Свой пачэсны пасад між народамі

455748988s

Першы дзень студзеня 1919 года – дзень абвяшчэння БССР. Які быў гэты гістарычны дзень? Як ён запомніўся сучаснікам тых незабыўных, хвалюючых часоў?

А як успрыняў гэтую вестку народ, розныя слаі насельніцтва: рабочыя, сяляне, інтэлігенцыя? У кнізе «Хроніка важнейшых падзей КПБ» прыводзіцца паведамленне з Нясвіжа за 4 студзеня 1919 года. У ім, прынамсі, гаворыцца: «В связи с образованием Белорусской ССР состоялся митинг трудящихся города и близлежащих деревень… Митинг прошел при громадном сплочении народных масс рабочих и крестьян. Овациям не было конца. Настроение рабочих радостное, приподнятое. Участники митинга горячо приветствовали создание БССР» (Хроника важнейших событий КПБ. Мн., 1970. С. 16).

Аднак такіх паведамленняў надзвычай мала. Сваіх успамінаў пра падзею не пакінулі ні члены першага Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, ні дэлегаты першага з’езда Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Беларусі. І калі яшчэ ў 1970-я гады беларускі даследчык Уладзімір Содаль задумаў сабраць такія ўспаміны, аказалася, што пра дзень абвяшчэння БССР відавочцы тагачасных падзей гавораць вельмі агульна. Некаторыя наогул «не прыкмецілі» гэтай падзеі.

Тлумачыцца гэта складанасцю абставін, у якіх абвяшчалася БССР. За кароткі прамежак часу людзі перажылі дзве рэвалюцыі, імперыялістычную вайну, нямецкую і польскую акупацыі, а таму да ўсяго прыглядаліся з асцярогай, з недаверам.

Што да тэрыторыі сучаснага Калінкавіцкага раёна, то напярэдадні абвяшчэння БССР ён знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У населеных пунктах людзі баяліся ўзброеных банд украінскіх нацыяналістаў, якія забівалі актывістаў і прыхільнікаў савецкай улады. Роты, батальёны і каманды 151-га стралковага палка занялі дэмаркацыйную лінію і прынялі ўдзел у хуткім выдаленні немцаў па лініі Гомель – Рэчыца – Калінкавічы – Мазыр. Як адзначалася ў данясенні начальніка штаба палка, сярод насельніцтва раёна адчуваўся вялікі ўздым. Паўсюль узрушана сустракалі Чырвоную Армію, прасілі даслаць літаратуру і агітатараў на вёску.

Напярэдадні новага 1919 года Чырвоная Армія заняла Калінкавічы, улада была перададзена Савдэпу і рэўкому. Але ў мястэчку заставалася яшчэ многа немцаў, якія не мелі магчымасці выехаць у Германію. Яны падпарадкоўваліся германскаму ваеннаму савету. Толькі на станцыі Калінкавічы з-за адсутнасці паравозаў стаяла сем эшалонаў з нямецкімі салдатамі. Сваю ролю сыграла забастоўка чыгуначнікаў. Гэта быў пратэст супраць дзеянняў нямецкага камандавання, якое насуперак дамоўленасці груба ўмешвалася ў справы мясцовай улады. Толькі пасля бою паміж немцамі і 3-й ротай Чырвонай Арміі пад Дудзічамі немцы адступілі, пакінуўшы зброю і баепрыпасы. Гэты бой стаў апошнім адгалоскам нямецкай акупацыі раёна, а праз дзесяць дзён немцы пакінулі і Калінкавічы, дзе ўсталявалася савецкая ўлада. Праўда, зусім ненадоўга.

