Светлая Памяць пра Вялікую Айчынную

 Музей-ВОВ

Прыязджаючы ў любы горад, я перш за ўсё імкнуся наведаць мясцовыя музеі.  У іх засяроджана і манументальна захавалася сама гісторыя старонкі, краю, рэгіёна. У іх нібы спынілася і адначасова жыве само дыханне часу. Асаблівы гонар, патрыятызм адчуваеш у ваенным музеі. І як добра, што залы, пакоі,  экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай, ёсць літаральна ва ўсіх гісторыка-патрыятычных музеях Беларусі. Больш таго, ваеннныя экспазіцыі адкрыты ў многіх школах Беларусі, не можа не радаваць, што там эксурсіі праводзяць юныя эксурсаводы.

Тут мы бачым бясцэнныя рарытэты, знаёмімся з ваеннымі хронікамі гародоў, пасёлкаў і вёсачак Беларусі. Тут захоўваюцца ўспаміны салдат, партызанаў і падпольшчыкаў, вязняў лагераў і мірных жыхароў… Перад наведвальнікамі паўстаюць як драмы асабных жыццяў, так і трагедыя ўсяго беларускага народа. Тут мы знаёмімся з тымі маленькімі перамогамі, з якіх і складалася Вялікая Перамога. І як добра, што кожны раён нашай Бацькаўшчыны захоўвае гэтую святую Памяць. Як самыя дарагія госці тут сёння і апошнія ветэраны Вялікай Айчыннай, якіх, на жаль, з кожным годам усё менш і менш…

Я раю кожнаму, хто падарожнічае па Беларусі, абавязкова наведваць ваенныя музеі, сур’ёзна  знаёміцца з калекцыямі, прыводзіць у музеі сваіх дзяцей і унукаў. Нам, беларусам, ні на хвіліну нельга забываць, што ў тыя страшныя гады Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара – загінулі каля 3 мільёнаў чалавек, у тым ліку амаль 50 тысяч партызан і падпольшчыкаў. На тэрыторыі краіны дзейнічалі 250 лагераў смерці, сярод якіх сумна вядомы “Трасцянец”– адзін з буйнейшых пасля “Асвенціма”, “Майданака”,  “Трэблінкі”…

 У горадзе над Дзвіной добра вядомы Віцебскі  музей Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова. Ён быў створаны паводле распараджэння Савета Міністраў БССР ад 1 лютага 1966 г. і загада Міністэрства культуры БССР ад 24 сакавіка 1966 г. Адкрыты музей 5 ліпеня 1969 г. у дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.  Фонд музея налічвае каля 10 тыс. адзінак. У музеі мы даведваемся  пра дзіцячыя і юнацкія гады Міная Шмырова, яго працоўную і грамадскую дзейнасць у даваенны перыяд, арганізацыю партызанскага руху на тэрыторыі былога Суражскага раёна ў Вялікую Айчыннную , стварэнне 1-й Беларускай партызанскай брыгады, пра пашырэнне партызанскага руху, стварэнне на базе 1-й Беларускай партызанскай брыгады новых партызанскіх фарміраванняў (брыгады імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола і 1-й Віцебскай партызанскай брыгады). У музеі  ёсць матэрыялы пра ўзаемадзеянне партызан і лётчыкаў 105-га асобнага гвардзейскага ордэна Аляксандра Неўскага Панявежскага авіяпалка, пра вызваленне Віцебска і завяршэнне  вайны.

Працягам экспазіцыі з’яўляецца мемарыяльны парк, размешчаны побач з будынкам музея. Тут ўстаноўлены скульптурны бюст легендарнага партызана, макет “Рэйкавая вайна”, гарматы, пабудаваны партызанскія зямлянкі.

Нядаўна я пабываў у  Гомельскім музеі ваеннай славы, які  быў створаны 16 лютага 2004 г., а 25 красавіка 2005 г.  быў адкрыты поўны комплекс ваенна-гістарычнай экспазіцыі. У фондах каля 3 тыс. адзінак. Экспанаты адлюстроўваюць ваенную гісторыю Гомельшчыны са старыжытасці да нашых дзён. Экспанаты раздзела “Вялікая Айчынная вайна” расказваюць нам  пра пачатак вайны, мабілізацыю, эвакуацыю, пераход прадпрыемстваў на выпуск ваеннай прадукцыі, фарміраванне палка народнага апалчэння, контрнаступленне войск 21-й арміі, абарону Гомельшчыны войскамі Цэнтральнага фронта ў жніўні 1941 г., акупацыйны рэжым на тэрыторыі Гомельскай і Палескай абласцей, партызанскі і падпольны рух, вызваленне Гомельшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, заключны этап вайны.

У музеі пастаянна арганізуюцца зменныя выстаўкі, чытаюцца лекцыі з паказам кінахронікі, праводзяцца патрыятычныя акцыі, навукова-практычныя канферэнцыі, семінары. Гэта значны  цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання і навукова-даследчай працы па вывучэнні ваеннай гісторыі Гомельшчыны.

Завіталі мы з сябрамі і ў Музей бітвы за Днепр, што   быў адкрыты ў Лоеве 9 мая 1985 года  ў гонар  40-годдзя Перамогі. Разам з пляцоўкай баявой тэхнікі на беразе Дняпра ён стаў мемарыяльным помнікам усім удзельнікам Дняпроўскай аперацыі. Фонд налічвае звыш чатырох тысяч экспанатаў.  Тут мы даведваемся пра  фарсіраванне Дняпра на Гомельшчыне, што   паклала пачатак вызваленню Беларусі.

