Хлебароб

яя055

Ёсць людзі, якія цалкам, раз і назаўсёды аддаюць сябе абранай справе -­ прысвячаюць ёй дзясяткі гадоў жыцця, уносяць асабісты ўклад у развіццё той галіны, у якой працуюць.

У нашым раёне пражывае нямала такіх ветэранаў працы. Адзін з іх ­ Мікалай Сігай з вёскі Дудзічы, працоўны стаж якога ў хлебаробчай галіне больш за паўстагоддзя. А калі быць больш дакладнай, то 57 гадоў.

яя064

У красавіку Мікалаю Паўлавічу споўнілася 80. На заслужаным адпачынку ён толькі апошнія дзесяць гадоў. І сёння гэты паважаны ветэран сельскай гаспадаркі зараджае навакольных сваёй энергіяй, жыццялюбствам, добразычлівасцю, можа падзяліцца багатым жыццёвым вопытам.

Навуку быць гаспадаром на сваёй зямлі Мікалай Сігай спасцігаў з самага дзяцінства. Працоўная дзейнасць на ніве сельскай гаспадаркі для яго пачалася яшчэ са школьных гадоў у Пцічскім саўгасе «40 гадоў Кастрычніка».

Малая радзіма Мікалая Паўлавіча – вёска Багрымавічы Капаткевіцкага (сёння Петрыкаўскага) раёна. Там ён скончыў чатырохгодку. Потым пешшу за ведамі хадзіў у школу ў Пціч.

Летам працаваў на розных палявых работах, на касілцы, дапамагаў брыгадзіру паляводчай брыгады. Пасля дзесяці класаў уладкаваўся ў калгас.

Тым жа летам маладога працавітага хлопца за добрую працу кіраўніцтва гаспадаркі накіравала на выставу дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ), на якую з раёна траплялі адзінкі. Толькі ўявіце сабе, як трэба было працаваць, каб удастоіцца такога гонару і даверу?!

Брыгадзір, начальнік участка, галоўны аграном

яя057

Пасля армейскай службы, якая праходзіла ў паветраных войсках сувязі ў Латвіі і Германіі, Мікалай вярнуўся ў калгас. Амаль адразу яго накіравалі ў Гомель на паўгадавыя курсы брыгадзіраў комплексных брыгад. Потым прызначылі брыгадзірам.

Хутка Мікалай Сігай стаў сямейным чалавекам. Ажаніўся з аднавяскоўкай Вольгай Аляксееўнай. У іх нарадзіўся першынец Валодзя.

У 1962 годзе, калі Калінкавіцкае і Капаткевіцкае ўпраўленні сельскай гаспадаркі аб’ядналі ў адну арганізацыю, Калінкавіцкае падраздзяленне заказала талковых спецыялістаў для сельскай гаспадаркі.

Так Мікалай Паўлавіч апынуўся ў Дудзічах. Працаваў брыгадзірам брыгады №2, потым начальнікам Шалыпскага ўчастка.

яя051

Кіраўніком саўгаса «Дудзічы» у той час быў Рыгор Жаўняк. Галоўным аграномам – Пётр Мацвеенка.

У 1964 годзе па накіраванню райкама і кіраўніцтва гаспадаркі Мікалай Сігай быў залічаны слухачом у школу падрыхтоўкі кіруючых кадраў калгасаў і саўгасаў пры Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

Наступныя гады ён працаваў на розных участках сельгаспрадпрыемства — кіраўніком аддзялення «Дудзічы», галоўным аграномам. Менавіта на апошняй пасадзе ён знайшоў сваё сапраўднае прызначэнне.

Таварыш старшыня

яя059

Мікалай Паўлавіч добрасумленна працаваў, цалкам аддаваўся справе, клапаціўся, каб саўгас ні па аднаму паказчыку не займаў апошніх пазіцый у раёне. І вельмі здзівіўся, калі неўзабаве атрымаў прапанову на новую пасаду – старшыні праўлення калгаса «Шлях Леніна».

Наступныя дзесяць гадоў ён займаў кіруючую пасаду і ўнёс дастойны ўклад у развіццё гаспадаркі, бо толк у гэтай справе ўжо ведаў. Пра такіх кажуць: «прафесіянал да мозгу касцей».

