Сядзібы ўзорнага парадку

снимок 001

Штогод у Наваселках, ці як завуць іх тутэйшыя, у Старых Навасёлках, сярод жыхароў вёскі аб’яўляецца конкурс на лепшы падворак. Як расказала загадчыца бібліятэкі-клуба і ў тым ліку дэпутат сельскага Савета Наталля Раманішка, робіцца гэта дзеля таго, каб родная вёска квітнела і харашэла, пераўвасаблялася ў лепшы бок, нягледзечы на тое, што знаходзіцца адносна далёка ад раённага цэнтра.

— Жыхароў у нас небагата, моладзі і дзяцей яшчэ менш, але ж жыццё працягваецца, і кожны павінны рабіць нашу малую радзіму ўтульнай, прыгожай, берагчы яе такой для нашчадкаў.

Сёння шыльды “Дом узорнага парадку” і “Сядзіба ўзорнага парадку” прымацаваны на шасці дамах вёскі. Адзін з іх – дом Віктара і Галіны Марштупа, які з ранняй вясны да позняй восені патанае ў кветках.

снимок 013

Кветкі – захапленне Галіны Міхайлаўны. А вось малыя архітэктурныя формы на падворку, арка, каб кветкам было па чым віцца, — справа працавітых рук гаспадара хаты Віктара Пятровіча.

У гэтым доме яны жывуць з 1988 года. Прыкладна столькі ж і ўпрыгожваюць свой падворак.

— Колькі я камення назбіраў, калі працаваў – не пералічыць! Паеду куды-небудзь па працы, бачу прыгожы каменьчык на абочыне дарогі ляжыць, не палянуюся, спынюся — забяру. Адзін нават з-пад Мінску прывёз, — усміхаецца Віктар Марштупа. – Часам, бывае, і пабурчу на жонку за тое, што марнуе столькі часу на гэтыя кветнікі ды клумбы, а потым усё роўна іду дапамаць іх паліваць. Што тут зробіш?..

Дарэчы, працаваў Віктар Пятровіч увесь час трактарыстам у ААТ “Каплічы”. Зараз на заслужаным адпачынку.

Галіна Міхайлаўна працуе і сёння. Пасля таго як бібліятэку, якой яна аддала больш за 20 гадоў, аб’ядналі з клубам у адну ўстанову, стала ў ёй працаваць акампаніятарам. Сёння яна вядзе некалькі дзіцячых гурткоў, дапамае Наталлі Раманішка арганізоўваць мерапрыемствы і акцыі.

Так-так, хаця Навасёлкі — вёска і невялікая, але ж новыя патрабаванні і веянні часу даходзяць і туды. Не так даўно для мясцовых дзяцей прайшла акцыя “Канікулы без дыму і агню” з удзелам інспектараў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях з конкурсамі, віктарынамі, раставымі лялькамі і салодкімі прызамі.

Супругі Марштупа выхавалі дваіх дзяцей, дачакаліся чацвярых унукаў, якія часта прыязджаюць да дзядулі з бабуляй у госці. Для малых гарэзнікаў Віктар Пятровіч абсталяваў сапраўдную дзіцячую пляцоўку з пясочніцай, арэлямі.

А вось Праскоўю і Вячаслава Сіманавых мясцовымі жыхарамі не назавеш. Яны мясцовыя толькі з вясны па восень. На зіму ад’язджаюць у Мінск, дзе пражылі і працавалі большую частку жыцця, дзе жывуць іх дзеці і ўнукі. Дом у Навасёлках — іх дача для адпачынку ад гарадской мітусні.

снимок 021

— Гэта дом маёй мамы, — удакладняе Праскоўя Паўлаўна. – Тут я нарадзілася, вырасла, адсюль пайшла ў белы свет. Таму ён мне вельмі дарагі. Тут я адпачываю душой.

Праскоўя Паўлаўна рана пакінула бацькоўскі дом. Адразу пасля школы паехала вучыцца. Больш за 20 гадоў працавала на “Інтэграле”. Потым перайшла ў банкаўскую справу.

Вячаслаў Мікалаевіч – ваенны ў адстаўцы. Кажа, калі цешча была жывая, яны часта наведвалі яе, але ніякіх змен на падворку не рабілі.

снимок 006

— Маці казала: “Вось памру, рабіце, што хочаце. А мне ўжо нічога не патрэбна”, — расказвае Праскоўя Сіманава. – Яе няма ўжо пяць гадоў, а мы як ездзілі сюды, так і ездзім. Лазню паставілі, кветкі высеялі. Для нас гэта куточак для спакойнага адпачынку на пенсіі. Маці б, напэўна, здзівілася, калі б магла пабачыць, што сёння яе хату ўпрыгожвае шыльдачка “Сядзіба ўзорнага парадку”.

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.