія занеслі на сваіх плячах па цэнтнеру хлеба ў лік дзяржпаставак, і выходзяць рэгулярна на калгасную працу жытам па 16 кг кожнаму”.
З аддаленнем ад Навасёлак фронту на захад у вёску пачалі вяртацца жыхары з іншых месц, дзе яны хаваліся ад ваеннага ліхалецця. Зразумела, што паўставала пытанне аб надзяленні іх прысядзібнымі ўчасткамі.
І праўленне калгаса аператыўна рашала і гэтыя пытанні. Напрыклад, 9 жніўня 1944 года праўленне прымае рашэнне:
“Надзяліць новапрыбыўшую сям’ю Сянько Параскі К. сядзібай у 30 сотак. Намеціць сядзібу с. Палуян. Таму што С.П. ходзіць паўсядзённа на працу.
Разгледзець заяву Сапоненка Алесі аб прыняцці яе ў калгас і надзяліць сядзібай”. (ЗДАМ. ф.1211, воп.1, с.200, лл. 1 — 13).
Цяжка прыходзілася разжывацца навасёлкаўцам, як і іншым паляшукам, у пасляваенны час. Па выніках работы за 1944 год у калгасныя свірны сумелі сабраць усяго 172 415 ц жыта пры ураджайнасці 7,1 ц/га, 5336 ц яравой пшаніцы (ураджайнасць – 4,54 ц/га), 7595 ц ячменю (3,3 ц/га),12723 ц аўсу (5,69 ц/га), 106 ц проса (1,06 ц/га), 563 ц грэчкі (0,94 ц/га), 32000 ц бульбы, 89 ц капусты, 288 ц сталовых буракоў ды 1263 ц ільнянога насення. (ЗДАМ. ф.1211, воп.1, с.201, лл. 1 — 3).
Зямлю апрацоўвалі амаль уручную, цяглавай сілы недаставала. Прывычным быў малюнак таго часу – запрэжаны ў плуг гурт жанчын і мужчына-інвалід, што ішоў за плугам. Жанчыны і падлеткі звычайнымі рыдлёўкамі перакопвалі за дзень па некальку сотак зямлі. Так пасля вайны ўздымалі калгасную гаспадарку.
У 1945 годзе на чале калгаса “Авангард” быў абраны новы кіраўнік. Ім стаў Савіцкі Мірон Фёдаравіч.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 9 кастрычніка 1945 года «Аб правядзенні выбараў у Вярхоўны Савет СССР» у сувязі «з заканчэннем вайны і заканчэннем паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета СССР першага склікання» выбары депутатаў Вярхоўнага Савета другога склікання былі прызначаны на 10 лютага 1946 года. У краіне пачалася падрыхтоўка да выбараў.
У гісторыі выбарчых кампаній савецкага перыяду выбары 10 лютага 1946 года па праву займаюць асаблівае месца. Гэта былі першыя выбары, якія праводзіліся ў СССР праз менш чым паўгода пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, калі яе разбуральныя наступствы яшчэ ў поўнай меры адбіваліся на сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці краіны.
Дырэктар Навасёлкаўскай няпоўнай сярэдняй школы Чарнавусаў П. стаў галоўным прапагадыстам гэтай палітычнай кампаніі ў вёсцы і калгасе. А калгаснікі, як і было прынята ў тыя часы, з такой нагоды ўзялі на сябе павышаныя абавязацельствы. Толькі ўзяць было проста, ды не проста выканаць.
Адно варта заўважыць, людзі ў Навасёлках былі працавітымі, і калгас іх паступова адрадзіў сваю былую славу.
9 чэрвеня 1950 года калгасы “Авангард” і “Новыя Навасёлкі” аб’ядналіся ў адну гаспадарку пад назвай “Авангард”.
Праз дзесяць гадоў, 7 сакавіка 1960 года, у працэсе ўзбуйнення, калгасы “Авангард” і “Камінтэрн” (вв. Навасёлкі, Новыя Навасёлкі, Каплічы і Кротаў) ра-зам з іншымі калгасамі Азарыцкай зоны ўвайшлі ў склад толькі што створанага саўгаса “Азарычы”.
А ўжо 27 лютага 1961 года на падставе Пастановы Савета Міністраў БССР № 138 ад 27 лютага 1961 года і загада Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР № 190 ад 14 сакавіка 1961 года ў выніку разузбуйнення саўгаса “Азарычы” быў створаны саўгас “Каплічы” з цэнтрам у вёсцы Каплічы.
Саўгас падзяляўся на 4 аддзяленні: Каплічы і Ямнае – аддзяленне № 1, Кротаў – аддзяленне № 2, Новыя Навасёлкі – аддзяленне № 3 і Навасёлкі – аддзяленне №4.
Аддзяленне ў Новых Навасёлках узначаліў Чумак Сяргей Паўлавіч, 1921 г.н., які закончыў Магілёўскую партшколу.
