Даманавічы

Калі рухаешся па мінскай шашы з боку Бабруйска на Калінкавічы,  то  праз тры-чатыры кіламетры за Казловічамірэспубліканская траса рэзка, амаль пад прамым вуглом, паварочвае ўправа,  на Калінкавічы. Той жа, хто паедзе прама па вузкай стужцы асфальту, не звярнуўшы   направа, ужо праз пару-тройку хвілін трапіць у Даманавічы, якія вядомы па летапісных крыніцах з XVI стагоддзя, як вёска ў Мазырскім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага, якая ў тыя часы  з’яўлялася вялікакняжацкай уласнасцю.

Даманавічы  пачынаюцца вуліцай Ярмілава, якая размясцілася з правага боку па рухуў вёску. Да 1966 года гэта была вёска Анісавічы. З левага боку размясціліся вясковыя могілкі.У цэнтры вёскі, дзе стаяць будынкі школы, Дома культуры, сельскага  Савета, канторысельгаспрадпрыемства, дзе размясціліся  аддзяленні ашчадбанка і пошты, комплексныпрыёмны пункт, магазін, царква, дарогі расходзяцца ў розныя бакі. Налева паедзеш  па вуліцы Леніна  –  трапіш у  Давыдавічы, якія амаль ужо злучыліся з Даманавічамі.

Направа рушыш   па вуліцы  Савецкай  – заедзеш у Тарканы. Возьмеш яшчэ правей, паўз новы храм,  трапіш на вуліцу, якая таксама называецца Савецкай. Да 1966 года яна была вёскай Лампекі. Усяго трыста метраў сёння аддзяляюць вёску Даманавічыад вёскі Авангард. Так што невялічкая некалі па сваіх памерах вёсачка Даманавічыволяй лёсу аб’яднала ў сабе некалькі  навакольных паселішч і, нават, дала ў мінулым стагоддзі назву Даманавіцкаму  раёну, які быў утвораны 12 лютага 1935 года і праіснаваў да 1960 года.

Але аб усім па парадку.

Міхайлавы

Стацкі саветнік, віцэ-губернатар Мінскай губерні Андрэй Міхайлаў уважліва  перачытаў апошнюю  справаздачу па даходах і расходах губернскай казны  і, як заўсёды, пісьмова выказаў свае асабістыя меркаванні  па іх упарадкаванні на імя міністэрства фінансаў Расійскай імперыі,  у якім не толькі прыслухоўваліся да яго думак, а і дакладвалі аб іх  гасударыні імператрыцы Кацярыне II. І тое, што імператрыца цаніла  яго сумленнасць і клопат аб дзяржаўных інтарэсах, былі не проста здагадкамі, а канкрэтным фактам. Назначэнне яго віцэ-губернатарам Мінскай губерні пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай губерні з прысваеннем чына стацкага саветніка, што адпавядала вайсковаму чыну брыгадзіра (генерал-маёра), было  таму найлепшым пацвярджэннем. Больш таго,  гасударыня аддзячыла яго за  шчырую працу дараваннем у вечнае і спадчыннае валоданне маёнтка з амаль 10 тысячамі дзесяцін зямлі ў Даманавічах Рэчыцкага павета.

Андрэй Сідаравіч падыйшоў да акна свайго мінскага кабінета, выглянуў на ву-ліцу і падумаў:

— Як важна ўсё-такі апынуцца ў патрэбным месцы  ў патрэбны час. Хто яго ведае, дзе б і кім ён сёння быў, каб не пашчасціла служыць  у Ладажскім пяхотным палку, камандзірам якога быў Іван Піль, будучы генерал-губернатар Іркуцкай вобласці,   каб  не пазнаёміўся   са старшай  дачкой Міхаіла Арсеньева  Аляксандрай, губернатара гэтай вобласці, калі  ўжо працаваў губернскім казначэем Санкт-Пецярбургскай казённай  палаты?

У памяці  імгненна прамільгнулі  малюнкі нядаўняга мінулага. Вайсковая служба: ад’ютант пры штабе генерал-паручыка  І.Піленбаха ў 1770 годзе, палкавы кватэрмайстар у Ладажскім пяхотным палку — у 1772, старшы ад’ютант  у арміі генерал-паручыка Энпта ў Фінляндыі — у 1777, секунд-маёр Нашабургскага пяхотнага палка — у 1780. Шматлікія баявыя раны. І ніякіх светлых перспектыў. Пераход на цывільную службу ў 1781 годзе. Знаёмства з Арсеньевай. Жаніцьба. Пратэкцыя  цесця — і ён, Андрэй Міхайлаў, атрымлівае чын калежскага саветніка, што адпавядала чыну армейскага палкоўніка, і назначэнне віцэ-губернатарам Іркуцкай губерні.

З  1789 па 1793 год верай і праўдай нёс службу на гэтай пасадзе Андрэй Міхайлаў. З’яўляючыся непасрэдным памочнікам губернатара, ён адначасова ўзначальваў казённую палату губерні, якая ведала даходамі і расходамі казны, казённай маёмасцю, перапісамі, водкупамі, манаполіямі і г. д. У адрозненне ад шматлікіх сваіх калег, Андрэй Міхайлаў, седзячы на такім  “хлебным” месцы, ніколі не запускаў сваю руку ў дзяржаўную кішэню. Сумленне і добрае імя для  патомнага воіна былі даражэй любых даброт. Дарэчы, адзін з дзекабрыстаў, В.І. Штэйнгель, у сваіх успамінах   асабліва падкрэсліў гэтую рысу характару Міхайлава. Ён адзначыў яго, як “вельмі сумленнага і дабрадзейнага чалавека”(Штэйнгель В.І. Сачыненні і пісьмы. Іркуцк,1). Справа ў тым, што  па просьбе бацькі будучага дзекабрыста, Міхайлаў узяў дзесяцігадовага Штэйнгеля  з сабой у  Пецярбург  і  дапамог уладкаваць яго ў Марскі корпус, што па тым часе было даволі нялёгка і клопатна, асабліва, калі ўлічыць, што справа тычылася  зусім не блізкага чалавека.

Андрэй Сідаравіч прайшоўся па кабі-неце, зноў глянуў за акно. “Канешне, зімы ў Беларусі не параўнаць з іркуцкімі, з іх лютымі траскучымі маразамі, сцюдзёным паветрам, ад  якога магло перахапіць дыханне, але ж  і тут сумётаў, завей  і завірух хапае. Вунь як шчыруюць драўлянымі лапатамі, разграбаючы снег на вуліцы, казённыя работнікі”.

Настрой у  віцэ-губернатара   быў цудоўны. Нядаўняе прысваенне яму чарговага чына правадзейнага стацкага саветніка нямала ў гэтым спрыяла. Нарэшце, збылася яго мара.  Новы чын не толькі адпавядаў прыдворнаму чыну камергера, а і даваў права спадчыннага дваранства, аб чым  ён  24 студзеня 1797 года напісаў адпаведнае прашэнне на імя сына Кацярыны II Паўла I, які змяніў сваю маці на расійскім прастоле пасля яе смерці  ў лістападзе 1796 года. У сваім звароце Міхайлаў  прасіў самадзержца ўзнагародзіць свайго вернападданага дыпломам на  спадчыннае дваранства і родавы герб.

У  думках Міхайлаў зноў вярнуўся да свайго землеўладання. Даманавіцкі маёнтак знаходзіўся  побач з вядомым здаўна Канстанцінопальскім шляхам, які праходзіў з Магілёва на поўдзень праз Рагачоў з адгалінаваннямі на Парычы, Стрэшын, Шацілкавічы, дзе былі пераправы праз Беразіну, і далей на Азарычы, Калінкавічы, Оўруч, Жытомір. Вось тут, у некалькіх кіламетрах ад Азарыч і  раскінуліся яго землеўладанні, дараваныя імператрыцай. У маёнтку было мнагалюдна. Дваровыя людзі  ў першы раз са здзіўленнем  і страхам аглядалі новага гаспадара і яго сямейства. Упраўляючы маёнтка добра ведаў сваю справу. Ён кіраваў ім яшчэ ў бытнасць яго ў дзяржаўнай  уласнасці. На ўсе пытанні адказваў  без запінкі  і з разуменнем. Справы ў маёнтку ішлі сваёй чарадой, Міхайлаў мог разлічваць на  неблагі даход. І ўсё гэта не магло не радаваць.

Нядоўга прабылі яны тады на Даманавіцкай зямлі, але Міхайлаву яна спадабалася.

Просьба мінскага віцэ-губернатара была задаволена ў канцы кастрычніка 1800 года (Зборнік дыпломных гербаў Расійскага Дваранства, том XI, стар.81). Найвысачэйшым Указам ён быў пажалаваны дыпломам на спадчыннае дваранства і родавым гербам. Выява герба  складалася са шчыта, які перасякаўся дзвюма срэбранымі страпіламі, вяршынямі ўніз (у выглядзе літары “W”). У верхнім барвовым полі размяшчаліся дзве залатыя васьміканечныя зоркі. Знізу, у чорным полі — адна васьміканечная зорка. Пад шчытом – дваранскі каранованы шлем з трыма  страусінымі пёрамі. Накід — лазурак, падкладзены золатам. Акрамя таго, Андрэю Сідаравічу давялося пакінуць губернскую пасаду і па найвысачэйшаму павяленню перабрацца ў сталіцу Расійскай імперыі, дзе ў Міністэрстве фінансаў яму даручылі ўзначаліць Экспедыцыю  сведчання мінулых рахункаў.

Жыццёвая зорка Андрэя Міхайлава спыніла свой бег у 1805 годзе. Адзіным і законным  наследнікам застаўся яго малалетні  сын Іван, які нарадзіўся ў 1793 годзе. Яшчэ ў 1803 го-дзе Андрэй Сідаравіч уладкаваў свайго любімца ў Смаленскі  кадзецкі корпус. А ўжо ў 1810-м, атрымаўшы чын прапаршчыка, Іван Міхайлаў быў назначаны ў Стараінгермаландскі пяхотны полк. Першае баявое хрышчэнне 17 — гадовы  афіцэр атрымаў у Малдавіі падчас руска-турэцкай вайны. У 1812-м падпаручык Міхайлаў у складзе  рускай Дунайскай арміі біўся супраць напалеонаўскіх войск пад Бялай, Гарнастаевічамі і Ваўкавыскам. Баі былі настолькі крывапралітнымі, што байцы гінулі сотнямі, тысячамі з абедзьвух бакоў. У час аднаго з такіх баёў падпаручык Міхайлаў даў сабе зарок, калі застанецца жывы, пабудаваць на свае грошы царкву ў радавым маёнтку. Побач з маёнткам, у сяле Даманавічы,  з незапамятных часоў ужо існавала царквушка, але яна была настолькі старой і ўбогай, што  час паклапаціцца аб будаўніцтве новай даўно наспеў. Усявышні пачуў малітвы і зарок праваслаўнага воіна, ён захаваў яму жыццё ў  страшэннай мясарубцы 1812 года. Прайшоўшы скрозь віхуры бітваў на тэрыторыі Беларусі, Германіі і Францыі,  Іван Міхайлаў вярнуўся на радзіму і выканаў дадзенае ім слова. “У 1817 годзе штабс-капітан за свой кошт пабудаваў за ўсходняй ваколіцай Даманавіч, на ўзгорку між палёў і пералескаў, прыгожы драўляны аднакупальны храм. У гонар перамогі  і  ў памяць аб загінуўшых у баях таварышах па яго жаданні над царскімі варотамі ля алтара залатымі буквамі быў зроблены надпіс “1812” (Пратаіерэй Георгій Камінскі, У.А.Лякін.Свет Праваслаўя на калінкавіцкай зямлі. М., 2010).

У сваім маёнтку Іван Міхайлаў  практычна не  бываў. Ён жыў у Пецярбургу, паколькі быў жанаты на дачцы Пецярбургскага генерал-губернатара Паўла Галянішчава — Кутузава Лізавеце, а справы ў Даманавічах, як сведчаць архіўныя дакументы (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.ф.333.воп.9.сс.9,72, 1151),па яго даверанасці вялі розныя асобы (дваране Віконцій Восіпавіч Шымборскі, Павел Дзмітрыевіч Пястржэцкі  і іншыя).

У 1838 годзе падпалкоўнік Іван Міхайлаў- паспрабаваў прадаць свой маёнтак дзяржаўнай казне. Аднак у ходзе праверкі, якую назначыў міністр Дзяржаўных маёмасцяў, высвятлілася, што хаця за маёнткам  і   самім землеўладальнікам   і  не выяўлена  ніякіх нядоімак, і  ў закладзе маёнтак не знаходзіцца, практычна ўсе суседзі па перыметру  мелі спрэчкі з Міхайлавым з-за захопленых ім тэрыторый, аб чым апошнія неаднаразова скардзіліся ў розныя інстанцыі. Спрэчкі вяліся са староствамі: Мазырскім, Сялецкім, Багрымавіцкім  і Сухавіцкім. Па гэтай прычыне пытанне аб набыцці маёнтка Даманавічы  дзяржаўнай  казной  было знята з парадку дня (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.ф.333.воп.5.с.6).

Як вядома,  у 1861 годзе Аляксандр II пад-пісаў Маніфест аб адмене прыгоннага права, у адпаведнасці з якім сялян не толькі вызвалялі  ад прымусовай работы на землеўладальнікаў, а і павінны былі надзяліць зямлёй. 17 кастрычніка 1865 года Першая Праверачная камісія Рэчыцкага павета здзейсніла праверку  працэса арганізацыі выкупу зямлі сялянамі ў Даманавіцкім маёнтку. Камісія ўстанавіла, што ў склад маёнтка ўваходзяць дзевяць паселішч: Давыдавічы, Анісавічы, Халоднікі, Лампекі, Тарканы, Нікулінск, Убалаць, Гародчыцы (Гарочычы І.Г.)  і Аляксандраўка, якія састаўляюць шэсць сельскіх таварыстваў. Па ўстаўной грамаце ў маёнтку Даманавічы значылася 187 двароў, у тым ліку сялян, якія валодаюць палявымі ўчасткамі – 187, агароднікаў – не было. Рэвізскіх душ мужчынскага роду ў маёнтку — 647, усе – сяляне. Батракоў і дваровых, якія атрымалі зямельныя надзелы – не было.

Для карыстання сялян па ўстаўной грамаце было адведзена па 1000 квадратных сажаняў зямлі пры кожнай вёсцы, на кожны сялянскі двор, акрамя той, што была  ў карыстанні сялян і памешчыка. На падставе Указа сената ад 1 сакавіка 1863 года з З1 жніўня 1866 года сяляне маёнтка Даманавічы  былі пераведзены на выкупныя плацяжы замест аброку (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.ф.1595. воп.2.с.2282).

Жыццёвы шлях уладальніка Даманавіцкага маёнтка  Івана Андрэевіча Міхайлава, які карыстаючыся падтрымкай цесця, пакінуў вайсковую службу і, як і яго бацька, перайшоў на цывільную,  на якой   у хуткім часе  стаў правадзейным стацкім саветнікам і кавалерам, закончыўся ў 1872 годзе.

Маёнтак  перайшоў па спадчыне яго сыну – адстаўному карнету Кавалергардскага палка Уладзіміру, які жыў у Маскве, жонцы і дочкам. Праз пяць гадоў, 22 снежня 1877 года, быў складзены  раздзельны запіс, у адпаведнасці з якім маёнтак Даманавічы з фольваркамі Рудняй і Чапчыном,  урочышчам Насобцы пры ім  і астравамі: Кормазо, Уборкамі і Пружынкамі, даставаліся ў поўную ўласнасць  калежскаму саветніку Уладзіміру Іванавічу Міхайлаву. Удава Івана Міхайлава Алена Паўлаўна  з непаўналетняй  дачкой Юлі-яй назаўсёды адмовіліся ад прыналежных ім частак маёнтка на карысць свайго сына і брата Уладзіміра Міхайлава, ад якога за свае долі “ўжо атрымалі задавальненне”.

У той жа час Алена Паўлаўна Міхайлава і стацкі саветнік Аляксандр Тучкоў, якія з’яўляліся апекунамі  псіхічна хворай дачкі Алены Паўлаўны  Аляксандры Іванаўны Міхайлавай, адмо-віліся  ад апекунства на карысць яе брата Ула-дзіміра з тым, каб 1/14 частка маёнтка была  ператворана ў грашовы капітал па законнай ацэнцы, і капітал гэты ў 5-працэнтных паперах быў здадзены ў Рэчыцкую дваранскую апеку на захаванне  і вытворчасць 5-працэнтнага даходу для ўтрымання і лячэння  Аляксандры Міхайлавай (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. ф.333.воп.4с.6828).

Выконваючы гэтыя дамоўленасці,Уладзімір Міхайлаў у маі 1878 года прадае свайму ўпраўляючаму  Даманавіцкім  маёнткам мешчаніну Стэфану Чайкоўскаму, а таксама мешчаніну Фаме Міцкевічу фальварак Чэпчын з урочышчам Насобцы і астравамі Кормазо, Уборкамі і Пружынкамі, агульнай плошчай 1,365 дзесяцін.

