ПРЫРОДА — НАША БАГАЦЦЕ

wild_nature_10

Адным у жыцці падабаецца раздолле палёў ці квяцістасць лугоў, іншым быстрыня рэк, сінь азёр, а мы, палешукі, любім лес. І гэта любоў – як спадчына дзядоў, бо сяліліся яны на берагах рэк і паблізу лесу. Ён карміў, абаграваў, па-сяброўску даваў сваё багацце – таму лес любілі, абаранялі, памнажалі.

Успамінаю дзяцінства… Лета. Кароткая ноч адступае, а на золку асцярожны стук у акно і голас: “Уставай, унучак! Я пайшла”, — гаварыла бабуля. Ускокваю, хапаю кошык, дзе торбачка з акрайчыкам хлеба – мой сняданак-перакус, — і даганяю па дарозе ў лес бабулю з дзедам.
— Лес — быццам прадаўжае гутарку старая — колісь быў бліжэй, цяпер адступае ад вёсак і шляхоў…
— А вам не страшна ў лесе адным? – пытаюся.
— Чаго страшна? І чаму адным? – шчыра здзіўляецца бабуля. – Прыемна і радасна. Вакол столькі сяброў: бярозкі-дзяўчынкі прыгожыя, клёны-хлопцы курчавыя, дубы-дзяды асілкі і птахі… Прыслухайся да іх галасоў: чырыкаюць, шчабечуць, спяваюць. Гэта кожная з іх вітае нараджэнне новага дня, славіць сваё жыццё. І нам хораша.
Дзед звычайна больш слухае, а тут і ён мовіць: “Лес, мой унук, разумець трэба, інакш будзеш нібы сляпы і глухі. Вось прыгля-дзіся і прыслухайся: адразу зліваешся з ім, становішся яго час-цінкай. Бачыш бярэзіну – спіць яшчэ. А падыдзі асцярожна да яе, працягні ветліва руку да галінак, і лісточкі адгукнуцца, прывецяць цябе трапятаннем. Прыроду разумець трэба, бо яна жывая, з загадкамі, а часам і непрадказальная…
Разыходзімся ў лесе, каб не блытацца адзін у аднаго пад нагамі, не перашкаджаць знаходзіць свае баравікі ды іншыя розныя грыбы …
А праз нейкі час выходзіш задаволены, без зайздрасці паглядаеш у кошыкі, радуешся ўдачы іншых, і не ад таго, што многа, а таму, што правялі колькі часу прыемна і карысна для здароўя і настрою… Ідучы ўжо дадому, міжволі, быццам на развітанне, азірнешся. Стаіць сабе лес – усміхаецца. Яму прыемна, што наведалі яго.
Здаецца, усё ішло сваім парадкам. Прырода і чалавек у кантакце і добрых узаемінах, але ж… Праз нейкі час пачалі зарастаць шляхі да лесу і рэк, знікла рэха аукання, амаль апусцелі рыбалкі: моладзь і старэйшыя прыліплі да тэлевізараў, якія распірала ад баявікоў і дэтэктываў. Глядзелі ўсе падрад – многія азызлі, асунуліся, а ў школах прыкметна знізілася паспяховасць, павысілася колькасць самавольных уходаў з урокаў. Сядзелі, глядзелі, пакуль не пасціглі розумам – у большасці гэтых тэлеперадач пустэча, гульня на нервах і згуба здароўя.
Эпідэмія, на шчасце, прайшла, традыцыя адпачываць на свежым паветры, займацца спортам, ствараць сваё, а не чужое, бярэ верх. Зноў ажывіліся берагі рэк і азёр, натоўпамі і чародамі вела-, мота- і аўта- скіравалі ў напрамках да прастораў і раздолля палёў, пачалі будаваць летнікі, дачы, катэджы. Людзі заняліся карыснай працай, адрадзілася і напоўнілася новым зместам жыццё… Спрацавала знаёмая, многагранная і непераможная спадчына! І вось яны зноў Маці-прырода і яго Вялікасць Лес – нашы сябры, наша багацце. І зноў з’явіліся тыя, хоць і пасталеўшыя, дзяды і бабулі, што абудзілі ў сваіх унукаў пачуцці любові, павагі і ўдзячнасці да лесу – нашага спрадвечнага спадарожніка і нашага добразычлівага суседа. І чаму толькі лесу? Да рэк, азёр, лугоў – наогул да прыроды нашага роднага краю – Беларусі!
Уладзімір КАРАЛЬКОЎ

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.