Натхняюць жыць работа на зямлі і поспехі ўнукаў-праўнукаў

снимок 190

У Хамічы я патрапіў надвячоркам. Узгадаў, што быў тут ажно чатыры гады таму назад, у апошні прыезд паэта Яўгенія Яўтушэнкі на малую радзіму дзеда Ярмолы.

Цяпер жа была іншая нагода – наведаць адну са старэйшых жыхарак Марыю Пінчук, якой 19 мая спаўняецца 89 гадоў. Пра Марыю Сямёнаўну мне расказала загадчык мясцовага ФАПа Жанна Бандарэнка. Жыве, маўляў, цікавая жанчына сталага веку, адна, трымае кароўку, курэй, зямлю абрабляе. А ёй, між іншым, хутка дзевяноста. Ветэран працы, былы малалетні вязень Азарыцкага лагера смерці, маці васьмі дзяцей, бабуля больш як дваццаці ўнукам і прабабуля больш як трыццаці праўнукам. Як было не сустрэцца з такім чалавекам?

Вёска сустрэла мяне дружным брэхам пільных да чужога чалавека сабак. Быццам эстафету, яны перадавалі той брэх да самай хаты Марыі Сямёнаўны, у двары якой мяне абгаўкалі ажно тры сабакі.

Сама гаспадыня між тым завіхалася ў сенцах, гатавала курам і карове. Але пры маім з’яўленні адклала справы і гасцінна запрасіла ў хату.

—Майго хазяіна хата, – патлумачыла яна. – Як ажаніліся, ён мяне сюды прывёў. Вунь то партрэт яго бацькі, майго свёкра, – паказала Марыя Сямёнаўна на партрэт паважнага мужчыны з барадой. – А гэта мае старэйшыя брацікі, Іван і Васіль, – указала яна на партрэты з суседняй сцяны. – Да вайны працавалі ў Азарыцкай раённай газеце – Іван наборшчыкам, а Васіль – пячатнікам. Такія граматныя былі, добрыя… Абое згінулі на вайне. Васіль – праз месяц пасля пачатку вайны пад Багуславам на Украіне, дзе абаранялася 227-я стралковая дывізія, а Іван пішацца, што прапаў без вестак. Але ён быў камандзірам у Бабруйску, немцы ўзялі яго ў плен, і ён там недзе памёр. Гэта мне ўжо дзеці і ўнукі панаходзілі ў інтарнеце і расказалі.

У Марыі Пінчук, як у кожнай вясковай хаце: грубка, шафа, ложкі, буфецік, стол, на якім – сучасны ЖК-тэлевізар з вялікім экранам. На маё здзіўленне, Марыя Сямёнаўна патлумачыла, што сама набыла тэлевізар. І халадзільнік таксама за свае грошы ўзяла.

Ад расказа пра родных братоў, які загінулі на фронце, Марыя Пінчук загаварыла пра бацькоў.

—Я ж сама родам з Замашчанаў, – гаворыць яна. – Дзявочае прозвішча маё Кундас. Бацька мой, Сямен Лаўрэнцьевіч, без двух гадоў пражыў сто, а мама, Марына Мацвееўна, толькі восемдзесят восем. Бацька сільны рыбак і пчалавод быў. Нас яны нарадзілі семярых. На фронце, акрамя Івана і Васіля, быў і мой брат Коля, ён пісаўся з 24-га года. Быў разведчыкам.

Сапраўды, камандзір машыны разведроты 5-й гвардзейскай Валнавахаўскай механізаванай брыгады Мікалай Кундас ваяваў на Паўднёвым, Сталінградскім, Данскім, 4-м і 3-м Украінскіх франтах, тройчы быў паранены, прычым, адзін раз цяжка – у баі за Днепр, за які яго ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі.

Акрамя згаданых братоў, у Марыі Сямёнаўны былі таксама брат Пятро і сёстры Лізавета і Кацярына. З Кацярынай, дарэчы, яны трапіліў нямецкую аблаву, калі хаваліся ў куранях пад Цідавам, і аказаліся ў тым самым Азарыцкім лагеры смерці. У Цідаве пасля вайны жыў Мікалай, Лізавета – у Кавальках, а Кацярына і Пятро ў Замашчанах. Бацька пакінуў хату Пятру, у якога было сямёра дзяцей, а сам з маці перабраўся ў другую, меньшую.

Цяпер ужо нікога не засталося з той шматлікай сям’і, толькі Марыя Сямёнаўна.

—Шчэ можа і пажыла б трохі, дак ета даўленне даканае, – скардзіцца яна на ціск. – Здаецца, і таблеткі нейкія п’ю, а яно то ўпадзе, то зноў падымаецца.

Да вайны Марыя Сямёнаўна хадзіла ў школу, якую адкрылі ў звычайнай хаце, паспела скончыць тры класы. Потым маці не пусціла яе ў школу, сказала, дастаткова табе адукацыі. А неўзабаве пачалася вайна. Пасля вызвалення ўжо было не да навукі, пайшла Марыя зарабляць акраец хлеба ў саўгасную паляводчую брыгаду, з якой і на пенсію выйшла.

—Ой, і папагаравала я, пакуль гэты мой чалавек да мяне не прылатаўся, – указвае яна на партрэт мужа.

Прыемны ўспамін пра мужа Андрэя Кірэевіча адбіўся шчырай усмешкай на твары Марыі Сямёнаўны. Жанчына расказала, як яны пазнаёміліся, як ён сватаўся да яе.