У 1894 і 1896 гадах Уладзімір Міхайлаў прадае астатнія часткі маёнтка. Так, 13 жніўня 1894 года ўласнікамі маёнтка  Даманавічы з фальваркам Рудня, за выключэннем урочышч Хабацец і Граб, плошчай у 7,235.96 дзесяцін,  сталі  купцы Міхаіл і Андрэй Мікалаевічы Шышкіны. Яны набылі 73 працэнты маёнтка за 215000 рублёў. А 4 студзеня 1896 года 46 сялян набылі ўчастак зямлі ва ўрочышчы Хабацец, плошчай 330 дзесяцін 135 сажняў, за 4950 рублёў.

Пасля продажу маёнтка на свет выплыў цікавы факт. Выявілася, што па звестках падатковых органаў за Міхайлавым лічыцца яшчэ 1006 дзесяцін зямлі. Пасля правядзення адпаведнага расследавання было  ўстаноўлена, што гэтая зямля была самавольна захоплена сялянамі  ў дадатак да выкупленай імі.  Сам гэты факт яшчэ раз пацвярджае, што сялянам не так ужо і дрэнна жылося на зямлі, землеўладальнік якой  пражываў  у сталіцы.

Паводле перапісу насельніцтва 1897 года вёска і пасёлак Даманавічы налічвалі 92 двары, 679 жыхароў. У паселішчах быў хлебазапасны магазін, царкоўна-прыходская школа, народнае вучылішча, дзве лаўкі. У Давыдавічах было 74 двары і 424 жыхары. У вёсцы быў хлебазапасны магазін, вятрак і конны млын.

Даманавічы з’яўляліся цэнтрам воласці, у склад якой у 1885 годзе ўваходзілі 16 сяленняў з 610 дварамі. Праз вёску праходзіў тракт з Рагачова на Валынь, на паштовай станцыі служылі 8 перавозчыкаў. Працавала паштова-тэлеграфная кантора. У вёсках маёнтка  размяшчаліся 6 карчэм, працавалі вінакурны і леса-пільны  заводы, фабрыка па вырабу запалак (Гарады і вёскі Беларусі.т.1.Мн., “Беларуская энцыклапедыя”, 2004,сс.544-545).

Новыя гаспадары маёнтка Шышкіны, якія кіравалі ім аж да 1918 года, у корані адрозніва-ліся  ад Міхайлавых. Па чутках, бацька іх Мікалай Шышкін быў з прыгонных сялян, які “за асаблівыя заслугі” атрымаў “вольную”. Нажыўшы неправедным шляхам вялікія грошы, бацька і яго сыны рэдка звярталі ўвагу на такія паняцці, як сумленне, дабрыня, павага. Падман, нахабнасць,  жорсткасць былі іх вернымі спадарож-нікамі па жыцці. І гэта, безумоўна, не магло не нараджаць крыўду і скаргі з боку мясцовага сялянства. Так, 6 верасня 1916 года сяляне Даманавіцкай воласці накіравалі чарговую скаргу на імя Міністра  ўнутраных спраў, у якой паведамілі наступнае: “Рэчыцкі павятовы прадвадзіцель дваранства Бажко-Бажніцкі, начальнік 6-га участка Рэчыцкага павета Качароўскі, якія знаходзяцца ў сяброўскіх адносінах  з уладальнікам маёнтка Шышкіным, прымусілі восенню мінулага года даманавіцкага валаснога старшыню і стараст штодзённа накіроўваць сялянак для збору бульбы Шышкіна, які плаціў па 40 капеек у дзень, а плата ў той час была па 1 руб. Набіваючы кішэні грашыма, Шышкін п’янстваваў са сваімі сябрукамі  і здзекаваўся над сялянамі, пагражаючы пры садзеянні начальства пасадзіць у турму кожнага, хто будзе скардзіцца” (Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.ф.295.воп.26.с.9401).

Якаў Качан

17 верасня 1918 года ў сялян-скай  сям’і  Іосіфа Качана нарадзіў-ся сынок, якога назвалі Якавам. Немаўляці  было і няўцям, якія віхуры падзей ахапілі яго вёску  і яе насельнікаў. Мірна пасапвала хлапчанё, падсілкаваўшыся матчыным малаком,  у лазовай калысцы,  што была прычэплена канаплянымі  вяроўчынамі да крука, які  мацаваўся  да столі хаты. Яму зусім было не цікава, што дзесьці ў далёкім Піцеры адбылося  паўстанне і царская ўлада была звергнута, што ў барацьбе за ўладу бальшавікі ўзялі верх. Яму было зусім не цікава тое, пра што з такім запалам расказваў бацька матцы, вярнуўшыся з чарговага сходу сялян. Больш за ўсё яго радавала прысутнасць маці і смачнае малако, якім яна яго карміла.

А тым часам падзеі ў Лампеках, як і ў суседніх Даманавічах, Анісавічах і іншых вёсках,  разгортваліся з хуткасцю кур’ерскага цягніка.  17 снежня 1918 года з Рэчыцы ў Дамана-вічы прыбыў прадстаўнік павятовага рэвалюцыйнага камітэта. На агульным сходзе сялян і прадстаўнікоў  вёсак Даманавіцкай воласці адбыліся выбары Даманавіцкага рэвалюцыйнага камітэта. Старшынёй рэвкама абралі  Івана Максімавіча Касцюкова, сакратаром — Адама Кавалеўскага, членамі — Апанаса Качана, Саву Харлана, Аўкінція Лявонава і Міхаіла Тозіка, кандыдатамі ў члены — Макара Назаранку, Паўла Маскалевіча і Васіля Зінавенку (Мазырскі дзяржаўны архіў. ф.167.воп.1.с.2.лл. 1-38).

Рэвалюцыйны камітэт  адразу ж прыняў справы ад валасной  земскай управы, якая дагэтуль  лічылася ўладным органам на тэрыторыі Даманавіцкай воласці, але фактычна па вялікаму рахунку бяздзейнічала, бо не ведала, што рабіць і як быць.

А работы, зразумела, хапала. Трэба было рашаць пытанні забеспячэння насельніцтва лесам. Трэба было разабрацца з панам Шышкіным  і яго раднёй, якія таксама хацелі есці. Трэба было спаганяць даўгі, якіх накапілася па воласці. Ды і рашаць шмат іншых пытанняў, якія штодня нараджала жыццё.

На працягу снежня ў  кожнай вёсцы  былі створаны камітэты беднаты.  У Даманавічах членамі камбеда выбралі Канстанціна Тарасава, Яўціхія Сцяпанава, Тараса Казачэнку, Васіля Зінавенку. У Лампеках – Рыгора Радзько, Філімона Драздова і Ануфрыя Данілава. У Давыдавічах – Данілу Кавалькова і Маісея Краўцова. Старшынямі камбедаў сталі Васіль Зінавенка, Ануфрый Данілаў і Маісей Краўцоў. Старшынёй валаснога савета беднаты выбралі Саву Харлана. Камісарам маёнтка ў Даманавічах назначылі  К.П.Кавалькова.

Члены валрэвкама збіраліся часта і рашалі надзённыя пытанні. Напрыклад,  28 снежня 1918 года на сваім пасяджэнні яны разгле-дзелі просьбу рабочых Даманавіцкага маёнтка аб выдзяленні ім хлеба  і  іншага ўтрымання. Разгле-дзелі  і просьбу аб водпуску хлеба  і іншых прадуктаў родзічам былога ўладальніка маёнтка Шышкіна з Калінкавіч, але яе пакінулі без задавальнення. Абмяркоўвалі пытанне аб забеспячэнні дровамі паравых млыноў  і  іншых заводаў. Вырашылі: паравы млын у маёнтку  забяспечыць дровамі.  Па просьбе камандзіра 2-га батальёна 173-га стралковага палка чырвонаармейцаў, які  дыслацыраваўся ў Даманавічах,  валрэвкам адпусціў з маёнтка 150 пудоў сена, 25 пудоў аўсу з клеверам  і  аднаго  кормнага кабана з Блудзіма. Прынялі таксама рашэнне аб звальненні з маёнтка рабочага Міхаіла Буслава, які зарэкамендаваў сябе ненадзейна яшчэ ў часы панавання Шышкіна.

У пачатку 1919 года ў Даманаві-чах з беднякоў і эвакуіраваных з заходніх раёнаў Беларусі быў створаны саўгас, у якім працавалі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў – беларусы, яўрэі, украінцы.

Вёска ў адрозненне ад горада жыве зусім па іншых законах. Тут усё на віду, усё пра ўсіх ведаюць ад “а” да “я”. І навіны тут разыходяцца імгненна.

Не паспелі яшчэ сфарміраваць  у Даманавічах рэвкам,  а па сёлах папаўзла чутка, маўляў, незадаволены яго члены работай свайго старшыні: малаадукаваны, не спраўляецца. А сакратар партячэйкі Сава Харлан і ўвогуле запатрабаваў правесці перавыбары.  23 сакавіка 1919 года ў Даманавічы прыбыў член Рэчыцкага павятовага ваенрэвкама Макараў, у прысутнасці якога і адбыліся перавыбары. Членамі Даманавіцкага валаснога выканаўчага камітэта абралі Апанаса Качана, Панцеляймона Маскалевіча, Сідара Міронава, Іллю Кавалькова, Саву Харлана і Адама Кавальскага,  кандыдатамі —  Васіля Мятлушку, Паўла Акулава, Лук’яна Калёўку  і  Івана Касцюкова. Старшынёй валаснога выканаўчага камітэта выбралі бальшавіка Саву Харлана, сакратаром – Адама Кавалеўскага.

Яшчэ больш грозныя чуткі паплылі па вёсках аб белапольскай інтэрвенцыі. У сакавіку 1919 года палякі рушылі на маладую савецкую краіну. На падставе рашэнняў савецкага ўрада ў Даманавіцкай воласці, як і ў іншых рэгіёнах,  пачалася мабілізацыя байцоў і коней для Чырвонай Арміі. Людзі па хатах і на вуліцы толькі  і вялі гамонку пра набліжэнне вялікай бяды. І яна  прыйшла ў Даманавічы. 9 мая польскія акупанты ўчынілі яўрэйскі пагром  у вёсцы, у выніку якога  6 чалавек загінула.

У канцы ліпеня  Чырвоная Армія здолела адагнаць і  спыніць польскіх інтэрвентаў на рубяжы Парычы – Мазырскі павет. Атрымаўшы кароткачасовую перадышку,  жыхары Рэчыцкага павета прыступілі  да сваіх спрадвечных сялянскіх спраў.  А савецкая ўлада тым часам  працягвала работу па размеркаванні панскай зямлі між сялян, вырашала пытанні забеспячэння сямей чырвонаармейцаў адзеннем і харчаваннем, вяла барацьбу з бандытызмам, стварала сялянскія дружыны для аховы лясоў, палёў і чыгункі. Прымала меры па барацьбе са спекулянтамі і мяшочнікамі,  забараніла  прыватны гандаль харчовымі прадуктамі.

На працягу 1919 года ў вёсках воласці адбываліся выбары і перавыбары членаў сельскіх Саветаў. Так, 30 чэрвеня ў Давыдавічах на агульным сходзе  вяскоўцаў старшынёй Давыдавіцкага сельсавета выбралі  Гардзеенка Івана Пятровіча, сакратаром – Кавалькова Кузьму Тарасавіча, членам савета – Бабка Максіма Панцялеевіча, кандыдатамі – Кавалькова Антона Кузьміча, Кавалькова Іллю Дзмітрыевіча, Яфімовіча Сідара Сямёнавіча. А ўжо 14 жніўня  на схо-дзе, які сабраў больш 60 давыдаўцаў, у прысутнасці таварыша старшыні Даманавіцкага валвыканкама Кулакова  адбыліся перавыбары сельвыканкама. Старшынёй сельсавета выбралі Дзмітрыя  Кавалькова, сакратаром – Кандрата  Кавалькова, членам – Міхаіла Папкова, кандыдатамі – Мацвея  Іванова і Нікіту  Кулакова.

Аналагічна падзеі разгортваліся і ў суседніх Лампеках. 11  верасня старшынёй Лампекскага сельсавета абралі Пятра Міхайлавіча Кулянка, сакратаром – Пятра Сцепановіча, членам – Якіма Пятровіча Сцепанеева. А 23 лістапада старшынёй выбралі Ісідара Акуліча, сакратаром і членам савета – Харытона Севасцьянавіча Лук’янава і Івана Міхайлава (Мазырскі архіў.ф.167.воп.1.с.3).

Летам 1919 года адгалоскі грамадзянскай вайны ўвесь час даносіліся  да жыхароў Даманавіч і іх ваколіц. Яўна абазначыўся намер  кіраўніцтва панскай Польшчы  абходным манеўрам з поўначы і поўдня захапіць важныя вузлы абароны Чырвонай Арміі – Калінкавічы і Мазыр. У тыя трывожныя дні савецкае кіраўніцтва прыняло рашэнне аб фарміраванні з мясцовых жыхароў Мазырскага стралковага палка колькасцю не менш 10 тысяч чалавек,  байцамі якога  сталі і многія жыхары Даманавіцкай воласці. Многія ўступалі ў полк  непасрэдна на баявых пазіцыях у раёне Азарычы  — Даманавічы, якія  той  займаў з верасня 1919 года.

1 верасня 1919 года ў Даманавічы на імя ўпаўнаважанага  павятовага землеўпраўлення М. Краўцова  прыйшла тэлеграма старшыні павятовага аддзела саўгасаў: “Тэрмінова адшукаць загадчыка саўгаса Баліцкага, які ўцёк з грашыма… Забяспечваць хлебам служачых саўгаса. На кожнага едака ў саўгасе пакідаць 9 пудоў жыта.

Старшыня аддзела П.Я.Тадэвуш”.

Другая тэлеграма паступіла з Рэчыцы 5 лістапада 1919 года: “У дзень 2-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі рабочым і членам іх сямей выдаць па 1 фунту жытняй мукі і па чвэрці фунта мяса за кошт павятовага харчовага камітэта.

Паветхарчкамісар Лісоўскі”.

 

Другая гадавіна рэвалюцыі, нягледзячы на блізкасць фронту, адзначалася ўрачыста і шырока. 7 лістапада  ў Даманавічах адбыўся валасны з’езд сялянскіх саветаў, пасля заканчэння якога дэлегатам і жыхарам вёскі  мясцовыя самадзейныя артысты далі вялікі святочны канцэрт (Памяць. Калінкавіцкі раён. Мн., “Ураджай”, 1999, с. 165).

Пачатак 1920 года быў адзначаны актывізацыяй польскіх войск на калінкавіцкім і рэчыцкім напрамках. 4  сакавіка польскае камандаванне пачало новае наступленне з мэтай авалодання Калінкавічамі і Мазыром. Лінія фронту па-ранейшаму праходзіла па ўсходніх ускраінах Петрыкаўшчыны, захапіўшы частку паўночна-заходніх і заходніх вёсак сучаснага Калінкавіцкага раёна. Штаб 415-га чырвонаармейскага палка з Азарыч перамясціўся ў Даманавічы, затым у Васілевічы.

У красавіку палякі захапілі ўвесь сучасны Калінкавіцкі раён. Зноў пачаліся забойствы мірных грамадзян, рабаўніцтва і здзекі над насельніцтвам.

На шчасце акупацыя працягвалася нядоўга. 5 чэрвеня  Першая конная армія  пад камандаваннем Бу-дзённага прарвала польскі фронт. А  11 чэрвеня ў Даманавічах  адбыўся з’езд  сельскіх Саветаў Даманавіцкай воласці, на якім быў абраны новы састаў валаснога рэвалюцыйнага камітэта. Большасцю галасоў у яго ўвайшлі Апанас Качан, Феадосій  Кезлік, Сцяпан Сяргейчык, Тарас Кулакоў, Купрыян Лявонаў. Кандыдатамі ў члены валрэўкама абралі Васіля Войтава, Арсеня Кулыбу, Фёдара Качана, Васіля Зінавенку і Андрэя Канстанцінава. З’езд прыняў  рэзалюцыю: “Мы, прадстаўнікі працоўнага сялянства Даманавіцкай воласці, сабраўшыся 11 чэрвеня 1920 года на свой першы пасля паншчыны з’езд, шлём прывітанне нашай вызваліцельніцы гераічнай Чырвонай Арміі, якая паклала канец гвалту і здзекам польскіх паноў над працоўным насельніцтвам,  вітаючы першыя атрады рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі ад імя сялянства ўсёй воласці, мы заяўляем, што і мы,  і нашы сыны ідзем ўжо следам і хутка ўвальемся ў чырвоныя палкі,  агульнымі сіламі разаб’ем нашага ворага – ненавісную нам польскую шляхту, напружым апошнія намаганні – дапаможам Чырвонай Арміі, і перамога будзе за намі” (Мазырскі архіў.ф.воп 1.с).

У гэты ж дзень адбылося і пасяджэнне валрэвкама, на якім былі размеркаваны абавязкі паміж яго членамі. Старшынёй рэвкама выбралі Фядоса Кезліка, загадчыкам зямельнага аддзела – Апанаса Качана,   фінансавага і адміністрацыйна – гаспадарчага аддзела —  Сцяпана Сяргейчыка,  аддзела адукацыі  і актаў грамадзянскага  стану – Тараса Кулакова, харчовым аддзелам – Купрыяна Лявонава, сакратаром рэвкама —   Нікіфара  Філіповіча.

