Манументальная Тамара Кіршчына

Тамара Кирщина

Неяк у рэдакцыю патэлефанавалі супрацоўнікі краязнаўчага музея і паведамілі, што да іх заходзіў Андрэй Кіршчын – сын беларускай мастачкі кераміста-манументаліста Тамары Кіршчынай. Паведаміў, што ў Год малой радзімы перадае ў падарунак музею сем творчых работ сваёй маці.

Беларуская энцыклапедыя называе Тамару Кіршчыну выдатным і ўнікальным мастаком манументалістам-керамістам. Вось ужо два гады, як няма з намі Тамары Іосіфаўны. Адзін з вядомейшых мастакоў-керамістаў Беларусі апошніх трох дзесяцігоддзяў, яна ціха пайшла з жыцця ў 2017 годзе і была пахавана побач з бацькам і маці. Ураджэнка Калінкавічаў, такім чынам, у поўным сэнсе вярнулася на малую радзіму.

*

Кажуць, манументальнае мастацтва – справа хутчэй мужчынская, чым жаночая. Але  менавіта творчыя работы Тамары Кіршчынай упрыгожваюць інтэр’еры буйных аб’ектаў краіны. Гасцініца “Беларусь”, Вялікі тэатр Беларусі і Дзяржаўная нацыянальная бібліятэка ў Мінску, Дом культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода… Разам з сябрам і настаўнікам, народным мастаком Беларусі Аляксандрам Кішчанкам яна працавала і над манументальным габеленам “Чарнобыль” для залы ААН у Нью-Ёрку. Адсюль, як адзначаюць спецыялісты, сумесныя праекты, адзіны почырк і майстэрства, пакладзенае ў аснову беларускай мастацкай школы.

Мозырь

За сваю творчую біяграфію яна стварыла вялікую колькасць вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога характару: вазы, блюды, дэкаратыўны посуд, скульптуры, керамічныя пано, вырабы дробнай і буйной пластыкі, кафлі, якія знаходзяцца ў прыватных калекцыях ў нашай краіне і за мяжой. Яе творы экспаніраваліся ў Расіі і Германіі, Італіі і Канадзе, Літве, Ізраілі і Швейцарыі.

Тамара Іосіфаўна была таленавітым скульптарам (сама прыдумляла і ляпіла вобразы людзей і жывёл), выдатным керамічным жывапісцам (валодала вялікай колькасцю тэхнік і школ роспісу па кераміцы) і керамічным тэхнолагам (умела спалучаць тэмпературы печы, розныя фарбавальнікі і керамічныя масы).

—Яна спалучала ў сабе тонкае майстэрства і філасофію вобраза мастацкага твора, – сказаў пра маці ў час перадачы творчых работ яе сын Андрэй, які закончыў мастацкае вучылішча імя Глебава, а потым аддзяленне бытавога дызайна Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і сёння працуе вядучым дызайнерам завода “Будфарфар” ААТ “Керамін”. – І таму мне, як сыну, удвая прыемна перадаць некалькі маміных работ музею ў яе родным горадзе. Тут яна нарадзілася, тут сфарміравалася як мастак, тут правяла свае апошнія гады і тут жа спачыла…

*

Тамара Кіршчына нарадзілася 5 студзеня 1950 года ў звычайнай сям’і. Бацька Іосіф Мікалаевіч быў родам з вёскі Карчага. Калі пачалася вайна, яму споўнілася 16 гадоў. Але як толькі ў ваколіцах з’явіліся партызаны, пайшоў у лес. З партызанаў яго і прызвалі ў рэгулярную армію. Ваяваў ён у 114-м гвардзейскім палку 37-й гвардзейскай дывізіі, быў адважным мінамётчыкам, двойчы ўзнагароджаны медалём “За адвагу”, атрымаў некалькі раненняў. А калі вярнуўся з вайны, працаваў у жывёлагадоўлі. Маці Матруна Васільеўна паходзіла з Ігната-Фабіянаўкі, у пасляваенны час працавала швачкай пашывачнага цэха Калінкавіцкага КБА па перавулку Куйбышава. Яны нарадзілі і выхавалі двух дочак – Тамару і Людмілу. Тамара стала мастаком, Людміла – настаўнікам.

