Вандроўкі па Калінкавіцкай зямлі. Убалаць

снимок 092

Убалаць – невялічкая вёска ў Зеляноцкім сельсавеце, што знаходзіцца ў 21 км на паўночны ўсход ад Калінкавіч і ў 6 км ад чыгуначнай станцыі Халоднікі на лініі Жлобін – Калінкавічы. Транспартныя сувязі ажыццяўляюцца па прасёлачнай і аўтадарозе Гомель-Лунінец.

Мінулае

Згодна пісьмовых крыніц, Убалаць была вядома з 19 стагоддзя як вёска ў Мазырскім павеце Мінскай губерніі. У 1850 годзе яна ўваходзіла ў склад маёнтка Даманавічы, якім валодаў памешчык Міхайлаў. У вёсцы тады налічвалася 18 двароў.

Са слоў жыхароў ўстаноўлена, што паселішча першапачаткова было ўтворана на тым месцы, дзе зараз знаходзяцца сельскагаспадарчыя ўгоддзі. З усіх бакоў яго акружалі балоты. Адсюль і пайшла назва — Убалаць, што азначае «У балоце».

Казалі, што першым жыхаром вёскі быў нейкі Баян Панцялей.

У 1877 годзе ў вёсцы налічвалася 9 гаспадарак. Сяляне працавалі на памешчыка, маёнтак якога знаходзіўся ў Даманавічах.

У пісьмовых крыніцах 1879 года Убалаць пазначана як сяленне ў Даманавіцкім царкоўным прыходзе.

Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы налічвалася 66 двароў і 324 жыхары. Быў хлебазапасны магазін, працаваў вятрак.

У 1908 годзе Убалаць упамінаецца як паселішча ў Даманавіцкай воласці Рэчыцкага павета з 71 падворкам і 478 жыхарамі.

У 1914 годзе непадалёку ад вёскі пачалося будаўніцтва чыгункі, і многія вяскоўцы прымалі ў ім актыўны ўдзел.

Праз год чыгунку Жлобін-Калінкавічы ўвялі ў эксплуатацыю. У 4 км ад вёскі пачаў дзейнічаць чыгуначны раз’езд «Убалаць», на якім працавалі некаторыя вяскоўцы.

снимок 030

Да рэвалюцыі жыхары займаліся ў асноўным земляробствам: сеялі грэчку, бульбу, жыта, пшаніцу, авёс. Землю сяляне арандавалі ў памешчыка.

Культурны ўзровень жыхароў вёскі быў крайне нізкі. Людзі не ўмелі ні чытаць, ні пісаць. Але, не гледзячы на гэта, у станаўленні і ўмацаванні Савецкай улады ўдзельнічалі як рабочыя, так і сяляне.

Ва ў Убалаці гэта былі Рыгор Салук і Аўрам Логвін.

У вёсцы дзейнічала царкоўна-прыходская школа, у якой настаўнічаў Патап Рыгоравіч Рэберт. Ён вучыў дзяцей грамаце і слову Божаму. Калі ў краіне разгарнуўся сацыял-дэмакратычны рух, мясцовы настаўнік актыўна у ім удзельнічаў.

Хваля сялянскага руху супраць самадзяржаўя ўсё набірала вышыню. У 1917 годзе адбылася Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя. Пасля яе камуністы пачалі арганізоўваць сялянскую беднату, падбухторваць яе супраць кулацтва. Ствараліся камітэты беднаты, пры дапамозе якіх у багатых адбіралі землю і раздавалі яе бедным.

Першым камуністам у вёсцы Убалаць стаў той жа Рыгор Салук.

Першымі камсамольцамі — Мікалай Цімафееў, Мікалай Логвін, Пётр Рэпіч.

снимок 034

Калектывізацыя ў вёсцы пачалася ў 1929 годзе. У 1930-м быў арганізаваны калгас «Беларуская Акадэмія навук» («БАН»), у які ўступілі 13 гаспадароў. У тым ліку сем’і Рыгора Салука, Патапа Рэберта, Федара Салука, Івана Салука.

У калгасе не было тэхнікі, землю апрацоўвалі ўручную. Эканоміка была вельмі слабай.