А праз шэсць дзён рашэннем валрэвкама быў створаны валасны ваенны камісарыят, які ўзначаліў Сцяпан Сяргейчык, ён займаў гэтую пасаду  і да нашэсця белапалякаў, таму яго вызвалілі ад абавязкаў члена рэвкама, каб чалавек ушчыльную мог заняцца справамі прызыву ў армію, мабілізацыяй і іншымі вайсковымі пытаннямі. У  члены рэвкама  з кандыдатаў перавялі  Васіля Андрэевіча Войтава.

У адпаведнасці з загадам Рэчыцкага павятовага камітэта ад 7 чэрвеня 1920 года 19 чэрвеня ў Даманавічах  быў створаны валасны  камітэт па ўсеагульнай працоўнай павіннасці, які ўзначаліў Фядос Кезлік.

У чэрвені ў Даманавічах адкрыўся народны дом і сталовая пры ім, у якой арганізавалі харчаванне  для беднякоў, савецкіх служачых і камандзіровачных. Кіраўніцтва народным домам і сталовай было ўскладзена на Сцяпана Мікалаевіча  Сяргейчыка.

Паколькі савецкая ўлада надавала выключную ўвагу ліквідацыі неадукаванасці насельніцтва  і развіццю народнай адукацыі, у вёсках Даманавіцкай воласці ўжо з 1918 года пачалі адкрывацца пачатковыя школы, а ў Даманавічах  земскае народнае вучылішча, якое было адкрыта яшчэ ў 1863 годзе, было перайменавана ў працоўную школу 1-й ступені. У сувязі з развіццём школьнай сеткі і павялічэннем аб’ёму адукацыйных задач 20 ліпеня 1920 года па прапанове загадчыка валаснога аддзела народнай адукацыі Кулакова валасны рэвалюцыйны камітэт увёў у аддзеле адукацыі дадатковыя пасады інструктараў па школьнай, дашкольнай  і пазашкольнай рабоце. Інструктарам па школьнай і дашкольнай рабоце назначылі шкраба (так тады называлі педагогаў, ад  словазлучэння —  школьны работнік – І.Г.) Даманавіцкай працоўнай  школы 1-й ступені Сяргея Яфімавіча Акуліна. Інструктарам па пазашкольнай рабоце назначылі  Данілу Сідаравіча Табуліна, які закончыў Даманавіцкую другакласную настаўніцкую школу.

26 ліпеня  адбылася рэарганізацыя Даманавіцкага  валаснога рэвалюцыйнага камітэта. У адпаведнасці з пастановай Усерасійскага з’езда Саветаў валрэвкам пачаў складацца з чатырох аддзелаў:  аддзела кіравання, зямельнага, народнай адукацыі  і ваеннага аддзела. Старшынёй валрэвкама быў назначаны  Тарас Кулакоў, членамі  сталі  Сцяпан  Сяргейчык  і  Васіль Войтаў. Кіраўніцтва аддзеламі валрэвкама было размеркавана наступным чынам: Кулакоў узначаліў аддзел народнай адукацыі, Кезлік – ваенны аддзел, Войтаў – аддзел кіравання  і адміністрацыйна — гаспадарчы аддзел, Качан – зямельны  і харчавання. Сакратаром рэвкама застаўся Філіповіч.

1 жніўня  на з’ездзе Саветаў Даманавіцкай воласці былі разгледжаны пытанні аб аказанні дапамогі сем’ям чырвонаармейцаў, якія прызваны  ў армію, аб дызертырстве і зборы зброі, зямельнае пытанне і аб народнай адукацыі. Было прынята рашэнне аб адкрыцці ва ўсіх вёсках працоўных школ 1-й ступені, а ў Даманавічах  школу 2-й ступені перанеслі  ў маёнтак  у панскі дом да завяршэння рамонту будынка, у якім яна раней знаходзілася. Паколькі ў вёсках не хапала зямлі для забеспячэння ўсіх беззямельных, то з’езд звярнуўся да Рэчыцкага павятовага рэвкама з просьбай дазволіць узяць неабходную зямлю з запасаў савецкіх маёнткаў 1-й і 2-й катэгорыі.

Не абмінулі на сходзе і праблемы распаўсюджання тыфу па воласці і іншых інфекцыйных захворванняў. Была створана  ўрачэбна-санітарная камісія для барацьбы з гэтай навалай,  у якую ўвайшлі мясцовы ўрач Давыдоўскі і фельчар  Гусараў.

24 жніўня 1920 года  Даманавіцкі валрэвкам быў перайменаваны ў валасны выканаўчы камітэт, старшынёй якога быў абраны Апанас Панкратавіч Качан (Мазырскі архіў.ф.167.  воп.1. с.23).

У лістападзе мірная праца   і  жыццё жыхароў Даманавіцкай воласці ў чарговы раз былі перарваны  нападам новага ворага. На гэты раз  на поўдзень Беларусі  абрынулася  “Руская добраахвотніцкая армія”, а,  прасцей кажучы,  банда Булак – Балаховіча, якая налічвала некалькі тысяч чалавек. Супраць банды былі накіраваны рэгулярныя часці Чырвонай Арміі. Пасля паскоранага пераходу з-пад Жлобіна, на пазіцыях у раёне Азарычы – Даманавічы сканцэнтравалася 16-я армія чырвонаармейцаў у складзе пяці стралковых дывізій. Паміж Калінкавічамі і Рэчыцай завязаліся цяжкія баі, у выніку якіх войска Булак – Балаховіча пацярпела паражэнне. 16 – 17 лістапада пад Калінкавічамі  разгарнулася рашучая бітва з бандыцкім войскам. У аператыўнай зводцы палявога штаба Рэўваенсавета 20 лістапада 1920 года паведамлялася: “У раёне Даманавічы –Калінкавічы 16 лістапада разбіта 2-я дывізія Булак – Балаховіча, у палон узята некалькі соцень чалавек. Да раніцы 17 лістапада Чырвоная Армія выйшла да Калінкавіч… Булак – Балаховіч атакаваў Рэчыцу, але быў адбіты з вялікімі для яго стратамі. Рэшткам войск праціўніка ўдалося прарвацца на Клінск, далей на Колкі   і Капаткевічы” (Памяць.Калінкавіцкі раён. Мн., “Ураджай”, 1999, сс. 141 -144).

Бандытаў выгналі  з Палесся, але яны паспелі нарабіць нямала шкоды і гора. Не было амаль ніводнай вёскі, дзе гэтыя “добраахвотнікі” каго-небудзь не забілі, згвалцілі альбо абрабавалі.

Толькі час лечыць любыя раны. Гаіліся яны і ў жыхароў Даманавіч, Давыдавіч, Анісавіч, Лампек  і іншых вёсак воласці.

У 1922 годзе ў Даманавіцкай школе быў створаны першы піянерскі атрад. У яго састаў уваходзіла тры дзясяткі піянераў. Стваральнікам атрада і першым яго піянерважатым быў Кірыла Касцюкоў. У ліку першых піянераў Якаў Качан, Аляксей Лявонаў, Пётр Мазуркевіч, Анупрэй Лук’янаў. У школе у той час было каля 120 школьнікаў, а кіраваў ёю Чарнамор – добразычлівы  і чалавечны педагог, які вельмі цаніў імкненне дзяцей да ведаў і пастаянна заахвочваў выдатнікаў і актывістаў школы каштоўнымі падарункамі.

У пачатку студзеня 1924 года ў Даманавічах была створана сельгасарцель. А 3 сакавіка гэтага  года Даманавіцкая воласць была перададзена  з   РСФСР  у састаў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. На той момант у склад воласці ўваходзілі сяло Даманавічы (36 двароў і 210 жыхароў), вёска Анісавічы (55 двароў і 280 жыхароў), хутар Блудзін, вв.Бабровічы, Гародчыцы, Давыдавічы (139 двароў і 757 жыхароў), Есіпава Рудня, Зеляночы, Казанск, Казловічы 1-я, Казловічы 2-я, Карма, Кошчыцы 1-я і 2-я, Лампекі (92 двары і 548 жыхароў), Нікулінск, сяло Навасёлкі, сяло Насавічы, вв. Сельцы, Тарканы,  Убалаць, Халоднікі, хутар Чапчын, Гародчыцкі лесапільны завод, сяло Карпавічы, сядзіба Рудзелішча, цагляны завод Забалацце і хутар Барысава.

У склад  Даманавіцкага валаснога камітэта    тады ўваходзілі Ярмольчык Міхаіл (старшыня), Дубовіч Аляксандр (сакратар), Лашчэўскі Кузьма, Глухава Алена, Салук Рыгор,  Логвінаў Пётр, Ляонаў Аўкінцій і Маскалевіч Кірыла.

У Даманавічах быў міліцэйскі ўчастак, які ў 1924 годзе ўзначальваў Мікалай Юшчанка, а таксама аграучастак, у якім працавалі аграном Іван Дземідзенка і яго памочнік Васіль Пабядзінскі. Старшынёй Даманавіцкага сельсавета быў Кірыл Назаранка (Мазырскі архіў. ф.60. воп.1. с .14).

У 1925 годзе сельсавет узначальваў ужо Зайцаў, сакратаром быў Качан, членамі сельсавета  — Капыткоў, Рагавец, Альтшулер.

Была ў Даманавічах  і  свая хата-чытальня, якою кіраваў Новікаў.

…Мірнае жыццё набірала абароты. Людзі апрацоўвалі атрыманую зямлю, будаваліся, спраўлялі вяселлі  і нараджалі дзяцей. Прыйшло папаўненне і  ў сям’ю Іосіфа Якаўлевіча Качана. І ўжо на чаране печы  радаваў бацькоў сваім смехам  не толькі першынец Яшка, але і дачушкі:  Хрысціна, Насця і Надзея, якія паяві-ліся ўслед  адна за другой.

Ужо маючы за плячыма амаль восем дзясяткаў гадоў, заслужаны дзеяч культуры БССР, член саюза журналістаў Беларусі Якаў Іосіфавіч Качан успамінаў аб  жыцці сваёй вёскі ў 20-я гады мінулага стагоддзя:

“З раёна ў сельсавет прыехаў прадстаўнік. Савет размяшчаўся на ўскрайку в. Лампекі ў прасторным будынку былой воласці. Наша хата стаяла насупраць. Прадстаўнік раёна начаваў  у нас. За вячэрай разгаварыўся з бацькам.

— Як тут у вас, людзі актыўныя?- спытаў госць.

— Актыўных хапае… Многія любяць пачасаць языкамі.

— Будзем ствараць у  Даманавічах калгас. З найбольш актыўных і,  безумоўна, бяднейшых сялян.

Нямногім сялянам удавалася разбагацець на нашых пясчаных глебах. З 60 аднаасобных гаспадарак толькі тры выбіліся ў заможныя, дзясятак двароў лічыліся серадняцкімі, астатнія – бядняцкія. Вадзіліся сярод іх, вядома, гультаі, хоць пераважнай большасці ўласціва была стараннасць, з ранку да цямна корпаліся яны на сваіх вузкіх надзелах, а вырвацца з галечы не маглі.

Цэлы вечар дымілі мужыкі цыгарэтамі ў хаце Лук’яна Жыдкова. Усе намаганні арганізатараў  скіроўваліся на тое, каб угаварыць сялян пайсці ў калгас. Часта два сходы на тыдзень праводзілі: у адным ці другім канцы вёскі, у цэнтры яе. Згадзіліся ўступіць дзясяткі два бядняцкіх гаспадарак, далей справа не рухалася. Палохала не само слова “калгас”, а тое, што трэба абагульняць маёмасць, каня, карову, сельгасінвентар, нажытыя сваім гарбом. Газеты пісалі, што калгасы ствараліся на добраахвотных пачатках, тое ж паўтаралі прадстаўнікі раённых уладаў. На практыцы працягвалі “націскаць”, сяляне адмоўчваліся, іх бралі сумненні.

Мясцовае начальства не магло ўцяміць, што тармозіць калектывізацыю? Напэўна, кулакі агітуюць… Узмацнілі “класавую барацьбу”, да катэгорыі “кулакоў” напачатку аднеслі трох заможных сялян, якія ціха жылі ў вёсцы і нікому не заміналі. Вызначаўся сярод іх Сяргей Міронаў. Ён жыў на невялікім узгорку, які ад-дзяляўся ад вёскі забалочанай рачулкай. Сядзіба здалёк вабіла вока бярозавым гаем, ліпамі. Міронава першага аднеслі да  “міраедаў”, раскулачылі і саслалі ў Сібір, хоць акрамя найму вясковага хлапчука Міны Зайцава  ў якасці пастушка, ніякай “чужой працай” селянін не карыстаўся.

Памятаю,  разам з бацькам ездзіў у другі канец вёскі да ветранога  млына. Вятрак безупынна махаў парусінавымі крыламі, ад жорнава да жорнава  хадзіў сярэдняга росту мужчына ўвесь белы ад мучнога пылу. Гэта быў млынар Васіль Шчэрба. Каля млына заўсёды завозна было.

Здавалася, млынар за сваю бездакорную, старанную працу заслугоўваў падзяку. Аднак Шчэрбу прызналі “варожым элементам” і раскулачылі.

Выдатным майстрам лічыўся Мікалай Каралькоў, вядомы ў акрузе пячнік. Працаваў адзін, без памочніка, меў вялікую сям’ю – пяцёра дачок. Кожнай трэба быў пасаг, каб аддаць замуж. Старэйшай, Ганне, бацька выдзяліў дом, былі ў яго яшчэ дзве хаты, адна – у вёсцы, другая – на хутары. “Растлусцеў Мікалай” – вырашылі камбедаўцы і таксама раскулачылі печніка.

Дайшла чарга да сераднякоў. Неяк раніцай у хату зайшоў бацька  і  разгублена  прамовіў:

-Ноччу Хведара ўзялі… Могуць і мяне  пацягнуць.

Дзядзька Хведар – старэйшы бацькаў брат, спакойны, асцярожны, удумлівы. У яго таксама была поў-ная хата едакоў – шэсць сыноў і дачка.Усё рабіў, каб дабіцца палягчэння, спадзяваўся больш на самога сябе, на свае працалюбівыя рукі, а не на калгас.

Пачуўшы трывожную вестку, маці ўспляснула рукамі:

-Божа праведны, а цябе за што?

-За што? А Хведара за што? Знойдуць зачэпку…

Праз тыдзень ці два дзядзька Хведар вярнуўся дамоў. Мінула некалькі дзён, і ён падаў заяву ў калгас. За ім пацягнуліся астатнія  сераднякі. Калгас атрымаў назву “Новыя Даманавічы”. Паступова прывыкалі людзі да грамадскай працы. Сяляне працавалі аддана, з энтузіязмам, а дабрабыт не паляпшаўся.

<…>Мінуў бурны час. Жыццё  паступова наладжвалася, умацоўваўся калгас. На фермах і палях ручная праца стала замяняцца машыннай, павысілася яе прадукцыйнасць. Калгаснікі  пасадзілі фруктовы сад, была арганізавана пасека. У цэнтры вёскі быў пабудаваны клуб, працавалі яслі.

Непрыкметна адыходзілі ў нябыт старыя нормы і звычкі, мяняліся погляды вясковых жыхароў. Часта праводзіліся сходы сялян, для іх чыталі лекцыі, даклады, наладжвалі канцэрты. Нават рэвалюцыйныя святы адзначалі сумесна, адзінай сям’ёй, за ўрачыстым сталом.

Былі клапатлівыя  сумленныя кіраўнікі. Такім запомніўся Андрэй Буноў. Працяглы  час кіруючы калгасам, ён нямала зрабіў для ўмацавання гаспадаркі і пакінуў добры ўспамін у людзей. Беражліва адносіўся да  калгасных сродкаў, выдаткоўваў іх толькі ў інтарэсах гаспадаркі, для задавальнення патрэб людзей. Сям’я старшыні была на прыватнай кватэры, ён не лічыў магчымым будаваць сабе дом за калгасны рахунак.

Многа сіл і здароўя агульнай справе аддаў і мой бацька Іосіф Якаўлевіч Качан, які некалькі гадоў працаваў старшынёй праўлення калгаса (Памяць. Калінкавіцкі раён.Мн., “Ураджай”, 1999, сс. 172-174).

Сам Якаў Іосіфавіч, як сведчыць яго допіс, адрасаваны землякам, што захоўваецца ў  музеі Даманавіцкай школы: “Да 1933 года жыў з бацькамі – зімой хадзіў у мясцовую школу, летам пасвіў жывёлу, дапамагаючы бацьку ў сельскай гаспадарцы.

З пачаткам масавай калектывізацыі ў вёсцы сфарміравалася камсамольская ячэйка, у рабоце якой я прымаў актыўны ўдзел, а з цягам часу і ўзначаліў яе. У той гістарычны час важнае значэнне набываў рабселькораўскі рух, і мяне гэта вельмі цікавіла. Я пачаў выпускаць у калгасе насценную газету – яна называлася “Новыя Даманавічы”, часта пісаў заметкі на вясковыя тэмы ў раённую газету “Калгаснік Мазыршчыны”, а потым і ў абласную – “Бальшавік  Палесся”. Менавіта гэта і вызначыла мой далейшы жыццёвы лёс.

