З любоўю да сінявокай

IMG_3424

Папулярызацыя беларускіх песенных традыцый і любоў да Радзімы — тыя рысы, што вызначаюць творчасць вакальнага ансамбля Малаўцюкоўскага СДК. У рэпертуары калектыву пераважаюць народныя песні, а таксама творы беларускіх кампазітараў патрыятычнага зместу. У мінулым месяцы самадзейныя выканаўцы наладзілі выступленні ў сваёй роднай вёсцы, а таксама ў Аляксандраўцы і Крукавічах. Усе канцэрты прысвячаліся Году малой Радзімы і 75-годдзю вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Апошні з іх пад назвай “Беларусь мая песня” адбыўся ў Крукавіцкім Доме культуры.

Дзве гадзіны, што цягнулася выступленне, гледачы шчыра віталі самадзейных артыстаў. Асаблівымі авацыямі былі сустрэты песні “Будзь здаровы, гаспадар!”, “Палюбіць Беларусь вельмі проста…”, “Гаворка беларуская”, “А ў садзе рэчанька”, “Дзень добры, родныя мясціны!”, “Ехалі казачэнькі” і шмат іншых.

На кожным сваім выступленні ансамбль абавязкова выконвае песні ваенна-патрыятычнай тэматыкі. Вось і на гэты раз са сцэны прагучалі вядомыя кожнаму радкі: “У незнакомого поселка/ На безымяной высоте”.

Выкрыкамі “Брава!” суправаждаліся нумары ў выкананні Тамары Ульянскай, Таццяны Гарыст, Марыі Карабейнікавай, Алены Севярын і Людмілы Замковіч.    
Долю аўцюкоўскага гумару ўнеслі ў канву вечара Мікалай Буцэнка з анекдотамі пра Каласкоў і Калінак і спецыяліст Калінкавіцкага центра вольнага часу Марына Зубок з “Маналогам аўцючкі, якая вельмі хацела, але так і не выйшла замуж”. Пад час гэтага маналогу зала літаральна заходзілася ад прыязнага смеху і ўзнагародзіла выканаўцу працяглымі апладысментамі.

Не забыліся самадзейныя выканаўцы і пра прыказкі з прымаўкамі пра родную зямлю і дом, любоў да бацькоў.

 — Прыміце яшчэ раз ад нас пажаданні здароўя і дабрабыту і на развітанне — цудоўную песню “Мы вам жадаем!” — звярнуліся выканаўцы да глядацкай аўдыторыі.

— Дзякуй вам за пазітыў і за тое, што падарылі жыхарам нашай вёскі такое цудоўнае свята, — сказаў на развітанне дырэктар Крукавіцкага сельскага Дома культуры Анатоль Балацун.

Цімафей ФІЛІПОВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.