Калінкавіцкая моладзь — у дапамогу хлебаробам

Злева направа: аграном СВК "Дружба-Аўцюкі" Міхаіл Дулуб, Аляксандр Лянкевіч, Аляксандр Дулуб, Мікіта Арцюшэнка і Вячаслаў Дэсімон

Злева направа: аграном СВК «Дружба-Аўцюкі» Міхаіл Дулуб, Аляксандр Лянкевіч, Аляксандр Дулуб, Мікіта Арцюшэнка і Вячаслаў Дэсімон

Здавалася б, ці шмат можа зрабіць падлетак? Адзін, можа быць, і не вельмі многа, а калі іх некалькі, і яны зацікаўлены ў якасці сваёй працы, то вынікі могуць перасягнуць усе чаканні. Нездарма многія зайздросцяць энергічнасці і актыўнасці падлеткаў. Чаго-чаго, а гэтага ў іх хапае, застаецца толькі накіраваць гэтыя якасці ў патрэбнае рэчышча.

Так зрабілі маладыя калінкавічане, якія замест бескарыснага адпачынку летам вырашылі папрацаваць і атрымаць уласны заробак. Цяпер яны дакладна ведаюць, якой цаной дастаецца хлеб, а яго смак стаў з гэтага часу для іх ў дзясяткі разоў багацейшы.

Як толькі пачалі прыбіраць хлеб у СВК «Дружба-Аўцюкі», разам з механізатарамі пачала працаваць і моладзь. Яна дапамагае ў падрыхтоўцы збожжа на таку. У канцы месяца юныя працаўнікі ўжо атрымаюць разліковыя лісткі. Колькі яны заробяць, залежыць ад выкананай працы. У мінулым годзе за ўборачны сезон многія з іх засталіся задаволенымі заробленымі грашыма.

Знаходзячыся каля зернетока, заўважаю хлапчукоў-падлеткаў. Яны старанна змятаюць у купкі збожжа. Сярод іх  – і школьнікі, і навучэнцы аграрна-тэхнічнага ліцэя. І тыя, і другія вырашылі на канікулах падзарабіць грошай у гаспадарцы, каб падрыхтавацца да новага навучальнага года.

Цікаўлюся ў хлапчукоў, як ім працуецца, чаму вырашылі прыйсці на зерняток. У адказ чую, што ім не падабаецца сядзець без справы. Працоўны графік моладзь цалкам задавальняе: хтосьці працуе па 4, а нехта па 6 гадзін у дзень. Усё залежыць ад узросту юных працаўнікоў. Так што і на адпачынак усім часу цалкам хапае.

Калінкавічанін Аляксандр Лянкевіч скончыў у гэтым годзе першы курс аграрна-тэхнічнага ліцэя. Падзарабіць у гаспадарку прыйшоў ужо не ў першы раз. Разам з ім працуе і навучэнец аграрнага каледжа Аляксандр Дулуб з Сырода.

— А што без толку дома сядзець, — гавораць хлопцы. — Асабліва, калі ёсць такая магчымасць. Тут мы праводзім час і весела, і з карысцю, ды і за працу нам заплацяць.

Зладжана падмятаюць высушанае зерне і ссыпаюць ў кучы Мікіта Арцюшэнка і Вячаслаў Дэсімон. За іх працай сочыць аграном Міхаіл Дулуб.

— Хлопцы вельмі старанныя і спрытныя, — заўважае ён. — Я сачу за тым, каб у іх усё было ў парадку. Ніякіх нараканняў нашы юныя работнікі не заслужылі, хутчэй наадварот — спраўляюцца на «выдатна». Адразу відаць, што працы не баяцца.

Поўным ходам кіпіць праца ў юных працаўнікоў і ў ААТ «Прудокскае». Дружны калектыў з сямі чалавек дапамагае даводзіць зерне да парадку роднай гаспадарцы, зараджаючы сваёй весялосцю і аптымізмам работнікаў зернетока. У працоўную каманду ўвайшлі школьнікі і былыя выпускнікі Юравіцкай СШ. Усе яны працуюць пад кіраўніцтвам агранома Веранікі Сіраш.

Мікалай Варабей і Юрый Мішын

Мікалай Варабей і Юрый Мішын

— Без дапамогі школьнікаў нам было б складана, — заўважае яна.  — Хлопцы ўсе, як на падбор, працавітыя, адказныя. Хваліць можна кожнага. Хочацца адзначыць Юрый Мішына, Мікалая Вараб’я, Максіма Неўмяржыцкага, Алега Мальчука, Улада Супруна.

Алег Мальчук

Алег Мальчук

Размаўляючы з Веранікай Сіраш і хлопцамі, заўважаю: падлеткі не маюць намер доўга весці гамонку. Яны  разумеюць, што гутаркай на працоўным месцы грошай не заробіш. Яшчэ не ўсё выканана, а да канца іх працоўнага дня застаецца не вельмі шмат часу.

Максім Неўмяржыцкі і Уладзіслаў Супрун

Максім Неўмяржыцкі і Уладзіслаў Супрун

 

І ўсё ж напрыканцы нашай сустрэчы яшчэ трохі адцягваю моладзь ад працы. Пытаюся, куды вырашылі патраціць грошы, якія атрымаюць. Хлопцы адказваюць, што яшчэ дакладна не ведаюць. Нехта плануе падрыхтавацца за свой кошт да новага навучальнага года, а хтосьці хоча проста зрабіць ўклад у сямейны бюджэт.

Ала ВЕКА.

 

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.