Згадаем подзвіг Міхаіла Мароза

 мороз копия

Новыя старонкі будучага літаратурнага фестывалю “На зямлі Кірылы Тураўскага”

Гомельскае абласное аддзяленне Грамадскага аб’яднання  “Саюз пісьменнікаў Беларусі” пры падтрымцы мясцовых органаў улады ў мінулым годзе ўпершыню арганізавала і правяло ў самым сэрцы Беларускага Палесся, у старажытным раённым цэнтры Жыткавічы першы адкрыты міжрэгіянальны фестываль літаратуры, культуры і мастацтва, народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага”. У рамках фестывалю адбылося ўшанаванне фіналістаў і лаўрэатаў абласнога літаратурнага конкурсу “ТАБЕ ПЯЮ, МАЛАЯ РАДЗІМА!”, прысвечанага памяці пісьменніка-земляка Міколы Гамолкі.

 Для пачынаючых аўтараў пісьменніцкая арганізацыя арганізавала творчыя сустрэчы, майстар-клас, былі наладжаны экскурсіі ў мемарыяльны музей вядомага пісьменніка-земляка Міколы Гамолкі. Шэраг мерапрыемстваў, праведзеных сумесна з аддзеламі райвыканкама, установамі адукацыі, цэнтральнай раённай бібліятэкай і гарадскім цэнтрам культуры пакінулі добры след у душах як жыткаўчан, так і ўдзельнікаў форуму з ліку жыхароў суседняй Петрыкаўшчыны. Увогуле фестываль пацвердзіў: літаратурныя падзеі на зямлі, на якой нарадзіўся агульнаславянскі асветнік і паэт Кірыла Тураўскі, запатрабаваны часам.

Як адзначыў старшыня абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч, пісьменніцкай арганізацыяй рэгіёну дасягнута дамоўленасць з кіраўніцтвам Жыткавіцкага райвыканкама аб правядзенні II адкрытага міжрэгіянальнага фестывалю літаратуры, культуры і мастацтва, народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага”.

– Зараз на ўзроўні спецыялістаў райвыканкама і членаў Савета аддзялення СПБ вядзецца праца над распрацоўкай канцэпцыі  новага фестывалю, абмяркоўваецца палажэнне аб яго правядзенні і г.д., – адзначае кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі. – Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі створаны творчы савет фестывалю і аб’яўлена некалькі літаратурных конкурсаў, якія і вызначаць галоўных удзельнікаў будучага літаратурнага свята, якое, як мяркуецца, пройдзе як у Жыткавічах, так і ў Тураве, у іншых населеных пунктах Жыткаўшчыны ў маі 2020 года.

Так, з 1 лютага стартуюць традыцыйныя абласныя літаратурныя конкурсы: IІІ абласны літаратурны конкурс “ТАБЕ ПЯЮ, МАЛАЯ РАДЗІМА!”, прысвечаны памяці пісьменніка-земляка Міколы Гамолкі, а таксама конкурс чытальнікаў “Захаваем свет разам!” і  конкурс юных мастакоў “Вясёлка нал Тураўскай зямлёй” (ўмовы іх правядзення змешчаны на сайце pismennik.by).

Упершыню аб’яўлены адкрыты літаратурны  конкурс “Незабыўны подзвіг. Міша Мароз”, у якім могуць  прыняць удзел  грамадзяне Беларусі  у трох намінацыях: “паэзія”, “проза”, “публіцыстыка” (Палажэнне змешчана ніжэй).

Сёння, у пярэдадзень 75-годдзя Вялікай Перамогі, трэба  абавязкова аддаваць даніну павагі, ушаноўваць памяць савецкіх воінаў, хто вызваляў краіну ад ненавіснага ворага. Разам з тым мы павінны памятаць і пра подзвігі, звязаныя з той страшнай вайной, але здзейсненыя ў мірны час, адзначае Уладзімір Гаўрыловіч:

– Нельга не ганарыцца подзвігам Мішы Мароза, майго земляка, які так і не стаў, як марыў, настаўнікам, трагічна загінуў. 18-гадовы паляшук вынес з бульбянага поля артылерыйскі снарад, мужна адвёў бяду ад сваіх сяброў, якія працавалі побач на бульбяным полі калгаса “Прагрэс” Дубровенскага раёна. У лістападзе 2019-га Міхаілу Марозу, калі б ён застаўся жыць, споўнілася б толькі 60…

У верасні 1977-га навучэнец Аршанскага індыстурыяльна-педагагічнага вучылішча Міхаіл Мароз, працуючы на бульбяным полі калгаса “Прагрэс” Дубровенскага раёна, заўважыў, што па транспарцёры разам з бульбай рухаецца артылерыйскі снарад. Не вагаючыся, ён схапіў яго і панёс праз поле да лагчынкі, аднак не паспеў дайсці да яе ўсяго некалькі метраў – смяротная знаходка ўзарвалася ў  руках. Юнаку не было яшчэ і 18 гадоў, калі ён трагічна загінуў.

За мужнасць Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР пасмяротна ўзнагародзіў смелага камсамольца ордэнам Чырвонай Зоркі. Імя Міхаіла Мароза было занесена ў Кнігі Гонару цэнтральных камітэтаў УЛКСМ і ЛКСМ Беларусі, а ў яго камсамольскім білеце застаўся запіс: “Вынес з поля баявы снарад, адвёў ад людзей бяду цаной уласнага жыцця”.

У гонар сапраўднага героя Палескай зямлі Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” аб’яўляе адкрыты літаратурны конкурс “Незабыўны подзвіг. Міша Мароз”,  у якім запрашае прыняць удзел усіх, хто жадае мастацкім словам выказаць свае стаўленне да незабыўнага подзвігу Міхаіла Мароза, да тэмы Айчыны, Бацькаўшчыны, родных каранёў.

Конкурс праводзіцца ў трох намінацыях: 

Паэзія (паэтычныя творы, прысвечаныя  подзвігу М.Мароза). 

Проза (апавяданне, прысвечанае подзвігу М.Мароза.) 

Публіцыстыка (нарысы, эсэ, прысвечаныя подзвігу М.Мароза.) 

Літаратурныя і публіцыстычныя творы прымаюцца на конкурс з 1 лютага 2020 года па 15 сакавіка 2020 года. 

На конкурс прымаюцца нідзе раней не надрукаваныя творы. 

Паэзія: не болей трох вершаў.  

Проза і публіцыстыка: адзін твор аб’ёмам не больш 5 друкаваных аркушаў фармата А4 (шрыфт Times New Roman, 14  шрыфт). 

Творчыя работы неабходна накіроўваць на  электронны адрас:  konkursgomelspb2018@yandex.by

На тытульным лісце неабходна ўказаць:  

— прозвішча, імя, імя па бацьку;  

— дату нараджэння;  

— месца працы або вучобы;  

— адрас для перапіскі;  

— нумар кантактнага тэлефону;  

— е-mail.

Лепшыя творы будуць размешчаны на сайце Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ” pismennik.by, па магчымасці будуць надрукаваны ў СМІ рэгіёна. Вынікі конкурсу падводзяцца да 10 мая 2020 года.  

Улад ПРЫАЗЁРНЫ.

На здымках: Міхаіл Мароз.

 

 

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.