Камсамольцы і камуністы агітавалі жыхароў хутчэй далучацца да народнай гаспадаркі. Паступова «БАН» пачаў мацнець. Будаваліся жывёлаводчыя памяшканні, склады, набывалася тэхніка.

Старшынёй калгаса быў абраны Верамей Салук.

У гаспадарцы пачалі з’яўляцца стаханаўцы. Сваёй працай яны паказвалі прыклад астатнім сялянам. Першымі стаханаўцамі калгаса «БАН» былі Вера Чвей, Марыя Зусь, Мікалай Булаўка. Вера Чвей стала ўдзельніцай аднаго са з’ездаў стаханаўцаў.

Тады ў вёсцы працавалі вятрак, конная крупарушка, кузня.

У 1927 годзе ўбалатцы пабудавалі пачатковую школу. Вечарамі ў ёй займаліся і дарослыя: большасць вяскоўцаў не ўмела нават распісацца ў дакументах.

У 30-я гады мінулага стагоддзя ў школе навучаліся больш за 50 вучняў.

Прыкладна ў гэты ж час у вёсцы пабудавалі калгасную кантору і клуб.

снимок 046

Аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны жыхары Убалаці даведаліся ў самы першы дзень. Па першаму закліку на абарону Радзімы прызвалі каля 70 вяскоўцаў. Астатнія калгаснікі ў гэты час працавалі: збіралі ўраджай і здавалі яго дзяржаве, каб калгаснае дабро не дасталася ворагу.

У 1942 годзе пачалі арганізоўвацца партызанскія атрады. Бліжэйшы з іх знаходзіўся ў Даманавічах. Да партызанаў далучыліся 17 жыхароў Убалаці: Міхаіл Козка, Мікалай Булаўка, Уладзімір Башмак, Мікалай Прышчэп і іншыя.

Жыхары вёскі аказвалі партызанам пасільную дапамогу.

Вёску Убалаць ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў вызвалілі 12 студзеня 1944 года. Насельніцтва засталося мала: шмат жыхароў было выгнана ў Германію.

У час Вялікай Айчыннай вайны ў баях за Убалаць і наваколле загінулі 129 воінаў. Яны пахаваныя ў брацкай магіле на мясцовых могілках. У 1961 годзе там быў устаноўлены помнік загінуўшым воінам Чырвонай Арміі.

На франтах пры абароне радзімы склалі галовы 53 вяскоўцы. Сярод іх Рыгор Рэберт, Яфім Рэберт, Мікалай Козка, Міхаіл Козка, Ігнат Чвей і іншыя.

Некаторым жыхарам Убалаці пашанцавала: яны вярнуліся дадому жывымі, з узнагародамі. Сямён Ільіч Баян быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і медалём «За адвагу». Кузьма Фёдаравіч Чвей, Трафім Макаравіч Козка — ордэнам Чырвонай Зоркі. Кандрат Юдавіч Баян і Яўген Іванавіч Харлан – ордэнам Славы 3-й ступені. Павел Фёдаравіч Канцумер, Іван Конанавіч Прышчэп, Сідар Мікіціч Міронаў — ордэнам Вялікай Айчыннай вайны.

Вайна вельмі падарвала эканоміку калгаса. Прышлося адбудоўваць і наладжваць усё зноўку. Для калгаснікаў будавалі новыя хаты, адрамантавалі школу.

У 1955 годзе яна стала сямігодкай, а потым і васьмігадовай.

снимок 081

Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы было 594 жыхары. Яны працавалі ў калгасе «Камунар», цэнтр якога быў у Зеляночах.

Медыцынскае абслугоўванне вяскоўцаў ажыццяўляў мясцовы ФАП.

У 1956 годзе ў Убалаці пабудавалі новы клуб на 90 месцаў. У вёсцы працавала ажно дзве бібліятэкі – школьная і клубная.

Кіраўніком мастацкай самадзейнасці была Тамара Харлан. Потым у розныя гады — Надзея Грышан, Ніна Глембіцкая, Валянціна Бакіноўская.

У 1962 годзе ў вёску правялі электрычнасць, і ў хатах калгаснікаў засвяціліся лямпачкі Ільіча. А яшчэ праз два гады на Убалаць прыйшло радыё. А потым і тэлебачанне.