Упраўляючым аддзялення ў Навасёлках быў прызначаны ўраджэнец в. Савін Рог Даманавіцкага сельсавета, герой-франтавік, механік-вадзіцель танка, кавалер ордэнаў Айчыннай вайны 2-й ступені і Чырвонай Зоркі Новік Іван Анісімавіч, 1918 г.н. У яго, як і ў многіх сельскагаспадарчых кіраўнікоў таго часу, не было за плячыма спецыяльнай адукацыі, усяго толькі 7 класаў школы, але затое была высокая адказнасць за даручаны ўчастак працы і калектыў, які ён узначаліў. Ды і працаўнікі аддзялення – людзі, якія перанеслі суровыя выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны, спаўна спазналі кошт калектыўных намаганняў у барацьбе з ворагам, ведалі, што толькі агульнай працай можна пабудаваць новае жыццё, бо няхай не яны самі, а іх дзеці і ўнукі заслугоўваюць лепшай долі і шчаслівай будучыні.
А таму праца ў аддзяленнях, як і ў самім саўгасе, спорылася. У гаспадарцы вырошчвалі хлеб, нарыхтоўвалі кармы, гадавалі жывёлу, атрымлівалі малако і мяса.
Саўгас “Каплічы”, які напачатку ўзначаліў Александроў Павел Фёдаравіч, хутка ў раёне выйшаў на перадавыя пазіцыі па вытворчасці сельгаспрадукцыі, за што іх дырэктар Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 года быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Значны ўклад у росквіт свайго саўгаса ўнеслі і жыхары Навасёлак і Новых Навасёлак. Забягаючы наперад, скажу, што многія з іх за сваю плённую працу таксама ўдастоіліся высокіх урадавых узнагарод. Напрыклад, тым жа Указам ад 22 сакавіка 1966 года ордэнамі “Знак Пашаны” былі ўзнагароджаны даярка Дземідовіч Вольга Аляксандраўна і трактарыст Мышкавец Васіль Данілавіч.
Ордэны “Знак Пашаны” ў 1971 го-дзе атрымалі даярка Лашук Алена Мікалаеўна і цялятніца Рашотка Марыя Сцяпанаўна.
У 1973 годзе медалём “За працоўную адзнаку” была адзначана шчырая праца даяркі Варабей Вольгі Мікалаеўны і шафёра Шэлега Сцяпана Мікалаевіча.
А ў 1975 годзе даярцы Савіцкай Надзеі Мікалаеўне ўручылі ордэн “Знак Пашаны”.
Шчаслівым 1975 год стаў для дояра Папка Пятра Мікалаевіча і цялятніцы Супруновіч Надзеі Сяргееўны. Першы за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, другая – медалём “За працоўную доблесць”.
Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР у 1977 годзе была адзначана самаадданая праца даяркі Папок Ганны Яфімаўны, а ў 1985 годзе – свінаркі Шынкарэнка Вольгі Паўлаўны.
Медалём “За працоўную доблесць” была адзначана і шчырая праца свінаркі Савіцкай Евы Аляксандраўны. Неаднаразовай пераможцы працоўнага спаборніцтва было прысвоена званне “Лепшы майстар па вырошчванні парасят”.
Майстрам па вырошчванні парасят на Навасёлкаўскай свінаферме ля 35 гадоў была і 90-гадовая жыхарка Навасёлак Мышкавец Анастасія Цімафееўна.
Ардэнаноснымі для навасёлкаўцаў сталі і 1986 і 1988 гады. Так, у 1986 годзе ордэны Працоўнай Славы 3-й ступені закрасаваліся на грудзях даяркі Камыш Зінаіды Мікалаеўны і трактарыста Раманішка Пятра Аляксандравіча, а трактарыст Раманішка Пятро Герасімавіч быў узнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку”. У 1988 годзе такім жа медалём была адзначана праца даяркі Радзько Ганны Іванаўны.
Працаўнікі з Навасёлак сталі пастаяннымі героямі старонак раённай газеты. Напрыклад, 7 чэрвеня 1966 года на першай старонцы газеты “За камунізм” быў апублікаваны вялікі фотаздымак механізатараў Мікалая Супруновіча (справа) і Рыгора Тозіка, якія рамантавалі сваю машыну. Фотакарэспандэнт газеты С. Корнеў у замалёўцы “Уборачную тэхніку – на старт” пісаў:
“Для механізатараў саўгаса “Каплічы” наступілі напружаныя дні. Яны вядуць рамонт тэхнікі да жніва. Стараннасцю ў працы вызначаюцца камбайнер Мікалай Супруновіч са сваім напарнікам Рыгорам Тозікам. Уважліва праглядаюць яны кожную дэталь. Ведаюць: не дагледзіш цяпер, страціш дарагі час потым.
Зразумела, на камбайне недаробак шмат, але вопытныя механізатары не хвалююцца: камбайн будзе своечасова адрамантаваны.
Не горш ідуць справы з падрыхтоўкай уборачнай тэхнікі і ў астатніх механізатараў. Усе яны вядуць рамонт як падабае сапраўдным гаспадарам”.
…У 1978 годзе, калі я трапіў у Навасёлкі, начальнікам аддзялення быў Шэлег Пятро Аляксандравіч, ураджэнец Навасёлак, выпускнік Чырвонабярэжскага сельскагаспадарчага тэхнікума. Яго жонка – Надзея Пятроўна — была загадчыцай Навасёлкаўскай свінафермы. Білас Валянціна Аляксандраўна загадвала малочна-таварнай фермай. Яна, дарэчы, за сваю плённую працу ў галіне жывёдагадоўлі была ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі” і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, а яшчэ медалём “Мацярынскай славы”, бо была многадзетнай маці – нарадзіла і выхавала пяцярых дзяцей. Брыгадзірам трактарнай брыгады быў Шынкарэнка Міхаіл Аляксандравіч. А паляводчую брыгаду ўзначаліў, прыбыўшы ў вёску ў чэрвені, ураджэнец вёскі Малыя Вадовічы, выпускнік Чырвонабярэжскага сельскагаспадарчага тэхнікума Захаранка Валянцін Мікалаевіч.
