У СШ №6 г.Калінкавічы прайшоў тыдзень пачатковых класаў

5248

Сёлета ён праходзіў з 14 па 19 студзеня пад назвай «Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…» Да падрыхтоўкі і правядзення конкурсаў, акцый і пазакласных мерапрыемстваў нашы настаўнікі падыйшлі з вялікай адказнасцю.

На першым паверсе школы быў аформлены стэнд «Тыдзень пачатковых класаў», дзе размяшчаўся план мерапрыемстваў і вынікі сумеснай творчасці педагогаў і вучняў.

Першы дзень тыдня супаў з 75-годдзем вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і таму быў прысвечаны малой радзіме. Навучэнцы 4 «Б» класа лектарскай групай прайшліся па кабінетах пачатковага звяна з інфармацыйнай хвілінкай «Яны вызвалялі наш горад», па выніках якой вучням трэба было адказаць на пытанні міні-віктарыны «Абаронцы г.Калінкавічы». Так быў дадзены старт конкурсу «Лепшы клас тыдня», выконваючы заданні якога навучэнцы зараблялі балы ў скарбонку свайго класа.

Аўторак стаў Днём роднай мовы пад дэвізам «Гавары са мной па-беларуску». У гэты дзень мы дамовіліся як мага больш размаўляць на беларускай мове. Кожны клас выпусціў тэматычную газету-слоўнік. Конкурс «Лепшы перакладчык» вызначыў, наколькі добра яго ўдзельнікі ведаюць родную мову.

Трэці дзень быў абвешчаны Днём дакладных навук. Для вучняў 2-4 класаў прайшлі міні-алімпіяды, якія вызначылі сярод іх навучэнцаў з лепшымі матэматычнымі здольнасцямі. На перапынках дзеці запаўнялі анкету «Наш клас у ліках», падлічваючы агульны ўзрост, рост, вагу навучэнцаў свайго класа, выбіралі самыя доўгія і самыя кароткія імёны і прозвішчы, колькасць аднакласнікаў з аднолькавым колерам вачэй і валасоў і многае іншае.

У Дзень літаратуры дзеці пазнаёміліся з выставай дзіцячых пісьменнікаў — юбіляраў 2019 года. Малодшым школьнікам было прапанавана скласці бурымэ – маленькі верш па зададзенай рыфме, з якім многія паспяхова справіліся. Лепшыя творчыя працы былі адзначаны падзякамі.

Вельмі кранальныя вершы давялося пачуць з вуснаў маленькіх патрыётаў на конкурсе чытальнікаў «Беларусь – мая Айчына».

Пятніца стала Днём прыроды. Малодшыя школьнікі прынялі актыўны ўдзел у акцыі «Кармушка» па падкормцы птушак, якія засталіся зімаваць, з радасцю падзяліліся сваімі фотаздымкамі для выставы «Мы і нашы любімыя гадаванцы», якую з цікавасцю разглядалі на перапынках.

Традыцыйна тыдзень пачатковых класаў завяршаецца канцэртнай праграмай, у час якой вучні дэманструюць свае таленты і творчыя здольнасці. Дзеці прадставілі гледачам вакальныя і танцавальныя нумары, ігралі на музычных інструментах, выконвалі акрабатычныя трукі, чыталі вершы, прадстаўлялі выставы выяўленчага мастацтва. Адным словам, цалкам пацвердзілі назву канцэрта – «Лепш за ўсіх!» Усе прысутныя атрымалі зарад выдатнага настрою на ўвесь дзень.

На школьнай лінейцы па выніках тыдня пачатковых класаў самыя творчыя, актыўныя і адораныя вучні з хваляваннем былі адзначаны граматамі і падзякамі з рук намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Кажамякі Таццяны Мікалаеўны. У намінацыі «Лепшы клас тыдня» лідарамі сталі 1 «Б», 2 «А», 3 «Б» і 4 «А» класы. Віншуем пераможцаў!

Выказваем словы падзякі ўсім настаўнікам пачатковых класаў за актыўную жыццёвую пазіцыю і добрасумленнае стаўленне да працы. Асобнае дзякуй — нашым паважаным бацькам за супрацоўніцтва і падтрымку сваіх дзяцей. Разам любыя вяршыні нам будуць заўсёды па плячы!

Святлана Петрушэнка, кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.