З Убалаці ў свет выйшла нямала добрых спецыялістаў народнай гаспадаркі. Некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі вышэйшую адукацыю. Некатарыя ўраджэнцы сталі вядомымі людзьмі.

Так, Уладзімір Фёдаравіч Салук у 80-я гады ўзначальваў адзін з аддзелаў ЦК КПБ.

снимок 086

Леанід Міхайлавіч Некрашэвіч — сёння заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь. Указам Прэзідэнта ў 2008 годзе ён быў удастоены вышэйшай дзяржаўнай узнагароды — ордэна Францыска Скарыны.

Валерый Міхайлавіч Некрашэвіч — дырэктар фірмы па сэрвіснаму абслугоўванню касавых апаратаў, продажу і тэхнічным абслугоўванні аўтамабіляў маркі «Шкода», «Фальксваген».

Мацвей Аўрамавіч Цімафееў стаў урачом. Мікалай Паўлавіч Зусь – педагогам. Міхаіл Данілавіч Клімовіч – інжынерам.

Многія выхадцы з Убалаці звязалі свой лёс са службай ва Узброеных Сілах, сталі афіцэрамі.

У 1999 годзе ў вёсцы налічвалася 97 падворкаў і 177 жыхароў. Была крама. Там у розныя гады працавалі Надзея і Іван Грышан, Валянціна Бакіноўская.

У 2004 годзе у Убалаці было 80 гаспадарак і 146 жыхароў.

Знаёмая з Насавічаў расказала, што раней убалацкіх называлі «калкі». Казалі, што насавічскія хлопцы заўсёды «ваявалі» з мясцовымі. А калгаснікі з «Імя Калініна» ніколі не сябравалі з «Камунарамі».

 Цяпер гэта ўсё ў мінулым…

Сучаснасць

Сёння ў вёсцы пражывае 26 чалавек. Там няма ніводнага дзіцяці ці падлетка, асноўная частка насельніцтва — людзі сталога ўзросту. І толькі некалькі чалавек — працаздольнага.

У вандроўку ў гэтае малое паселішча мы накіраваліся ў першыя дні снежня. Напярэдадні на землю ўпаў невялічкі сняжок, і вёска нас сустрэла ў лёгкім зімовым убранні.

На вуліцы – ні душы. Нешматлікія вяскоўцы пахаваліся ў свае цёплые хаты.

На падворку бліжэйшай да нас забрахаў сабака. Эстафету адразу падхапілі і суседскія.

Канешне, з усімі жыхарамі Убалаці ў той дзень мы не пазнаёміліся, аднак прыкладна з палову нам пашанцавала пабачыць.

Таццяна Клімовіч

Таццяна Клімовіч

У моцным цагляным доме жыве Таццяна Клімовіч. Гэта зараз хата для яе адной занадта вялікая і прасторная. А раней – паспрабуй схавайся, каб пабыць сама з сабой.

Таццяна Аляксееўна — мясцовая, убалацкая. Дом з мужам будавалі побач з яе бацькоўскім селішчам.

Мікалай Іванавіч, які быў родам з Мікулінска, рана аставіў яе ўдавою. А нарадзілі яны пяцярых сыноў.

Таццяна Аляксееўна працавала даяркай на мясцовай ферме. Як шматдзетная маці пайшла на пенсію ў 48 гадоў.

Яна і сёння трымае гаспадарку, засявае агарод. Добра, что памочнікаў багата.

— Сыны выраслі добрымі хлопцамі і жонак добрых сабе знайшлі. Чацвёра жывуць у Калінкавічах, адзін у Мазыры, — рассказала жанчына і, усміхнуўшыся, дадала: — У мяне ўжо сем унукаў.

Жанна і Сяргей Скробаты

Жанна і Сяргей Скробаты

Жанна і Сяргей Скробаты — адносна маладыя жыхары Убалаці.

Жанна Уладзіміраўна больш за 10 гадоў працуе тут сацыяльным работнікам. Усе старэйшыя жыхары Убалаці прайшлі цераз яе.

Сяргей Геннадзьевіч 22 гады адпрацаваў на чыгунцы, сёння старажуе ў школе.