Шэсць гадоў адпрацаваў у Навасёлках брыгадзірам гэты хлапец. За высокія ўраджаі бульбы (больш 300 цэнтнераў з гектара) ён быў узнагароджаны бронзавым медалём Усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР і наручным гадзіннікам. У 1984 годзе быў выбраны намеснікам старшыні калгаса “50 гадоў Кастрычніка” у Нахаве, а праз нейкі час узначаліў калгас у Хобным.
Калі мая праца над нарысам пра Навасёлкі была ў самым разгары, у рэдакцыю завітаў Валянцін Мікалаевіч, які і зараз працуе ў Хобным толькі ўжо ў якасці ляснічага. Мы разгаварыліся пра Навасёлкі і я запытаў яго: “А каго са сваіх падначаленых ты і сёння ўспамінаеш добрым словам”?
Ні хвіліны не думаючы, Захаранка адразу ж назваў: “Пархоменка Ніну Данілаўну, Супруновіч Лідзію Міхайлаўну, Рагавец Валянціну Пятроўну, Самойленка Яўгенію Міхайлаўну. Гэта былі безадмоўныя працаўніцы паляводчай брыгады. Якую справу ім не прапануеш, яны заўжды гатовы. Для іх слова “немагчыма” увогуле не існавала. За што б ні ўзяліся, усё зробяць даладу, без пануканняў і лішніх тлумачэнняў”.
Яшчэ Валянцін Мікалаевіч добрым словам прыпомніў мясцовых механізатараў: Савіцкага Мікалая Фёдаравіча і Варанцова Анатоля Адамавіча, якія працавалі на гусенічных трактарах; Супруновіча Мікалая Фёдаравіча і Панцялеенка Дзмітрыя, што працавалі на МТЗ; вадзіцеляў Камыша Мікалая Кірэевіча і Супруновіча Дзяніса Сцяпанавіча.
Аддзяленне ў Новых Навасёлках у той час узначальваў ураджэнец гэтага ж населенага пункта Супруновіч Пётр Сцяпанавіч.
…У 1990 годзе, калі я пачаў рабіць толькі першыя крокі на ніве журналістыкі, мне прыйшлося пісаць нарыс пра маладога механізатара з Новых Навасёлак Рыгора Савіцкага.
Рыгор быў самым малодшым у мнагадзетнай сям’і інваліда Вялікай Айчыннай вайны Івана Рыгоравіча Савіцкага, 1914 г.н. Ва Усходняй Прусіі варожы снарад спыніў рух салдата-артылерыста па франтавых дарогах да логава фашысцкага звера, па якіх ён крочыў з 1941 года. З артылерыйскага разліку ў жывых застаўся адзін ён, праўда, без ног.
Вярнуўшыся да бацькоўскай хаты, Іван Рыгоравіч не ўпаў у адчай, а вырашыў жыць далей, наперакор выбрыкам лёсу. Разам з аднавяскоўкай Санклетай Сцяпанаўнай Радзько нарадзілі 11 дзяцей. Двое з іх, праўда, памерлі маленькімі, а астатніх усіх яны паднялі на ногі, далі пуцёўку ў самастойнае жыццё.

Рыгор быў самым меньшым, таму і самым любімым. Пасля заканчэння Навасёлкаўскай васьмігодкі ён паступіў у Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. Затым адслужыў тэрміновую службу. Два гады працаваў майстрам у будаўнічых арганізацыях. Ажаніўся. Жонка ўгаварыла вярнуцца ў вёску, да роднай зямлі, да бацькоў і блізкіх.
Хлапец сеў за руль трактара. Працаваў шчыра, з ахвотай. Праявіў талент арганізатара і здольнасці кіраўніка. У 1983 годзе ўступіў у рады камуністычнай партыі. У гэтым жа годзе моладзь саўгаса “Каплічы” выбрала яго сваім важаком. Тры гады ўзначальваў у саўгасе камсамольскую арганізацыю Рыгор Савіцкі. Падабалася працаваць яму з моладдзю. Ды трэба было дапамагаць жонцы, якая нарадзіла чацвёртае дзіця. Сям’я ж жыла ў Новых Навасёлках. Вярнуўся на трактар.
І зноў стаў дэманстраваць узоры плённай працы. І зноў у перадавіках. Аўтарытэт Рыгора Іванавіча сярод камуністаў і працаўнікоў саўгаса быў бясспрэчным, таму ў 1990 годзе, калі паўстала пытанне, каго вылучыць дэлегатам XXVIII зъезда КПСС, кандыдатура Рыгора Савіцкага прайшла адзінагалосна.