27 верасня войскі 61-й арміі генерал-лейтэнанта П.А.Бялова фарсіравалі Днепр на ўчастку Глушэц-Дзяражычы, паклаўшы тым самым пачатак вызваленню Лоеўскага раёна.  Салдаты роты пад камандаваннем лейтэнанта М.М.Магерамава першымі пераправіліся праз Днепр і, адбіваючы  контратакі ворага, утрымлівалі плацдарм. За гераізм і мужнасць сямнаццаць байцоў роты былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Імя генерал-лейтэнанта П.І.Батава назаўсёды ўпісана ў гісторыю Лоеўшчыны. 15 кастрычніка 1943 года войскі 65-й арміі пад яго камандаваннем фарсіравалі Днепр на ўчастку Лоеў-Радуль і  вызвалілі Лоеў. Небывалую вайсковую адвагу праявіў дэсантны батальён пад камандаваннем маёра В.Ф.Несцерава. 22 байцы батальёна былі адзначаны залатой зоркай Героя.

Цікавасць  выклікае калекцыя зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны: кулямёты, мінамёты, процітанкавая стрэльба, узоры стралковай зброі. На мемарыяльнай пляцоўцы на беразе Дняпра прадстаўлена баявая тэхніка.

На Алеі Герояў —  памятныя знакі ў гонар уражэнцаў Лоеўшчыны, удастоеных высокага звання Герой Савецкага Саюза.

Мне пашчасціла тройчы наведаць Музей абароны Брэсцкай крэпасці, які быў адкрыты 8 лістапада 1956 г. ў частцы абароннай казармы, якая захавалася на Цэнтральным умацаванні крэпасці — Цытадэлі. У фондах музея захоўваюцца ўнікальныя прадметы з раскопак, асабістыя рэчы, якія належалі абаронцам крэпасці (больш за 60 тыс.).  І ў ХХІ ст. мы не можам не ганарыцца гераізмам воінаў Брэсцкага гарнізона.

…У 1949 г. салдаты разбіралі завалы ў Цярэспальскіх варотах і знайшлі астанкі 15 загінуўшых, у кішэні гімнасцёркі быў камсамольскі білет, па якім даведаліся, што загінуў лейтэнант Аляксей  Наганаў; па чырвонаармейскай кніжцы апазнаны радавы Іван Гарохаў.  У лістападзе 1950 г. у час разборкі завалаў казармы каля Брэсцкіх варот сярод астанкаў 34 загінуўшых воінаў у планшэце невядомага камандзіра знойдзены загад № 1, складзены на трэці дзень вайны. Побач з астанкамі загінуўшага радавога Фёдара Ісаева, пісара штаба 84-га стралковага палка, знаходзіўся шэфскі сцяг  палка.

У 1952 г. у казарме ў раёне Беластоцкіх варот знялі частку сцяны з надпісам: Я умираю, но не сдаюсь. Прошай, Родина. 20.VII.41 г.” Не могуць не выклікаць хвалявання  экспанаты, знойдзеныя ў час раскопак: сцяг 393-га асобнага зенітнага артылерыйскага дывізіёна, схаваны абаронцамі крэпасці ў час штурму Усходняга форта (знайшоў яго 27 верасня 1956 г. адзін з іх – былы сяржант Р.К. Семянюк), надпіс на цаглінах “Паміраем не здрадзіўшы”, знойдзены ў падвале Белага палаца ў кастрычніку 1958 г.; 5 медальёнаў загінуўшых воінаў – радавых Васіля  Курганава, Мікалая Фралова, Канстанціна  Гілева, Хасана  Салгярэева, Меера  Элькіна.

У Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны я пабываў ужо чатыры разы. Яшчэ ў лістападзе 1942-га ў  ваеннай Маскве разгарнулася  экспазіцыя  пад назвай “Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай”. Яна працавала да жніўня 1944 года, пакуль не пераехала ў вызвалены Мінск. У разбуранай і разрабаванай сталіцы музей атрымаў адзін з нямногіх уцалелых будынкаў у самым цэнтры горада, і ўжо 22 кастрычніка 1944 года адкрыўся для наведвальнікаў. У 1966 годзе музей пераехаў у спецыяльна ўзведзены будынак на цэнтральнай плошчы Мінска (цяпер Кастрычніцкая). У 1977-м побач з музеем пачала работу ўнікальная экспазіцыя ваеннай тэхнікі і ўзбраення пад адкрытым небам.

Сёння гэта адзін з найбуйнейшых ваенных музеяў планеты Зямля, адзін з самых важных нацыянальных  цэнтраў патрыятычнага выхавання.  Музей размешчаны  каля абеліска “Мінск — горад-герой”.   Сама 45-метровая стэла “Мінск – горад-герой”  была адкрыта ў 1985 г. да 40-годдзя Вялікай Перамогі. Плошчу Герояў упрыгожвае фантан са 170 струменяў, якія прысвечаны населеным пунктам Беларусі, вызваленым савецкімі войскамі. Музей  складае са стэлай адзіны функцыянальны і архітэктурны ансамбль.  Новы будынак  музея быў пабудаваны ў 201013  гг.  і быў  адкрыты 2 ліпеня 2014 года, напярэдадні Дня Незалежнасці, што  стала своеасаблівым прысвячэннем 70-годдзю вызвалення Беларусі.  

У музеі каля 150 тысяч рарытэтаў. Залы размяшчаюцца паводле храналогіі ваенных дзеянняў, аднак  іх  аб’ядноўвае адна вялікая зала пад назвай “Дарога вайны”.

Давайце і мы пройдзем музейнымі ваеннымі дарогамі! Давайце разам падарожнічаць па ваенных музеях Бацькаўшчыны!

Канстанцін Карнялюк.

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.