Ганна Серафімовіч апошняя жыхарка Мікулінска

снимок 022

Мікулінск – пасёлак у Зеляночскім сельсавеце. Гэтага паселішча, можна сказаць, ужо не існуе. Згодна дакументаў, сёння там не прапісаны ні адзін чалавек. Фактычна ж у Мікулінску пражывае адна жыхарка.

Да Ганны Серафімовіч двойчы ў тыдзень ездзіць аўталаўка. Спыняецца пад яе хатай і паштовая машына.

Апошнюю жыхарку вёскі мы засталі каля печы: корпалася над плеценай каробкай з сухімі кукурузнымі пачаткамі.

— А…Наташа, гэта ты. Ну, праходзь, — пазнала гаспадыня бухгалтара Зеляночскага сельсавета Наталлю Каваленка. Тая добра ведае мясцовых людзей і згадзілася нас суправаджаць. — А хто гэта з табой? Каго да мяне прывяла?

Тлумачым хто мы, адкуль, з якой мэтай прыехалі.

— Ну, жыву тут адна, і што з гэтага? Я і не заўважаю таго адзіноцтва — раблю тое, што трэба, і добра мне. Гэта матчына хата, — удакладняе жанчына, не спыняючы свайго занятку. — Яе ніхто не аформіў у спадчыну, таму і прапісацца тут я не магу. Прапісаная ў Гарочычах, жыву ў Мікулінску ўжо больш за10 гадоў.

— А што вы з гэтых пачаткаў рабіць збіраецеся?

— Што-што? Худобу карміць. Што ж яшчэ? – адказвае Ганна Іванаўна.

— Вы паглядзіце, якія чыгункі ў Іванаўны бліскучыя! – паказвае кудысьці пад печ Наталля Каваленка. – Як новенькія!

— Ім ужо гадоў па дваццаць, калі не болей. Попелам адшаравала, — кажа Ганна Серафімовіч. Уздыхае, прысаджваецца на стул. – Добра. Сяду, пагутару з вамі, а то ж не адчэпіцеся…

снимок 011

Яе бацька прыйшоў з вайны інвалідам ІІ группы. Быў лесніком. Маці таксама працавала ў лясніцтве.

Пасёлак Мікулінск, які па пісьмовым крыніцам вядомы з 19 стагоддзя як маёмасць памешчыка Міхайлава, ніколі не быў вялікім і густанаселеным. У 1944 годзе акупанты цалкам яго спалілі, і мясцовыя жыхары пасля вайны адбудоўвалі свае селішчы з нуля.

У гады дзяцінства Ганны Серафімовіч, па яе словах, у Мікулінску налічвалася не больш за 20 двароў. Але ў кожным было па 5-8 душ. Школы не было, за ведамі дзеці хадзілі на Убалаць.

— У нас была крама і ферма. Але туды я працаваць не пайшла. Паехала да старэйшай сястры Тані ў Мінск. Уладкавалася на завод МАЗ у зварачны цэх. Жыла на кватэры, — расказала жанчына. – Потым нарадзіла сваю Людмілу і вярнулася дадому. Праз год пайшла працаваць у перасовачную калону Рагачоўскай ЛЭП, якая цягнула лінію электраперадачы аж за Ленінград. Была рабочай у сталовай. Дачка засталася дома з маці.

У 1979 годзе ў мяне нарадзіўся Слава. Пабыла з ім год дома і пайшла даіць кароў. Ферма знаходзілася паміж Убалаццю і Мікулінскам. Каля сямі гадоў я працавала даяркай. А потым не ведаю, што на меня найшло, мабыць, нячысцік паблытаў — пайшла ў Гарочычы ў прымы. Адгаравала больш за 20 гадоў. Не жыццё гэта было, не жыццё. Бітая не раз хадзіла. Не хочу сёння пра гэта і ўспамінаць…

У Гарочычах Ганна Серафімовіч працавала на ільнозаводзе, потым на ферме ў Рудзеньцы.

снимок 015

— Трынаццаць гадоў таму памерла маці, і я, нарэшце, не вытрымала і вярнулася дадому, — працягвае распавядаць жанчына. — Дапрацоўвала да пенсіі ў паляводчай брыгадзе нашага мясцовага калгаса «Камунар».

Адна ў пасёлку я жыву ўжо гадоў пяць. Непрыкметна зніклі людзі, неяк адзін за адным. А з другога боку, хто мне тут патрэбны? Усё роўна не хапае часу па гасцям хадзіць – работы непачаты край…

Ганна Іванаўна трымае гаспадарку, у асноўным птушку – курэй, гусей, індыкоў. Ёсць і парася. Не так даўно трымала яшчэ і коз, кралёў.

Летам жанчына працуе на агародзе. Камбікорм для худобы дачка купляе ў Гарочычах.

За працай дні ў Ганны Серафімовіч праходзяць непрыкметна. Усе яны падобныя адзін да аднаго. А вечары апошняя жыхарка Мікулінска праводзіць у кампаніі тэлевізара.

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.