Каля трыццаці гадоў мінула з таго часу. Павырасталі яго дзеці, большасць з якіх прысвяцілі сваё жыццё працы на зямлі, як і іх бацька. А Рыгор Іванавіч тым часам паспеў паспрабаваць сябе ў розных іпастасях: 7 гадоў ён загадваў свінафермай у Навасёлках, 6 гадоў кіраваў Навасёлкаўскім участкам, 5 гадоў узначальваў малочна-таварную ферму. Нягледзячы на пенсійны ўзрост і сёння працуе жывёлаводам. Землякі даверылі яму прадстаўляць свае інтарэсы ў мясцовай уладзе – ён дэпутат Капліцкага сельсавета

Стартавая пляцоўка

Першым навасёлкаўцам, з якім я пазнаёміўся, калі ў жніўні 1978 года прыбыў пасля назначэння настаўнікам гісторыі і дырэктарам Навасёлкаўскай васьмігодкі ў Навасёлкі, быў Сянько Сцяпан Паўлавіч.
Стаяў спякотны летні дзень, калі я пад’ехаў на таксі да школы. Разлічыўшыся з вадзіцелем, я падыйшоў да драўлянага будынка, у якім трэба было ўступаць у прафесію – анідзе ні душы. Пайшоў у бок хат, што мясціліся побач са школай. Гаспадаром крайняй ад дарогі сялібы аказаўся мясцовы настаўнік са шматгадовым стажам Сцяпан Сянько.
Сцяпан Паўлавіч нарадзіўся ў Навасёлках 20 студзеня 1920 года. У 1935 годзе закончыў мясцовую сямігодку і паступіў у Рэчыцкае педагагічнае вучылішча. У 1939 годзе, пасля заканчэння педвучылішча, яго накіравалі на працу настаўнікам Крышыцкай сямігодкі ў Калінкавіцкі раён. А восенню 1940 года маладога педагога прызвалі на тэрміновую службу ў рады Чырвонай Арміі.

Служыць навасёлкавец трапіў Трапіў ён на Паўночны Флот. З чэрвеня 1941 г. па кастрычнік 1944 г. ён служыў у 115-м будаўнічым батальёне і ў 116-м асобным будаўнічым батальёне. Удзельнічаў у будаўніцтве абарончых збудаванняў у Савецкім Запаляр’і ў пасёлку Рыбачы, на востраве Кільден, у г. Ваенга і Старая Ваенга, на Варламавай Губе і г.д. За гэты час вырас ад чырвонаармейца да старшыны роты. Узнагароджаны медалямі “За абарону Савецкага Запаляр’я” і “За баявыя заслугі”, у 1985 г. – ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.
Дэмабілізаваўся Сцяпан Сянько ў чэрвені 1946 года. А ўжо з верасня гэтага года ўзначаліў Навасёлкаўскую сямігодку. Доўгія гады затым працаваў завучам гэтай школы, настаўнікам фізікі і матэматыкі.
Сцяпан Паўлавіч пазнаёміў мяне са школай, у якой настаўніцай пачатковых класаў працавала і яго жонка Ганна Юр’еўна.
Прама скажу, школа мяне не ўразіла. Ды і як мог уразіць аднапавярховы драўляны будынак, пабудаваны ў форме буквы “Г” з двумя ўваходамі, голымі выбеленымі вапнай сценамі і столяй, некалькімі грубкамі для ацяплення і партамі, якія пабачылі на сваім вяку ўжо не адно пакаленне школьнікаў. Праўда, у школе было чысценька, але казённа і не па-дамашняму.
З левага тарца школы размяшчалася кватэра, відаць, разлічаная для пражывання дырэктара школы. У ёй і жылі раней Судзібор Іван Пракопавіч, які ўзначальваў Навасёлкаўскую васьмігодку, з жонкай Праскоўяй Мікалаеўнай (яна выкладала рускую мову і літаратуру), пакуль Івана Пракопавіча не перавялі на пасаду дырэктара Капліцкай сярэдняй школы.
Пасля Судзібора дырэктарам школы ў Навасёлках прызначылі Падбярэзскага Васіля Цітавіча, які і пасяліўся ў школьным будынку са сваёй сям’ёй. А пасля таго, як Васіль Цітавіч у нечым праштрафіўся, дырэктарам назначылі яго жонку Станіславу Вікенцьеўну, якая выкладала рускую мову і літаратуру. Васіль Цітавіч выкладаў геаграфію, спевы, вёў урокі чарчэння і малявання, добра іграў на гармоніку. У сям’і Падбярэзскіх выхоўвалася трое дзяцей – усе дзяўчынкі.
Падбярэзскую на пасадзе змяніла Мазейка Валянціна Васільеўна. Яна, праўда. Пабыла ў школе нядоўга. У ліпені 1975 г. яе прызначылі дырэктарам Шыіцкай сярэдняй школы. А ў Навасёлкі прыслалі мазыраніна, выпускніка ВНУ, гісторыка па адукацыі Мікалая Мікалаевіча Халюшкова. У вёску ён прыбыў не адзін, а з жонкай, якая таксама толькі што закончыла медвучылішча. Яе прызначылі загадчыцай Навасёлкаўскага ФАПа. Праз тры гады Халюшкова змяніў я.
