Будзьце асцярожнымі на вадаёмах

Лед00x600

Паўднёвыя ветры, якія вось ужо на цэлую дэкаду ўсталяваліся на тэрыторыі Беларусі, прынеслі незвычайна цёплае, да 10 градусаў вышэй кліматычнай нормы, надвор’е, ушчэнт растапілі студзеньскія сумёты і зрабілі небяспечна тонкім лёд на вадаёмах.

У сувязі з гэтым у чарговы раз нагадваем аб мерах перасцярогі на лёдзе. Іх нямнога, і ўсе яны правераныя вопытам не аднаго пакалення.

Што ж гэта за меры, выконванне якіх засцерагае ад вялікіх непрыемнасцяў?

  1. На занадта тонкі лёд выходзіць нельга!

Калі ўсё ж вы адважыліся на гэта, то адыходзьце назад асцярожнымі крокамі, пры гэтым ні ў якім разе нельга адрываць ногі ад паверхні, яны павінны слізгаць па ёй. Важна ведаць, што бяспечны лёд — празрысты, таўшчынёй не менш за 7 см. Лёд малочнага колеру ўдвая слабей за празрысты, самым жа небяспечным з’яўляецца “наздраваты”, які ўтварыўся са снега, што змёрзся.

  1. Лёд заўсёды слабейшы паблізу таплякоў, паляў, трыснягу.
  2. Найбольш тонкім лёд бывае на вадаёмах з вялікай глыбінёй дна. У азёрах крынічныя ключы, бывае, сустракаюцца і на вялікіх глыбінях: лёд над імі небяспечны. У вусці рэчак і крыніц лёд часта бывае ненадзейным усю зіму.
  3. Не выходзьце на тонкі лёд па-аднаму, а толькі ўдвух альбо ўтрох. Аднак нельга крочыць бліжэй чым на 2 – 3 метры адзін ад аднаго. Лёд варта праверыць пешняй: калі ён прабіваецца з аднаго ўдара — крочыць па ім небяспечна.
  4. Калі ўсё ж узнікла крайняя неабходнасць перайсці небяспечнае месца па лёдзе, абвяжыцеся вакол пояса шнурам, пры гэтым пакінуўшы за сабою канец, які свабодна валочыцца. Каля яго павінен знаходзіцца чалавек, з якім вы ідзеце. Пераходзіць небяспечнае месца трэба з вялікім шастом, трымаючы яго поперак цела.
  5. Калі лёд раптам стане трэскацца, заставайцеся спакойнымі, не панікуйце і хутка, але ў той жа час асцярожна лажыцеся на лёд і павольна адпаўзайце ў бяспечнае месца.
  6. Калі ўсё ж здарылася бяда і вы апынуліся ў вадзе, то не спрабуйце выбрацца на лёд толькі з дапамогай рук, не падцягвайцеся за беражок ільда. Трымайцеся за беражок рукамі, асцярожна вынесіце на лёд спачатку адну, а потым другую нагу. Пасля, не спяшаючыся і таксама вельмі асцярожна, адпаўзіце (адкаціцеся) ад небяспечнага месца.
  7. Калі ваш таварыш апынуўся ў праталіне і не мае з сабою шнура, дайце яму ў рукі пояс, шарф, палку, рукаятку пешні ці ледаруб. За іх ён можа ўчапіцца мацней, чым за працягнутую вамі руку. Да таго ж пры набліжэнні на адлегласць рукі, лягчэй абламіць беражок ільду.
  8. Засцерагайцеся прамывін у лёдзе над хуткай плынню. Не станавіцеся на льдзіны, што адкалоліся: яны могуць нечакана перавярнуцца.
  9. Не ведаючы асаблівасцей вадаёма альбо ўмоў утварэнння лёду, не спрабуйце выязжаць на паверхню вадаёмаў на аўтамашыне.

Акрамя ведаў правіл паводзінаў на лёдзе, вам неабходны таксама стрыманасць і асцярожнасць.

Марына СЁМАВА, інспектар прапаганды раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.    

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.