Але вернемся да 1 студзеня 1919 года. Многія дзеячы беларускай культуры падчас абвяшчэння БССР не жылі на Беларусі, і вестка пра гэтую падзею шмат для каго прыйшла запознена. I ўсё ж пераважная большасць сыноў беларускага народа адразу шчыра адгукнулася на гэтую падзею. Янка Купала, як сведчыць яго сучаснік Тодар Кулеша, калі дачуўся, што абвешчана БССР, узрушана захадзіў па пакоі і ўсхвалявана загаварыў: «Вось гэта радасная навіна!.. От да якой радасці дажыў прыгнечаны вякамі наш беларускі народ! Пачакайце, свет здзівіцца, як мы цяпер закрочым наперад… Жыве наша Беларусь!.. Што ж, цяпер патрэбны работнікі ў Беларусь. Яны ёсць у нас, але ж параскіданыя ўсюды…» (Любімы паэт беларускага народа. Мн., 1960. С. 237).

Гэтак жа радасна ўспрынялі вестку пра абвяшчэнне БССР і многія іншыя дзеячы культуры, літаратуры, асветы. Успаміны некаторых з іх даследчыкі паспелі запісаць. Сабраныя разам, яны даюць хоць якое ўяўленне, як была ўспрынята вестка аб гістарычнай падзеі.

Якуб Колас, народны паэт БССР: “1 студзеня 1919 года быў апублікаваны гістарычны маніфест, першы канстытуцыйны акт, які юрыдычна аформіў асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу новай Беларускай Савецкай Рэспублікі.

Савецкая Беларусь, як самастойная рэспубліка, утварылася ў цяжкі час навалы сусветнай інтэрвенцыі, выступіўшай супраць савецкай улады. Агнявое кола замежных ворагаў аблягала савецкую зямлю, каб у крыві рабочых і сялянаў загубіць іх родную ўладу, а на яе месцы паставіць уладу капіталістычных разбойнікаў. Гэтая навала не абмінула і Савецкай Беларусі”. (Публіцыстычныя і крытычныя артыкулы. Мн., 1957. С. 167-168.)

Міхась Лынькоў, народны пісьменнік БССР: “Беларусь стала савецкай дзяржавай. Народ, які ў свой час з горкай іроніяй называў сябе «тутэйшымі жыхарамі», выйшаў на шырокую гістарычную дарогу. Спраўдзіліся яго спрадвечныя мары і спадзяванні аб тым, каб «людзьмі звацца». Паўнакроўнае чалавечае жыццё смела ўзышло на парог беларускай хаты… Ён стаў паўнапраўным гаспадаром свайго жыцця, свае працы, сваіх здабыткаў. Ён убачыў і адчуў сябе – упершыню за ўсю гісторыю свайго існавання – мужным змагаром і тварцом свайго жыцця, сваёй будучыні…

Усё гэта сталася магчымым у выніку Кастрычніка. Усім гэтым абавязаны мы творчаму генію Леніна, заснавальніку нашай дзяржаўнасці”. (Літаратура і жыццё. Мн., 1978. С. 30-31.)

Кандрат Крапіва, народны пісьменнік БССР, Герой Сацыялістычнай Працы: “Калі было абвешчана аб утварэнні БССР, быў абнародаваны Маніфест, я працаваў у Каменцы Уздзенскай воласці настаўнікам пачатковай школы. Менавіта там сустрэў гэтую вестку. Безумоўна, быў задаволены. Але на вёсцы ніякай грамадскай працы з гэтай нагоды не праводзілася. Тады яшчэ і газет савецкіх не было. А калі і былі, дык нешматлікія. I пра гэта на вёсцы мала хто ведаў. Можа, ва Уздзе што было? Тут справа такая… Толькі што скончылася нямецкая акупацыя. Людзі яшчэ ад гора не адышлі і да канца не ўсвядомілі гэтую падзею… Не адразу ўсё і ўсімі было ўсвядомлена”. (Запісана Уладзімірам Содалем у 1977 годзе.)