Іх дачка жыве ў Зеляночах. Сын у Калінкавічах. Ёсць у Скробатаў і ўнукі.

— Замуж я пайшла рана, у сямнаццаць з паловай гадоў. З Сяргеем пазнаёміліся на вяселлі ў Зеляночах. Я тады яшчэ ў школу хадзіла, — расказвае Жанна Уладзіміраўна. – Вывучылася на швяю-вязальшчыцу, працавала ў Калінкавічах у КБА. Пасля дакрэта пайшла даяркай. Потым была санітаркай на ФАПе. А калі ён закрыўся, перайшла ў службу сацыяльных паслуг. Так і бегаю ад адной бабулькі да другой.

Праскоўя Баян і Наталля Шкурацька

Праскоўя Баян і Наталля Шкурацька

У пафарбаванай у ярка-жоўты колер хаце жыве 86-гадовая Праскоўя Баян. І гэта па пашпарце. Колькі гадоў ёй на самой справе, жанчына сама не ведае.

Працоўны стаж Праскоўі Ігнатаўны складае 49 гадоў. Палову з іх яна адшчыравала на торфазаводзе ў Васілевічах. А потым больш за 20 гадоў працавала тэхнічкай у мясцовым клубе. Выступала ў мясцовай самадзейнасці.

— Ой, ягадка мая, папаездзілі мы з канцэртамі па наваколлі, асабліва пры Надзеі Грышан. Памятаю, што запявалай у нас заўсёды была Таццяна Канцумер. Пакуль аладкі дзецям пячэ, новую песню прыдумляе. Запісвала іх на паперку, каб не забыцца. А ўвечары несла тую паперку ў клуб на рэпетыцыю, — рассказала Праскоўя Ігнатаўна.

Узгадала жанчына і настаўнікаў, што працавалі ў мясцовай школе: Лідзію Цімашэнка, Івана Салука, Надзею Ахрэмаўну (прозвішча, на жаль, не помніць). Дырэктарам школы быў франтавік, заслужаны настаўнік школ БССР Фёдар Фаміч Кудасаў.

Праскоўя і Канстанцін Баян выгадавалі чатырох сыноў. Сёння аднаго з іх ужо няма на гэтым свеце. Няма і мужа Канстанціна Андрэевіча, які ўсё жыццё працаваў у калгасе шафёрам.

— Добры быў мужык у мяне. Хаты ўсім дзецям дапамог паставіць. Пчол трымаў. Сёння іх даглядае наш сын Сяргей. У мяне шэсць унукаў і столькі ж праўнукаў. Ні на каго з іх не крыўджуся — наведваюць, тэлефануюць.

Упраўляцца з хатнімі справамі і па гаспадарцы Праскоўі Ігнатаўне дапамагае мясцовая жыхарка Наталля Шкурацька.

Зінаіда Струкава

Зінаіда Струкава

У Праскоўі Баян мы засталі яшчэ адну вяскоўку — Зінаіду Струкаву.

— А што дома сядзець адной? – з усмешкай пытаецца жанчына. – Прыйшла пагуляць. Я тут недалёка жыву. Амаль кожны дзень да Ігнатаўны пасядзець-пагутарыць прыходжу. Я ж ужо 23 гады жыву адна.

Зінаіда Аляксандраўна 20 гадоў адпрацавала на ферме цялятніцай. Яе муж Віктар Аляксандравіч быў шафёрам, трактарыстам у калгасе.

Разам яны нарадзілі шасцярых дзяцей. Аляксандр жыве ў Зеляночах, працуе механізатарам. Віктар – выкладчык Мазырскага педуніверсітэта.

Сёння ў Зінаіды Струкавай 7 унукаў і 7 праўнукаў.

Нашу размову з жанчынамі перапыніў сусед Праскоўі Баян Валерый Харлан, які жыве ў хаце насупраць.

— А я бачу, машына нейкая пад’ехала. Думаю, няўжо зноў цыгане завіталі ў нашу вёску? Прыйшоў паглядзець ці ў Ігнатаўны ўсё добра.

— Валера да мяне штодзень заходзіць, дзякуй яму, — кажа гаспадыня. – Стукае ў акно, калі я раніцай доўга свет не запальваю, правярае ці жывая.

