Ганна Шынкарэнка: «Няма часу сумаваць, калі рукі заняты»

снимок 030

Цэлых дванаццаць дзён, пачынаючы ад каляднай Куцці да Хрышчэння Гасподняга, былі асвечаны вялікімі падзеямі Раства Хрыстова. З Каляднымі святкамі звязана шмат розных прыкмет і традыцый. І калі днём царква яшчэ дазваляе займацца нейкімі самымі неабходнымі хатнімі справамі, то вечары здаўна лічацца святымі – аніякай працы, толькі адпачынак, вяселле і праслаўленне Хрыста.

Гэтыя дванаццаць святых вечароў для жыхаркі Вялікіх Аўцюкоў Ганны Шынкарэнкі сцягнуліся так, быццам цэлы месяц мінуў. І так штогод.

— Цяжка мне столькі выседзець без справы, — кажа 82-гадовая жанчына. – Але ж куды душу дзенеш? Законы Божыя трэба паважаць.

Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, Ганна Шынкарэнка яшчэ даволі бадзёрая і руплівая гаспадыня. Ходзіць на службы ў царкву, спявае ў царкоўным хоры і мясцовай мастацкай самадзейнасці, дзе з’яўляецца старэйшай і адной з самых галасістых артыстак.

— Яна ж у нас спявае першым голасам, — расказвае былая загадчыца Вялікаўцюкоўскага СДК Валянціна Варабей. – Мой пакойны мужык, які нам часта акампаніраваў на канцэртах, называў Барысаўну: «Аўцюкоўскі салавей!».

— Барысаўна і спявае добра, і працуе без ляноты, — далучаецца да размовы яшчэ адна мясцовая рукадзельніца і спявачка Любоў Зайцава. — А як яна вышывае! Зайдзеце у яе хату, упэўнена, вельмі здзівіцеся.

Так яно і адбылося. І здзівіліся, і нават крыху збянтэжыліся, калі гаспадыня прапанавала нам прысесці ў крэсла ці на канапу.

— Як на такую прыгажосць можна сесці, вы, відаць, жартуеце? – пытаюся я, гледзячы на бялюткія палотны, аздобленыя каляровымі вышыванкамі. Вышытыя кветкі паўсюду – на навалках і пакрывалах, рушніках і сурвэтках, набожніках і фіранках… Прысутнічаюць яны і ў вопратцы самой Ганны Шынкарэнкі – на жанчыне вышываная кофта і спадніца, рознакаляровым букетам упрыгожаны фартух.

снимок 003

— Сядайце-сядайце! Вады ў хаце, думаеце, няма? Памыць можна, калі запэцкаецца…

— Не, я лепей на гэты стулік прысяду, — смяюся ў адказ.

Вышывае Ганна Барысаўна столькі, колькі сябе памятае. Кажа, што навучылася сама, бо яе маці было не да гэтага – працавала за працадні, дзяцей гадавала, гаспадаркай займалася. Ткаць-ткала, а вось на вышыўку часу не хапала.

снимок 002

— Нас у бацькоў было чатыры дзеўкі, я — трэцяя. Восем класаў скончым — і ў калгас працаваць. А калі было шмат работы, маці ў школу нас нават і не пускала. Памятаю, сяджу на гарышчы і галашу, калі людскія дзеці вучыцца ідуць, а я павінна дома заставацца.

Маладой дзяўчынай Ганна завербавалася ва Ўкраіну – паехала ў заробкі на цукровы завод. Але на сам завод не трапіла, яе разам з іншымі дзяўчатамі размеркавалі на сельскагаспадарчыя работы – сеяць, палоць, выкопваць цукровыя буракі. Усю гэтую навуку Ганна засвоіла з дзяцінства, таму працавала добра, не ленавалася.

Ва Ўкраіне яна пазнаёмілася з Сямёнам Шынкарэнкам, які толькі прыйшоў з салдатаў. Пайшла за яго замуж.

