Сустрэча кадэтаў у гонар герояў Айчыннай вайны

снимок 005

У мінулую суботу ў сярэдняй школе №6 прайшла сяброўская сустрэча вучняў кадэцкага корпуса СШ №6 і кадэтаў Гомельскага кадэцкага вучылішча, прысвечаная 75-годдзю вызвалення горада Калінкавічы і Калінкавіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Па прыбыцці гасцей чакала пазнавальная экскурсія ў школьны музей баявой славы, дзе кадэты СШ №6 распавялі ім пра тое, як праходзіла вызваленне нашага раёна ад нямецкіх захопнікаў, а таксама падрабязна пазнаёмілі з экспанатамі музея.

Пасля экскурсіі ўсе прынялі ўдзел у спартыўна-патрыятычнай гульні «Героям прысвячаецца», дзе юным патрыётам, падзяліўшыся на каманды, трэба было паспаборнічаць у некалькіх спартыўных конкурсах.

Праграма спаборніцтваў уключала ў сябе эстафету «Перадача пілоткі», каманднае мнагабор’е, паласу перашкод і перацягванне каната. Кадэты падцягваліся на перакладзіне, падымалі гіры, скакалі на скакалцы і спрабавалі свой спрыт ў дартсе. Здавалася, спартыўны запал і жаданне прынесці перамогу сваёй каманддзе  настолькі захапіла ўдзельнікаў, што яны не заўважалі нічога навокал.

снимок 343

Абедзве каманды выдатна паказалі сябе па выніках спаборніцтва і змаглі даказаць, што кадэты, як ніхто іншы, заўсёды знаходзяцца ў добрай фізічнай форме і маюць выдатныя спартыўныя здольнасці. Аднак, нягледзячы на тое, што барацьба была напружанай, перамогу ў ёй усе ж атрымалі гомельскія кадэты.

Павіншаваць усіх удзельнікаў спаборніцтваў і ўручыць ім дыпломы і памятныя прызы прыйшлі старшыня Калінкавіцкай РАС ДТСААФ Сяргей Равінскі, старэйшы лейтэнант пагранічных войскаў Алена Гардзеева, падпалкоўнік у адстаўцы Дамір Нурмухамедаў і дырэктар СШ №6 Галіна Дулуб.

На працягу ўсёй гульні ў спартыўнай зале панавалі шум, смех і весялосць, а самі спаборніцтвы сталі сапраўдным святам здароўя і спорту ў гонар герояў-вызваліцеляў нашага раёна.

Алена ДЗЯМ’ЯНАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Optionally add an image (JPEG only)

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.