1 верасня 1978 г. у Навасёлкаўскай васьмігодцы навучалася 153 дзіцяці. Па сённяшніх мерках – гэта сур’ёзная лічба. Педагагічны калектыў школы быў невялічкім. Акрамя ўжо названых вышэй ва ўстанове працавалі настаўнікі: пачатковых класаў Ясінская Зінаіда Васільеўна, Банчук Кацярына Анісімаўна, беларускай мовы і літаратуры Склюдава Кацярына Іванаўна (па мужу Дземідовіч, сама родам з-пад Мінска), Зайцаў Васіль Іванавіч, нямецкай мовы Супруновіч Ніна Іванаўна, хіміі і біялогіі Ус Валянціна Аляксееўна, фізкультуры Новік Тамара Мікалаеўна.
Завучам школы была пенсіянерка-мазыранка Шчаглавітава Юлія Якаўлеўна, якая штодня дабіралася з Мазыра ў Навасёлкі і назад. Нярэдка, а часам і штодня, пехатой ішла да Цідава (7 кіламетраў -!?). Не раз і не два ў далейшым давялося прайсці і мне па гэтаму маршруту, бо дарогі да Навасёлак тады былі грунтовымі, вясной і ў восень аўтобусы не рызыкавалі прабівацца па гразі да вёсак.
Юлія Якаўлеўна добра ведала сістэму школьнага кіравання і справаводства. Дзякуй ёй, яна даволі хутка ўвяла мяне ў курс школьных спраў, навучыла элементарным азам школьнага кіравання.
За 6 гадоў да майго з’яўлення ў Навасёлках на заслужаны адпачынак выйшла паважаны ў Навасёлках педагог Марыя Навакоўская. У маладосці яна прыбыла сюды на працу, выйшла замуж за мясцовага хлапца Гардзіенку, ды і засталася назаўжды ў Навасёлках. Марыя Фёдараўна ўсё жыццё выкладала ў школе хімію і біялогію. І рабіла гэта так, што дзеці цягнуліся да свайго настаўніка. А настаўнікам яна была, як кажуць, ад Бога.
На заслужаным адпачынку была і настаўніца пачатковых класаў Верат Надзея Пятроўна. Таксама майстар педагагічнай справы, які не адно пакаленне навасёлкаўцаў навучыў чытаць і пісаць, заклаў у дзіцячыя душы асновы грамадзянства.

Дарэчы, забягаючы наперад, скажу, што ў зоне маёй адказнасці тады знаходзілася і Нованавасёлкаўская пачатковая школа, якой загадвала Шэлег Паліна Дзмітрыеўна. Разам з ёй у школе працавала настаўніцай Савіцкая Ганна Піліпаўна.
Праз год у школу прыйшлі пасля заканчэння ВНУ на пасаду завуча Іванін Канстанцін Іванавіч, які стаў выкладаць матэматыку, і мая жонка Святлана Вітальеўна, якая стала працаваць настаўніцай рускай мовы і літаратуры.
Мне ўдалося дамовіцца з дырэктарам саўгаса “Каплічы” Іванам Сярковым аб набыцці за саўгасны кошт для школы станкоў і інструментаў для навучальнай майстэрні, тэхнічных сродкаў навучання, атласаў і карт, наглядных дапаможнікаў, шмат чаго іншага. Саўгас асігнаваў на гэтыя мэты больш 5 тысяч рублёў (вялізныя грошы па тым часе — І.Г.). Усё гэта багацце мы даставілі з Гомельскага магазіна на двух саўгасных грузавіках.
Разам з Канстанцінам Іваніным, які на справе аказаўся сапраўдным мастаком, і педагогамі школы мы ажыццявілі афармленне школы і навучальных кабінетаў. І школа наша заззяла ў новым убранні.
Школьнае жыццё напоўнілася і новым зместам (конкурсы, спаборніцтвы, справаздачы перад бацькамі і шэфамі, рэгулярныя бацькоўскія сходы, канцэртныя праграмы), што ў хуткім ацаніла і кампетэнтная камісія з райана, якая правяла франтальную праверку школы, якой тут не бачылі апошнія восем гадоў.
Не ў малой ступені гэта паслужыла прычынай таго, што мяне ў 1980 годзе перавялі дырэктарам Юравіцкай сярэдняй школы.
А “сваю” гаспадарку ў Навасёлках я пакінуў на выдатнага педагога і цудоўнага чалавека Канстанціна Іваніна.
… У аддзеле адукацыі, спорту і турызму Калінкавіцкага райвыканкама захоўваецца кніга загадаў па Даманавіцкаму райана за 1956 — 1958 гг. З яе я даведаўся, што загадам № 85 ад 22 лістапада 1956 г. настаўніцу Людвінаўскай пачатковай школы Лабанаву Таццяну Мітрафанаўну перавялі”…на пасаду настаўніцы 1-4 класаў Навасёлкаўскай н/школы з 26 лістапада 1956 года без выплаты пад’ёмных”.
А загадам № 91 ад 10 жніўня 1957 г. старшую піянерважатую Давыдаўскага дзіцячага дома Чарнякову Надзею Іосіфаўну перавялі выкладчыцай рускай мовы і літаратуры ў Навасёлкаўскую сямігодку.
Загад № 61 ад 5 ліпеня 1957 г. гаварыў аб наступным: “У сувязі з тым, што ў в. Навасёлкі ўзводзіцца новы школьны будынак, і што новапрызначаны дырэктар школы Буноў Уладзімір Андрэеевіч знаходзіцца на завочным навучанні, адклікаць з чарговага водпуску настаўніка гэтай школы Сцяпана Паўлавіча на перыяд з 6 ліпеня па 15 жніўня 1957 года, прызначыўшы яго часова выконваючым абавязкідырэктара школы”.