У 1933 годзе я пакінуў бацькоў-скую хату – вельмі жадаў  вучыцца – і паступіў у Мазырскае педагагічнае вучылішча. Але скончыць яго не ўдалося – перашкодзіла хвароба. Сям’я ў нас была даволі вялікая, падрасталі тры мае малодшыя сястрычкі, і, пажыўшы дома, я зразумеў, што бацькам патрэбна дапамога. Таму пасля выздараўлення я застаўся ў роднай вёсцы. Мне даручылі пасаду загадчыка Даманавіцкага клуба”.

Але жаданне пісаць, выступаць у друку ўсё-такі ўзяло верх. Якаў Качан спачатку згадзіўся на прапанову  абласной газеты “Бальшавік Палесся”, дзе стаў літаратурным супрацоўнікам сельгасаддзела. А затым яму прапанавалі пасаду ўласнага карэспандэнта рэспубліканскай камсамольскай газеты “Сталинская молодежь” па Палескай вобласці. Адначасова  юнак быў і сакратаром Мазыр-скага  райкама камсамола.

Да сваіх абавязкаў хлапец з Лампек адносіўся вельмі добрасумленна. Больш таго, ён пастаянна вучыўся, самастойна працаваў над павышэннем свайго агульнаадукацыйнага ўзроўню. І гэта ў хуткім часе было заўважана. Качана перавялі ўласным карэспандэнтам рэспубліканскай  газеты “Звязда” па Баранавіцкай вобласці. Тут яго і застала Вялікая Айчынная вайна.

З першых дзён вайны  Якава Качана перавялі на карэспандэнцкую работу ў рэдакцыю газеты “Совет-ская  Белоруссия”, якая з Мінска перабралася ў Гомель. У сярэдзіне жніўня, калі вораг захапіў і Гомель, газету  эвакуіравалі ў Расію, у горад Болхаў, што знаходзіцца непадалёк ад Арла. Услед за ёй туды прыбыла і рэдакцыя газеты “Звязда”. Але для адначасовага выпуску дзвюх газет становішча складвалася неспрыяльна. Было вырашана для насельніцтва акупіраванай тэрыторыі рэспублікі выдаваць адну газету на беларускай мове – “Савецкую Беларусь” .

У рэдакцыі гэтай газеты Качан працаваў да жніўня 1943 года. За гэты час па заданнях кіраўніцтва ён тройчы выязджаў у варожы тыл, да партызан на Віцебшчыну, аб якіх пісаў заметкі   і карэспандэнцыі, з якімі праводзіў гутаркі і палітінфармацыі. У кастрычніку 1943 года  яму даверылі  самастойнае кіраўніцтва  абласной падпольнай газетай “Молодой партизан”, якая стала выходзіць у Заходняй Беларусі на базе Беластоцкага партызанскага злучэння, якім кіравалі генерал-маёр Філіп Капуста  і партыйны важак Васіль Самуцін.

Пасля вызвалення Беларусі Качан вяртаецца ў Мінск і рэдагуе газету “Сталинская молодежь”. Затым яго пераводзяць адказным сакратаром  у новую рэспубліканскую газету “Савецкі селянін”. У гэтай газеце  ён працуе да восені 1946 года. У гэты час Якава Іосіфавіча накіроўваюць на вучобу ў Вышэйшую партыйную школу. Тры гады вучобы на стацыянары  праляцелі неўпрыкметку і выпускнік рэдактарскага аддзялення ВПШ разам з “чырвоным “ дыпломам атрымлівае накіраванне  ў рэдакцыю газеты “Правда”.

У Беларусь Якаў Качан вярнуўся ў 1952 годзе. Пачаў працаваць у газеце “Калгасная праўда”. А праз пяць гадоў атрымаў назначэнне на пасаду першага намесніка газеты “Советская Белоруссия”. Два гады работы на гэтай адказнай пасадзе і…новае, яшчэ больш адказнае назначэнне – галоўным рэдактарам рэспубліканскага палітыка – тэарэтычнага часопіса “Коммунист  Белоруссии». 13 гадоў свайго жыцця аддаў Якаў Іосіфавіч кіраўніцтву гэтым часопісам. Тройчы ў якасці дэлегата ад нашай краіны ён удзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Йорку. Акрамя выканання дыпламатычных абавязкаў сабраў там багаты матэрыял пра жыццё Амерыкі  і напісаў кнігу “Міф і рэальнасць. Што такое “амерікэн ўэй оф лайф”, якая выйшла ў выдавецтве “Беларусь” у 1970 годзе.

У наступны перыяд свайго жыцця Якаў Качан працаваў на Беларускім радыё, 8 гадоў з’яўляўся галоўным рэдактарам радыёвяшчання для суайчыннікаў, што пражывалі за мяжой.

У 1960 – 1975 гадах Якаў Качан выбіраўся членам ЦК КПБ, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР у 1971 – 1975 гадах. У 1967 годзе ўдастоены звання заслужанага дзеяча культуры  БССР.

Апошняй пасадай, з якой  ветэран журналістыкі пайшоў на пенсію, была пасада дырэктара Курсаў павышэння кваліфікацыі тэле- і радыёжурналістаў. Доўгі час быў старшынёй савета ветэранаў Беларускага радыё.

Працоўны і баявы  шлях Якава Качана адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак  Пашаны”, польскім “Партызанскім Крыжом”, шасцю Ганаровымі Граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, шматлікімі медалямі.

У 2011 годзе патрыярха беларускай журналістыкі не стала. На працягу ўсяго свайго працоўнага шляху ён быў летапісцам гісторыі беларускага  народа і верным сынам Беларусі.

надзея дзенісовіч

Ля ўваходу  ў  рэканструяваны будынак  Даманавіцкага Дома культуры, у якім раней размяшчалася  сярэдняя  агульнаадукацыйная школа, да сцяны прымацавана мемарыяльная  дошка, якая паведамляе: “Тут з 1930 па 1932 год вучылася  Надзея Мікалаеўна Дзенісовіч, камісар партызанскага атрада 101-й Даманавіцкай партызанскай брыгады, якая гераічна загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Нарадзілася Надзея Мікалаеўна ў 1919  годзе ў сялянскай сям’і на хутары Прыбоз’е, які размяшчаўся паміж вёскамі Давыдавічы і Казанск Даманавіцкай воласці. Бацька яе Мікалай Данілавіч Дзенісовіч быў родам з Давыдавіч, а маці Агрыпіна Францаўна Лавда – з Казанска. Надзея была малодшым дзіцём у сям’і. Яе старэйшыя сёстры Алена, Наталля, Паліна і Матруна нарадзіліся адпаведна ў 1907, 1909, 1911  і 1913 гадах, брат Апанас – у 1917 годзе.

З хутара Прыбоз’е сям’я Дзенісовічаў пераехала на пастаяннае месца жыхарства  ў суседнюю вёску Блудзін. Надзя на “выдатна” закончыла Халодніцкую школу  і  прадоўжыла вучобу ў Даманавічах. Пасля заканчэння вучобы ў  Мазырскім педвучылішчы ў 1937 годзе яе  накіравалі настаўнічаць  у вёску Славань (цяпер Светлагорскага раёна – І.Г.).

Яе старэйшы калега па Славані  Гармаш Апанас Піліпавіч успамінаў аб тых часах: “Мы  ў 1937 годзе пераехалі ў Славань. І Надзя прыехала. Маладая, вясёлая. Любіла вечары ў калгасным клубе. Яна іграла на гітары, а я на скрыпцы. Сукенка белая, жаўтаватая, быццам шоўкавая, хусцінка белая з доўгімі махрамі, павязаная цераз плячо. Кожны выхадны – поўны клуб. Танцавалі, спявалі, яна заводзіла: “Тры танкісты”, “Марсельезу” іграла. “Любімы горад, можаш спаць спакойна” – гэта яе лю-бімая песня. Яна была настаўніцай. Калі дырэктара школы Радзько Мікалая забралі ў армію, яна стала загадчыцай. Затым яе паслалі на курсы, а з іх – у сямігодку ў Беразнякі Азарыцкага раёна дырэктарам. А школу перадалі мне.

Надзя з курсаў прыязджала ў Славань заўсёды з усмешкай, лю-біла прыгожа апрануцца, пабыць на ўроках. З намі, старэйшымі настаўнікамі любіла параіцца. На калгасных сходах часта выступала. 12 снежня 1937 года праходзілі першыя выбары ў Вярхоўны Савет. У Славані быў выбарчы ўчастак. На-дзя  была кандыдатам у члены партыі і ўзначальвала выбарчы ўчастак, была членам праўлення калгаса”.

Стройная, русавалосая прыгажуня з блакітнымі  вачыма, Надзея Дзенісовіч была душой моладзі. Няўрымслівая і натхнённая натура, яна заўсёды выпраменьвала жывую энергію, таму маладыя людзі, якія акружалі яе, і абралі  прыгажуню сваім лідарам. Надзя паспявала паўсюды: і ў школе, і ў калгасе, і ў клубе, і сярод моладзі.

Калі пачалася вайна, яшчэ да акупацыі, па рашэнні Даманавіцкага райкама КП(б)Б Надзею Дзенісовіч у ліку  некалькіх надзейных патрыётаў пакінулі ў тыле ворага для арганізацыі падпольнай і партызанскай барацьбы на акупіраванай немцамі тэрыторыі. На падворку яе  бацькоў-скай хаты, якая стаяла  на ўзлеску вёскі Блудзін, былі створаны два схроны-склады, у  якіх захавалі харчовыя запасы для будучага партызанскага атрада.

Надзя вярнулася ў родную вёску. Першымі, да каго яна  звярнулася, была яе сяброўка па сумеснай камсамольскай рабоце Вольга Канаш, суседка Матрона Уласенка, дзяўчаты Паша Брухацкая, Вера Буракова, Наталля Вашкевіч і іншыя. Сяброўкі пачалі сабірацца разам то на вячорках, то ў каго-небудзь у хаце, абмяркоўвалі падзеі апошніх дзён, будавалі планы па збору зброі, інфармацыі аб варожых сілах, агітавалі іншых на барацьбу з акупантамі. Праўда, вопыту і ведаў у складанай і небяспечнай рабоце па стварэнні падполля ў дзяўчат не было. Таму на іх падазроную актыўнасць ў хуткім часе звярнулі ўвагу  мясцовыя нямецкія прыхвастні. У канцы верасня 1941 года  Надзю арыштавалі. Два тыдні лютаваў начальнік Даманавіцкай паліцыі Іван Ламека,  спрабуючы дабіцца ад Дзенісовіч па чыім загаду яна засталася дома і хто  ўваходзіць у склад мясцовага падполля. Аднак, ні яму, ні каменданту воласці Лахману прад’явіць па вялікім рахунку не было чаго. Яе папракалі за даваенную бальшавіцкую актыўнасць, ды па чыімсьці даносе разбурылі  харчовыя схроны-склады на бацькоўскім падворку. Надзя тады адгаварылася, маўляў, чырвонаармейцы адступалі, вось і захавалі на іх двары дабро, а бацька – селянін запаслівы, вайна на двары, чаму адмаўляцца ад дармаўшчыны. Два тыдні пратрымалі яе ў паліцэйскім участку і выпусцілі. На развітанне Лахман ёй сказаў: “Ідзіце, фройлен Дзенісовіч. Нам нельга так больш сустракацца. Вам можа быць дрэнна. Вельмі дрэнна…” (Ізяслаў Катляроў, Пётр Далба. Бэз на папялішчы. Мн., “Кнігазбор”, 2010).

Толькі хіба магло спыніць патрыётку  падобнае папярэджанне, калі родная зямля стагнала пад фашысцкім ботам, ні за што ні пра што  гвалтаваліся  і  гінулі яе землякі, суайчыннікі.

У кастрычніку 1941г.  па заданні ЦК КП(б)Б  для арганізацыі партызанскай барацьбы ў тыле ворага  на даманавіцкую зямлю прыбыў Павел Кашавараў, ураджэнец вёскі Ракаў,  які да вайны працаваў старшынёй Ліпаўскага сельсавета, затым загадчыкам  райземаддзелаў у Даманавічах і Лагішынскім раёне. Павел добра ведаў Даманавіцкі раён, людзей, якія тут жылі і працавалі. З яго паяўленнем  справы па стварэнні Даманавіцкага падполля значна актывізаваліся. У склад ініцыятыўнай групы, якая занялася арганізацыяй падполля і  партызан-скай барацьбы акрамя Надзеі Дзенісовіч і Паўла Кашаварава ўвайшлі  загадчык аддзела Даманавіцкага райкама партыі Сцяпан Уладыкоўскі,  Панкрат Алісейка, афіцэры Чырвонай Арміі, якія выйшлі з акружэння, Міхаіл Гарбачоў, Васіль Алісейка, Ісак Савіцкі  і іншыя.

“Падпольная арганізацыя складалася з асобных груп, члены якіх жылі і дзейнічалі ў адным або некалькіх населеных пунктах. Напачатку 1942 г. у яе састаў уваходзілі 12 груп, у якіх налічвалася звыш 100 чалавек. Сувязь з кіраўнікамі груп падтрымлівалі праз сувязных. <…>У розных населеных пунктах знаходзілася звыш 15 явачных канспіратыўных кватэр: у Блудзіме — у Мікалая Дзенісовіча і Філімона Уласенкі, у Ракаве — у дамах Агафіі Краўцовай, Евы Сафроненка, Ганны Молчан, у Куранях —  у Сяргея Мілецкага, у Ператоку —  у Сямёна Алісейкі, у Косетаве —  у Нікадзіма Алісейкі, у Хамічах —  у Васіля Шыманоўскага, у Гогалеве — у доме Марыі Варажун, у Ліпаве — у Васіля Яначкіна, у Луках — у Еўдакіі Хмарун, у Навінках — у Антаніны Жукоўскай, у Васілевічах — у Любові Курганскай. Патрыёты былі ў кожнай вёсцы…”

У састаў патрыятычнай групы ў вёсках Даманавічы, Лампекі, Анісавічы, Авангард, Халоднікі ўваходзілі: загадчык аддзела Даманавіцкага райкама КП(б)Б, пакінуты ў жніўні 1941 года ў тыле ворага для арганізацыі партызанскага руху (кіраўнік групы) П.І.Уладыкоўскі, старшыня калгаса “Авангард” І.Р.Якавенка, старшыня Халодніцкага  калгаса Ц.І.Рубцоў, І.П.Варабей, Н.У.Вашкевіч, старшыня калгаса “Новыя Даманавічы” І.Я.Качан, А.А.Несцераў, Ц.А. Несцераў, А.А.Сцепанееў, І.А.Кавалькоў (Памяць.Калінкавіцкі раён.Мн., “Ураджай”,1999, с.256 -260).

У кастрычніку 1941 года даманавіцкія падпольшчыкі знішчылі майстэрню  па рамонту матацыклаў і веласіпедаў у в. Халоднікі, на ўчастку чыгункі паміж станцыямі Астанкавічы і Халоднікі пусцілі пад адхон паравоз і два вагоны, у канцы лістапада раззброілі паліцэйскі гарнізон у в. Карпавічы. Зімой 1941 -1942 гг. аналагічныя аперацыі правялі ў вёсках Астанкавічы, Бабровічы, Гогалеў, Зеляночы, Карані, Лукі, Мнагаверш, Тарканы, Ракаў, Хамічы і інш. Выводзілі са строю тэлеграфна-тэлефонную сувязь, спілоўвалі слупы, абрывалі правады. Пад кіраўніцтвам Надзеі Дзенісовіч праводзілася растлумачальная работа сярод насельніцтва.

У маі 1942 года быў створаны Даманавіцкі партызанскі атрад, у які ўвайшлі больш 50 найбольш актыўных падпольшчыкаў.  Камандзірам атрада быў абраны Павел Кашавараў, камісарам – Надзея Дзенісовіч, намеснікам камандзіра – Міхаіл Гарбачоў, начальнікам штаба – Ісак Савіцкі.

У чэрвені 1942 года  даманавіцкія падпольшчыкі панеслі вялікія страты. Здрадніца, якая ўкаранілася ў Васілевіцкае падполле, выдала немцам многіх патрыётаў. Пачаліся арышты. Надзю фашысты схапілі  на парозе бацькоўскага дома. Яе бацьку і маці расстралялі і спалілі ў хаце. Разам з Дзенісовіч арыштавалі Міру Буракову, Мікалая Алісейку, Матрону і Філімона Уласенкаў, чацвёра іх маленькіх дзяцей жывымі спалілі ў хаце. У вёсцы Гогалева арыштавалі М.Д.Варажун, у Ліпава – М.І.Молчана. Усіх іх, акрамя Мікалая Алісейкі, якому ўдалося ўцячы, расстралялі 11 ліпеня ва ўрочышчы Рубанікі, што знаходзіцца за чатыры кіламетры ад Васілевіч.

7 студзеня 1944 года  Васілевіцкая раённая газета “Сацыялістычная праца” паведаміла аб судзебным працэсе над удзельнікамі крывавых падзей ва ўрочышчы Рубанікі – паліцэйскімі Сяргеем Серым і Аляксандрам Крусевым. Газета расказала аб тым,  што фашысты і іх найміты  ў бяссільнай злобе перад стойкасцю і мужнасцю першага камісара Даманавіцкага партызанскага атрада Надзеі Дзенісовіч  аддалі яе пакутніцкай смерці – жывой закапалі ў зямлю.

