І зноў спяваюць кросны

снимок 157

Жыхарку вёскі Вялікія Аўцюкі Марыю Багдановіч ў нашым раёне ведаюць многія. У першую чаргу тыя, хто мае хоць якое дачыненне да культуры, або час ад часу наведвае выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія ладзяцца на буйных народных гуляннях і фестывалях.

Майстрыха ўдзельнічае не толькі ў раённых, але і ў абласных, рэспубліканскіх мерапрыемствах, фестывалях і семінарах па адраджэнню і зберажэнню народных традыцый і звычаяў. За іх захаванне і перадачу нашчадкам Марыя Іванаўна ўзнагароджана Ганаровымі граматамі і падзякамі аддзела культуры райвыканкама. У 2013 годзе яна сустракала прэзідэнта нашай краіны на рэспубліканскіх “Дажынках” у Жлобіне.

Але не дзеля дыпломаў ды званняў шчыруе ткачыха. Гэта ж традыцыі яе краю, культура яе народа, тая нітачка часу, што яднае пакаленні, каб не згубілі, не страцілі сваёй адметнасці.

Рамяство, якім дасканала авалодала Марыя Багдановіч, сёння рэдкае, амаль забытае.

Гэта раней ткацкі станок стаяў у кожнай сялянскай хаце. Уменне ткаць было абавязковым для кожнай сялянкі, і асноўную частку пасагу дзяўчыны, якая збіралася замуж, складалі тканыя вырабы: адзенне, пасцельная бялізна, ручнікі, посцілкі, дыванкі.

Ткацкія навыкі – навіваць, накідаць, снаваць, запраўляць узор, у колькі нітак ткаць той ці іншы выраб – перадаваліся ад маці дачцэ. Сельскія дзяўчаткі ўжо ў сем-восем гадоў умелі намотваць ніткі на матавіла, назіралі за імі падчас снавання, каб не раскудлачваліся, выпляталі матузкі.

Гадам к чатырнаццаці яны звычайна ўжо валодалі асноўнымі прыёмамі ткацтва. Наогул, уменне ткаць лічылася адным з асноўных якасцяў жанчыны.

Так і Марыя Іванаўна не адыходзіла ад сваёй маці ні на хвілінку, калі тая садзілася за кросны. Пелагея Пятроўна ткала хутка і прыгожа і дачок сваіх з малых гадоў да кроснаў прывучала.

Вольга Лукашэвіч і Марыя Лышчанка

Вольга Лукашэвіч і Марыя Лышчанка

Як толькі ў полі была зроблена ўся работа, іх уносілі у хату. Ставілі бліжэй да вокнаў, каб святлей было. Доўгую зіму штовечар кросны «спявалі» сваю дзіўную песню.

Марыя з сёстрамі разбірала ніткі і раз-пораз паглядала на матулю: як тая спрытна чаўнок з навітым на цэўку ўтком туды-сюды перакідае, як хуценька бёрдам прыбівае ўточныя ніткі. І ў колерах не саб’ецца, і ва ўзоры не заблытаецца.

— Калі крыху падрасла, сядзела за кроснамі побач з маці. Дзень у дзень, — расказвае Марыя Іванаўна. – Восем посцілак-закладанак удвох за зіму ткалі.

Тчэ Марыя Багдановіч кожную зіму і зараз. Навяваць і снаваць ніты ёй дапамагаюць родная сястра Вольга Лукашэвіч і сяброўка Марыя Лышчанка.

— Адной гэта рабіць цяжка, — тлумачыць майстрыха. – Ніты цапляюцца і блытаюцца. Без дапамогі – ніяк. Аднойчы сама паспрабавала, нагаравалася.

Гаспадыня запрашае нас у наступны пакой. Куды ні кінеш позірк, паўсюду плён яе працавітых рук — саматканыя посцілкі і ручнікі, вытканыя рознымі спосабамі: “козкамі” у чатыры ніты, “кацінымі лапкамі”, “вілюгамі”, “закладанкамі” і “пераборамі”.

Захаваліся ў Марыі Багдановіч палотны і рушнік, што яшчэ яе маці ткала. Беражліва жанчына выняла іх з шафы, каб прадэманстраваць нам.

Дарэчы, і вышыванак у Марыі Іванаўны поўная хата. Гэтым рамяством яна таксама валодае на выдатна.