Уладзіміру Бунову, які да гэтага ўзначальваў Рылавіцкую пачатковую школу, так і не давялося папрацаваць у Навасёлках. Загадам № 97 ад 12 жніўня 1957г. па Даманавіцкаму райана загад аб яго прызначэнні дырэктарам Навасёлкаўскай школы быў адменены, а яго прызначылі дырэктарам і настаўнікам матэматыкі Крукавіцкай школы.
Папярэднім загадам у гэты ж дзень дырэктарам Навасёлкаўскай школы быў прызначаны пераводам Савіцкі Аляксей Рыгоравіч, які да гэтага ўзначальваў Каранёўскую пачатковую школу.
… У 1984 г. у Беларусі пачалася школьная рэформа, у выніку якой сістэма адукацыі перайшла на 11-гадовае навучанне. Канстанціна Іваніна ў той год перавялі дырэктарам Шыіцкай сярэдняй школы. А дырэктарам Навасёлкаўскай 9-годкі прызначылі гісторыка па адукацыі, ураджэнца Малых Аўцюкоў, Есьмана Пятра Міхайлавіча.
Гэта менавіта пры ім у Навасёлках была зроблена прыбудова да школьнага будынка, у якой размясцілася школьная сталоўка. Такім чынам, нарэшце было вырашана пытанне арганізацыі гарачага школьнага харчавання для юных навасёлкаўцаў.
Пятро Міхайлавіч стаў і стваральнікам школьнага краязнаўчага музея.
Разам з ім у школе працавалі: настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Дземідовіч Кацярына Іванаўна, фізікі Сянько Сцяпан Паўлавіч, хіміі і біялогіі Ус Валянціна Аляксееўна, працоўнага навучання і чарчэння Мілаш Фёдар Уладзіміравіч, матэматыкі Шышкін Мікалай Рыгоравіч, геаграфіі і фізкультуры Палазнік Сяргей Міхайлавіч.
У 1993 г. Есьмана на дырэктарскай пасадзе змяніў ураджэнец Новых Навасёлак Леанід Макушынскі. Аказваецца, яшчэ калі ён вучыўся ў пачатковых класах, я ўручаў яму Пахвальны ліст за выдатную вучобу. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, Леанід Мікалаевіч паступіў у Мазырскі педінстытут імя Н.К.Крупскай на факультэт агульнатэхнічных дысцыплін і фізікі. Пасля яго заканчэння вярнуўся ў родную школу.
Сем гадоў кіраваў роднай школай Макушынскі, можа ўзначальваў бы яе і болей ды сямейныя абставіны прымусілі перайсці ў настаўнікі.
Побач з Макушынскім у тыя гады працавалі сямейная пара Шліпеняў: Ніна Пятроўна працавала завучам і настаўнікам геаграфіі, яе муж – Мікалай Рыгоравіч – настаўнікам матэматыкі. Пінчук Міхаіл Міхайлавіч выкладаў працоўнае навучанне, фізіку і чарчэнне, Білас Таццяна Уладзіміраўна – матэматыку, Пінчук Тамара Аркадзьеўна і Сянько Раіса Станіславаўна вялі пачатковыя класы, Міхнюк Святлана Міхайлаўна выкладала беларускую і нямецкую мовы. Супрунюк Наталля Мікалаеўна – рускую мову і літаратуру.
Год пасля Макушынскага выконваючай абавязкі дырэктара Навасёлкаўскай школы была ўраджэнка Навасёлак Шліпень (Папок – дзявочае прозвішча) Ніна Пятроўна. А затым дырэктарам прызначылі Білас Таццяну Уладзіміраўну.
Шмат педагогаў прайшло цераз Навасёлкаўскую школу. Многія адпрацавалі тут год-другі, іншыя крыху болей. Але ніводзін з іх не зможа забыць гэты перыяд у сваёй біяграфіі.
У 2002 г. школу ў Навасёлках закрылі. На той час у ёй налічвалася крыху больш 60 дзяцей. Навучанне навасёлкаўскія вучні прадоўжылі ў Капліцкай сярэдняй школе. Куды быў арганізаваны іх падвоз.
…За гады існавання Навасёлкаўскай школы, з яе сцен выйшлі сотні выпускнікоў. З цягам часу яны сталі выдатнымі спецыялістамі ў розных галінах народнай гаспадаркі, дасягнулі значных ступеняў у прафесійным майстэрстве.
Напрыклад, мая вучаніца Білас ( па мужу — Каленік) Алена Антонаўна скончыла школу з адзнакай і паступіла ў Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум. Тэхнікум таксама закончыла з адзнакай. Паступіла ў Беларускі інстытут народнай гаспадаркі. І яго закончыла з чырвоным дыпломам, стала эканамістам. Зараз працуе першым намеснікам старшыні Мазырскага райвыканкама.

Многія выпускнікі школы свой працоўны шлях абралі па прыкладу бацькоў і пайшлі ў жыцці па бацькоўскіх сцежках. У прыватнасці, сын Надзеі Верат Мышкавец Мікалай Пятровіч, як і маці, таксама стаў педагогам, працаваў дырэктарам Парыцкай школы ў Светлагорскім раёне.