Нейкім чынам захавалася апошняя яе запіска, якая ўспрымаецца як запавет: “Я веру ў Вас, у тых, хто застанецца пасля нас. Вы будзеце хадзіць па тых сцяжынках, па якіх хадзілі мы. Вы будзеце любіць сваіх дзяцей так, як любіла іх Матрона і Люба… І мы бу-дзем  жыць сярод Вас, у Вашых сэрцах, у Вашай памяці. Не забывайце, памятайце, як мы хацелі жыць, радавацца сонцу, кветкам, першаму снегу, дзіцячаму смеху… Але даражэй усяго ў сваім жыцці мы цанілі  волю Радзімы. Абараняйце, беражыце яе. І за нас, і ў імя нас”.

Цяжкія страты не зламілі дух і волю даманавіцкіх патрыётаў. Партызанскі атрад наносіў адчувальныя ўдары па ворагу. Народны гнеў супраць акупантаў усё больш шырыўся і множыўся. У маі 1943 года са складу Даманавіцкага партызанскага атрада выдзяліўся Васілевіцкі атрад імя П.К.Панамарэнкі, пазней рэфармаваны ў брыгаду. А 1 чэрвеня 1943 года Даманавіцкі атрад таксама быў ператвораны ў Даманавіцкую партызанскую брыгаду, якая налічвала чатыры атрады (Партызанскія фарміраванні Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (чэрвень 1941 – ліпень 1944). Мн., “Беларусь”, 1983).

18 лістапада 1943 года 101-я Даманавіцкая партызанская брыгада, якая налічвала ў сваіх радах 743 байцоў, злучылася з часцямі Чырвонай Арміі і прыняла ўдзел у вызваленні населеных пунктаў Калінкавіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Многія даманавіцкія  партызаны прадоўжылі барацьбу з ворагам у радах Чырвонай Арміі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, удастоіўшыся высокіх урадавых узнагарод.

Больш ста жыхароў Даманавіч, Лампек, Анісавіч і Давыдавіч ваявалі на франтах з першых дзён вайны. Напрыклад, мала хто ведае, што выхаванец Даманавіч, Даманавіцкай школы, камандзір артылерыйскага палка Уладзімір Аляксандравіч Барысенка стаў Героем Савецкага Саюза. Дакладней, ведаюць, што ён стаў Героем, але імя Героя звязваюць з вёскай Пеніца, у якой ён нарадзіўся ў 1912 годзе. Пра тое ж , што сям’я Барысенкаў пераехала ў 1917 годзе ў Даманавічы, дзе Уладзімір правёў сваё дзяцінства і першыя гады юнацтва, закончыў школу, а ў 1932 годзе і курсы трактарыстаў, працаваў на трактары, мала хто ведае. У 1937 годзе Барысенка закончыў артылерыйскае вучылішча ў г.Сумы, удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі, савецка-фінскай вайне. З 1941 года – на Ленінградскім фронце. Удзельнічаў у прарыве блакады, вызваленні Прыбалтыкі, Беларусі. Вызначыўся ў лютым 1944 года ў час прарыву варожай абароны каля г. Арыенбаум. Званне Героя Савецкага Саюза атрымаў 1 ліпеня 1944 года.

Гераічна ваяваў  і ратаваў на фронце байцоў Чырвонай Арміі  ўраджэнец в. Давыдавічы Гардзіенка Дзям’ян Іванавіч. Нарадзіўся ён у 1914 годзе ў мнагадзетнай  сям’і  калгасніка. Быў самым малодшым сярод братоў і  сясцёр. З дзяцінства марыў  стаць доктарам. У 1938 годзе паступіў у Мазырскую двухгадзічную школу медсясцёр. Пасля яе заканчэння працаваў медбратам. Калі пачалася вайна, пайшоў на фронт. Ваяваў фельчарам. У лютым 1942 года, у час абароны Чарнігава, паранены трапіў у палон, у якім знаходзіўся да 1 жніўня 1943 года.  З чэрвеня 1944 года зноў у дзеючай арміі, ваяваў на заходнім напрамку, на 1-м Беларускім фронце, вызваляў Польшчу і Германію. Узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі. Вось, напрыклад, што напісаў яго камандзір батальёна капітан Стралкоў у прадстаўленні да ўзнагароды: “Лейтэнант Гардзіенка ў баях у Германіі і ў час штурму Берліна паказаў узоры асабістай адвагі. За час баёў з 16 па 26  красавіка 1945 года тав. Гардзіенка на сваіх плячах вынес з бою 65 параненых салдат і афіцэраў. 23 красавіка сам быў цяжка паранены, але не пакінуў параненага камандзіра батальёна, вынес яго з поля бою і даставіў у санчасць”.

У другім наградным лісце гаварылася, што “ Гардзіенка не толькі аказаў медыцынскую дапамогу 11 байцам на полі бою, але ў час контратакі немцаў лёг за ручны кулямёт і асабіста знішчыў 12 гітлераўцаў і адзін варожы кулямёт”. Лейтэнант медслужбы сам быў тройчы паранены на фронце, адзін раз цяжка, але яму было суджана застацца жывым і вярнуцца да роднага парога. На жаль, такі лёс выпаў не ўсім яго землякам.

З вайны ў Даманавічы не вярнуліся 66 воінаў, 37 не прыйшло да родных хат у Давыдавічах. У гонар  землякоў, якія загінулі ў  гады вайны, у Даманавічах на могілках у 1969 годзе ўдзячныя нашчадкі ўстанавілі помнік у выглядзе жанчыны, якая смуткуе, з мемарыяльнай дошкай; у гонар байцоў і камандзіраў, якія загінулі ў час вызвалення раёна, у 1966 годзе ўстаноўлены помнік у Даманавіцкім  парку, насупраць гародніна-сушыльнага завода.

Па просьбе землякоў Надзеі Дзенісовіч у 1965 годзе Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР  у памяць аб слаўнай патрыётцы, адной з арганізатараў і кіраўнікоў Даманавіцкага падполля, перайменаваў вёску Блудзін у Дзенісовічы.

Мікалай Лук’янаў

Дзесьці ў  канцы калоны раздалася аўтаматная чарга,  ахрыплы брэх нямецкіх аўчарак і рэзкія  воклічы іх гаспадароў:”Цурук! Шайзэ!” пачасціліся. Васьмігадовы  Колька Лук’янаў  яшчэ мацней ухапіўся за матчыну спадніцу і ашалела азірнуўся па баках. Маці, дзядзькава жонка, бабуля, дзве цёткі, суседкі  і аднавяскоўцы, паганяемыя нямецкімі  канваірамі, з апошніх сіл мясілі снежную кашу, якая даўно ператварылася ў гразь. Гэтая каша  наліпала  камякамі на боты, валёнкі  і буркі,  якія ўжо квакалі  ад вільгаці  і  голасна прасілі прасушкі і адпачынку. Маці несла на плячах двухгадовую сястрычку Зіну, якая нарадзілася ў сакавіку 1941 года. Бацьку  літаральна праз тыдзень пасля нараджэння Зінкі забралі на трохмесячныя зборы ў войска. Да хаты павінен быў вярнуцца 29 чэрвеня. Але пачалася вайна. З таго часу ў сям’і Лук’янавых яго ніхто не бачыў.

У той момант хлапчук раптам успомніў, што  два гады назад падобнае ўжо было ў іх жыцці. Разам з аднавяскоўцамі – жыхарамі Лампек, суседзямі з Даманавіч і Анісавіч, яны хаваліся ад немцаў у лесе. Жылі ў халодных і мокрых куранях. Але фашысты знайшлі іх у час аблавы.  Як і цяпер, гналі іх тады калонай на станцыю Халоднікі. Праўда, тады разам з маці   і малодшай сястрычкай Зінкай з імі была і чатырохгадовая сястрычка Ніна.

Вайна ў той раз забрала ад іх толькі Нінку. Сястрычка не вытрымала  ляснога холаду, захварэла  і памерла. “А што будзе зараз?”- задаваў сабе пытанне хлапчук, баючыся спытаць  услых аб гэтым маці, якая і так ледзь  была жывая ад цяжару, які цягнула на сваіх   плячах, і страху за абодвух  дзяцей.

Нарэшце ўдалечы, на ўзгорку, паказаліся Казловічы. Але перад самай  вёскай у небе раптам з’явіліся савецкія знішчальнікі, якія пачалі пікіраваць прама на іх калону. Немцы ў паніцы кінуліся хавацца ў лес. Скарыстаўшы момант, арыштанты таксама кінуліся хто куды.

Алена Лук’янава птушкай ляцела па лесе, цягнучы і несучы на сабе дзяцей. Адзіная думка безупынна свідравала яе  мозг: “Далей, як мага далей ад вернай пагібелі!”

Колька бег за маці, падаў, уздымаўся, зноў,  задыхаючыся, бег і  не мог  ніяк уцяміць, чаму яны ўцякаюць ад цёплых хат, якія былі ўжо так блізка.

Толькі праз гады Мікалай Антонавіч Лук’янаў, бацька якога так і не прыйшоў з вайны, даведаецца, што калона іх рухалася тады ў Азарыцкі лагер смерці.

Лук’янавы вярнуліся дахаты. І ў хату тут жа зайшоў паліцай: “Збірайцеся, заўтра пойдзеце назад, бо інакш – расстрэл”. Ад другога загону ў лагер смерці іх выратавала паспяховае наступленне Чырвонай Арміі:  12 студзеня 1944 года Даманавічы былі вызвалены ад нямецка — фашысцкіх захопнікаў. Журботнае відовішча ўяўляла тады  вёска. Частку яе фашысты спалілі яшчэ ў снежні 1943-га. Большасць хат стаяла без вакон, у дварах было ўсё пабіта-паламана, наўкола панавалі  смецце  і   разбурэнне.

У вясковым садзе размясціўся ваенны шпіталь, у якім разам з  Аленай Лук’янавай працавалі і многія вясковыя жанчыны.  Параненыя  ляжалі ў палатках, ад колькасці якіх пястрэла ўваччу. Дзень і ноч над шпіталем стаялі стогны  і крыкі. Па ўсёй верагоднасці, не хапала кваліфікаваных медыцынскіх кадраў, лекаў, бо штодня памірала  мноства салдат і афіцэраў —  739 чалавек навечна ўпакоіліся ў брацкай магіле насупраць гароднінасушыльнага завода ў  Даманавічах.

Мікалай Антонавіч  успамінае:”1 верасня 1944 года я пайшоў у першы раз у школу, хаця і нарадзіўся ў 1935 годзе. Нас, першакласнікаў, набралася чалавек дваццаць. Са мной вучыліся Чыгіроў Яфім, Зайцаў Аляксей, Міронава Любоў, Несцерава Таццяна, Несцераў Мікалай, Торап Валянціна, Драздоў Віктар   і  г. д. Многія былі пераросткамі, нават, з 1930 года. Праўда, хутка “вялікаўзроставых”  са школы адлічылі.  Краіне ў першую чаргу патрэбны былі рабочыя рукі. І тут ужо было не да сантыментаў.

У першым класе мы вучыліся ў хаце Кулянка, якую арандавалі пад школу ў вёсцы Анісавічы, паколькі будынак пачатковай школы ў гады вайны быў спалены. Школьнай дошкі не было. Сядзелі на драўляных лавах. Пісалі цвікамі на старых газетах. Чарніла варылі з воўчых ягад. Павольна выводзілі чырвона-чорныя палачкі, стараючыся не парваць паперу. Першай маёй настаўніцай была Лук’янава Наталля Харытонаўна. Жыла яна ў Анісавічах, а родам была з Лампек. Разам з ёй у школе працавала Лук’янава Паліна Максімаўна.

З маіх  аднакласнікаў  1944 года Іванова Надзея зараз жыве ў Тарканах, Касьянчык Тамара – у Мінску, Качан Анатоль – у Расійскай Федэрацыі.

Другі  цагляны будынак школы, у якім вучыліся з  5 па 7 клас, таксама не захаваўся.  У вайну  ў  ім размяшчаўся паліцэйскі гарнізон, які партызаны разграмілі і спалілі. Ад будынка засталіся толькі сцены, але і іх мясцовыя жыхары разабралі на печы і цэглу. Таму школа, у якой вучыліся з 2 па 6 клас,  размясцілася ў вялікім драўляным будынку былой валасной управы, які нагадваў букву “П”, адкуль у 1945 годзе выехаў ваенны шпіталь. Будынак гэты знаходзіўся ў пачатку Лампек.  Заняткі тут праводзіліся ў дзве змены. У школе навучалася каля чатырохсот школьнікаў. Акрамя дзяцей з Даманавіч, Лампек, Анісавіч, Давыдавіч і іншых навакольных вёсак тут вучыліся і выхаванцы Даманавіцкага дзіцячага дома, які размяшчаўся ў былым панскім маёнтку ў Авангардзе. Дзіцячы дом адкрылі тут адразу ж пасля вызвалення Даманавіцкага раёна  ад фашыстаў — вельмі ўжо многа  вайна пакінула пасля сябе дзяцей-сірат.

З 1944 дырэктарам дзіцячага дома быў Рудзеня (імя і про       звішча не памятаю), з 1944 па 1952 – Цяслюк Мікалай Сямёнавіч, з 1952 па студзень 1953 – Хоміч Яўген Арцёмавіч, з 1953 па 1955 – Ляўковіч Сцяпан Панкратавіч. Выхавальнікамі  дзіцячага дома працавалі Міронава Ганна Мікалаеўна, Корзун, Шчэрбіна (Новік) Галіна Рыгораўна, Пунтус Вольга, Архіпенка Кацярына Сямёнаўна, Лялік Вера Пятроўна, Акулін Аляксандр Сяргеевіч, Стахоўская Рэма Вячаславаўна. У 1955 годзе Даманавіцкі дзіцячы дом закрылі.

У 1944-45 гадах дырэктарам Даманавіцкай сярэдняй школы быў Цішкевіч Апанас Філімонавіч, завучам – Бабылёва. З 1945 па 1950 год школай кіраваў і адначасова выкладаў у ёй гісторыю Бабкоў Якаў Раманавіч. Завучам у гэтыя гады працуе Леановіч Мікалай Пракопавіч. У 1950 годзе на яго ўскладаюць абавязкі дырэктара школы.

З 1946 па 1975 год намеснікам дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце  працуе Акулаў Аляксандр Захаравіч, які адначасова выкладае ў школе беларускую мову і літаратуру.

У 1951 годзе на чале школы паставілі выкладчыка рускай мовы і літаратуры Бычкова Івана Сямёнавіча. Праз год яго зноў змяніў Бабкоў, на лёс якога выпала дастаткова нягод, бо на наступны год кіраўнічую пасаду ў Якава Раманавіча зноў адабралі. Дырэктарам школы стаў настаўнік гісторыі Вялічкевіч Юліян Іванавіч. Але ж зорка Бабкова ўсё-такі ярка ўзышла ў 1954 годзе. Менавіта з гэтага і па 1975 год Якаў Раманавіч знаходзіўся на чале Даманавіцкай установы адукацыі.

У першыя пасляваенныя  і  далейшыя гады настаўнікамі  ў  пачатковых класах школы працавалі: Харлан Таццяна Архіпаўна,  Кулыба Вольга Мацвееўна, Яфімовіч Міхаіл Іванавіч.Затым Міхаіл Іванавіч перайшоў выхавальнікам у дзіцячы дом, а з 1955 года выкладаў  у школе рускую мову. Яго калегамі па прадмету былі Бабкова Зінаіда Дзмітрыеўна, Нікіціна Ксенія Емяльянаўна  і  Рагінская Фаіна Навумаўна. Гісторыю выкладалі Паўлаў Захар Сідаравіч і Акулін Аляксандр Сяргеевіч, матэматыку – Азенштадт Іона Сяргеевіч, Вараб’ёва Марыя Васільеўна, Леановіч Мікалай Пракопавіч  і  Дронік Уладзімір Максімавіч, нямецкую мову – Пятрэнка Еўдакія Міхайлаўна, Мятлушка Цімафей Данілавіч  і  Яўсеенка Агаф’я Уладзіміраўна, родную мову – Гарэлік Эсфіра Іосі-фаўна,  хімію і біялогію – Байкоў Павел Іосіфавіч, фізкультуру – Шапавалаў Канстанцін Аляксеевіч, ваенную справу – Старавойтаў Аляксандр Маісеевіч, Герасіменка, Гардзіенка Мікалай Цімафеевіч, Шамбановіч Марк Ісакавіч, Сілкін Васіль Піліпавіч, Вараніцкі Пётр Піліпавіч.

Калі з 1944 па 1948 год абавязковай  была толькі пачатковая адукацыя, то з 1950 года Даманавіцкая школа працавала ўжо як растучая  сярэдняя, абавязковай была сямігадовая адукацыя.

У Лампеках  школа размяшчалася да 1951 года, пакуль не адрамантавалі двухпавярховы будынак Даманавіц-кага земскага народнага вучылішча, які быў узведзены ў  Даманавічах  яшчэ  ў  1904 годзе”.