Яе тканыя, аздобленыя вышыванкай ручнікі і абрусы разляцеліся ў якасці падарункаў па розных населеных пунктах нашай рэспублікі і нават за мяжу. Да Марыі Багдановіч звяртаюцца і сёння, калі патрабуецца ручнік для сустрэчы важнай дэлегацыі альбо арыгінальны нацыянальны падарунак замежным гасцям. У фабрычных вырабаў няма той энергетыкі, што напаўняе зачараваннем кожную рэч, якая з’яўляецца на свет дзякуючы працавітым рукам аўцюкоўскай майстрыхі.

Марыя Іванаўна вельмі гарманічна глядзіцца за ткацкім станком. І хаця на дварэ ўжо 21-е стагоддзе, кросны ў інтэр’еры яе хаты не выглядаюць нечым архаічным. Яны “спяваюць” сваю песню і ў наш век высокіх тэхналогій, камп’ютараў і інтэрнэту. А вырабы, што на іх ствараюцца, не пакідаюць абыякавымі ні аднавяскоўцаў, ні спецыялістаў-знатакоў.

Між іншым, калі б вы засталі Марыю Багдановіч у звычайным вясковым асяроддзі, дык здзівіліся б, як яна ўсё паспявае. Гаспадарка і агарод таксама ж ўвагі патрабуюць. А да пенсіі і на працу трэба было хадзіць.

Пасля 8 класа Марыя Іванаўна паехала вучыцца ажно за Маскву, у Струнінскае прадзільнае вучылішча. Скончыла яго на “выдатна”, год з паловай адпрацавала прадзільшчыцай на камбінаце.

Але душа рвалася дадому. Таму Марыя вярнулася ў Беларусь. Працавала ў Мазыры на фабрыцы імя Крупскай вязальшчыцай. На выхадных прыязджала дадому, хадзіла на заняткі ў вячэрнюю школу. Там і сустрэла сваю другую палову. Аляксандр Багдановіч быў на сем гадоў старэйшым за яе. Ён ужо паспеў адслужыць у арміі і працаваў у аўтабазе.

— Мне не было і сямнаццаці, калі ён прыйшоў на Коляды да бацькоў у сваты. А 29 студзеня мы ўжо гулялі вяселле, — успамінае Марыя Багдановіч. – Было гэта ў 1972 годзе. Зіма ў той год выдалася снежная-снежная, гурбы намяло па самы дах. Мы ледзь дайшлі, каб распісацца. Як сёння памятаю: іду ў вялізнай куртцы, уся абмотаная хусткай-канаплянкай.

Марыя Іванаўна 20 гадоў адпрацавала на ферме даяркай. Аляксандр Іванавіч быў шафёрам, трактарыстам, кладаўшчыком. Разам яны пражылі 32 гады, выгадавалі пяцярых дзяцей.

Пятнаццаць гадоў назад жанчына засталася ўдавой. Няма ўжо на свеце і іх сына Аляксандра.

Дачка Наталля працуе ў бібліятэцы. Надзея – бухгалтар. Алена – у сельсавеце. Сын Сяргей звязаў сваё жыццё з сельскай гаспадаркай.

У Марыі Багдановіч сёння 10 унукаў.

Нягледзяцы на цяжкасці, што здараюцца ў жыцці кожнага чалавека, майстрыха з Вялікіх Аўцюкоў не сумуе і жыве цікава: тчэ на кроснах, вышывае, займаецца хатнімі клопатамі і пчалярствам, спявае ў мясцовай самадзейнасці і ў царкоўным хоры, удзельнічае ў абласных і рэспубліканскіх фэстах, зберагае народныя традыцыі і аўтэнтычнае мастацтва для нашых нашчадкаў.

— А калі мне сумаваць? – здзіўляецца Марыя Іванаўна. – У мяне ж гаспадарка – карова, кралі, куры, восем сем’яў пчол (раней было і па 30). Летам агарод трэба даглядаць і палоць. А ягады ў лесе? А лісянкі?..

— А яшчэ ткатцтва, вышыванне, мастацкая самадзейнасць… Калі ж вы спіце? – не магу ўтрымацца ад гэтага пытання.

— Сплю, калі спіцца, — усміхаецца Марыя Багдановіч. – Бывае гадзіну качаюся-качаюся, не магу заснуць. Думаю: “Ну навошта я час марную, калі ўсё роўна не спіцца? Чаго дарма качацца?” Устаю тады і саджуся вышываць да 4 гадзін раніцы…

Нам, больш маладому пакаленню, застаецца толькі павучыцца яе ўменню пераадольваць цяжкасці, захоўваць працаздольнасць, цікавасць да жыцця, бадзёрасць і энергію.

А Марыі Іванаўне хочацца пажадаць здароўя яшчэ на доўгія гады, клопату і цяпла ад родных ёй людзей.

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.