Г. Н. Гаўрылаў, член КПСС з 1919 года, персанальны пенсіянер саюзнага значэння: “Я добра памятаю 1 студзеня 1919 года. Памятаю, як радасна сустрэлі людзі вестку аб утварэнні БССР. Наша рзспубліка рабіла першыя, цяжкія крокі ў будаўніцтве сацыялізму. У тыя студзеньскія дні 1919 года яшчэ свежымі заставаліся сляды разбою кайзераўскіх акупантаў.

Новы год пачынаўся з клопатаў аб самым надзённым: як пераадолець нястачу, тройчы павялічаную германскімі захопнікамі, як дажыць да лета? Голад станавіўся грозным саюзнікам ворагаў Савецкай улады.

Вось у такіх умовах мы святкавалі тады Новы год. Не памятаю жартаў… У студзені 1919 года я вучыўся на пяхотных курсах у Магілёве”. (Гомельская праўда, 1984, 1 студз.)

Паўліна Мядзёлка, заслужаная дзяячка культуры БССР: “У пачатку студзеня 1919 года прайшла радасная вестка: абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, у Мінску ўтварыўся беларускі ўрад на чале са Зм. Жылуновічам. Ніхто не мог уседзець у хаце. На вуліцу Мядзведзічаў (вёска Слуцкага павета (цяпер Ляхавіцкага раёна) высыпаў народ. Прыйшлі сюды жыхары і з навакольных вёсак. Залунаў над народам чырвоны сцяг. У радасным узбуджэнні пастроі ліся ў шарэнгі і з песняй «Смело, товарищи, в ногу» прайшлі з канца ў канец праз усю доўгую вуліцу. У часе мітынгу выбралі рэўком, у які ўвайшлі былыя матросы, рабочыя піцерскіх заводаў, сяляне”. (Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця. Мн., 1974. С. 124-125.)

Васіль Гарбацэвіч, заслужаны настаўнік БССР, драматург, аўтар п’есы «Чырвоныя кветкі Беларусі»: “1918 годзе ў Дукоры адкрылася вышэйшае пачатковае вучылішча. Яно змяшчалася ў будынку былой воласці. Не памятаю, якога студзеня меўся адбыцца бацькоўскі сход. Перад пачаткам сходу ў настаўніцкую ўбягае дырэктар школы Іван Васільевіч Пісарчык. Ён быў усхваляваны:

— Таварышы, якая радасць для беларускага народа! Абвешчана БССР! Гэтая’ вестка ўрачыстым набатам прагучэла для нас, настаўнікаў. Мы глядзелі то на дырэктара, то адзін на аднаго. Пісарчык палічыў патрэбным унесці яснасць:

—У мяне зараз быў Апанас Язэпавіч Гуло, вядомы стары сацыял-дэмакрат, і перадаў гэтую радасную навіну… Таварышы, я прапаную бацькоўскі сход пачаць з абвяшчэння гэтай гістарычнай падзеі.

—Безумоўна! – горача падтрымалі мы.

I бацькоўскі сход перавярнуўся ў імправізаваны мітынг. Гаварылі, прасілі слова ўсе. Гаварылі, што беларускі народ упершыню стаў свабодны, роўны з іншымі народамі былой Расійскай імперыі, што здзейснілася яго запаветная мара – людзьмі звацца.

Гаварыла і Параска Феафілаўна, нястомная актывістка:

—Таварышы! Цяпер не адважацца сунуцца на нас нямецкія захопнікі, бо з намі вялікі рускі народ, з намі Ленін і яго партыя…

3 вялікім запалам гаварыла Параска. Яна расчырванелася, вочы гарэлі, з-пад хустачкі вылезлі пасмачкі непаслухмяных валасоў. Жанчыны са здзіўленнем глядзелі на Феафілаўну… Такой яшчэ яе не бачылі.

Мітынг прайшоў з такім уздымам, што ўдзельнікі яго не маглі астыць нават варочаючыся да хат”. (Успаміны 1978 года, напісаны па просьбе Уладзіміра Содаля.)