Дзяцінства пасляваенных школьнікаў  у корані адрознівалася ад таго, што маюць сённяшнія дзеці. Былі, канешне, і ў іх свае гульні і радасці, але больш усяго было цяжкай, карпатлівай, штодзённай фізічнай працы. Разбураную вайной гаспадарку трэба было падымаць з руін, трэба было карміць краіну, будавацца. Таму працавалі ўсе да сёмага поту: дарослыя і малыя, здаровыя і інваліды.

Перад вачыма Мікалая Лук’янава часам і сёння паўстае малюнак з дзяцінства, як ён паганяе  калгасных валоў, крычучы на іх што ёсць моцы: “Цоб-цобэ!”. А тыя няспешна цягнуць у поле воз, які  пад самы верх нагрузілі вясковыя жанчыны-калгасніцы гноем.

Так было амаль штодня і не толькі ў час канікул,  а і пасля заняткаў, і ў выхадныя, бо зямля і сельская гаспадарка чакаць не могуць. Два гады, з пятага па сёмы клас, “кіраваў” Лук’янаў сваімі рагатымі асілкамі, і якой жа была яго радасць, калі ў сёмым класе яму даверылі каня. Гэта ўсё роўна, што сённяшняму юнаку ўручыць ключы ад ўласнага аўтамабіля. Разам з вясковымі падлеткамі Мікалай баранаваў, акучваў бульбу, выконваў іншыя работы, якія загадваў калгасны брыгадзір.

У 1950 годзе калгас “Новыя Даманавічы” узначаліў Скуранок Аляксандр Андрэевіч.Нарадзіўся ён у 1911 годзе ў вёсцы Бабічы Хойніцкага раёна. Да вайны працаваў загадчыкам Бабровіцкай школы. У ліхую гадзіну  разам з Надзеяй Дзенісовіч і іншымі патрыётамі па заданні Даманавіцкага райкама партыі стаў арганізатарам Даманавіцкага падполля. У Даманавіцкім партызанскім атрадзе Скуранок стаў намеснікам камандзіра па разведцы. Са снежня 1943  па снежань 1949 года працаваў загадчыкам аддзела агітацыі і прапаганды Даманавіцкага райкама КПБ.

У 1952 годзе тры невялікіх калектыўных гаспадаркі: “Новыя Даманавічы” (Лампекі), “Беларуская вёска”(Анісавічы)  і “Чырвоная зорка”(Давыдавічы) аб’ядналіся ў адзін калгас, якому далі назву імя Кутузава. Узначаліў яго Скуранок Аляксандр, які кіраваў гаспадаркай аж да  1959 года.

Аб’яднанне калгасаў дало магчымасць павесці гаспадарку больш эфектыўна, рэнтабельна. Паступова пашыралася колькасць апрацоў-ваемых сельгасугоддзяў, жывёлы на калгасных фермах, на палі прыйшла доўгачаканая тэхніка.

У 1953 годзе Даманавіцкая школа ажыццявіла свой першы пасляваенны выпуск тых, хто атрымаў сярэднюю адукацыю. У ліку гэтых шчасліўцаў быў і Міхаленка Валянцін, які закончыў школу з залатым медалём. На наступны год з  медалём яе закончыў  і Леановіч Эдуард. Абодва медалісты паступілі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Першы  стаў журналістам, а затым і рэдактарам газеты “Вячэрні Мінск”. Другі – матэматыкам, які напісаў шмат навуковых прац і ўсё жыццё працаваў у Акадэміі навук Беларусі.

Кавалькоў Пётр таксама стаў вучоным, працаваў у акадэмічным гарадку Навасібірска. Паўлаў Міхаіл  з першых пасляваенных выпускнікоў даслужыўся да палкоўніка, стаў начальнікам тылу  гарадскога ўпраўлення МУС Масквы. Зайцаў Аляксей стаў начальнікам чыгуначнай станцыі ва Ульянаўскай вобласці.

У ліку трыццаці выпускнікоў 10 “Б” класа 1954 года быў  і  Лук’янаў Мікалай, які крыху не дацягнуў  да медаля. Юнаку было ужо 19 гадоў.

Мікалай Антонавіч успамінае: ”Школу закончыў летам, а восенню забралі ў армію. Праўда, да таго часу яшчэ паспеў ажаніцца. Са сваёй абранніцай пазнаёміўся за два гады  да таго. Пасля заканчэння 9 класаў  я стаў наведваць клуб. У вёсцы Авангард быў адзіны клуб. Я прыйшоў туды і ўбачыў дзяўчыну. Яна працавала выхавальніцай  дзіцячага дома. Мне яна падалася цікавай і сімпатычнай. Я адразу закахаўся ў Рэму.”

Маладой жонцы, з якой нават не паспеў распісацца, прыйшлося чакаць свайго спадарожніка жыцця аж цэлых чатыры гады. Служыў Мікалай тэрміновую службу на Балтыцы, на крэйсеры ”Арджанікідзэ”. Толькі восенню 1956 года старшына Лук’янаў атрымаў свой першы водпуск са службы на флоце і змог заключыць афіцыйна шлюб з Рэмай Стахоўскай. А ў наступным годзе ў іх сям’і  паявіўся першынец – сын Генадзь, які стане палкоўнікам міліцыі, даслужыцца да намесніка начальніка  ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага  аблвыканкама.

На сямейным савеце было вырашана, што Мікалай пойдзе вучыцца на гісторыка, хаця яго даўняй марай было стаць марскім афіцэрам. Вучыўся на стацыянары. Інстытуцкія педагогі прадракалі яму  аспірантуру, навуковую дзейнасць у будучым. Аднак жыццё ўносіць свае карэктывы ў лёс кожнага з нас незалежна ад нашых здольнасцяў і жаданняў. Праз два гады ў сям’і Лук’янавых адбылося папаўненне: Рэма Вячаславаўна нарадзіла двойню. Зразумела, што на дапамогу памерам у 50 рублёў, якія жанчына атрымлівала на дзяўчынак, пражыць было нерэальна. Больш таго, захварэла маці Мікалая і яму прыйшлося рабіць выбар паміж вучобай на стацыянары і працай з пераводам на завочнае навучанне. 1 верасня 1961 года ён прыйшоў у родную Даманавіцкую школу. Малады настаўнік гісторыі і геаграфіі апантана ўзяўся за работу. На сваіх  уроках акрамя матэрыялу, вызначанага праграмай, стараўся даць вучням як мага больш звестак пазнавальнага характару. Паходы і экскурсіі сталі звычайнай практыкай у рабоце Мікалая Антонавіча, так цяпер яго сталі называць у роднай вёсцы не толькі вучні, але і іх бацькі, калегі па працы, іншыя аднавяскоўцы. Не цураўся Лук’янаў і грамадскіх нагрузак: лектар, прапагандыст, а затым і сакратар партыйнай арганізацыі ў мясцовым калгасе – усё гэта было яму па плячу.

Аднойчы на ўроку старажытнай гісторыі ў пятым класе пасля таго, як ён  расказаў легенду пра ўзнікненне назвы старажытнага Рыма, хтосьці са школьнікаў звярнуўся да яго з пытаннем: “А адкуль пайшла назва нашых  Даманавіч? Што яна азначае?” Мікалай Антонавіч расказаў тады дзецям мясцовае паданне, паводле якога назва вёскі ўтварылася ад словазлучэння “дама- навічы”, г.зн.” новыя дамы”. “Даўным-даўно, яшчэ ў часы прыгоннага права, непадалёк ад   панскага  маёнтка  пачалі будаваць новыя дамы для панскай чэлядзі і прыслугі. Пан не надта пераносіў сялянскі дух, таму прыслугу трымаў воддаль, хаця і не крыўдзіў без прычыны сваіх прыгонных. Таму вёсачка з-за новых дамоў і атрымала назву Даманавічы”.

Праўда, пасля гэтага Мікалай Антонавіч сам пасмяяўся  са свайго тлумачэння, бо з навуковага пункту гледжання гэта не паддавалася ніякай крытыцы. А таму як чалавек дапытлівы і мэтанакіраваны заняўся пошукам адказу на пастаўленае школьнікам пытанне. З цягам часу для сябе ён зрабіў наступныя высновы. У кнізе вядомага беларускага вучонага тапаніміста В.Жучкевіча “Чаму так называецца?” ён знайшоў наступнае тлумачэнне:” Назва вёскі Даманавічы паходзіць ад прозвішча яе заснавальніка Даманава”.

У кнізе А.С.Грушэўскага “Пінскае Палессе XIV –XVI вв.Гістарычныя нарысы” (Кіеў,1903) ён знайшоў інфармацыю аб тым, што на Піншчыне ў XVII стагоддзі сярод новых баярскіх радоў пачалі вылучацца Вятліцкія, Пачапоўскія і Даманавічы. Род Даманавічаў браў вытокі яшчэ ў XVI стагоддзі, што пацвярджалася пісьмовымі крыніцамі, якія дайшлі да нашых дзён.

Тым не менш  такое тлумачэнне не надта задаволіла настаўніка-даследчыка. Ён прадоўжыў пошук. Мікалаю Антонавічу больш да спадобы прыйшлося тлумачэнне аб паходжанні назвы вёскі ад слова “домніцы”, так называлі старажытную печ, у якой варылі жалеза з руды. Тым больш, што на тэрыторыі Калінка-віцкага раёна  знаходзяцца  вёскі Рудня Гарбавіцкая, Рудня Антонаўская, Ру-дзенька, Есіпава Рудня, назва якіх сведчыць аб здабычы ў старажытнасці побач з гэтымі паселішчамі балотнай руды. Відаць, у часы сівой даўніны і побач з Даманавічамі здабывалі гэтую руду (балот наўкола хапала!) і выплаўлялі жалеза ў прымітыўнай домніцы, побач з якой сяліліся людзі,  ад імя якой і  назвалася ў  далейшым вёска.

Цікавым  паказалася Лук’янаву  і  тлумачэнне паходжання назвы вёскі ад літоўскага слова damas, што ў перакладзе азначае  “плаціна, гаць, запруда”.

Доследна – пошукавая дзейнасць  яшчэ са студэнцкіх гадоў вабіла да сябе Мікалая Антонавіча. Шмат часу ён аддаваў ёй і ў гады свайго настаўніцтва. Паставіўшы аднойчы перад сабой задачу аднавіць гісторыю Даманавіцкай школы, у якой сам атрымаў першыя веды, ён мэтанакіравана разам з калегамі  і вучнямі па крупінках на працягу многіх гадоў сабіраў матэрыялы пра гісторыю навучальнай установы.

У архіўных дакументах выявілі, што школа ў Даманавічах адкрылася  ў 1862 годзе. Размясцілася яна тады ў наёмнай сялянскай хаце. Як сведчылі  “Памятныя кніжкі Мінскай губерні”(1880-1890 гг.),  з 1879 года ў Даманавіцкім народным вучылішчы настаўнічала Кселіна Кацярына Пятроўна, а  з 1886 – Латышкевіч Павел Рыгоравіч.

Дырэктарам Даманавіцкай працоўнай школы ў  першыя гады Савецкай ўлады быў Чарнамор. З 1929 года школай кіраваў Іван Емяльянавіч Каршукоў — бацька беларускага пісьменніка Яўгена Іванавіча Каршукова, які нарадзіўся ў 1932 годзе ў Давыдавічах.  Завучам  аж да вайны працаваў Захар Сямёнавіч Гуло. Школа ў перадваенныя гады ажыццявіла тры выпускі.

У 1967 годзе ў школах СССР  увялі інстытут арга-нізатараў пазакласнай і пазашкольнай работы. Ніхто лепш у Даманавічах  на гэту пасаду не падыходзіў, як Мікалай Лук’янаў, які ўвесь час займаўся з дзецьмі акрамя ўрокаў гурткавой работай, арганізоўваў экскурсіі і паходы, разнастайныя паездкі па гістарычных месцах краіны, школьныя  вечары і  ўжо з год працаваў намеснікам дырэктара школы па вытворчаму навучанню. На новай пасадзе, як і заўжды, Мікалай Антонавіч праявіў сябе з самага лепшага боку.

У 1970 годзе будаўнікі прыбудавалі да  старога двухпавярховага будынка школы памяшканне яшчэ на 8 класных пакояў. Гэта дазволіла значна палепшыць якасць і арганізацыю  навучальна-выхаваўчага працэсу ў перапоўненай дагэтуль установе.

1 жніўня 1975 года загадам па Калінкавіцкім райана Мікалая Лук’янава назначаюць дырэктарам Даманавіцкай сярэдняй школы.

– Мне ў жыцці вельмі пашчасціла на добрых і  разумных паплечнікаў,-гаворыць Мікалай Антонавіч.- Яны   дапамаглі мне знайсці сябе ў прафесіі, навучылі разумець і ладзіць з людзьмі, арыентавацца ў абставінах, прынімаць правільныя рашэнні. Самым верным сябрам, памочнікам і дарадцай ва ўсіх справах была і застаецца мая дарагая жонка Рэма Вячаславаўна, з якой мы больш сарака гадоў аддалі Даманавіцкай школе. Пасля заканчэння ў 1952 годзе Мазырскага педвучылішча прыйшла яна на працу ў Даманавіцкі дзіцячы дом, а пасля яго ліквідацыі працавала настаўніцай пачатковых класаў у Даманавіцкай школе.  У 1964 годзе ў вёсцы Давыдавічы пабудавалі новы цагляны будынак пачатковай школы на чатыры класныя пакоі з вялікім калідорам, настаўніцкай, бібліятэкай і спортпляцоўкай. Рэму Вячаславаўну назначылі дырэктарам гэтай школы. Разам з ёй там  працавалі Казлоўская Ганна Іванаўна, Бабок Міхаіл Пятровіч і Гвоздзева Ульяна Цярэнцьеўна. Рэма Вячаславаўна заўсёды была надзейным тылам і апорай для мяне. Чатырох дзетак выхавалі мы з ёю і пусцілі ў свет.

Добрым і надзейным памочнікам ва ўсіх школьных справах на пачатку майго дырэктарства была мой намеснік Цяслюк Галіна Пятроўна. Добра дапамагалі затым  і Кабзар Ніна Апанасаўна, Шчэрбіна – Новак Таццяна Анатольеўна, якія таксама працавалі намеснікамі дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце.

Не магу не выказаць словы ўдзячнасці ў  адрас педагогаў-прадметнікаў, з якімі  разам  працаваў  ў школе. Узяць, напрыклад, настаўніцу рускай мовы і літаратуры Дручкову Наталлю Фёдараўну. У гэтага педагога ўжо на прыкладзе яе асабістага жыцця можна было вучыцца патрыятызму, мужнасці, майстэрству педагагічнай справы і чалавечнасці.  Для нас  яна была педагогам-легендай. Наталля Фёдараўна нарадзілася ў Сухавічах Калінкавіцкага раёна ў 1922 годзе, дзе яе мама Ефрасіння Андрэеўна пасля заканчэння Мінскай гімназіі працавала настаўніцай мясцовай школы. Праз некалькі год маму перавялі ў Кошчыцкую школу, якую закончыла  і Наталля. Вучобу далей можна было прадоўжыць толькі ў Даманавічах, але да іх трэба было  дабірацца штодня 10 кіламетраў пехатой. Ефрасіння Андрэеўна папрасіла з-за дачкі, каб яе перавялі бліжэй да Даманавіч на працу. Просьбу задаволілі. Яе перавялі ў Тарканоў-скую пачатковую школу. Даманавіцкую сярэднюю школу Наталля закончыла ў 1939 годзе. А пасля заканчэння  педагагічных курсаў у Мазыры  накіравалі настаўніцай пачатковых класаў у Бабіц-кую  сярэднюю школу Васілевіцкага раёна. Там яе і застала вайна.

З Бабіч Наталля эвакуіравалася ў Тамбоўскую вобласць. Год там працавала ў школе, затым была мабілізавана на рабочы фронт (узводзіла лініі супрацьтанкавай абароны, капала акопы і г.д.),апасля ўступіла  ў Чырвоную Армію. Восем месяцаў правучылася ў Горкім на радыстку і – на фронт. Свой баявы шлях пачала з Арлоўска-Курскай дугі, затым  удзельнічала ў вызваленні  Чэхаславакіі, Венгрыі, Аўстрыі. Перамогу сустрэла ў Дрэздэне. Але вайна на гэтым для Наталлі Фёдараўны не закончылася, была яшчэ бітва з японскімі мілітарыстамі, на шчасце яны хутка капітуліравалі. У лістападзе 1945 года  франтавічка дэмабілізавалася. Яе баявы шлях быў адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалём “За баявыя заслугі”, іншымі адзнакамі воінскай доблесці.

У 1953 годзе пераехала з Урала ў родныя мясціны. Закончыла Мазырскі настаўніцкі  і Мінскі педагагічны інстытуты. З таго часу працавала ў Даманавічах.

