Вясковыя могілкі — гэта не звалка

кладбище

Наша жыццё — усяго толькі кароткае, звышкароткае, імгненне паміж мінулым і будучым. Пры нараджэнні перад чалавекам адкрываецца дарога з аднолькавымі,  магчымасцямі для кожнага, хто з’явіўся на гэты свет. Але на фінішы жыццёвага шляху, у канцы гэтай дарогі, кожны мае тое, што заслужыў. І гаворку вяду не пра матэрыяльны дабрабыт, альбо сацыяльны статус, а перш-наперш пра людскую пашану. Важна на працягу ўсяго жыцця заставацца ў добрых адносінах з блізкімі і роднымі, з суседзямі, увогуле з людзьмі, з якімі вучыўся і працаваў, каго асабіста ведаеш і хто ведае цябе.

Заўсёды добра бачна, як жыў на белым свеце чалавек: толькі для самога сябе, ці прысвяціў жыццё служэнню людзям, народу. Адпаведна гэтаму і пашана людская.

У гэтым артыкуле  хачу падзяліцца разважаннямі на важную і досыць далікатную тэму — захаванне ў прыстойным стане месцаў апошняга прытулку чалавека.
Нашы продкі з павагай ставіліся да могілак. З глыбокай старажытнасці гэта месца надзелена ў народзе асаблівым, сакральным сэнсам. Ужо ў язычніцкія часы існаваў пэўны рытуал пахавання. Так, на 40-ы дзень цела нябожчыка спальвалася на капішчы, а астанкі развейваліся над мясцовасцю, дзе ён жыў. Гэты звычай — спальваць цела нябожчыка — дзе-нідзе захаваўся і да сённяшніх дзён. І яшчэ з гісторыі вядома, што рабіць трызны па памёрлых на капішчах забаранялася.

Паступова ў Х – ХІ стагоддзях на змену язычніцтву прыйшло хрысціянства. А ў хрысціян лічыцца, што душа нябожчыка на працягу трох дзён знаходзіцца ў доме, дзе ён жыў, да дзевяці дзён робіць абход тых месцаў, дзе чалавек знаходзіўся пры сваім жыцці, і затым накіроўваецца на неба. А на саракавы дзень прадстае перад Богам і, у залежнасці ад таго, які вобраз жыцця вёў чалавек, якія меў заслугі, атрымоўвае “накіраванне” ў рай або пекла. На саракавіны патрэбна гаварыць: “вечная памяць”. У адрозненні ад язычнікаў, якія спальвалі цела нябожчыка, у хрысціян прынята трупапалажэнне, якое існуе і па сённяшні дзень.

Час няўмольна бяжыць. Мінуюць гады, дзесяцігоддзі, стагоддзі, утвараюцца і знікаюць населеныя пункты, нават цывілізацыі, але лічу, што могілкі ва ўсе часы былі і будуць тым месцам, якое звязвае разам розныя пакаленні. Аб стане месцаў пахавання мяркуюць пра ўзровень выхаванасці насельніцтва, пра адносіны сучаснікаў да сваіх продкаў. Ва ўсе часы славянскія народы, у тым ліку і беларусы, з павагай ставіліся да гэтых месцаў, і падтрымліваць парадак і санітарыю на могілках лічыцца свяшчэнным абавязкам. Асабліва прыбіраюць іх, згодна рэлігійнага звычаю, да Радаўніцы.

І сёння мы, каму выпала жыць у гэты час, таксама павінны даглядаць могілкі. Парадак на іх сведчыць пра ступень нашай чалавечнасці,  грамадзянскай адказнасці.

Малааўцюкоўскім сельсаветам нямала робіцца для добраўпарадкавання всяковых могілак. Гэта і фарбаванне агароджы, і спільванне аварыйных, пашкоджаных жуком-караедам дрэваў. Зрабіць такую работу даволі няпроста, бо каб спіліць занадта вялізныя дрэвы, якія ў значнай колькасці растуць у межах могілак, патрэбна запрашаць спецыяльна абучаных альпіністаў-лесарубаў. Па-другое, неабходна ўлічваць і фінансавы бок пытання. Так, на сёння каштарыс спілу аднаго дрэва — ад 60 да 100 рублёў. Чалавеку спілавайць дрэва самастойна не заўсёды па сілах. Калісьці такую праблему вырашалі талакой: з кожнай хаты для выканання гэтай працы накіроўвалі працаздольнага члена сям’і.

У нашы дні колішнюю талаку замяняе самаабкладанне. На сельскіх сходах жыхароў Малых Аўцюкоў, Аляксандраўкі, Есіпавай Рудні мы вырашылі сабраць сродкі на добраўпарадкаванне могілак у гэтых вёсках.

Былі праведзены падобныя сходы і ў працоўных калектывах Малааўцюкоўскай СШ, малочна-таварнай фермы “Малыя Аўцюкі”, у Галявіцкім лясніцтве.

Прыемна адзначыць, што большасць людзей падтрымала ідэю. Сярод іх — Вольга Века, Кацярына Сопат, Галіна і Мікалай Малашчанкі, Аляксандр Есьман, Аляксандр Дулуб, Святлана Сыч, Святлана Ткачук, Аляксандр Карнеявец, Вольга Пракапцова, Віктар Лахмакоў і многія іншыя. Для названых людзей сапраўды дарагая памяць пра продкаў, а навесці парадак на месцах пахавання — святы абавязак.

На вялікі жаль, ёсць сярод маіх землякоў і такія, каму абсалютна ўсё роўна, у якім стане знаходзяцца вясковыя могілкі, яны не паварушацца нават тады, калі пашкоджанае караедам дрэва ўпадзе на магілу іх блізкіх. Такія “сумленныя” грамадзяне, а іх добра ведае кожны ў нашым сельсавеце, не паважаюць сваіх суродзічаў і абыякавыя да грамадска-карыснай справы.         

Ведаю, што з падобнымі праблемамі сутыкаюцца старшыні ўсіх сельскіх выканаўчых камітэтаў. І ці не ў гэтым крыецца прычына “беспамяцтва” нацыі. Не сакрэт жа, што многія беларусы не ведаюць імя свайго прадзеда, альбо прапрадзеда. У якасці станоўчага прыкладу можна ўзяць для сябе традыцыі мусульманскіх народаў, дзе ведаць некалькі дзесяткаў пакаленняў продкаў свааёй сям’і — абавязак і доўг.

Культура народа, як вядома, праяўляецца ў адносінах да месцаў пахаваня блізкіх і родных людзей. І што пра нас падумаюць сучаснікі, што скажуць нашчадкі, калі даволі часта пакідаем на могілках не парадак і чысціню, а карчы і забыццё?!

Міхаіл ДУЛУБ, старшыня Малааўцюкоўскага сельскага выканаўчага камітэта.

   

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.