Таццяна Века працаваць пайшла адразу пасля школы

снимок 015 копия

Больш чатырох дзясяткаў гадоў аддала сельскай гаспадарцы жыхарка вёскі Сырод Таццяна Века. Ветэран працы самага паспяховага сельгаспрадпрыемства нашага раёна СВК «Дружба-Аўцюкі» працавала на розных пасадах, і на кожнай была на сваім месцы, бо «хварэла» за прадпрыемства ўсёй душой, клапацілася пра яго дабрабыт і росквіт.

Сёння Таццяна Яўгенаўна на заслужаным адпачынку, на няўвагу з боку кіраўніцтва не скардзіцца. Кажа, што не забываецца пра сваіх былых супрацоўнікаў: віншуе са святамі, запрашае на розныя ўрачыстасці, дапамагае.

Адразу пасля школы Таццяна Яўгенаўна пайшла працаваць на мясцовую птушкаферму, як яе маці і бацька. Прафесію бухгалтара ў Гомельскім тэхнікуме яна атрымала ўжо пазней, калі была жонкай і маці.

— Замуж я пайшла рана, з мужам сябравалі яшчэ са школы, — расказвае Таццяна Века. – Дачакалася яго з арміі, і сыгралі вяселле. Во, паглядзіце на гэту фотакартку, якія маладыя прыгожыя былі. Потым дзеці пайшлі. Іх у нас з Уладзімірам Пятровічам трое. Вучылася завочна на бухгалтара-эканаміста. Працавала адразу птушніцай, потом учотчыцай трактарна-паляводчай брыгады. Пазней мяне назначылі яе брыгадзірам.

Таццяна Яўгенаўна атрымала спецыяльнасць эканаміста, але так здарылася, што на гэтай пасадзе яна не працавала ні аднаго дня. Брыгадзір, потым аграном, пяць гадоў галоўным аграномам…

снимок 024 копия

Калі ў 2003 годзе калгас «Дружба» ўзначаліў Сяргей Даўгяла, ён прапанаваў Таццяне Века стаць яго намеснікам.

— З такім кіраўніком прыемна было працаваць, — расказвае жанчына. – Сяргей Іванавіч паважае людзей, давярае ім. За яго шчырасць і дабрыню хочацца разлічвацца тым жа. Яго немагчыма падвесці.

Праз год да калгаса «Дружба» далучыўся саўгас «Галявіцы». Так узнікла новае сельгаспрадпрыемства СВК «Дружба-Аўцюкі», назву якому даў малады кіраўнік аб’яднаных гаспадарак Сергей Даўгяла.

Яго намеснікам па вытворчасці Таццяна Века працавала 12 гадоў, з іх пяць гадоў ужо дасягнуўшы пенсійнага ўзросту. Вяла і раслінаводства, і жывёлаводства.

— Што сеялі ў тыя гады? – пытаюся ў Таццяны Яўгенаўны.

— Тое, што і зараз – жыта, ячмень, авёс. Пшаніцы сеялі мала, яна ў нас не расла: бал глебы нізкі. Бульбы багата сеялі. Зараз вельмі змяніўся клімат, няма ўжо той вільгацці, што была раней. Памятаю вёсны, калі на поле не можна было ўлезці гусенічным трактарам, а сёння яны ўжо і не патрэбныя.

Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, працу сваю Таццяна Яўгенаўна любіла. Працавала на гаспадарку, каб былі паказчыкі, каб людзі маглі капейку зарабіць. Праўда, дзеля гэтага нярэдка прыходзілася амаль суткамі прападаць у полі, на фермах, кідаць сям’ю, дзяцей, хатнюю гаспадарку на мужа. А ён, кажа Таццяна Яўгенаўна, ёй добры трапіўся.

Уладзімір Века быў рэдкім спецыялістам: працаваў тэлемайстрам. Апошнія гады перад пенсіяй – на складзе запчастак у гаспадарцы.

У красавіку споўніцца 45 гадоў з дня іх вяселля. Разам яны выгадавалі, паставілі на ногі траіх дзяцей. Дачка Галіна звязала сваё жыццё з педагогікай. Сёння яна – дырэктар СШ №6 г.Калінкавічы. Сыны Аляксандр і Генадзій – чыгуначнікі.

У Таццяны і Ўладзіміра Века чацвёра ўнукаў. Дзяніс працуе аграномам у гаспадарцы, жыве разам з імі. Ёсць у дзядулі з бабуляй ужо і праўнучка – маленькая Дамінічка.

На пытанне, як яна бавіць вольны час, Таццяна Яўгенаўна адказала, што вельмі любіць чытаць.

— Мне заўсёды падабаўся гэты занятак. Калі дзеці малыя былі, адной рукой калыску калышу, у другой кніжку трымаю, — расказвае жанчына. – Калі працавала, часу на чытанне не хапала. Затое зараз – чытай колькі хочаш. І муж мой за кніжкай ці газетай пасядзець любіць. Ён, праўда, і інтэрнэтам карыстацца ўмее, так сказаць, ідзе ў ногу з часам. Я камп’ютар таксама асвоіла, яшчэ калі працавала, але інтэрнэт не люблю. Лепш з кніжкай у руках адпачну.

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.