Калінкавіцкія гімназісты наведалі Палату прадстаўнікоў
Адной з самых яркіх і важных падзей у летнія канікулы для калінкавіцкіх гімназістаў стала экскурсія ў Палату прадстаўнікоў, якая адбылася па ініцыятыве дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Яўгенія Адаменкі.
Паездку ў Мінск калінкавіцкія школьнікі чакалі з нецярпеннем. Экскурсія ў Авальную залу, знаёмства з экспазіцыяй аб рабоце заканадаўчага, сустрэча з дэпутатамі сталі для іх незабыўнымі.
Па прыездзе гімназістаў і іх настаўнікамі, сустрэў Яўгеній Адаменка. Ён расказаў ім пра паўнамоцтвы і структуру парламента, формы работы дэпутата і распарадак дня. У гэты дзень пабывалі ў зале пасяджэнняў Палаты прадстаўнікоў.
Пазнавальным стаў дыялог аб гісторыі і сучаснасці Нацыянальнага сходу, заканадаўчай, міжнароднай і міжпарламенцкай дзейнасці, працы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у выбарчых акругах.
— Гэтая экскурсія стала для ўсіх нас даволі пазнавальнай. Цікава было ўбачыць, як працуюць нашы парламентарыі, дзе прымаюцца нашы законы, — падзялілася сваімі ўражаннямі гімназістка Лізавета Давыдава. — Уразіла сама атмасфера, у якой прайшла сустрэча з Яўгеніем Буніслававічам. Мы не толькі самі з цікавасцю слухалі дэпутата, але і адчувалі яго ўвагу да нас і нашых выказванняў.
У захапленні ад паездкі вучаніца гімназіі Ксенія Лужкова:
— Сказаць, што я засталася задаволена паездкай, будзе вельмі мала. Мы ўсе даведаліся для сябе шмат новага, змаглі бліжэй пазнаёміцца з работай парламента. У той жа час мы паглядзелі з іншага боку і на саміх сябе, адчулі, што нашымі меркаваннямі цікавяцца і да іх прыслухоўваюцца. Хацелася б, каб такія сустрэчы арганізоўваліся часцей.
Як распавядаюць педагогі гімназіі, размова падлеткаў з дэпутатам атрымалася даволі сур’ёзнай. Школьнікі абмеркавалі пытанні рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, паразважалі пра тое, хто такі патрыёт і як дасягнуць поспеху. Гімназісты паказалі, што яны імкнуцца быць у курсе ўсіх важных і значных падзей сваёй краіны і не застаюцца ў баку пры вырашэнні існуючых праблем.
-Нашы вучні былі ў захапленні ад убачанага, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Сняжана Цуба. — Па дарозе дадому яны дзяліліся ўражаннямі, сваімі новымі планамі і ідэямі на карысць роднага горада і яго жыхароў. Мы ўдзячны дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Яўгенію Адаменку за выдатную магчымасць акунуцца ў сапраўднае парламенцкае жыццё.
Ала ВЕКА.