Дочкі Ганны і Сцяпана Сянько – Люба і Валянціна – таксама выбралі педагогіку. Люба вывучылася на настаўніка рускай мовы і літаратуры, працавала загадчыцай дзіцячага сада ў Мазыры, Валянціна – настаўніцай пачатковых класаў у Гомелі. Стала выдатнікам адукацыі БССР.
Дзеці Зінаіды Ясінскай, таксама пайшлі па матчынай сцяжынцы: Валянціна стала настаўнікам хіміі і біялогіі, працавала ў Міхнавіцкай СШ, а Анатоль выкладае працоўнае навучанне і фізіку ў Крукавіцкай школе.
Педагогамі сталі і іншыя выпускнікі школы. Напрыклад, жонка майго сябра Валянціна Захаранка – Савіцкая Кацярына Пятроўна – аж да выхаду на пенсію, працавала настаўніцай пачатковых класаў у Лясецкай пачатковай школе, Нахаўскай васьмігодцы, Хобненскай СШ. Пры Канстанціне Іваніне працавала завучам Навасёлкаўскай васьмігодкі.
Сянько Валянціна Пятроўна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры Шыіцкай СШ. Кундас Павел Адамавіч выкладаў фізіку і працоўнае навучанне ў Малааўцюкоўскай СШ.
З выхаваннем і навучаннем дзяцей звязалі сваё жыццё і дочкі працаўніка саўгаса “Каплічы” Пятра Папка.
Ніна закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “геаграфія” і працавала настаўнікам Навасёлкаўскай, Капліцкай школ у Калінкавіцкім раёне, заву-чам – у Печышчанскай школе Светлагорскага раёна.
Алена закончыла Лоеўскае педагагічнае вучылішча і працавала выхавальнікам у Печышчанскім дзіцячым садзе. Зараз абедзьве ў Печышчах выхоўваюць прыёмных дзяцей.
Іх сястра Люба з адзнакай закончыла Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум, затым завочна Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. Атрымала спецыяльнасць эканаміста. Працавала ў аддзеле адукацыі Мазырскага райвыканкама, у камерцыйнай арганізацыі. Затым пайшла на службу ў Мазырскі аддзел унутраных спраў, працавала ў фінансавай і кадравай службе міліцыі. У 2012 г. звольнілася па выслузе ў званні маёра міліцыі. Зараз працягвае працаваць у паспартным стале.
З міліцыяй свой лёс звязаў і Савіцкі Уладзімір Мікалаевіч, які адслужыў тэрміновую, паступіў у Магілёўскую школу міліцыі, увесь час праслужыў у Калінкавіцкім аддзяленні транспартнай міліцыі. Выйшаў у адстаўку ў званні капітана міліцыі.
На заслужаным адпачынку ўжо знаходзіцца і маёр міліцыі Пейза Леанід Васільевіч, які працаваў і ўчастковым інспектарам міліцыі ў г. Калінкавічы, і ў крымінальным вышуку Калінкавіцкага ААУС.
А вось сыны Міхаіла Пархоменкі сталі спецыялістамі сельскай гаспадаркі: Васіль – ветурачом, Аляксандр – эканамістам. Васіль працаваў дырэктарам саўгаса “Азарычы”, Аляксандр – старшынёй калгаса “50 гадоў БССР” у Калінкавіцкім раёне, намеснікам старшыні – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Мазырскага райвыканкама.
Доўгія гады галоўным бухгалтарам у КСУП “Каплічы” працавала Варабей (Пазняк – па мужу) Ніна Уладзіміраўна. Зараз яна на заслужаным адпачынку.
У сельскай гаспадарцы Петрыкаўшчыны і зараз працуе інжынер-механік Макушынскі Уладзімір Мікалаевіч.
Галоўным інжынерам ААТ “Калінкавічы-райаграсэрвіс” сёння працуе Шэлег Аляксандр Васільевіч.
Узначальваў дэканат у ваенна-касмічнай акадэміі імя А.Ф. Мажайскага ў Санкт-Пецярбурзе падпалкоўнік Шэлег Васіль Пятровіч.
Намеснікам галоўнага бухгалтара аддзела адукацыі Жыткавіцкага райвыканкама працуе Рагавец (Пазняк – па мужу) Алла Данілаўна.
У Мазырскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях служыць Пазняк Аляксандр Васільевіч.
У Аршанскай бальніцы загадвае лабараторным аддзяленнем бакалаўр медыцынскіх навук, які зараз вучыцца на магістра, Каўшар Дзмітрый Фёдаравіч.
У Жлобіне працуе стаматолагам Дземідовіч Надзея Міхайлаўна.
Шмат гадоў свайго жыцця ахове здароўя землякоў прысвяціла ўраджэнка Навасёлак Варанцова (Супруновіч – па мужу) Валянціна Анатольеўна. Да 50 гадоў яна ўзначальвала Навасёлкаўскі ФАП, пакуль раптоўна не памерла. Навасёлкаўцы дагэтуль добрым словам успамінаюць высокі прафесіяналізм свайго “сельскага доктара” і яе душэўную шчодрасць.
Не ўсіх, канешне, я тут прыпомніў, няхай яны мяне прабачаюць. Адно знаю цвёрда, Навасёлкаўская школа для соцень сваіх выпускнікоў стала той стартавай пляцоўкай, з якой пачынаецца дарога ў самастойнае дарослае жыццё.

