Калектыў мастацкай самадзейнасці Казловіцкага СДК дорыць людзям свята

снимок 124 3

Менавіта гэтыя словы найбольш трапна характарызуюць калектыў мастацкай самадзейнасці Казловіцкага СДК, які за апошнія гады стаў даволі вядомым у раёне і заззяў яркімі фарбамі на творчым небасхіле культурнага жыцця.

Гэтых таленавітых артыстаў добра ведаюць не толькі жыхары Казловіцкага сельсавета, але і за яго межамі. Галасістыя і надзвычайна харызматычныя выканаўцы ­ пастаянныя ўдзельнікі культурных мерапрыемстваў, творчых фестываляў і конкурсаў.

У дырэктара сельскага Дома культуры Любові Савіцкай атрымалася сабраць у адзін калектыў неабыякавых да мастацтва людзей, сапраўдных энтузіястаў.

Штатнымі супрацоўнікамі клубнай установы з’яўляюцца толькі сама Любоў Уладзіміраўна, акампаніятар Наталля Мятлушка і кіраўнік гурткоў Юлія Грышан. Астатнія ўдзельнікі – энтузіясты, апантаваныя творчасцю і мастацтвам, для іх магчымасць дарыць людзям свята і добры настрой – аддушына і прыемная жыццёвая неабходнасць.

Пастаянны склад калектыву ­ 8 чалавек. У іх ліку таленавітыя прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва – Мікалай Камыш і Аляксандр Пінчук, якія надаюць творчаму ансамблю асаблівую харызму, разбаўляюць і выгадна адцяняюць жаночы склад калектыву.

Мікалай Камыш жыве ў Казанску, але не прапускае ні адной рэпетыцыі. Яго выдатныя вакальныя дадзеныя атрымалі высокую адзнаку не толькі ў нашым раёне, але і на шматлікіх вакальных конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Жыхар вёскі Хамічы Аляксандр Пінчук можа з лёгкасцю праспяваць як народныя песні, так і сучасныя музычныя хіты. Напрыклад, “Туманы” папулярнага ўкраінскага спевака Макса Барскіх у яго не выклікаюць ніякіх цяжкасцяў.

Галіна Доўбан і Вольга Пратасевіч ужо на пенсіі, але не збіраюцца развітвацца з творчасцю, наадварот, працягваюць дарыць гледачам і слухачам усё новыя і новыя песні.

Яшчэ адна артыстка Ала Дзмітрыенка працуе ў мясцовай гаспадарцы УП “Даманавічы-Агра”. Алена Савіцкая – сацыяльны работнік. А маладая таленавітая Кацярына Савіцкая вучыцца ў Мазырскім ліцэі геалогіі.

Дзякуючы гэтым людзям, кожнае свята ў Казловічах атрымліваецца непаўторным і самабытным. А іх на працягу года ладзіцца нямала: юбілейныя і прафесійныя даты, усе каляндарныя святы, Дні вёскі, Зажынкі, Дажынкі, — гэты шэраг можна працягваць яшчэ доўга.

Артысты спяваюць не толькі для сваіх аднавяскоўцаў, але і для жыхароў суседніх маланаселеных вёсак, у якіх няма клубных устаноў, выступаюць на палях, на фермах і зернятоках. Іх запрашаюць на святы вёсак у Бабровічы, Гарочычы, Азарычы.

У пачатку месяца яны радавалі песнямі сталых жыхароў сельсавета – выязджалі з канцэртамі ў Казанск, Кошчычы, Рудзеньку. Зараз рыхтуюць канцэртную праграму да Дня маці.

У верасні казловіцкія артысты ўдзельнічалі ў рэгіянальным фестывалі-конкурсе “Крокі”, які адбыўся ў г.п.Акцябрскі. Адтуль яны прывезлі шэсць дыпломаў у розных намінацыях. А Аляксандр Пінчук атрымаў прыз сімпатый гледачоў.

Что ж тады казаць пра і іншыя культурныя мерапрыемтвы, што праходзяць штогод у Калінкавічах? Той жа фестываль гумару “Аўцюкі”, напрыклад? Альбо раённае свята Купалле ў парку адпачынку, на якім выступаў гэты калектыў?

І толькі самім артыстам вядома, колькі часу і карпатлівай працы ўкладзена, каб іх песні так выдатна гучалі, заварожвалі і краналі да глыбіні душы.

Асобна трэба сказаць і пра касцюмы. Іх распрацоўкай займаецца акампаніятар Наталля Мятлушка, яе ўдзельнікі калектыву ласкава называюць “наш дызайнер”.

А вось свайго лідара, дырэктара Любоў Савіцкую па-за вачыма завуць “наш Дробыш”. Таму што яна, як той строгі прадзюсэр, адбірае рэпертуар для таго ці іншага канцэрта. Дарэчы, рэпертуар у калектыва вельмі багаты, разнастайны і рознажанравы.

– Як вы знаходзіце песні? – звяртаюся з пытаннем да Любові Уладзіміраўны.

– Кожны прапаноўвае свае кампазіцыі. Асабліва актыўны ў гэтым плане наш Саша. Потым мы разам абмяркоўваем прапанаваныя варыянты. І калі песня нас задавальняе, добра атрымоўваецца ў выканаўцы, уключаем яе ў рэпертуар, — адказвае яна.

Прыемна, што наша творчасць прыносіць людзям задавальненне, дорыць ім добры настрой, тады мы адчуваем, что рухаемся ў правільным накірунку, займаемся патрэбнай справай, што ўсё зробленае было недарэмна. Мы і далей абяцаем радаваць нашых землякоў новымі песнямі, рабіць іх вольны час разнастайным і прыемным. А іх падзяка, усмешкі на тварах, бляск у вачах для нас лепшая падзяка і ўзнагарода, — дадае дырэктар Дома культуры.

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.