Лясец

DCIM101MEDIADJI_0034.JPG

Еду з Мазыра па шашы ў бок Мінска і любуюся непаўторнай прыгажосцю навакольных краявідаў. Мінаю Азарычы, дзе прайшлі мае школьныя гады, і вось праз некалькі кіламетраў Лясец – мая родная вёска. Я выходжу з аўтобуса, і быццам трапляю ў царства, дзе жывуць духі маіх продкаў. Здаецца, яны назіраюць за мной, а я ўзіраюся ва ўсё іх вачамі.

Па правы бок вёскі быў яблыневы сад. А за ім вялізнае, як мора, жытнёвае поле аж да самага лесу, у якім заўсёды было многа грыбоў і ягад. Па левы бок вёскі далёка расхінаецца зялёная далеч. Тут некалі былі лугі з сакавітай травой, шчаўем і прыгожымі кветкамі, з якіх у маленстве мы плялі вяночкі. Рэчка Віша, наша калыска, яна нібы дзеліць луг на дзве роўныя часткі, адна з якіх належыць Лясцу, а другая – суседнім Ліцвінавічам.

DCIM101MEDIADJI_0032.JPG

Толькі тут, над маёй роднай вёскай, самае сіняе неба, па якім улетку бясконца плывуць як нідзе белыя аблокі. Як тыя льняныя ручнікі і сукенкі, што некалі паласкалі ў рэчцы і рассцілалі на прасушку ў лузе сялянкі, як тыя арнаменты, што ўпрыгожваюць беларускі сцяг. Толькі тут асабліва празрыстае паветра, толькі тут асабліва лёгка дыхаецца і салодка спіцца. Вось якая яна, мая малая радзіма, мой родны Лясец, куды, нібы магнітам, цягне мяне ў любую пару года. Упэўнена, у кожнага з вас ёсць такі мілы і непаўторны куточак на зямлі.

Даўно няма ў жывых маіх дарагіх бацькоў – Аляксея Адамавіча і Аляксандры Ігнатаўны Бойка. Здаецца, няма да каго і ехаць. Але чым больш жыву на свеце, тым часцей звяртаюся да сваіх каранёў. Часта бачу яе ў снах. То іду з татам у лес дапамагаць яму ў рабоце з пчоламі, то з бабуляй Ганнай па ягады, буякі ды чарніцы, то з бацькамі ў Рэпішча – рыхтаваць дровы на зіму. А то збіраю грыбы, якіх у нашым лесе безліч. Адным словам, што было, тое і сніцца.

DCIM101MEDIADJI_0028.JPG

Гуляць, безумоўна, хацелася. Але не слухацца бацькоў – гэта быў вялікі грэх. То збожжа чысцілі пад навесам з маці, то кокса-гыз рвалі на тарфяных палетках каля Забалацця (з яго гуму выраблялі)… Якой толькі работы не выконвалі мы і самастойна, і разам з дарослымі.

У тым асяроддзі, побач з такой прыродай, здаецца, нельга было заставацца абыякавым да навакольнага свету і яго прыгажосці, нельга было не пісаць вершы. Пра сябе хачу сказаць, што я вельмі многа чытала кніжак, малявала. Значная роля ў тым належыць маім настаўнікам – самым адукаваным, самым інтэлігентным і таленавітым. Асабліва па рускай і беларускай мовах і літаратурах. Для мяне гэтыя ўрокі былі сапраўднымі святамі. Гэта Вольга Іванаўна Акулава, Глафіра Самойлаўна Рудзько, Ніна Паўлаўна Лішафаева. Ды і мая любімая цётачка, бацькава сястра, Вольга Адамаўна Лякіна, якая выкладала ў нас беларускую мову і літаратуру, а мы з братам Колем сядзелі за першай партай. Менавіта яны на сваіх уроках прывілі мне любоў да літаратуры, роднай мовы, паэзіі. Вялікае ім дзякуй за тое! Па гэтых прадметах я заўсёды атрымлівала самыя высокія адзнакі. Аднакласнікі здзіўляліся: як ты можаш сачыненне напісаць без памылак? А ў мяне так атрымлівалася.

DCIM101MEDIADJI_0025.JPG

І не толькі ў мяне. Малодшая сястра Марыя спрабуе пісаць вершы. Дваюрадная сястра Аляксандра Новік-Шлег стала журналісткай, працавала на Беларускім радыё. Затым па яе сцежцы пайшоў і сын Андрэй, які працуе на тэлебачанні. Брат Уладзімір Лякін – таленавіты гісторык-краязнаўца, член Саюза пісьменнікаў, выпусціў больш за 25 кніг.

Граматна пісаў і мой бацька. У яго быў прыгожы каліграфічны почырк, ён многа чытаў, добра іграў на гармоніку і скрыпцы, быў добрым майстрам-краўцом і заўзятым пчаляром. Не памылюся, калі скажу, што па нашай сямейнай лініі многа таленавітых родзічаў. Калі выйшла на пенсію, і з’явілася больш вольнага часу, я аддалася паэтычнай творчасці. Ужо маю пяць зборнікаў вершаў, у тым ліку адзін для дзяцей. З вялікім задавальненнем чытаю свае вершы ў ДК, гарадскіх бібліятэках, музычных школах, дзіцячых садках. Пры гэтым апранаю цудоўны беларускі нацыянальны касцюм, выкананы сваімі рукамі. А сяброўка Ганна Цюцюнік падарыла мне прыгожы галаўны ўбор з саломкі, як кажуць, для поўнага антуражу.

DCIM101MEDIADJI_0021.JPG

Напярэдадні Новага года прапаную землякам верш, прысвечаны малой радзіме, які так і называецца “Родны мой кут”.

DCIM101MEDIADJI_0020.JPG

Родны мой кут – любімая вёска,

Я чакаю сустрэчы з табой.

Там за хатаю жыта палоска,

Лаўка ля плоту, вялікі наш двор.

Дрэва стаяць, не калышацца голле,

Пахне паветра радзімай маёй.

Да болю знаёмае мне наваколле –

Хата старэнькая, ліпа над ёй.

Некалі роем пчолы ляталі,

Збіралі ў вуллі нам смачны мёд,

А потым у флягі яго мы каталі,

Салодкі тады нам быў кожны год.

Збіралася многа людзей ў нашу хату,

Бо тата – кравец, усіх абшываў.

Вялікі ім дзякуй – і тату, і маме,

Матуля спявала, а тата іграў.

Заграе на скрыпцы – мы слухаем, дзеці,

А возьме гармонік – мы скачам усе.

Так весела стане тады ў белым свеце,

Як сад зацвітаў у бялюткай красе!

Жылі, па-вясковаму скажам, заможна,

Хадзілі у лес, гаспадарку трымалі,

Не ведаў нястачы ніякай з нас кожны,

Бацькам, мы стараліся, дапамагалі.

Лугі, дзе сплятала калісьці вяночкі,

І лес, што дарамі заўсёды быў шчодры,

За хатай агарод – памідоры, гурочкі,

Жытнёвае поле і неба, як коўдра.

Цяпер я хаваю ў душы успаміны

І ўдзячнасць бацькам за любоў і цяпло,

І за навуку, і кут мой радзінны –

Дзяцінства маё, дарагое сяло!

IMG_6813

Вольга Андрусевіч.

 

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.