Гаўрыла Гарэцкі, акадэмік АН БССР: “Абвяшчэнне рэспублікі застала мяне ў Смаленску. Я працаваў стэнаграфістам у Абласным выканаўчым камітэце Заходняй вобласці і некаторыя падзеі, а таксама трохі атмасферу ў Смаленску напярэдадні абвяшчэння БССР памятаю. Тады толькі і гаворкі было, што рыхтуецца абвяшчэнне Беларускай рэспублікі. Пра гэта гаварылі ўсе.

У Смаленску ў тую пару ўжо былі Чарвякоў, Жылуновіч, Шантыр, Дыла… Памятаю Чарвякова. Хадзіў бедна апрануты, у паношаным салдацкім шыняльку, і зваўся ён беларускім камісарам. Так яго тады ўсе называлі. I гаварыў ужо ён па-беларуску. У тыя дні ён усюды з сабою насіў і вазіў «Этнаграфічную карту Беларусі», складзеную Карскім і тэрмінова выдрукаваную Беларускім абласным камітэтам. Ён раздаваў яе ўсім знаёмым і тым, каго цікавіў лёс Беларусі, яе будучыня. У гэтую карту тады ўсе ўглядаліся па-асабліваму. Вакол яе паўставала шмат гаворак, разваг і спрэчак. На аснове ж яе мусілі быць вызначаны межы нашай рэспублікі. Карта тая тады была вельмі патрэбная і ў пару выдрукаваная, добра выдадзеная, з адпаведным тэкстам, каментарыем.

Чарвякоў і мне падарыў адзін паасобнік гэтай карты. «Ад беларускага камісара» – такі аўтограф паставіў ён на маім паасобніку. Карта гэтая доўга перахоўвалася ў мяне. Пасля яе «звялі» з хаты. Некаму даў, то і не вярнулася.

3 членаў першага рэвалюцыйнага ўрада Беларусі даводзілася спатыкацца напярэдадні абвяшчэння БССР і з Фабіянам Шантырам. Да чаго ж быў прыгожы чалавек! А які прамоўца! 3 беларускіх прамоўцаў такіх не было. Мова прыгожая. Нікога не пакідаў абыякавым! Карыстаўся вялікім поспехам. У першым беларускім урадзе займаў пасаду камісара па нацыянальных справах. Расказваў пра адну вельмі важную нараду ў Леніна, якая папярэднічала абвяшчэнню БССР. I калі на гэтай нарадзе зайшла гаворка, хто з беларускай дэлегацыі мог бы ўзначаліць урад рэспублікі, нібыта падняўся Жылуновіч і сказаў: «Такі чалавек ёсць. Я магу сфарміраваць і ўзначаліць урад!» Сказаў упэўнена, пераканана, цвёрда, і Ленін пагадзіўся з прапановай. 3 іншых членаў першага часовага рэвалюцыйнага ўрада Беларусі ведаў М. Калмановіча – камісара харчавання, чуў яго прамовы, досыць прыгожы, зграбна складзены; Я. Дылу – камісара працы; гэта быў надзвычай разумны, асвечаны культурай чалавек і шмат зрабіў для Беларусі. Добра ведаў Р. Найдзёнава – камісара па справах палонных і бежанцаў. Як якое пасяджэнне, клікаў мяне. Усе гэта былі людзі апантаныя, шчыра верылі ў рэвалюцыйную ідэю і змагаліся за яе самаахвярна… Знаёмства маё з імі ідзе яшчэ з Смаленска. А Маніфест аб абвяшчэнні рэспублікі чыталі з радасцю. Мы радаваліся, што прычакалі такога дня. Асабліва радаваўся Максім. Мы тады з ім жылі на Благавешчанскай вуліцы. Абвяшчэнне БССР – гэта ж была нібыта і яго перамога, увасабленне і яго мар і жаданняў. Дзе-нідзе Максім у сваіх творах згадвае пра гэтую падзею. У «Камароўскай хроніцы», напрыклад: «…У канцы 1918 года Чырвоная Армія заняла Менск. Была абвешчана Беларуская рэспубліка, і часовы рабоча-сялянскі беларускі ўрад пераехаў у Менск, думалі выдаваць там беларускую газету…»

У артыкуле «Беларуская літаратура пасля «Нашае Нівы»: «…У пачатку 1919 года блізу ўся Беларусь пабыла ў кучы, «адзіная і недзялімая», савецкая, з абвешчанай незалежнасцю.

