Настаўніца з Калінкавіч атрымала падзяку Міністра адукацыі

снимок 003

Напярэдадні 8 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму жаночаму дню. Павіншаваць жанчын, прафесійнае жыццё якіх звязана з педагагічнай дзейнасцю, прыйшлі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка, а таксама іншыя прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый.

Дасягненні прадстаўніц сістэмы адукацыі ў прафесійным, грамадскім і творчым жыцці былі адзначаны заслужанымі ўзнагародамі: нагруднымі знакамі, граматамі і падзякамі.

Прыемна, што Падзяку міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь за добрасумленную працу, творчую ініцыятыву і значны асабісты ўклад у развіццё творчых здольнасцей вучняў атрымала наша зямлячка – настаўніца пачатковых класаў СШ №6 Ірына Шорап.

У педагагічнай галіне раёна Ірына Аляксандраўна ўжо больш за 20 гадоў. Кажа, што настаўніцай марыла стаць з дзяцінства. Ды і як не марыць, калі перад вачыма заўсёды быў прыклад для пераймання? У першую чаргу, гэта яе першая настаўніца Аляксандра Самбук. Пасля таго, як Ірына Шорап скончыла інстытут і прыйшла працаваць у сваю родную школу, Аляксандра Адамаўна стала для яе і калегай, і галоўным настаўнікам прафесіі.

Усё жыццё аддалі педагагічнай справе і бацькі Ірыны Аляксандраўны – Аляксандр і Ганна Томчыкі, якія працавалі ў Палескім аграрным каледжы імя У.Міцкевіча.

Як рассказалі ў адміністрацыі СШ №6, кожны ўрок Ірыны Шорап адрозніваецца арыгінальнай пабудовай, дакладнай узаемасувяззю структурных кампанентаў, метадычнасцю, нестандартнымі прыёмамі. А таму дзецям ў яе на занятках заўсёды цікава.

Яе вучні паказваюць высокія вынікі ў прадметных алімпіядах, творчых конкурсах, інтэлектуальных турнірах, удзельнічаюць у канферэнцыях творчых і даследчых работ. Штогод вучні Ірыны Аляксандраўны ў ліку пераможцаў раённай алімпіяды па «Асновам праваслаўнай культуры».

Дарэчы, зараз Ірына Аляксандраўна працуе ў 3 «А» классе, з’яўляецца і классным кіраўніком. Шмат увагі настаўніца надае арганізацыі выхаваўчай работы, згуртаванню класнага калектыву, падтрымлівае цесную сувязь з бацькамі, праводзіць шмат пазакласных мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць творчаму, маральна-эстэтычнаму, патрыятычнаму развіццю і выхаванню навучэнцаў.

Ірына Шорап карыстаецца заслужанай павагай і сярод калег: як настаўніца і як чалавек.

Словам, прычын уключыць яе кандыдатуру ў склад дэлегацыі Калінкавіцкага раёна для ўдзелу ў рэспубліканскіх урачыстасцях, на якіх яна атрымала Падзяку з рук Міністра адукацыі Ігара Карпенкі і каштоўны падарунак – наручны гадзіннік, было шмат. І яна гэта сапраўды заслужыла.

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.