З 1970 года ў Даманавіцкай школе працаваў яшчэ адзін франтавік – Ражкоў Мікалай Фядосавіч, які, як і Дручкова,  таксама нарадзіўся ў 1922 годзе. З 1941 па 1946 год знаходзіўся ён на фронце і ў радах арміі. Не адзін раз быў паранены, не адзін раз паглядаў смерці ў твар, лёс быў літасцівы да яго – вярнуўся дамоў жывым, стаў настаўнікам роднай мовы і літаратуры, ажаніўся, выхаваў чатырох сыноў. У Даманавічах працаваў, пакуль не атрымаў запрашэння з Халодніцкай школы, дзе, дарэчы, і жыў. Да выхаду на пенсію і яшчэ пяць год пасля гэтага выкладаў беларускую мову і вучыў мясцовых школьнікаў  любові да Радзімы  і роднага слова ў гэтай навучальнай установе.

Даманавіцкая школа заўсёды славілася таленавітымі педагогамі. Я ўдзячны лёсу, што мне давялося працаваць з такімі майстрамі педагагічнай справы, як настаўніца хіміі і біялогіі Талпыга Ніна Мікалаеўна, настаўніца пачатковых класаў Харлан Таццяна Архі-паўна, настаўніца рускай мовы і літаратуры Конева Марыя Мікалаеўна, настаўнік рысавання і чарчэння Уладыкоўскі Іван Пракопавіч і многія іншыя.

Гэта дзякуючы ім, іх папярэднікам і прадаўжальнікам з 1976 па 2013 навучальны год Даманавіцкую школу з залатым медалём закончылі 39 выпускнікоў. Гордасцю школы з’яўляюцца яе былыя вучні Герой Савецкага Саюза У.А.Барысенка, генерал-маёр Л.В.Нікіцін, ганаровы чэкіст СССР П.Л.Далба, вучоныя Э.М.Леановіч, В.Я.Бабкоў,І.М. Акулаў, А.М.Бабкоў, П.Г.Кавалькоў, выкладчык Маскоўскай акадэміі бронетанкавых войск Л.С.Алісейка, ваенны лётчык, палкоўнік А.Ф.Рубцоў, штурман дальняга плавання П.М.Акулаў, былы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Буноў У.А., старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама П.М.Савіцкі, былы старшыня камітэта сельскай гаспадаркі Гомельскага аблвыканкама В.М.Бабок, генеральны дырэктар ААТ “Гомельхлебапрадукты” Э.С.Башак, выкладчык Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Н.А.Гарбатоўская, дырэктар Мінскай фабрыкі В.М.Елісееў, многія іншыя.

Многія выпускнікі школы сталі кіраўнікамі сельгаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый, як, напрыклад, П.Ц.Тупік, М.І.Яфімовіч, М.І.Майсюкоў, Л.П.Кавалькова, У.Я. Казачэнка, В.А.Гарбатоўскі, В.М.Гарбатоўскі,В.П.Савіцкі; сельскіх Саветаў: Ражкова Л.М., Зайцава Л.С.

А колькі нашых выхаванцаў стала педагогамі, урачамі, супрацоўнікамі праваахоўных органаў, спецыялістамі  іншых галін  народнай гаспадаркі, кіраўнікамі  школ, арганізацый і прадпрыемстваў, у тым ліку  ў  Калінкавіцкім раёне,  і не пералічыць. Напрыклад, старшынёй Сенненскага райвыканкама Віцебскай вобласці стаў наш выпускнік Эдуард Герасіменка,старшынямі Калінкавіцкага  райвыканкама  сталі выпускнікі Віктар  і Іван Піліпцы, ураджэнцы вёскі Давыдавічы. А іх старэйшы  брат і мой зяць Пётр — оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Калінкавіцкага ГРАУС – не раздумваючы аб уласнай бяспецы выступіў на абарону жанчыны і яе дзяцей і загінуў на баявым пасту. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам “За асабістую мужнасць”.

Мікалай Антонавіч можа гадзінамі расказваць пра сваіх выхаванцаў і выпускнікоў школы, бо ніводная сустрэча з імі, якая традыцыйна штогод праходзіць у навучальнай установе ў лютым, не абыходзіцца без яго непасрэднага ўдзелу. Завуць яго і іншых настаўнікаў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, да сябе на гэтыя сустрэчы былыя вучні, і Мікалай Лук’янаў з ахвотай ідзе на іх, бо сустракаючыся з даўно ўжо пасталеўшымі і стаўшымі бацькамі, і, нават, бабулямі і дзядулямі, Мішамі-Паўламі, Людамі-Валямі, ён хоць на некалькі гадзін акунаецца ў сваё мінулае, у  маладосць.

У 2000 годзе, дзякуючы намаганням выпускніка школы Віктара Піліпца, які ў той час быў старшынёй Калінкавіцкага  райвыканкама, у Даманавічах пачалося будаўніцтва новага цаглянага двухпавярховага будынка школы, якая была пабудавана ў 2006 годзе на сродкі абласнога бюджэта. Без пахвальбы скажу, што на сёння  гэта адна з прыгажэйшых школ раёна,  у якой ёсць спартыўная зала, вучэбныя майстэрні, дваццаць навучальных і два кабінеты для заняткаў груп падоўжанага дня, сталовая на 136 пасадачных месц, спартыўны гарадок, вучэбна-вопытны ўчастак, школьны сад.

У 2001 годзе Мікалай Лук’янаў пайшоў на заслужаны адпачынак. Але паважаны ў  Даманавічах чалавек не застаўся ў баку ад грамадскіх спраў і жыцця вёскі. На сённяшні дзень Мікалай Антонавіч узначальвае ветэранскую арганізацыю Даманавіцкага сельсавета,з ’яўляецца памочнікам старшыні сельсавета па Даманавічах, словам і справай дапамагае людзям разабрацца з іх праблемамі,  у выпадку іх узнікнення.

У вольны ад дамашніх спраў час Мікалай Антонавіч любіць пачытаць перыёдыку, паглядзець па тэлебачанні  апошнія  навіны, каб быць у курсе таго,  што робіцца ў Беларусі і ў свеце, калі надараецца, прагледзіць з задавальненнем  фільм на гістарычную тэму – сказваецца прафесіянальная прывычка. Не забывае і пра гісторыю роднага краю. Вынікам яго старанняў  у гэтым напрамку з’явілася напісанне падворнага спіса жыхароў вёскі Лампекі.

У гэтым спісе занатавана 143 падворкі вёскі з указаннем  імён і прозвішчаў іх гаспадароў і членаў  іх сямей. Завяршыў  спіс Мікалай Лук’янаў пунктам 144, у якім расшыфроўвае: “На скрыжаванні, дзе цяпер новы храм, да Вялікай Айчыннай вайны стаяў вялікі будынак, у якім размяшчалася ветэрынарная лячэбніца, а за ім,  у бок канторы КСУП “Імя Кутузава” – паштовае аддзяленне сувязі, затым клуб.

Рэчка, якая выцякае з возера вёскі Авангард і ўпадае ў рэчку Ненач, з’яўляецца мяжой, якая аддзяляла вёску Лампекі ад сяла Даманавічы. Домам Войтава Пятра Васільевіча  пачына-ліся Лампекі да 1966 года. У гэтым годзе адбылося ўзбуйненне населеных пунктаў, і Лампекі ўвайшлі ў склад вёскі Даманавічы, атрымаўшы назву вуліцы Савецкай, якая з’явілася працягам Даманавіч да сённяшняй вуліцы Школьнай”.

У 1966 годзе ў склад Даманавіч ўвайшла і вёска Анісавічы пад назвай вуліцы Ярмілава. Такім чынам  жыхары вёскі ўвекавечылі памяць вучня Даманавіцкай школы, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаў  арганізатарам  і  кіраўніком Калінкавіцкай маладзёжнай падпольнай арганізацыі “Смугнар” (Смерть угнетателям народа).

У 1971 годзе Даманавічы налічвалі  253 двары, на якіх пражывала 779 жыхароў.

Ларыса Зайцава

Гэтую жанчыну ў Даманавічах можна сустрэць у любы час  у любым месцы: на мехдвары, на ферме,  у магазіне і школе, у дзіцячым садку і на комплексным прыёмным пункце, у любой вясковай хаце, бо справы ў яе ёсць да ўсіх і да  ўсяго, да таго ж і службовае становішча абавязвае: Ларыса Станіславаўна – старшыня Даманавіцкага сельскага Савета. І, дарэчы, не адны Даманавічы з’яўляюцца аб’ектам яе пільнай увагі і цікавасці. Паколькі сёння ў склад  Даманавіцкага сельсавета акрамя Даманавіч  уваходзяць і вёскі Давыдавічы, Халоднікі, Дзенісовічы, Авангард і Тарканы, то і яны разам са сваімі насельнікамі  аўтаматычна ўваходзяць у сферу інтарэсаў і клопатаў Ларысы Зайцавай.

Нарадзілася яна не на даманавіцкай зямлі, але даўно ўжо стала тут сваёй. На свет з’явілася ў 1969 годзе ў в. Марозавічы Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. У Даманавічы Ларыса прыехала ўжо пасля заканчэння пачатковай школы.  Закончыўшы тут дзесяцігодку, паступіла ў Гомельскае медыцынскае вучылішча. І  ў 1989 годзе, атрымаўшы дыплом аб сярэдняй медыцынскай адукацыі, прыехала па накіраванні ў Даманавічы, дзе змяніла на пасту загадчыцы Даманавіцкага фельчарска-акушэрскага пункта пенсіянерку Далба Марыю Лявонцьеўну.

У гэтым жа годзе дэмабілізаваўся пасля двухгадовай тэрміновай службы ў Афганістане яе аднакласнік з Авангарда Аляксандр Зайцаў.  У 1990-м яны распісаліся. З таго часу Ларыса стала Зайцавай, дагэтуль яе ведалі, як Саўчанку.

Адзінаццаць гадоў  яна працавала загадчыцай Даманавіцкага ФАПа, аказвала  медыцынскую дапамогу жыхарам Даманавіч і Авангарда. Двойчы за гэты час выбіралі яе мясцовыя жыхары дэпутатам Даманавіцкага сельскага Савета. А калі ў 2000 годзе старшыню Даманавіцкага сельсавета Анучкіна Анатоля Васільевіча, які толькі год і адпрацаваў на гэтай пасадзе, калгаснікі Казанска выбралі старшынёй праўлення калгаса “Сейбіт”, старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталь Рыльцоў прапанаваў Ларысе змяніць прафесію – узначаліць Даманавіцкі сельсавет. На пачатку тая аднеквалася, бо перад яе вачыма яшчэ зусім свежымі  паўставалі малюнкі з жыцця  маці Яфімовіч Зінаіды Васільеўны, якая з  1975 года на працягу дзесяці год кіравала Даманавіцкім сельсаветам. Вечная занятасць на рабоце, тысячы пытанняў, якія часам не так проста вырашыць, катастрафічны недахоп часу і сіл, вырашэнне чужых канфліктаў і праблем, неабходнасць кантачыць з усімі насельнікамі вёсак Савета незалежна ад іх статусу і ўросту, маральна-псіхалагічнага стану – усё гэта і палохала, і, адначасова, інтрыгавала: ці змагу, ці спраўлюся!?

Пасля нядоўгіх ваганняў  Ларыса Станіславаўна згадзілася. Пэўны  вопыт работы з людзьмі  ў яе ўжо быў. Вяскоўцы адносіліся да свайго “доктара” дружалюбна і  з павагай. У сельвыканкаме працавалі таксама досыць вопытныя работнікі: сакратар Савета Фралова Святлана Пятроўна і бухгалтар Гардзіенка Вольга Мікалаеўна, якія, дарэчы, працуюць і зараз.

І Ларыса Зайцава ўзялася за справу. Пачала з навядзення парадку на вуліцах, на тэрыторыях арганізацый і ўстаноў, сялянскіх падворках. Марудзіць не было калі, хаця і зрушыць з месца мысленне  і менталітэт жыхароў, якія  не надта  прывыклі  да парадку, чысціні і прыгажосці з маленства, было ой як не проста. Драмаць не даваў і галава раёна Віктар Піліпец, які церабіў кіраўнікоў сельвыканкамаў   за навядзенне парадку на тэрыторыях і землях   на кожнай планёрцы і нарадзе.

Калегі жартавалі тады з Зайцавай: “Пашчасціла табе, Ларыса, Піліпец штодня да цябе  ў госці ездзіць, усё любуецца, як парадак наводзіш”. А старшыня райвыканкама і сапраўды нярэдкім госцем бываў у Даманавічах. То на гароднінасушыльны  завод  завітае, пацікавіцца, як ідуць справы, то ў мясцовы калгас, а то і проста, вяртаючыся ў райцэнтр з раёна, загляне на хвілінку да бацькоў у Давыдавічы. Адным словам, працаваць Ларысе Зайцавай прыйшлося не проста закасаўшы рукавы, а ўдарна, каб і начальства не падвесці,  і самой тварам у глебу не ўдарыць.

Асабліва актыўна справы па добраўпарадкаванні Даманавіч разгарнуліся ў 2004 – 2006 гадах, калі ў вёсцы пачалі будаваць аграгарадок. Вёску тады лічы перавярнулі з ног на галаву. Побач са старой школай узводзілі новую, будынак старой пераабсталёўвалі пад Дом культуры, у якім сёння размясціліся і сельскі Савет, і філіял школы мастацтваў, і сельская бібліятэка, і пункт аховы правапарадку. Будынак калгаснай канторы таксама рэканструявалі. Тут акрамя канторы КСУП “Імя Кутузава” размясціліся аддзяленні ашчадбанка і пошты, ФАП. Перацярпелі мадэрнізацыю  дзіцячы садок, у будынку якога размясціліся фізкультурны комплекс і  комплексны прыёмны пункт. У вёсцы з’явілася свая лазня. Прывабны выгляд набылі магазін і закусачная. Дзе-нідзе аднавілі асфальтавае пакрыццё. Прывялі ў парадак мехдвор і майстэрню.

У 2006 годзе Даманавічы атрымалі статус аграгарадка. Але добраўпарадкаванне паселішча на гэтым не спынілася. У час наведвання Прэзідэнтам Беларусі Калінкавіцкага раёна ў 2006 годзе старшыня Ка-лінкавіцкага райвыканкама Віктар Піліпец звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб фінансавай  падтрымцы мадэрнізацыі Даманавіцкага гароднінасушыльнага завода, які да таго часу ўжо быў не толькі на мяжы банкруцтва, а развальваўся фізічна ад старасці. 18 студзеня  2007 года выйшла Распараджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых мерах дзяржаўнай падтрымкі камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Даманавіцкі гароднінасушыльны завод”. І пачалася мадэрнізацыя прадпрыемства. Паралельна пачалася і  рэканструкцыя  жылых дамоў, у якіх пражывалі завадчане, добраўпарадкаванне завод-скай і прылягаючай да яе тэрыторыі. Адным словам, навядзенне парадку на зямлі ў вёсцы прадоўжылася, і сельскі Савет  быў на чале  гэтых важных спраў.

На добраўпарадкаванні працавалі ўсе працоўныя калектывы Даманавіч, шмат дапамаглі  ў навя-дзенні  парадку  на заводзе і вакол яго валанцёры з горада. І вёска яшчэ больш папрыгажэла, расцвіла. Вынікам плённай работы па добраўпарадкаванні стала заслужаная перамога Даманавіцкага сельсавета ў раённым спаборніцтве ў 2007 і 2012 гадах, другое месца ў абласным спаборніцтве ў 2012 годзе і першае месца ў рэспублікан-скім у 2011 годзе з уручэннем сельскаму Савету трактара МТЗ-82 за высокую культуру земляробства.

У сваёй  дзейнасці Ларыса Станіславаўна стараецца скарыстоў-ваць багаты вопыт работы, які накоплены ў Даманавіцкім Савеце яе папярэднікамі. А павучыцца тут сапраўды ёсць у каго. Саветам кіравалі такія легендарныя асобы, як  Апанас  Мікалаевіч Дзенісовіч, Аляксандр Андрэевіч Скуранок.

Адразу пасля вайны сельвыканкам у Даманавічах узначаліў брат Надзеі Дзенісовіч Апанас, які толькі што  вярнуўся з фронту. Нялёгкі гэта быў час для ўсёй краіны. Многія   сем’і засталіся без кармільцаў, не было  жылля, жывёлы, ды што там гаварыць —  не было чаго есці, адзець і абуць. Сельскі Савет быў абавязаны дапамагчы людзям ва ўсіх гэтых пытаннях. І Апанас Дзенісовіч рабіў усё што толькі мог, каб дапамагчы атрымаць лес на будаўніцтва жылля, абуць — адзець хоць з большага дзяцей тых, хто аддаў свае жыцці на франтах, змагаючыся за незалежнасць Радзімы. У тыя першыя пасляваенныя гады было не да прыгажосці, людзі жылі ў зямлянках, паўразбураных хацінах. Першай і галоўнай задачай Савецкай улады было – забяспечыць людзей прадуктамі харчавання, жыллём і цяплом. А для гэтага трэба было араць, сеяць, расціць хлеб, бульбу, гародніну. Араць было нечым, таму ў плуг упрагаліся жанчыны,  запрагалі нешматлікіх кароў, насеннем дапамагала дзяржава, вымяталі ўсё, што можна было намесці па засеках.