— Дачка наша старэйшая там нарадзілася. А потым я забрала сваіх з той Украіны і прывезла ў Аўцюкі, бо дужа дадому хацелася, — расказвае Ганна Барысаўна. – Ой, донька, пра маё жыццё можна цэлую жалобную кніжку напісаць! Жылі мы з маім Сямёнам добра, хату нават паспелі паставіць, але нядоўга. Праз 11 гадоў памёр ён ад пнеўманіі ў 32 гады, а я адна з пяццю дзеткамі на руках засталася. Малодшаму нашаму дзіцятку не было і годзіка.

Ганна Шынкарэнка дзяцей выгадавала адна. Трымала вялікую гаспадарку, працавала, не пакладаючы рук, і нікому на сваё цяжкае жыццё не скардзілася.

Амаль 40 гадоў адпрацавала на ферме цялятніцай. Як кажа, ні выхадных не ведала, ні у адпачынкі ніякія не хадзіла.

— Цяжка было, але што зробіш? Доля мая, значыцца, такая, — уздыхае Ганна Барысаўна. – На дзяцей за страту кармільца мне толькі 47 рублёў плацілі. Вось і працавала, каб іх падняць, каб галодныя і голыя не хадзілі.

Як шмадзетная маці Ганна Шынкарэнка пайшла на пенсію ў 50 гадоў, але яшчэ амаль дзесяцігоддзе хадзіла на ферму даглядаць цялят. Затое сёння на сваю пенсію не скардзіцца і на дзяржаву не крыўдуе.

Калі дзеці выраслі і стварылі свае сем’і, Ганна Барысаўна вырашыла хоць аднойчы падумаць пра сябе і сыйшлася з удаўцом Пятром Іоўчыкам. У вёсцы жанчыне адной цяжка: і на падворцы, і ў хляве мужская рука заўсёды патрэбна.

— Пятнаццаць гадоў з Васільевічам душа ў душу пражылі. Гаспадарку вялікую трымалі. Каня купілі. Я таго каня яшчэ чатыры гады пасля смерці Пятра глядзела. Добры конь быў, ажно блішчэў, 680 кг важыў. А які паслухмяны! Мы з сяброўкамі часам жартавалі, что «бабскі» конь у мяне. Вывяду яго пасвіць, ён сам галаву нагінае, каб аброць надзела. Прывяду назад ў хлеў, зноў галаву нагінае, быццам кажа: «Здымай ужо, гаспадыня…», — успамінае Ганна Барысаўна.

Зараз жанчына жыве адна, але дзеці, унукі і праўнукі пра яе не забываюцца: тэлефануюць, адведваюць. Дачка Галіна жыве ў Аўцюках, таму бывае ў матулі часцей за ўсіх. Две дачкі жывуць у Кіеве, сын – у Ізраілі. У жанчыны пяцёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў.

Ды і сяброўкі не даюць Ганне Барысаўне сумаваць. Разам яны спяваюць у мастацкай самадзейнасці Вялікаўцюкоўскага клуба і ў царкоўным хоры, разам вышываюць — і канцэртныя касцюмы, і царкоўныя ўбранні, дзеляцца адна з адной не толькі апошнімі навінамі, але і новымі ўзорамі для вышыванак.

— Няма часу сумаваць, калі рукі заняты, — гаворыць Ганна Шынкарэнка. – Мае скацеркі, рушнікі, кофты, фартухі і набожнікі ёсць у Ізраілі, у Кіеве, у Маскве, Мурманску і ў Севераморску ў пляменнікаў. Бяруць, і добра. Мне прыемна. Я сабе яшчэ навышываю — зіма ж доўгая.

Летам, хоць дні і даўжэйшыя за зімнія, часу для вышывання ў жанчыны значна менш, бо Ганна Барысаўна цэлымі днямі, як расказваюць яе сяброўкі, прападае з капаніцаю ў полі, «за вушы не выцягнуць». Толькі ў тыя дні, калі дождж зарадзіць, можа ўзяцца за рукадзелле ды ўвечары – улетку ж цямнее позна. Таму зіма ў аўцюкоўскіх майстрых-вышывальшчыц – самы плённы час для творчасці.

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.