Яе цяляткі давалі кілаграмовыя прывагі за суткі

снимок 068

Былы СССР, калісьці магутная дзяржава, якая для сённяшней моладзі – адна са старонак гісторыі, у больш старэйшага пакалення асацыіруецца з цэлай эпохай — жыццём, працай, верай у светлую будучыню, маладосцю.

Адным з асноўных сімвалаў былой дзяржавы многія з іх назавуць знакамітую ВДНГ – Выставу Дасягненняў Народнай Гаспадаркі, якая ў савецкія гады з’яўлялася прамым адлюстраваннем гісторыі вялізнай краіны, асноўных дасягненняў у самых розных галінах эканомікі. Каб атрымаць права ўдзельнічаць у ёй, калгасы, саўгасы, установы і перадавікі працы павінны былі дасягнуць небывалых вытворчых паказчыкаў. Стаць лепшым ў сваёй справе і трапіць на ВДНГ, марылі працаўнікі самых розных галін народнай гаспадаркі.

Сціплая цялятніца з вёскі Сырод Таццяна Антоненка ў тым далёкім 1987 годзе, калі атрымала на сваёй группе цялят амаль кілаграмовы сярэднясутачны прывес, пра ўдзел у знакамітай выставе ніколі не думала. Кажа, што працавала, як умела, каб не сорамна было людзям у вочы глядзець і ніколі не імкнулася да высокіх паказчыкаў. Таму запрашэнне ў Маскву на ВДНГ стала для Таццяны Рыгораўны поўнай нечаканасцю.

— Мне сказалі, што я буду вельмі шкадаваць, калі не паеду, бо такія падзеі здараюцца адзін раз у жыцці, — успамінае Таццяна Антоненка. – Але я не паехала. Сястра мая Марыя тады дужа хворая была, баялася я яе кідаць. Мне ж з той выставы перадалі бронзавы медаль, падарунак і грашовую прэмію.

снимок 073

У сельскай гаспадарцы Таццяна Рыгораўна добрасумленна адпрацавала 37 гадоў. Амаль штогод была ў перадавіках, мае ганаровы знак«Ударнік ХІІ пяцігодкі».

— Рабіла, як умела, не ленавалася, — успамінае жанчына. – Я ж з дзяцінства да працы прывучаная. Скончыла пяць класаў і пайшла ў калгас. Нас у бацькоў было сямёра, я самая малодшая. Маці наша вельмі хварэла і рана памерла. Бацька працаваў у калгасе, цягнуў на сабе ўсю гаспадарку. А яшчэ тады на кожную хату ўчасткі з ільном, каноплямі давалі. Нікога не хвалявала, як і калі ты іх будзеш апрацоўваць. Вось і цягаў бацька нас з сабой на тыя каноплі. Працавалі ўсе: і дарослыя, і дзеці.

У вольны час я любіла бегаць да цёткі, бацькавай сястры, на ферму. Мне падабалася глядзець, як яна доіць кароў, часта я ёй дапамагала. А калі падрасла, сама пайшла даіць.

Спрабавала завербавацца на працу ў Германію, але мяне туды не ўзялі, бо бацька ў вайну быў у нямецкім палоне. Так я і засталася ў Сыродзе. Мабыць, лёс мой такі, ад яго ж не ўцячэш.

У той год у нас у Сыродзе праводзілі свет. Прыехалі хлопцы-электрыкі з Мазыра. Так я і сустрэлася са сваім Аляксеем Лявонавічам. У 1967 годзе на Пятра адгулялі вяселле. Спачатку жылі ў яго маці ў Малым Бокаве Мазырскага раёна. Праз два гады пераехалі на маю радзіму, у Сырод. Я набрала сабе группу малых цялят. Бывала, што іх колькасць у маёй групе даходзіла да 100 і болей галоў. Варылі ім пойла, цягалі яго вёдрамі. Калі цяляткі хварэлі — лячылі, сама рабіла ім ўколы: і на сваёй группе і іншым цялятніцам дапамагала.

Мой Аляксей перавучыўся на трактарыста, працаваў на трактары ў гаспадарцы да 60 гадоў. Лічылі кожную капейку, але ўсё ж змаглі паставіць сабе хату з цэглы. Паціху абжываліся.

Дома з малымі дзецьмі я амаль не сядзела: сястра Марыя дамагала нам іх глядзець. Таму я тады і не захацела кідаць яе хворую, баялася, што больш не пабачу.

На малочна-таварным комплексе Таццяна Антоненка працавала цялятніцай да самай пенсіі. Яшчэ некалькі гадоў таму, калі здароўе дазваляла і сілы было болей, хадзіла па восені ў СВК на сельгасработы, трымала карову, іншую гаспадарку. Сёння засталіся толькі куры.

— Зараз усё можна купіць у магазіне, — кажа Таццяна Рыгораўна. – А нам з дзедам многа ўжо і не патрэбна. А калі захочам чаго-небудзь, дзеці з гораду прывязуць.

Разам яны выгадавалі траіх дзяцей. Дачка Жанна жыве ў Нароўлі. Ірына побач з бацькамі ў Сыродзе, працуе цялятніцай на комплексе. Сын Рыгор – вадзіцель у гаспадарцы. У Антоненкаў ужо сем унукаў і шэсць праўнукаў.

Вось так непрыкметна за працай і паўсядзённымі справамі на роднай зямлі праляцела большая частка жыцця гэтай звычайнай сялянскай жанчыны, якіх у нашым раёне сотні. Іх лёсы падобныя адзін на адзін, але ж і нейчым адрозніваюцца. У Таццяны Антоненкі, напрыклад, была магчымасць пабачыць Маскву, у складзе пачэснай дэлегацыі прагуляцца па вялізных пляцоўках галоўнай выставы Савецкага Саюза. Але яна ад яе адмовілася – знайшліся справы больш важныя. Сям’я і здароўе родных для яе заўсёды былі на першым месцы. Яна дапамагала дзецям гадаваць унукаў, калі тыя былі малыя. Зараз дапамагае пляменнікам: даглядаць яшчэ адну сваю хворую сястру — Пашу.

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.