Гобелен Чернобыль 2

Яшчэ ў шасцігадовым узросце бацька адвёў яе ў выяўленчую студыю пры Доме піянераў. Пагаварыў з Міхаілам Камісарчыкам, які вёў адзін з гурткоў у Доме піянераў, расказаў пра захапленне старэйшай дачкі маляваннем, і той сказаў: “Прыводзьце яе да нас”. Так дзяўчынка трапіла ў гурток да Вольгі Сопат, у якой пачала пасцігаць азы таямніц мастацва. Пазней вучылася ў настаўніка рысавання Давіда Дворкіна. Менавіта Давід Ільіч потым параіў чатыром сваім вучаніцам – Тамары Кіршчынай, Галі Козінец, блізнятам Ноне і Нэлі Махнач – паступаць у Абрамцаўскае вучылішча дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І яны пачалі рыхтавацца. Восем класаў Тамара закончыла ў СШ №3, дзевяты – у СШ № 2. А пасля разам з сяброўкамі накіравалася ў Маскву. І ўсе чацвёра паступілі.

Адкуль у Тамары была такая цяга да мастацтва? Людміла Наталевіч, яе малодшая сястра, успамінае, што іх маці была здольнай рукадзельніцай. Матруна Васільеўна любіла вышыўкі і сама многа і вельмі прыгожа вышывала. І ніколі не наносіла эскізы на матэрыю. Вышывала, як кажуць, на вока, пастаянна трымаючы ў памяці малюнкі, колеры і ўзоры. Неяк нават расказала дочкам, што яшчэ ў дзяцінстве любіла размаляваць пеўнікамі толькі што пабеленую мамай печ. Відаць, у спадчыну ад маці Тамара і атрымала мастацкі густ і талент.

Черный ангел

У час вучобы ў Маскве дзяўчына набыла не толькі трывалыя тэарытычныя веды, але і разуменне сапраўднага высокага мастацтва. Дзе, як не ў сталіцы СССР, тагачаснай вялікай дзяржавы, з яе шматлікімі музеямі, тэатрамі, выставачнымі галерэямі Тамара магла гэта зрабіць? На правінцыяльную дзяўчыну з простай сям’і ўсё гэта рабіла незабыўнае ўражанне і назаўжды пакінула заўважны след у душы і сэрцы.

Пасля заканчэння вучобы была праца – спачатку маладым спецыялістам у Мазыры, пазней у Гомелі. Якраз тут Тамара Кіршчына пазнаёмілася з адным з вядучых мастакоў-манументалістаў Беларусі Аляксандрам Кішчанкам. Аляксандр Міхайлавіч запрасіў яе ў свой творчы калектыў. Неўзабаве Тамара Іосіфаўна сталалепшым вучнем мастака, і разам яны рэалізавалі праекты, якія сталі вядомымі не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Творчы саюз двух таленавітых людзей працягваўся аж да самай смерці Аляксандра Кішчанкі і зрабіў значны ўклад у культуру Беларусі. Менавіта ў гэты перыяд былі створаны асноўныя манументальныя праекты Тамары Кіршчынай. Яе прынялі не толькі ў Саюз мастакоў БССР, але і ў Саюз мастакоў СССР. А крыху раней Тамара паступіла на аддзяленне мастацкай керамікі ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, які скончыла ў 1979-м. Яе дыпломнай працай стала дэкаратыўная кераміка “Дрэва жыцця” у інтэр’еры Мінскай гасцініцы “Кастрычніцкая”. А трыма гадамі раней мастачка аформіла тэракотавай кампазіцыяй “Прырода Беларусі” абедзенную залу Мінскага музычнага вучылішча імя Глінкі.