яя082

Але і для яго старшынская дзейнасць пачыналася не гладка. Аб гэтым нават сведчаць старонкі «раёнкі», якая тады называлася «За камунізм». Вось, напрыклад, урывак з артыкула за 1970 год: «…Па дарозе на поле старшыня калгаса «Шлях Леніна» Мікалай Паўлавіч Сігай расказваў аб цяжкасцях, якія сустрэліся на яго першых парах працы:

­ Ніякай дысцыпліны не адчувалася. Пашлюць аднаго-двух механізатараў на працу – не выканаюць яе. Не было кантролю за імі. На веснавой сяўбе вырашыў арганізаваць комплекснае вядзенне ўсіх работ. Цяпер на адным участку працуе 8-10 трактараў. Гледзячы адзін на аднаго, людзі сталі працаваць лепш. Затрымлівае брыгада вёскі Рудня Гарбавіцкая. Тут затоплены землі. Але план сяўбы выканаем за кошт іншых брыгад, а там пасеем аднагадовыя травы, сумесі на зялёны канвеер.

Добра мы пасеялі ячмень. Шпарка ідзе ў рост. Ды і авёс даў нядрэнныя ўсходы. Поўную дозу ўгнаенняў унеслі пад гэтыя культуры…».

яя087

Расказваў Мікалай Паўлавіч і пра вясновы павадак, які ў 70-х затапіў усю Рудню, у тым ліку і фермы, дзе ўтрымліваліся авечкі з каровамі.

Тады яны спрацавалі вельмі аператыўна: ратавалі статак усім калгасам, выносілі авечак з затопленных хлявоў на плячах. Старшыня калгаса, у тым ліку, вынес на сваёй спіне пад сотню авечак. Пра Мікалая Сігая потым у «Звяздзе» выйшаў вялікі артыкул пад назвай «Таварыш старшыня».

яя069

­ Авечак было пад 700 галоў, — успамінае Мікалай Паўлавіч. – Іх мы перавезлі ў Турцэвічы. Яны нават не зразумелі, што здарылася, і ў той год далі прыплод у 100 галоў. Кароў мы выводзілі і растаўлялі на ўзвышшах, там іх і кармілі, і даілі.

яя103

З Мікалая Паўлавіча атрымаўся добры кіраўнік. Павагу падначаленых ён заслужыў працай і ўласным прыкладам. Магчыма, ён кіраваў бы калгасам «Шлях Леніна» да самай пенсіі, але ў сям’і старшыні здарылася бяда. Цяжка захварэла жонка. Вольга Аляксееўна перанесла інсульт, ёй патрэбна была дапамога і догляд. І Мікалай Паўлавіч адмовіўся ад пасады, перайшоў у Палескі саўгас-тэхнікум імя В.Ф.Міцкевіча загадчыкам аддзялення.

яя104

У 1983 годзе ён аўдавеў. Калі боль страты любімага чалавека крыху сціх, ажаніўся другі раз. Вольга Афанасьеўна таксама была ўдавою. Сёння ў іх на дваіх шасцёра дзяцей, восем унукаў і шэсць праўнукаў.

яя086

Палескі саўгас-тэхнікум быў рэарганізаваны ў саўгас «Дудзічы». Пасля адбылося яшчэ некалькі рэарганізацый. Змяняліся назвы гаспадаркі, уласнікі, кіраўнікі… Нязменным заставаліся працалюбства, мэтанакіраванасць і стараннасць Мікалая Паўлавіча, які выйшаў на заслужаны адпачынак толькі ў 2009 годзе.

І сёння хвалюецца за гаспадарку

яя112

Мікалай Сігай і сёння цікавіцца справамі ў сельскай гаспадарцы раёна, свайго прадпрыемства — асабліва, хвалюецца, што ў «Дудзічы-Агра» часта мяняюцца кіраўнікі (якая можа быць дысцыпліна?). З вышыні свайго вопыту ён мог бы даць маладым не адну слушную параду. Але, хто яго стане там слухаць?

Здароўе ўжо падводзіць, але Мікалай Паўлавіч не здаецца: не можа ўсядзець без справы, заўсёды ў руху. Дапамагае жонцы з хатнімі справамі, займаецца агародам, даглядае невялічкую гаспадарку. А яшчэ вельмі любіць прыроду і не прапускае магчымасці схадзіць у лес за грыбамі ці ягадамі. У магазін і па розных справах, як і ў тыя гады, калі працаваў, ездзіць на веласіпедзе.

яя077

Самая ж вялікая радасць і каштоўнасць для яго ­ дзеці, унукі і праўнукі. Ці гэта не шчасце, калі род працягваецца, а значыць, працягваецца і жыццё.

яя115

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.