Гаспадыня  вялікай сям’і 

снимок 003
З любоўю да беларускай мовы

Акрамя старэйшай сястры, заслужанага настаўніка БССР Вольгі Дарошка, у чалавека, пра якога пойдзе зараз гаворка, былі яшчэ тры браты: Васіль, Леанід і Рыгор. На жаль, ні сястры, ні братоў Лідзіі Філіпавай ужо няма на гэтым свеце.
А калісьці жыла гэта вялікая і дружная сям’я на Міншчыне — у мястэчку Багушэвічы Бярэзінскага раёна. Там жа Лідзія Агееўна і ў школу-сямігодку пайшла, дзе ўсе прадметы выкладаліся на беларускай мове. Ды і ў мястэчку ў тыя далёкія часы амаль усе размаўлялі па-беларуску. Мова Купалы і Коласа вельмі падабалася Лідзіі Філіпавай, таму і вырашыла стаць настаўніцай, прывіваць дзецям любоў да беларускага слова.
У выбары ж навучальнай установы дапамагла сястра Вольга, якая скончыла настаўніцкі інстытут у Мазыры і працавала на Калінкавіччыне. Старэйшая сястра ўзяла да сябе на кватэру малодшую і нават аплаціла той вучобу — 150 рублёў у год.
Праз два гады вучобы ў інстытуце Лідзія Агееўна атрымала дыплом настаўніцы беларускай мовы і літаратуры і накіраванне ў Малааўцюкоўскую сярэднюю школу. А пасля адпрацоўкі, у 1953 годзе перайшла ў Антонаўскую школу, дзе і прайшлі сорак пяць гадоў яе жыцця.
Педагог-ветэран гаворыць, што заўсёды імкнулася не толькі да таго, каб вучні добра ведалі яе прадмет, але і ў жыцці штосьці ўмелі. На прышкольным агародзе настаўніца з дзецьмі па вясне садзілі бульбу, буракі, моркву, а па восені збіралі ўраджай. Дзяўчатам Лідзія Агееўна перадавала навыкі, неабходны для хатняй гаспадыні — уменне шыць і гатаваць смачныя стравы.
У час жа летніх канікул пастаянна вывозіла вучняў на аздараўленне. Са сваімі класамі яна пабывала на Мінскім моры, Каўказе і ў іншых мясцінах былога СССР.

Калі мы былі маладыя

Як і для кожнага чалавека, Лідзіі Агееўне найбольш прыемна ўспамінаць пару юнацтва і маладосці:
— Калі я толькі прый-шла ў Антонаўскую школу, там быў цудоўны калектыў педагогаў. Узначальваў яго дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Міхаіл Якаўлевіч Чайкоўскі, завучам працаваў Мікалай Антонавіч Шабета. Настаўнікі ў асноўным былі, як і я, у маладым узросце, мы сябравалі, і не ўзнікала ніякіх канфліктаў унутры калектыву. Праходзілі гады, на працу ў нашу школу прыходзілі новыя пакаленні педагогаў, як правіла, з ліку былых яе выпускнікоў. Так, я доўгі час працавала разам з дырэктарам Антонаўскай СШ Марыяй Чарнянковай і намеснікам дырэктара Тамарай Новік. Гэта мае вучаніцы. Калі надыйшла пара выйсці на заслужаны адпачынак, Марыя Канстанцінаўна і Тамара Іванаўна ўсё ўгаворвалі мяне: “Лідзія Агееўна, мы ж вас добра ведаем, даўно з вамі працуем і нават не можам уявіць школу без вас. Вы пойдзеце на адпачынак, а на ваша месца трэба будзе ўзяць чужога чалавека. А яшчэ ці спрацуемся з ім? Таму заставайцеся, пакуль сілы ёсць, у нашым страі”.
Так я і засталася ў школе амаль да сваіх 70. Выйшла на заслужаны адпачынак праз некалькі гадоў пасля таго, як быў уведзены ў строй новы будынак Антонаўскай сярэдняй школы, і па-добраму зайздросціла сваім калегам, каму ў яго светлых і ўтульных класах яшчэ доўга працаваць. Зразумела, што новую школу з той, дзе пачынаўся мой працоўны шлях, нельга і параўноўваць.
Мае былыя вучаніцы Жанна Садоўская і Таццяна Лакудас таксама прыйшлі на працу ў родную школу — настаўнікамі пачатковых класаў.
Увогуле людзі, якіх я вучыла, абралі для сябе самыя розныя прафесіі. Шмат сярод іх педагогаў, медыцынскіх работнікаў, ваеннаслужачых, супрацоўнікаў МУС і МНС. Некаторым са сваіх вучняў менавіта я параіла выбраць тую або іншую прафесію, бо бачыла, да чаго ў іх большыя здольнасці. Рада, што мае парады дапамаглі ў прафесіянальным выбары. Галоўнае ж, усе былыя вучні знайшлі сябе ў гэтым жыцці і сталі добрымі людзьмі. Яны памятаюць мяне. Зараз з Калінкавіч прыязджаю ў Новую Антонаўку, дзе пахаваны муж Міхаіл Філіпавіч і сын Васіль, раз у год, на Радаўніцу. Тыя людзі, каго калісьці вучыла, заўсёды радасна са мною вітаюцца, цікавяцца здароўем. Гэта прыемна.
З найбольш яркіх успамінаў далёкай маладосці — удзел у перапісе насельніцтва ў 1959 годзе, на якім я была задзейнічана перапісчыкам у вёсках Антонаўка і Рудня Антонаўская.
Увогуле сёння часта ўспамінаю 50 — 80 гады — тады настаўнік у вёсцы быў вельмі паважаным чалавекам. Але гэта я настальгірую. Жыццё ў пару нашай маладосці было цяжэй, чым зараз. У дэкрэце па тры гады не сядзелі, і немаўлят гадавалі, і працавалі адначасова. І пенсіянераў дзяржава зараз не забывае — пенсіі добрыя плаціць.