Пазней Тамара Іосіфаўна займала пасаду галоўнага мастака Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Па ўспамінах сына Андрэя, усе свае керамічныя работы – ад самых вялікіх да самых малых – яна рабіла сама, без пабочнай дапамогі. Між тым варта сказаць, што вага формы для керамікі можа быць звыш 30 кг! А яе трэба было падняць, данесці і паставіць у печ, а потым і выняць з печы. Працавала круглы год, па дванаццаць гадзін у суткі, адпачывала толькі ў нядзелю. І зрэдку ездзіла на малую радзіму – да бацькоў і сястры. Натхнялася роднымі вобразамі – паветрам вуліцы, цішынёй сасновага лесу, голасам і тварамі бацькоў, сястры, родных і блізкіх людзей, а пасля зноў вярталася да працы.

*

Пасля смерці Аляксандра Кішчанкі ў жыцці Тамары Іосіфаўны пачаўся новы творчы перыяд – яна перайшла працаваць вядучым мастаком сувенірнай прадукцыі на завод “Керамін”. Тут яна стварыла шэраг мастацкіх серый, якія ўвянчалі ўвесь яе творчы шлях. Яркія, надзіва прыгожыя і арыгінальныя работы цесна сплялі ў сабе розныя вобразы роднага краю, напоўненыя светам чысціні і любові.

Некалькі гадоў пасля выхаду на заслужаны адпачынак Тамара Кіршчына працавала на заводзе. Па словах сына Андрэя, за апошнія тры гады жыцця яна не стварыла ніводнай новай мастацкай работы. Проста адпачывала – чытала, слухала класічную музыку. А з надыходам лета адпраўлялася ў Калінкавічы, на малую радзіму. Толькі гэта ўжо не было для яе адпачынкам і натхненнем. Хутчэй, прыгатаваннем да таго, каб далучыцца да продкаў…

Тамара Кіршчына была не толькі выдатным мастаком і настаўнікам, але і добрай дачкой і  сястрой, клапатлівай маці, бабуляй, цёткай.

—Мне, як яе сыну, ведьмі прыемна і пачэсна перадаць некалькі работ Тамары Іосіфаўны ў Калінкавіцкі краязнаўчы музей, дзе іх змогуць пабачыць наведвальнікі, асабліва ў павучанне дзецям і моладзі, якая павінна зразумець і ўсвядоміць, што настойлівая праца над сабой, смеласць і рашучасць на шляху да мэты, чэснасць і працавітасць, вера і розум заўсёды могуць зробіць з вас вялікіх людзей, – сказаў падчас перадачы экспанатаў Андрэй Кіршчын. – Упэўнены, што наш горад можа ганарыцца яшчэ адной сваёй ураджэнкай, якая ўзбагаціла культуру не толькі Беларусі, але і ўсяго свету.

Аляксандр Века.

Спіс работ Тамары Кіршчынай, перададзеных Калінкавіцкаму краязнаўчаму музею:

  • Скульптурная кампазіцыя «Бурштынавы анёл (Янтарный ангел)»,
    • 2006 г. Фарфор, палі́ва. 540х480х230.
    • Декаратыўная падстаўка для блюда «Родны край. Віцебск», 2003 г. Фарфор, палі́ва. 430х450х300.
    • Декаратыўнае блюда «Мінск. Вясенняя ноч», 2003 г. Фарфор, палі́ва. 640х440х65.
    • Декаратыўная ваза «Зімовы замак», 2009 г. Фарфор, каляровые масы. 300х350х215
    • Декаратыўная ваза «Драконы. Умбра», 1998 г. Шамот, палі́ва. 390х5000х340
    • Скульптурная кампазіцыя «Цыганка ў блакітным», 2009 г. Фарфор, палі́ва. 460х200х200.
    • Декаратыўная ваза «Благавест», 1999 г. Фарфор, каляровые масы, палі́ва. 520х220х340.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.