—Такі быў харошы чалавек, мы з ім прыдбалі восьмера дзетак, – гаворыць Марыя Пінчук. – Ён быў 28-га года, не ваяваў. Толькі армію адслужыў і вярнуўся. Свайго першынца мы назвалі Віктарам. Потым былі Пятро, Валодзя, Валя, Коля, Андрэй, Валера і Ленка, – пералічыла яна ўсіх сваіх дзетак. – У етай хаце ўсіх нарадзілі і ўсіх пагадавалі. А ён, гэты мой чалавек, шόферам прабыў у арміі чатыры гады, і потым скрозь працаваў шόферам. Піць – не піў, затое хазяйства і сям’ю глядзеў, дзяцей гадаваў. І па дзве кароўкі дзяржалі, і свіней, і курэй… Адгаравалі. А я болей яго шчэ адна… У сенцябрэ будзе ета ўжэ сем гадоў, як яго няма. Век, колькі мы жылі, хоць бы ён мяне калі ўдырыў ці зругаў! А за што, кажа, я цябе буду біць ці ругаць, калі ты хазяйка?.. А які ў мяне быў голас, каб вы ведалі?! Я сільна падцягвала, басаваць не магла, а цягці, дык на самае неба! А ў майго чалавека які быў голас?! Ой, як мы спявалі, цяпер так не ўмеюць пець. Некалі з кудзеляй, з прасніцай хадзіла дзеўкай на вячоркі, там спявалі, кросны ткала – спявала. І песен многа знала.

Успамінаючы мінулыя часы, Марыя Пінчук расказвае, як яны дружна ўсёй сям’ёй выходзілі на сенакос, на копку бульбы. Людзі толькі зайздросцілі, колькі ў іх работнікаў. Потым – як хадзілі ў грыбы-ягады.

—Я была першая грыбовіца! – з гонарам кажа жанчына. – І з ягад не вылазіла, бывала. Але мой брат Пятро быў большы грыбовік. От ён умеў браць грыбы! А ета ўжо гады тры, як перастала хадзіць, сілы няма… Але без работы усё адно не магу. Доктар мне сказаў, што работа мяне і трымае на гэтым свеце. Хацела ўжо і карову збыць, якая тры гады хадзіла пярэдайкай. А тады ўзяла і пагуляла. Дык мне ўжо і шкада. Думаю, няхай будзе, а то што я без яе стану рабіць?

Дзеці Марыі Сямёнаўны даўно дарослыя, самі ўжо сталі дзядулямі і бабулямі. Сёлета 12 жніўня старэйшаму сыну Віктару, які жыве ў Светлагорску і ўсё жыццё працаваў вадзіцелем, споўніцца 70 гадоў. Жанчына гаворыць, што сёння ў яе ўжо 21 унук і 46 праўнукаў. Дарэчы, следам за бацькам прафесію вадзіцеля абралі таксама Мікала          й, ён жыве ў Мінску, а таксама Андрэй і Валера, што жывуць у Азарычах. У Мінску жыве таксама Пятро, ён працаваў мантажнікам, і жыў Валодзя, які, на жаль, памёр. Валянціна ў Мазыры, працавала на швейнай фабрыцы. Там жа, у Мазыры, жыве і малодшая дачка Лена, за якую жанчына моцна перажывае, бо не вельмі шчасліва склалася ў яе сямейнае жыццё.

За сваіх дзяцей і ўнукаў маці перажывае – і ганарыцца  імі, бо правільна выхавалі, дастойна яны носяць сямейнае прозвішча. Пра кожнага са сваіх дзяцей яна могла б гаварыць і гаварыць. Як і пра ўнукаў-праўнукаў. Ганарыцца і пляменнікам Сямёнам, сынам брата Пятра, які стаў доктарам навук, заўсёды адведвае цётку, калі бывае на малой радзіме. Марыць дачакацца, пакуль у яе будзе 50 праўнукаў.

А ў бліжэйшых планах Марыі Сямёнаўны – веснавая сяўба. З восені чакалі гаспадарскіх рук 80 сотак зямлі, якую яна абрабляе.

—Я ўжо хацела была і адмовіцца, – гаворыць жанчына. – А мая Валюша звоніць, кажа, мама, я купіла насенне, бурачкоў пасадзім, бульбу вось трэба пасадзіць. (Мы сустракаліся з Марыяй Сямёнаўнай яшчэ да майскіх святаў. – А. В.) Нельга, каб зямля пуставала, яна і корміць, і жыццёвай моцы дае. І курэй завяла. А то прыедзе мая гэта донька Валя, і едзе назад з пустой сумачкай. А я не магу глядзець, хочацца нешта ёй пакласці ў тую сумачку. От і завяла курак. А сена на карову… Мне там далі пасьбішча, сотак мо сорак, я там і сена кашу.

На развітанне Марыя Пінчук паказвае і з гонарам расказвае пра сваю праўнучку Віялету, якая займаецца танцамі і спявае, на рэспубліканскім танцавальным конкурсе заняла першае месца. І расказвала яна пра гэта так эмацыйна, што адразу падумалася: не толькі пастаянная праца на зямлі, але і вось такая шчырая радасць за поспех сваіх унукаў і праўнукаў натхняюць яе жыць. Няхай жа тых поспехаў будзе як мага больш.

Аляксандр Века.

Фота Мікалая Барысенкі.

 

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.