Шчасце — жыць за мужам

З вялікай цеплынёй Лідзія Агееўна ўзгадвае свайго мужа. Разам яны пражылі 57 гадоў, і ўвесь гэты час, па словах субяседніцы, яна была “за мужам, а не перад ім”. І лічыць гэта правільным у плане пабудовы ўзаемаадносін супругаў, пабудовы трывалай сям’і.
— Са сваім Міхаілам Філіпавічам мне пашанцавала. За ўвесь час ад яго не пачула ніводнага папроку, ніводнага грубага слова. Калі ж везла свой клас на аздараўленне, ён казаў: “Едзь, праца настаўніка нялёгкая, ды і хатніх клопатаў хапае, таму табе патрэбна адпачыць”. А калі я ішла за пакупкамі, то заўсёды папярэджваў: “Купі што-небудзь сабе і дзецям, мне ж хаця нічога не купляй: пару кашуль ды світараў ёсць — гэтага дастаткова”.
Яго не стала ў 2012-м, і колькі яшчэ Бог мне дасць пажыць, буду ўзгадваць добрым словам гэтага чалавека.
Міхаіл Філіпавіч, як сапраўдны мужчына, вырашаў усе сямейна-бытавыя пытанні. Ён родам з Антонаўкі, а працаваў у аддзеле лінейнай міліцыі на станцыі Калінкавічы. У канцы 50-х яго прадпрыемства дало нашай сям’і зямельны надзел па завулку Чарнышэўскага, 14, і муж уласнымі рукамі пабудаваў драўляны дом, у якім узгадаваліся пяцёра нашых дзяцей. Дачка Людміла працягвае педагагічную дынастыю ў той жа Антонаўскай СШ і, як некалі я, працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Другая дачка Таццяна — медыцынскі работнік. Двое сыноў-блізнят — Яўген і Леанід —прысвяцілі сябе службе ў МНС, сталі афіцэрамі. Яны ўжо ў пенсійным узросце, але знайшлі сабе працу па душы і ў “цывільным” жыцці.
Час праляцеў хутка, дзеці павырасталі, а за імі — і ўнукі. Іх у мяне аж 10, а таксама 14 праўнукаў. Лёс раскідаў усіх па свеце. Хто ў Мазыры жыве, хто ў Гомелі, хто ў Мінску, а хто і ў замежжы — у Расіі, Вялікабрытаніі, Ізраіле.
Пасля гэтага Лідзія Агееўна падрабязна пералічыла па імёнах усіх сваіх праўнукаў, назвала ўзрост кожнага і дадала:
— Спадзяюся, яны ў мяне яшчэ будуць, бо ўнукі Мікалай, Міхаіл і ўнучка Юлія толькі стварылі сем’і.
Шматлікая радня не дае сумаваць сваёй маці і бабулі, пастаянна наведвае яе. Па магчымасці, родныя бываюць у бацькоўскай хаце як мага часцей, каб дапамагчы па гаспадарцы, падзяліцца свежымі навінамі. Вось і ў дзень, калі адбывалася наша гутарка, у госці з Гомеля прыехала дачка Таццяна з унучкай Вольгай, якіх вы бачыце на здымку. Шматлюдна было па завулку Чарнышэўскага 20 студзеня гэтага года, калі Лідзія Агееўна адзначыла свой 90-гадовы юбілей. Дзеці, унукі і праўнукі дружна пажадалі тады юбілярцы ў добрым здароўі дажыць да 100 гадоў!

Сяргей САКОВІЧ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.