У клопатных буднях праляцела амаль 25 год

снимок 056 копия
1 верасня 1955 года першы раз у школу крочыла шасцігадовая дзяўчынка. Напэўна, як усе першакласнікі, дзяўчынка адчувала сябе надзвычай дарослай і важнай. Гэта ж не жартачкі – школьніца ўжо! Ці прадчуваў дырэктар Кротаўскай школы і першая настаўніца, якія віталі дзетак на школьным ганку, што некалі дзяўчынку Валю будуць зваць не інакш як Валянціна Фёдараўна, і што тая пасля многіх гадоў вучобы і працы ўзначаліць адну са школ раёна?
Дзяўчыне найбольш падабаліся прадметы хімія і біялогія. Гэта паўплывала і на выбар прафесіі.
— Першапачаткова я хацела вучыцца на таваразнаўцу, але не выйшла, таму бацька, а ён быў дырэктарам Капліцкай школы, узяў мяне, выпускніцу 10 класаў, настаўніцай. Вучыла дзяцей гісторыі, беларускай мове. Менавіты тады я і зразумела, што педагогіка – гэта маё.
Валянціна Фёдараўна вырашыла паступаць у Брэсцкі педагагічны інстытут на прыродазнаўчы факультэт.
— Самыя шчаслівыя і лёгкія гады, — успамінае Валянціна Тарынская. — Патрабавалася толькі старанна вучыцца.
Валянціна Фёдараўна замуж выйшла яшчэ падчас вучобы ў інстытуце, на трэцім курсе. Са сваім будучым мужам Аляксандрам Рыгоравічам яны былі знаёмы з дзяцінства. І калі яго накіравалі служыць у часць Пашкава, што ў Магілёве, Валянціна Фёдараўна перавялася на завочнае аддзяленне і паехала за ім. Адслужыўшы Аляксандр Рыгоравіч вярнуўся на радзіму, дзе яму прапанавалі пасаду памочніка ляснічага ў Гарбавічах. І зноў Валянціна Фёдараўна была разам з мужам. Разам з ім яна была і тады, калі ў пошуках лепшай долі, ён паехаў працаваць у Бабічы Рэчыцкага раёна.
— У Бабічах я ўладкавалася ў спецшколу, была загадчыцай цяпліцы, што ў будучым мне вельмі дапамагло і ў працы, і на ўласным агародзе.
Праз семь гадоў Тарынскія ізноў вярнуліся ў Гарбавічы. З дыпломам настаўніка хіміі і біялогіі Валянціна Фёдараўна пайшла працаваць у мясцовую школу. А у 1983 годзе дырэктар Гарбавіцкай школы Міхаіл Змушка прапанаваў ёй пасаду завуча.

снимок 034 копия
— Я плакала, так баялася згаджацца, — рассказвае Валянціна Фёдараўна. — Але і муж, і тата мой знайшлі словы, каб супакоіць, пераканалі мяне, што здолею.
Як будаваць адносіны з дзецьмі, наладзіць супрацоўніцтва з бацькамі, настаўнікамі, маладога завуча вучылі вопытныя педагогі. Валянціна Фёдараўна працавала шчыра, апантана: не шкадавала ўласнага часу, вяла дадаткова заняткі па хіміі і біялогіі, рабіла ўсё для таго, каб вучням было зразумела па яе прадметах. І дзеці за гэта былі ўдзячныя ёй.
— Любоў да прадмета, — лічыць Валянціна Фёдараўна, — перадаецца вучням. Ніколі дзеці не будуць імкнуцца да ведаў, калі не ўбачаць асабістую зацікаўленасць настаўніка.
Сама Валянціна Тарынская лічыла сябе строгай і патрабавальнай. Але дзеці хутка “раскусвалі”, што пад строгасцю хаваецца дабрыня, павага нават да самай маленькай асобы. Менавіта таму яе самыя першыя вучні – цяпер ужо дарослыя – дагэтуль цікавяцца яе справамі і дзеляцца сваімі дасягненнямі.
У клопатных буднях на пасадзе завуча Валянціна Фёдараўна не прыкмеціла як мінула 15 год. А ў 1998 годзе яна стала дырэктарам Гарбавіцкай школы.
— Калі я толькі стала завучам, як раз былі гады перабудовы. Дастаць фарбу ці іншыя рэчы для падрыхтоўкі школы да новага навучальнага года было складана, часта нават крэйды на школу не хапала. Таму мы разам з дзецьмі збіралі металалом, вырошчвалі расаду капусты, памідораў, вырошчвалі цыбулю. Усё гэта рэалізоўвалі насельніцтву ці рабілі бартар з мясцовай гаспадаркай. Была яшчэ адна балючая кропка ў нас – кацельня, якая школу не грэла, а, здавалася, грэе толькі зямлю. І нічога мы зрабіць з ёй не маглі, пакуль яе не перадалі на баланс камульных служб, якія адбудавалі яе нанава.
Кожная сталая ўстанова адукацыі мае свае традыцыі, якія хоць і добрыя, але не даюць больш істотных вынікаў. Пры Валянціне Фёдараўне ў школе заняліся павышэннем якасьці ведаў навучэнцаў шляхам укаранення новых педтэхналогій, такіх як камп’ютарызацыя, дыферэнцыяцыя навучання, праца ў парах і індывідуальны падыход.
— Вынікі такой працы мы заўважылі на ціхіх і не “зорных” вучнях. І кожны раз дзіўна было бачыць, як раскрываецца хлопчык ці дзяўчынка, як загараюцца яны ад першых перамог і як з’яўляецца ў іх вера ў далейшы поспех.

снимок 006 копия
Была перагледжана і праца з настаўнікамі і бацькамі, на новы ўзровень падняўся алімпіядны рух, актывізавалася работа па ўдзелу ў вучнёўскай навукова-даследчай дзейнасці. У хуткім часе Гарбавіцкая школа стала школай перадавога вопыту.
— Без добрасумленнай працы такіх людзей, як Ніна Лысенкова, Марына Маркіна, Алена Шэлег, Алена Супруноўская, Ала Загорская і іншых, мы не дасягнулі бы такіх поспехаў.
Валянціна Фёдараўна не хавае падзякі і ў адрас мужа, які нягледзячы на занятасць на працы і на ўласным падворку, дапамагаў жонцы па гаспадарчай частцы ў школе.
Разам Тарынскія выгадавалі сына, а сёння песцяць унукаў.
На пенсію Валянціна Фёдараўна выйшла ў 2004 годзе, але яшчэ два гады працавала настаўнікам. Яна не шкадуе аб тым, што выбрала педагагічны шлях, бо не бачыць сябе ў іншай прафесіі.
А ў складзе хора, што існуе з пачатку яе педагагічнай дзейнасці і сёння выступае на разнастайных канцэртных пляцоўках. І не столькі радуецца апладысментам, як цешыцца стасункамі з сяброўкамі, колішнімі калегамі, а цяперашнімі самадзейнымі таленавітымі спявачкамі.
Святлана ПЯТРЭНКА.
Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.