Міхаіл і Валянціна Баян

Міхаіл і Валянціна Баян

Наступны вясковец, да якога мы завіталі, Міхаіл Баян таксама убалацкі. А вось жонку сабе прывёз ажно з Волагды. Служыў радыстам у картаграфічных войсках у Заходніх Чарнаўцах, летам ездзіў у службовыя камандзіроўкі. У адной з такіх паездак і сустрэў валагодку Валянціну. Дзяўчына тады вучылася ў 8 класе.

Праз тры гады Міхаіл Міхайлавіч зноў паехаў туды і забраў абранніцу, прывёз да сябе радзіму. У іх нарадзілася трое дзяцей.

Сёння іх сын Юрый і дачка Людміла – ваенныя, жывуць у Калінінградзе. Наталля жыве ў Калінкавічах, працуе ў ЦРБ медсястрой.

Міхаіл Баян спачатку працаваў на чыгунцы, а потым перайшоў на рамонтна-механічны завод. На РМЗ і прарабіў старэйшым машыністам кацельнай больш за 30 гадоў.

снимок 100

Валянціна Іванаўна была аглядчыкам вагонаў.

Улетку іх падворак патанае ў кветках. Агарод у гэтых гаспадароў усім суседзям на зайдрасць – чаго там толькі не расце!

Міхаіл Баян раней захапляўся разьбой па дрэву. Таму многія прадметы інтэр’еру і прылады ў іх утульнай хаце зроблены яго працавітымі рукамі.

Ніна Фарнэль

Ніна Фарнэль

Пазнаёміліся мы і з Нінай Фарнэль. Ніне Сяргееўне ў красавіку споўніцца 80 гадоў, але яе пачуццю гумару могуць пазайдросціць і маладыя.

Пра сябе і сваё жыццё жанчына расказала багата і маляўніча — можна цэлую кніжку пісаць.

Сама яна з Петрыкаўскага раёна. На Убалаць яе прывёз муж Мікалай Аляксандравіч. А пазнаёміліся яны на цаліне ў Казахстане.

— Да гэтага я ўжо паспела з’ездзіць ва Украіну – есці паехала зарабляць. І зарабіла. Прывезла дадому 500 кг пшаніцы і тры мяхі цукру. А яшчэ за сезон паспела насушыць па мяху семак і яблыкаў, — расказвае жанчына. – Брат мой працаваў мельнікам на млыне ў Капаткевічах, ён нам тую пшаніцу змалоў на муку, і мы ўсю зіму елі хлеб і аладкі. А яшчэ раней, зусім малая тады была, працавала ў Пцічы на будоўлі бальніцы. Мне нават прэмію тады далі – валёнкі.

Бацька наш загінуў на вайне. У маці засталося восем дзяцей. Трэба было хлеб зарабляць.

Сюды мяне мой Мікалай прывёз з цаліны ў 1961 годзе прама з раддому, калі я нарадзіла Віцю. Прывёз, а праз месяц-другі яго прызвалі ў армію. Вось як…

У Мікалая Аляксандравіча і Ніны Сяргееўны нарадзілася шэсць сыноў. Сёння засталося толькі трое. Старэйшы Віктар жыве ў Зеляночах, працуе шафёрам у лясніцтве. Мікалай абаснаваўся ў Светлагорску. Валера – у Бабровічах.

Працавалі супругі Фарнэль у калгасе: Мікалай Аляксандравіч – механізатарам, Ніна Сяргееўна — даяркай.

Ужо пайшоў восьмы год, як Ніна Фарнэль аўдавела. Гаспадыня і сёння трымае курэй, засявае невялічкі агарод. Кажа, што інакш жыць проста не ўмее.

***

З дарогі кідаем яшчэ адзін позірк на бязлюдную вясковую вуліцу. Нешматлікія жыхары Убалаці халодным зімовым днём знаходзяцца ў хатах. Яны, напэўна, не задумваюцца пра тое, што праз якіх-небудзь дзесяць-пятнаццаць гадоў іх вёсачка можа знікнуць з карты раёна.

І гэта нармальна, бо іх жыццё, напоўненае працай і штодзённымі клопатамі, не гледзячы ні на што, працягваецца.

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.