Навасёлкаўцы не здаюцца

На 1 кастрычніка 2019 года ў Навасёлках налічвалася 65 падворкаў, на якіх пражываюць 117 жыхароў. У Новых Навасёлках адпаведна на 38 сядзібах жыве 89 вяскоўцаў.

DCIM100MEDIADJI_0018.JPG

Навасёлкі з вышыні птушынага палёту

Аб тым, што Новыя Навасёлкі маладзей за Навасёлкі, якія, як я ўжо прыпамінаў, у наро-дзе клічуць яшчэ і Старымі Навасёлкамі, можна меркаваць і па наступных лічбах. У Новых Навасёлках пражывае 14 дзяцей узростам да 15 гадоў, а ў Навасёлках – толькі 11.
Затое самы старэйшы жыхар жыве ў Навасёлках, што і адпавядае статусу старэйшай вёскі. Гэта Валатоўская Марыя Пятроўна, якая нарадзілася 28 сакавіка 1926 года. У Новых Навасёлках жыве яшчэ адна старажылка вёскі – Савіцкая Надзея Мікалаеўна, якая нарадзілася 1 студзеня 1927 года.
У Навасёлках працуюць сельскі клуб і бібліятэка, магазін, паштовае аддзяленне, малочна-таварная ферма ААТ “Каплічы”.
У сваіх дварах шчыруюць жыхары вёсак. Ёсць сярод іх і тыя, на каго раўняюцца аднавяскоўцы.
Напрыклад, у Новых Навасёлках – гэта Раманішка Вольга Фёдараўна. У Навасёлках – Лаўда Вольга Фёдараўна, Марштупа Галіна Міхайлаўна, Раманішка Таццяна Іванаўна, Сіманава Праскоўя Паўлаўна. Гэта гаспадыні дамоў узорнага парадку.
Да таго ж Вольга Лаўда – маці-гераіня. Разам з мужам Міхаілам Сяргеевічам яны нарадзілі і выхавалі 11 дзяцей.
Нядаўна мая калега Таццяна Капітан на старонках раёнкі напісала пра гэтую ўраджэнку Навасёлак:
«Вольга Лаўда – простая вясковая жанчына. Усё жыццё жыве на сваёй малой радзіме. Яе муж Міхаіл Лаўда родам з Азарычаў.
Яны сустрэліся, калі Вольга працавала ў горадзе на заводзе бытавой хіміі. Рабіла акварэльныя фарбы. Жыла на кватэры. Усё змянілася пасля знаёмства з Міхаілам Сяргеевічам. Пасля вяселля муж і жонка пасяліліся ў Навасёлках. Ўладкаваліся працаваць у мясцовую гаспадарку. А потым пайшлі дзеці. Большасць – пагодкі.
— Больш сарака гадоў жывем з мужам. Старэйшаму сыну ўжо таксама за сорак. Малодшай дачцы – 26 гадоў. У нас ужо 25 унукаў. Ёсць і праўнучка, — з усмешкай распавядае Вольга Фёдараўна. – Наша Валя таксама шматдзетная маці, выхоўвае траіх дзяцей. Фёдар – шматдзетны бацька, у іх з жонкай чацвёра.
— Гадаваць дзяцей было не складана. Ва ўсякім выпадку, па дамах з торбачкай не хадзілі, — смяецца Вольга Лаўда. — Гэта ж нашы дзеці. Гадавалі сваёй працай, з дзяцінства іх да працы прывучалі. Трымалі дзве каровы, свіней, курэй, агарод вялікі. А што яшчэ трэба?
На свінакомплексе, а потым і на малочна-таварнай ферме, дзе Вольга Лаўда працавала даяркай, яна заўсёды была ў ліку лепшых работнікаў, заахвочвалася падзякамі і прэміямі.
Яна з ліку тых жанчын, якія ніколі ні пры якіх абставінах не скардзяцца на лёс. На ўсё глядзіць з усмешкай і аптымізмам, любіць жыццё ва ўсіх яе праявах. Ёй заўсёды хапала часу на ўсё: на дзяцей, на працу, на рукадзелле. Яе вышыўкі і зараз выстаўляюцца ў сельскім клубе.
Вольга Лаўда і сёння дапамагае загадчыцы клуба Наталлі Раманішка з арганізацыяй мерапрыемстваў, з’яўляецца іх актыўнай удзельніцай, а таксама гаспадыняй «Дома ўзорнага парадку».
Яны з мужам ужо пенсіянеры, але працягваюць пазменна працаваць на мясцовай ферме вартаўнікамі. Трымаюць гаспадарку, у тым ліку і карову”.
… І хаця колькасць жыхароў за апошнія гады значна паменшылася ў Навасёлках і Новых Навасёлках, перасталі існаваць тут школы і многія іншыя установы, навасёлкаўцы не здаюцца, яны поўныя аптымізму і штогод улетку ладзяць свята сваіх вёсак, на якія збіраюцца і стары, і малы з гарадоў і вёсак Беларусі, бліжняга і далёкага замежжа.
Навасёлкаўцы вераць, пакуль памяць аб іх вёсках і іх ураджэнцах жыве, будзе жыць і іх малая Радзіма. Наперакор усім выпрабаванням часу!
Іван ГАРЫСТ.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.