Толькі дужа кароткі час было ўсё гэта…»

Будаўніцтва беларускай дзяржаўнасці было, як вядома, перапынена белапольскай акупацыяй”. (Успаміны запісаны Уладзімірам Содалем ад Г. I. Гарэцкага 31 ліпеня 1987 года.)

Уладзімір Дубоўка, паэт: “У пачатку 1921 года я, яшчэ чырвонаармеец, зайшоў у Прадстаўніцтва Беларускай ССР, якое змяшчалася на Паварской вуліцы (цяпер вул. Вароўскага). Там я пазнаёміўся з старшынёй ВК БССР А. Р. Чарвяковым. Меў з ім доўгую, можна сказаць – зусім сяброўскую размову. У гэтай размове я атрымаў аўтарытэтныя адказы на свае шматлікія запытанні. Запытаўся я быў і пра Змітра Хведаравіча. А. Р. Чарвякоў сказаў мне тады пра Змітра Хведаравіча: «…Калі (у свой час) паўстала пытанне пра стварэнне Беларускай ССР, яно мела, сустрэла багата варожых выказванняў. Не абышлося без іх на адной надзвычайна адказнай нарадзе, якая праводзілася пад старшынаваннем самога У. I. Леніна. Ворагі стварэння Савецкай Беларусі выкінулі свой апошні «козыр» : «Хто ў іх здолее стварыць самы ўрад?! У іх няма адпаведных людзей для гэтага!» Тады, так казаў А. Р. Чарвякоў, устаў з свайго месца Змітро Хведаравіч і заявіў: «Я ствару такі Урад».

Вось тады У. I. Ленін даручыў Змітру Хведаравічу стварыць урад, пытанне было канчаткова зацверджана». (Успаміны пра Цішку Гартнага. Мн., 1984. С. 79)

Язэп Дыла, грамадскі дзеяч, пісьменнік: “1 студзеня 1919 года Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад Беларусі сабраўся ў Смаленску на першае пасяджэнне. 3. Жылуновіч абвясціў Маніфест аб утварэнні БССР, машынапісны тэкст якога быў загадзя раздадзены членам урада. 3 хваляваннем услухоўваліся мы ў словы Маніфеста: «Ад сённяга дню Беларусь – Савецкая рэспубліка – становіцца рэспублікай працоўнага народа, рабочых, сялянскай беднаты і чырвонаармейцаў Беларусі… Уставайце ўсе на абарону яе… Уся зямля памешчыкаў, манастыроў, царквоў, касцёлаў, духаўнікоў з усім жывым і мёртвым багаццем, а таксама ўсе лясы, воды і нутры зямлі становяцца дастаткам працоўнага народу Беларусі… Урад даручае Чырвонай Арміі, рабочым і сялянскай беднаце Беларусі абарону заваёў сацыяльнай рэвалюцыі».

Закончыўшы чытанне Маніфеста, Жылуновіч спытаўся ў Мяснікова:

—Як вам падабаецца Маніфест? Вы лічыце яго ўдалым?

—Так, – адказаў ваенны камісар нашай рэспублікі. – Толькі мне незразумелы асобныя словы. Вось, напрыклад, сказана: няхай «трапечуцца» нашы ворагі…

—А хіба вы не чулі рускага слова «трепещут»?

—Гэта значыць баяцца?

—Так. Вось бачыце – зразумелі.

