Сяргей Гвоздзь правёў прыём грамадзян у Гарбавічах

IMG_9

Старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Сяргей Гвоздзь у пятніцу вечарам правёў прыём грамадзян Гарбавіцкага сельсавета.

Прыём праходзіў у памяшканні Гарбавіцкага сельвыканкама. Першай да кіраўніка раёна звярнулася жыхарка вуліцы Лугавой з вёскі Турцэвічы. Па словах жанчыны, вуліца гэтая крайняя ў вёсцы, на ёй пражывае каля ста чалавек, аднак у жыхароў няма зручнай дарогі, каб дабрацца да аўтобуснага прыпынку на шлях, што вядзе з Гарбавічаў да цэнтральнай шашы.

Старшыня сельвыканкама Ірына Шуляк патлумачыла, што адлегласць ад вуліцы да цэнтральнай шашы складае прыкладна 200 метраў. Жыхары вуліцы звычайна хадзілі сцежкай. Але гэта не самы надзейны выхад: па-першае, сцежка ідзе праз сельгасугоддзі мясцовай гаспадаркі, па-другое, вясной у палаводдзе ваколіца ператвараецца ў балота, а ісці ў абход – гэта будзе каля чатырох кіламетраў.

Тая ж жанчына прасіла ў кіраўніка раёна зрабіць аўтобусны прыпынак на шашы, што вядзе з Гарбавічаў, якраз насупраць той самай сцежкі.

Сяргей Гвоздзь уважліва выслухаў заяўніцу, паабяцаў разабрацца ў агучаных пытаннях і заверыў, што і па першым, і па другім звароце рашэнне абавязкова будзе станоўчым. Кіраўнік раёна даручыў вырашэнне гэтых зваротаў старшыні сельвыканкама сумесна з намеснікам дырэктара ДРСУ-152 Аляксандрам Чыгрынам.

Дарэчы, з таго ж населенага пункта на прыём да кіраўніка раёна прыйшоў мужчына-пенсіянер. Ён таксама гаварыў пра дарогу, на якой летам стаўбуром стаіць пыл, а таксама пра нязручнасці для жыхароў ад блізкага суседства з фермерскай гаспадаркай. Кіраўнік гаспадаркі Мікалай Змушка пагадзіўся перавесці буйную рагатую жывёлу ў іншае месца, але там няма падводу электрычнасці. Сяргей Гвоздзь абяцаў дапамагчы з вырашэннем гэтага пытання, а таксама прапанаваў фермеру дапамогу ў расшырэнні яго гаспадаркі.

Было у мужчыны-пенсіянера яшчэ адно пытанне да кіраўніка раёна: чаму пенсіянерам гаспадаркі бульбу восенню прадавалі па адным кошце, а для іншых – па другім. На што кіраўнік ААТ “Неначскае” Ігар Парфёнчыкаў патлумачыў, што продаж сельгаспрадукцыі пенсіянерам гаспадаркі па зніжаным кошце прадугледжваецца калектыўным дагаворам акцыянернага таварыства.

Адразу некалькі праблемных пытанняў падняла маладая жанчына з Новай Антонаўкі. Па-першае, яна паскардзілася на прамярзанне сцен у кватэры, дзе жыве з маці і непаўналетнім дзіцём, паказала старшыні райвыканкама фотаздымкі з чорнымі сценамі і плесенню. Па-другое, падняла пытанне рамонту пад’езда ў тым жа доме. Нават сказала, што жыхары гатовыя заплаціць, толькі каб такі рамонт зрабілі. Сяргей Гвоздзь тут жа даручыў Яўгенію Арэшку, галоўнаму інжынеру зверагаспадаркі, на балансе якой знаходзіцца шматкватэрны дом, неадкладна разабрацца ў сітуацыі і дапамагчы жыхарам з тымі праблемамі, якія ў іх ёсць.

Малады чалавек з таго ж населенага пункта расказаў кіраўніку раёна пра стан дарог у Новай Антонаўцы, ямы, на якія дарожнікі ўпарта не звяртаюць увагі.

Сяргей Гвоздзь палічыў прэтэнзіі заяўніка абгрунтаванымі, даручыў Аляксандру Чыгрыну неадкладна выправіць сітуацыю.

Прыняў кіраўнік раёна таксама мужчыну. Той скардзіўся на суседку, якая нідзе не працуе, а кватэру, што знаходзіцца на балансе зверагаспадаркі, выкарыстоўвае, як прытон. Сяргей Гвоздзь паабяцаў разабрацца і ў гэтай сітуацыі.

 

Аляксандр Века.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.