Новыя дасягненні медыямэйкераў СШ №7

IMG_8630а

Ці ведалі вы, што трэнажор можа быць віртуальным? Так-так, не здзіўляйцеся. Менавіта такую ўніверсалную рэч прыдумалі ў сярэдняй школе №7, дзе лічаць, што школьны сайт павінен быць цікавым, насычаным і пазнавальным.

Такі творчы праект дапамог разрэкламаваць сайт для настаўнікаў і педагогаў па ўсёй краіне. А крыху раней крэатыўную рэкламу высока ацанілі на рэспубліканскім конкурсе школьных медыя “Лаві фэйк”.

— Фэйк —  гэта слэнгавы тэрмін, — расказвае аўтар праекта і настаўніца СШ №7 Вольга Афанасьева. — Ён абазначае падробку або копію. У дачыненні да сродкаў масавай інфармацыі пад гэтым паняццем разумеюць навіну, якая не мае нічога агульнага з праўдай. Важная рыса фэйка – гэта здольнасць крануць за жывое сваіх чытальнікаў: адключыць логіку, уключыць эмоцыі і прымусіць паверыць у самую неверагодную інфармацыю.

На рэспубліканскім конкурсе паспрабавалі свае сілы вучні старэйшых класаў з розных куткоў нашай краіны. Для гэтага яны ператварыліся ў медыямэйкераў і праз свае праекты выказаліся, што быць медыяадукаваным проста. Творчасць ніхто не абмяжоўваў: школьнікі стваралі ўласныя кліпы, міні-фільмы, анімацыі і фотарэпартажы,   графічныя і інтэрактыўныя ці тэкставыя медыя.

Вольга Уладзіміраўна пазначае, што з 59 праектаў у фінал выйшлі толькі 32. Іх вызначыла аўтарытэтннае журы. Самі ўдзельнікі фестывалю таксама мелі магчымасць выказаць сваё меркаванне і выбраць лепшага сярод фіналістаў. Ім стаў 14-гадовы вучань Вольгі Афанасьевай Багдан Мачальнікаў.

— Зараз падлетак атрымоўвае адукацыю дома, — паведамляе настаўніца. —  Але гэты факт ні на колькі не перашкаджае яму быць выдатнікам і ўдала прадстаўляць свае таленты на розных конкурсах. Багдан вядзе ўласную рубрыку “Тэст-драйв ад Багдана” ў друкаваным выданні “Класная газета”, захапляецца вывучэннем камп’ютарных тэхналогій.

Арфаграфічны трэнажор – гэта толькі частка створанага вэб-квэста «Па старонках школьнага сайта». Сімвалічна, што ў год малой радзімы настаўніцы СШ№7 Вольга Афанасьева і Жанна Говар вырашылі стварыць праект для тых, хто цікавіцца гісторыяй і культурнай спадчынай сваёй Бацькаўшчыны. Яны распрацавалі мультымедыйны трэнажор “Беларускі калейдаскоп” для павышэння пісьменнасці па беларускай мове.

Прайсці яго можа любы жадаючы. Для гэтага неабходна проста зайсці на сайт школы і выбраць на галоўнай старонцы спасылку “Віртуальны кабінет эканоміі і беражлівасці”.

— Вы толькі пачніце размаўляць па-беларуску і адразу адчуеце, наколькі мілагучная і багатая наша мова, — распавядае Вольга Афанасьева. – Наша распрацоўка якраз і пераконвае ў гэтым, яна паглыбляе веды і вучыць вас пісьменна размаўляць па-беларуску. Тым самым паказвае, што можна атрымоўваць сапраўднае задавальненне ад карыснага карыстання інтэрнэтам.

Дарэчы, у творчым тандэме з настаўнікамі і вучнямі СШ №7 Вольга Афанасьева стварыла не толькі арфаграфічны трэнажор.  На высокім узроўні па выніках абласных і рэспубліканскіх конкурсаў адзначаны мультымедыйныя праекты “Лагапедычны дзённік” (сааўтар Таццяна Булаўка) і “Рэкрэацыйныя рэсурсы Калінкавіцкага раёна” (сааўтар Алена Пархоменка).

Прыемна адзначыць, што і гэта не ўсе ўзнагароды, якімі ганарыцца настаўніца. Зусім нядаўна былі падведзены вынікі абласнога конкурсу на лепшы сайт сярод устаноў адукацыі Гомельшчыны. Так,  з 72 удзельнікаў сайт СШ №7 Калінкавіч, стваральнікам і адміністратарам якога з’яўляецца Вольга Уладзіміраўна,  аказаўся на другім месцы.

Ала ВЕКА.

Фота Аляксандра ВЕКА.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.