—Не думайце, што я хацеў пасмяяцца з беларускай мовы, – удакладніў Мяснікоў. – Я проста хацеў зразумець сэнс гэтага слова.

А яшчэ праз некалькі дзён мы былі ў Мінску. Помніцца, па дарозе з вакзала зайшлі ў прыватны рэстаран і, сказаўшы, што нас будзе чацвёра, заказалі па дзве порцыі абеду. Потым нам захацелася спрабаваць нямецкага мёду-эрзацу. Гаспадар прынёс нам неахвотна, з нейкай насцярожанасцю. Жылуновіч тут не вытрымаў і пажартаваў:

—Няўжо вы баіцеся, што новая ўлада адбярэ ад вас гэты мёд?

—А хіба будзе новая ўлада?

—Так, ужо абвешчана свая, Беларуская Савецкая Рэспубліка.

Такім чынам гаспадар, а таксама і яго кліенты ўпершыню пачулі аб утварэнні БССР.

Неўзабаве пасля нашага прыезду ў Мінск пачалі працаваць усе камісарыяты Часовага ўрада, у тым ліку і Камісарыят працы”. (Дыла Я. Творы. Мн., 1981. С. 8.)

Ян Скрыган, пісьменнік, заслужаны работнік культуры БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР: “Рэвалюцыю помню. Нямецкую акупацыю помню. Памятаю іншыя жыццёвыя драбніцы. А вось абвяшчэння БССР ані не помню. Ні маніфеста не помню, ніякай урачыстасці з гэтай нагоды не помню. Ні шуму, ні пад’ёму. Вучыўся я ў тую пару ў Слуцку, у школе першай ступені. I настаўнікі нам нічога не гаварылі пра гэтую падзею. Вось я кажу, што нічога не помню, а сам думаю: чаму? На першае студзеня 1919 года мне ішоў ужо чатырнаццаты год. Калі б што рабілася, пэўна што помніў бы. I гэта ў Слуцку! А што пра вёску казаць?!

Тады словы «Беларусь», «беларус» рэдка дзе ў народзе можна было пачуць. Усё болып «тутэйшы» ды «тутэйшы». Свядомасць беларускасці расла з умацаваннем беларускай савецкай дзяржаўнасці. Больш-менш яно замацавалася ў сярэдзіне дваццатых гадоў”. (Запіс Уладзіміра Содаля, 8 верасня 1987 года.)

Станіслаў Шушкевіч, пісьменнік: “Калі была абвешчана БССР, я меў адзінаццаць гадкоў. Жылі мы пад Мінскам, у Шчытомірычы, у колішнім панскім двары Аркадзя Карпіловіча. Мой тата, колішні парабак, нарадзіўся ён у 1880 годзе, цікавіўся грамадскім жыццём. 3 1917 года быў старшыня рабочага камітэта Другога коннага лазарэта Заходняга фронту. Па даручэнні Фрунзе пашыраў газету «Звязда», тады яна яшчэ выходзіла на рускай мове. Сачыў за ўсім, што рабілася ў свеце. I вось аднаго разу бацька прыйшоў дадому і сказаў:

— Цяпер мы будзем мець беларускія школы, беларускія ўстановы. Створаны беларускі ўрад. У нас будзе свая рэспубліка.

Такая гаворка дома, памятаю, была. У нашай сям’і вельмі шанавалі ўсё роднае, беларускае, і радаваліся, што і беларусы нарэшце прычакалі лепшай долі, што і іх прызналі за людзей. Але якіхсьці практычных крокаў з жыцця рэспублікі таго часу не помніцца. Неўзабаве ж пачалася белапольская акупацыя. Пазней я пазнаёміўся з Жылуновічам, старшынёй Першага часовага рэвалюцыйнага ўрада Беларусі, і ён мне трохі расказваў, як ішло стварэнне і абвяшчэнне БССР”. (Запіс Уладзіміра Содаля, 25 лістапада 1987 года.)

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.