Калі ў  канцы 1959 года былы намеснік начальніка разведкі 101-й Даманавіцкай партызанскай брыгады, кавалер ордэна Баявога Чырвонага Сцяга  Аляксандр Скуранок перадаў кіраўніцтва калгаса імя Кутузава  нядаўняму франтавіку, кавалеру ордэна Чырвонай Зоркі  і медалёў “За адвагу” і  “За абарону Запаляр’я” Міхаілу Паўлавічу Пракопаву, які нарадзіўся ў 1921 годзе ў Халодніках, а пасля вяртання з фронту працаваў інструктарам Даманавіцкага райкама партыі, дырэктарам раймаслапрома, старшынёй калгаса імя Кірава Даманавіцкага раёна, сітуацыя ў Даманавіцкім Савеце значна палепшылася. Людзі ў асноўным адбудаваліся, завялі ў сваіх падсобных гаспадарках жывёлу і птушку, ды і ў калектыўнай гаспадарцы  справы пайшлі ў гару, у чым, безумоўна, была немалая заслуга яе  кіраўніка Аляксандра Скуранка,  які  з 1960 года ўзначаліў  Даманавіцкі сельсавет.

Аляксандр Андрэевіч быў чалавекам  высока прынцыповым і патрабавальным, у першую чаргу да самога сябе. Ні адну справу ў сваім жыцці ён не выконваў дзеля “галачкі”.Цярпець не мог фармалістыкі і тых , хто абыякава адносіўся да даручанай ім  справы. Дзень пачынаў з вывучэння стану спраў на падведамаснай яму тэрыторыі. Рабіў гэта не дзеля  нейкага пратаколу, а каб рэальна валодаць інфармацыяй, хто і як   жыве, а пры неабходнасці падставіць сваё плячо, калі ўзнікала ў тым патрэба. Людзі за гэта паважалі свайго старшыню сельсавета, а кіраўніцтва раёна, вобласці ды і рэспублікі адзначала высокімі ўзнагародамі. Так да баявых узнагарод Аляксандра Скуранка прыбавіліся працоўныя – ордэн “Знак Пашаны”, медаль “За доблесную працу”, Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

Вось што, напрыклад, пісала аб рабоце гэтага кіраўніка і стылі работы Даманавіцкага сельсавета калінкавіцкая “раёнка”  ў 1968 годзе:

“Здаўна тут было заведзена: чалавек захварэе, ён спяшаецца ў райцэнтр, у паліклініку. <…>А ў большасці ж выпадкаў ім маглі дапамагчы мясцовыя медыкі, у фельчарска-акушэрскіх пунктах. Вось, менавіта, аб гэтым і вёў размову старшыня Даманавіцкага сельсавета Аляксандр Андрэевіч Скуранок з галоўным урачом Халодніцкай участковай бальніцы Яўгенам Яфімавічам Вапнік. Старшыня сельскага Савета параіў яму на працягу месяца адзін раз у тыдзень пабываць, як кансультант, у фельчарска-акушэрскім пункце. Такім чынам, на працягу месяца можна будзе наведаць усе медыцынскія кропкі, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. І мясцовым жыхарам будзе зручна, і ўрачы ў райцэнтры перастануць скардзіцца на перагрузку.

<…> Неўзабаве пачатая размова ў кабінеце старшыні сельсавета была прадоўжана на сесіі. Дэпутаты павялі вялікую размову аб паляпшэнні работы фельчарска-акушэрскіх пунктаў, медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Тут жа вырашалася пытанне, каб за кошт сродкаў калгасаў “Чырвоная Дуброва” і імя Кутузава пачаць будаўніцтва ў вёсках Кошчычы і Даманавічы памяшканняў для фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Сесія параіла сельскім медработнікам больш настойліва змагацца за культуру сяла. Жыхары Даманавіч многа чаго зрабілі ў гэтай справе. Чаму ж іх прыкладу не следуюць жыхары вёсак Бабровічы, Сельцы, Тарканы? Ініцыятыву тут павінны праявіць дэпутаты. Яны абавязаны быць у першых радах барацьбітоў за ўкараненне сапраўднай культуры ў вёсках.

Даманавіцкі сельскі Савет аб’ядноўвае 11 населеных пунктаў. І ў кожным механізатарамі, брыгадзірамі, у сферы абслугоў-вання працуе многа тых, хто ў гады вайны партызаніў у гэтых месцах. Сам Аляксандр Скуранок быў тады намеснікам камандзіра разведкі 101-й партызан-скай брыгады. І можа таму старшыня сельскага Савета асабліва патрабавальны да сваіх баявых аднапалчан.

Былы партызан Андрэй Савіцкі ўзначальвае сельпо. У апошні час ён аслабіў кіраўніцтва закусачнымі, сталовымі, пякарняй. У сельскі Савет часцей сталі прыходзіць скаргі на дрэнна выпечаны хлеб, на бескультур’е, якое пануе ў Даманавіцкай закусачнай. Загадчык пякарні Аляксандр Старавойтаў канчаткова страціў пачуццё адказнасці за даручаную справу.

<…> Работа сельпо, яго прадпрыемстваў стала прадметам сур’ёзнай размовы на пасяджэнні сельвыканкама. <…>Загадчык пякарні Старавойтаў быў папярэджаны, што калі на працягу тыдня не палепшыць работу, будзе звольнены з займаемай пасады. Сур’ёзна папярэдзілі і кіраўнікоў сельпо.

Глыбей сталі ўнікаць у жыццё і пастаянна дзейнічаючыя камісіі. Іх хвалююць жыццё і праца працаўнікоў сяла, вытворчыя справы калгасаў. Актыўна працуе сельскагаспадарчая камісія, якую ўзначальвае механік калгаса імя Кутузава  Рыгор Дзмітрыевіч Акулін. У камісію ўваходзяць аграном калгаса “Чырвоная Дуброва” Рыта Шуляк, заатэхнік калгаса імя Мічурына Фама Рубцоў, брыгадзіры гэтых гаспадарак Іван Лук’янаў, Адам Каблушка, Мікалай Сцепанееў.

У калгасе “Чырвоная Дуброва” яны выявілі, што насенная бульба псуецца. Забілі трывогу. Умяшаўся сельскі Савет. Усю прыйшлося перабраць. На чарговай сесіі рашылі праверыць насенную бульбу і ў іншых гаспадарках.

<…> Дзевяць гадоў запар старшынствуе ў сельсавеце Аляксандр Андрэевіч Скуранок. Да гэтага столькі ж гадоў ён узначальваў мясцовы калгас імя Кутузава…” (“За камунізм”, № 66, 4 чэрвеня 1968 г.).

Асабліва шмат увагі Аляксандр Андрэевіч удзяляў клопатам аб падрастаючым пакаленні, падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да пачатку новага навучальнага года, развіццю сельскай гаспадаркі.Так, за вялікую дапамогу, якая была аказана школам  у падрыхтоўцы да 1965/66 навучальнага года Міністэрства асветы Беларускай ССР узнагародзіла яго Ганаровай граматай, а за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы школ і іншых дзіцячых устаноў да 1970/71 года Ганаровай граматай яго адзначыў выканкам Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў.

Гомельскі абласны камітэт КПБ і абласны Савет дэпутатаў узнагародзіў Ганаровай граматай  у 1966 годзе старшыню Даманавіцкага сельсавета Аляксандра Скуранка  за дасягнутыя поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі.

Аляксандр Андрэевіч быў сапраўдным узорам і прыкладам кіраўніка, які  да апошніх хвілін свайго жыцця  аддаваў сябе  служэнню людзям і Айчыне.

…Жыццё такая рэч, якая ніколі не складаецца з аднолькавых адценняў. І хочам мы гэтага ці не,  заўсёды за светлай паласой абавязкова прыйдзе цёмная. Вось і ў гэты раз, вяртаючыся ў Даманавічы з традыцыйнай аператыўнай нарады  ў райвыканкаме, Ларыса Зайцава ў які ўжо раз прыпамінала гэтую аксіёму. Старшыня райвыканкама Іван Піліпец сёння падняў яе  і зрабіў суровую вымову пасля даклада начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалая Касцяшкіна аб  пажары на тэрыторыі яе Савета. Іван Іванавіч папракаў, што дрэнна ў сельвыканкаме арганізавана работа аглядальнай камісіі, першаступеннай задачай якой з’яўляецца менавіта  папярэджанне пажараў і гібелі людзей на іх. Крыўдна было ў той момант за гэты папрок, бо камісія працуе, усіх неблагана-дзейных, адзінокіх і састарэлых абыйшлі не раз і не два, угаворвалі, папярэджвалі, ды хіба ты ўпалюеш за кожным, адарвеш ад стакана. П’янства стала сапраўдным сацыяльным злом у вёсцы. А выпіў чалавек, закурыў у ложку,  заснуў і …палае дом.

“Хто вінаваты? Той, ад цыгарэты якога разгарэлася полымя? — думала пра сябе Зайцава па дарозе дамоў. —  Ды не! Правы ўсё-такі Піліпец. Нешта мы недапрацавалі, недаглядзелі, раз згарэла жытло, добра яшчэ, што людзі засталіся жывымі. Старэйшыя  расказваюць, што раней жылі намнога цяжэй, але ўзаемаадносіны паміж  суседзямі, аднавяскоўцамі былі значна лепшымі. Сёння кожны, нібы той смоўж, хаваецца ў сваю скарлупку, адгароджваецца ад іншых, не заўважае тых, хто жыве побач, іх праблем. А раней жа людзі дапамагалі адзін аднаму, разам былі, як кажуць, у горы і ў радасці, талакой усё рабілі. Чаму гэта традыцыя знікае, забываецца!?”

Думкі яе раптам перакінуліся на іншае. Яна прыпомніла вечарыну, якую на мінулым тыдні арганізавала ў сельскай  бібліятэцы Майя Енда-віцкая.  Дваццаць трэці год загадвае ў Даманавічах бібліятэкай гэтая няўрымслівая жанчына. І з цягам часу яе творчы патэнцыял не толькі не вычэрпваецца, а наадварот набірае моцы. У часы сваёй маладосці прыехала малады хімік з роднага Мазыра для праходжання практыкі на Даманавіцкі  гароднінасушыльны завод, там сустрэла будучага мужа, пераехала ў вёску, стала працаваць на заводзе. А калі вызвалілася месца бібліятэкара, пайшла  ў бібліятэку, завочна закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Майя Адамаўна не чакае пакуль людзі самі прыйдуць, яна з кнігамі   ідзе да іх. Свет у вокнах бібліятэкі гарыць дапазна: тут не толькі можна выбраць добрую кнігу, але і пачытаць перыёдыку, зрабіць кантрольную работу, напісаць рэферат, абмеркаваць прачытанае. Прыманіла да сябе Ендавіцкая і рука-дзельніц, арганізавала аматарскае аб’яднанне – плятуць з бісеру па-дзелкі. У бібліятэцы ёсць акварыум. Майя Адамаўна стварыла шмат тэматычных папак краязнаўчага напрамку: “Гісторыя Даманавіцкага сельскага Савета ў асобах”,  “Гісторыя калгаса імя Кутузава ў асобах”, “ Гісторыя вёскі Даманавічы” і г.д.

Ларыса Станіславаўна ўзяла з паліцы стэлажа ў бібліятэцы адну з папак  і пачала чытаць: “Побач з вёскай Лампекі працякала невялікая рачулка. Вясной, калі раставаў снег, яна ператваралася ў  магутны паток, які заліваў лугі. Мне дагэтуль памятаецца, як хлапчукамі мы басанож шлёпалі па вадзе, і пах лугавых кветак, які напаўняў паветра і дурманіў галаву.

У рэчцы было вельмі  шмат рыбы, асабліва шчупакоў і ўюноў. Мужчыны  лавілі яе баўтушкай, якую плялі з лазы ў выглядзе трохкутніка. Баўтушку цягалі ўдваіх. Гэта быў даволі эфектыўны спосаб рыбнай лоўлі.

Аднойчы, ідучы з карзінай за травой для парасят, я зачэрпнуў ваду ля берага,  у карзіне апынуўся даволі салідны ўюн. Уюны былі падобны на змей, забаўна папісквалі, у крапіве маглі захоўвацца жывымі даволі працяглы час.

Дзесьці ў 1967 годзе ў вёсцы з’явіліся трактары, якія пачалі карчаваць зараслі алешніка, які рос за вёскай паўз раку. Саму рачулку па ўсёй даўжыні экскаватар пачысціў і з таго часу не стала там ні кветак, ні ўюноў.

У калгасе былі коні і валы. Асабліва запомніліся паездкі на валах, якіх запрагалі ў ярмо. Валы рухаліся вельмі марудна.

У вёсцы жылі без электрычнасці. Толькі ў  1963 годзе пачалі ўстанаўліваць драўляныя слупы па вясковых вуліцах, па якіх працягнулі электрычныя правады. Я назаўжды запомніў, як наша мама ўсё баялася, а раптам загарыцца хата. Але мы яе ўпрасілі і электрыкі завялі  ў дом правады. У першы раз уключылі лямпачку і… мы запляскалі ў далоні ад радасці.

Засталося ў памяці і тое, што старыя дзяды хадзілі на пакос у лапцях, а бабулі насілі андаракі, якія ткалі на кроснах з суровых нітак. Як правіла, андарак быў узорам у вялікую клетку  чырвонага колеру. На кроснах ткалі дываны, пакрывалы і іншыя неабходныя рэчы. У нашым доме таксама стаялі кросны, і я сам спрабаваў управіцца з  чаўнаком.

Выхоўваліся мы вуліцай і працай. Ужо з гадоў 10-12 мне давялося працаваць у калгасе: зарабляў працадні для маці. Брыгадзір адзначаў выхады крыжыкам. За кожны працадзень затым давалі збожжа. Палолі калгасныя палі, а калі на іх з’явіліся каларадскія жукі (дзесьці ў 1967 годзе), збіралі іх і паказвалі брыгадзіру. Гадоў у 12-13 ужо  падворвалі сошкай бульбу.

Безумоўна, адсутнасць выхавання  вельмі моцна адбілася на маім   далейшым  жыцці. Але ў тыя цяжкія гады маім бацькам проста не было калі займацца нашым выхаваннем. У мамы ледзь хапіла сіл, каб нас семярых падняць,  паставіць на ногі. Аддаўшы сябе ўсю, у 1992 годзе яна ва ўзросце 66 год ціха адыйшла ў  іншы свет. Усю вайну яна хавалася ад немцаў па лясах, жыла ў холадзе і   голадзе. Бацька таксама пражыў 66 гадоў. Усю вайну гібеў у нямецкім палоне. Памёр у 1984 годзе.

Пры першай магчымасці  стараюся наведаць могілкі, на якіх пахаваны бацькі. Доўга стаю нізка схіліўшы галаву, аддаючы даніну памяці маці і бацьку, якія перанеслі ў гады вайны нечалавечыя пакуты.  Мой бацька Рэберт Мікалай Пятровіч нарадзіўся ў вёсцы Убалаць. Напярэдадні вайны праходзіў вайсковую службу ў Латвіі, пад Рыгай. Ноччу салдаты моцна спалі. Раптам пачуліся стрэлы, крыкі. Паспеў адзецца і выскачыць з палаткі, а тут немец. У руках аўтамат і палец на спускавым курку. Іх часць акружылі, раззброілі і ўзялі ў палон. Затым пагрузілі ў таварняк і павезлі ў Германію. Палонных ніхто за людзей не лічыў. Да іх адносіліся як да недачалавекаў. Працавалі з цямна да цямна. Вечарам  ім кідалі кавалак хлеба, калі-нікалі давалі баланду з луской рыбы. З палону дамоў бацька вярнуўся  з надломленай псіхікай.

Мама ўсю вайну была бежанкай. Калі бяру ў рукі яе пасляваеннае фота, бачу ў маміных вачах  навечна захаваўшыйся адбітак душэўнага болю па згубленай маладосці. Пасля вайны сустрэла майго бацьку, пажаніліся. Сталі жыць ў доме бацькоў мамы ў Лампеках. Гаспадара дома, майго дзеда Аляксандра, перад вайной рэпрэсіравалі – далі 10 гадоў Архангельскіх лагероў. Абодва – голь перакатная. Па крупінках аднаўлялі гаспадарку. Бацька падаўся на гароднінасушыльны завод, маці — у калгас даяркай. Радзілі семярых дзяцей. Цяжка было, нават, уявіць немагчыма. Але ж наперакор цяжкасцям жылі і, нават, радаваліся. Дарэчы, жыхары Лампек стараліся і ўмелі весяліцца і радавацца кожнай светлай хвіліне: з размахам гулялі вяселлі, провады ў армію, нараджэнні і хрысціны,  іншыя важныя  падзеі ў сваім жыцці.

На вяселле запрошаныя неслі гарэлку, пірагі, кісель з груш, аладкі ў смятане, іншыя прысмакі. Памятаю, ідзе бабулька, ад старасці да зямлі ўжо гнецца, а ў каробцы нясе нешта на вяселле. Каробкі гэтыя выраблялі з фанеры і насілі на рамні цераз плячо. Розныя былі каробкі: пад бульбу, па грыбы, і, зразумела ж, для святаў.

Вечарамі  ў вёсцы ўстрайвалі танцы, весяліліся. Ужо перад самай службай у арміі я сам зарабіў грошы і купіў гармошку “Беларусь”. Вельмі сябравалі па-суседску. Я не памятаю, каб бацькі калі закрывалі дом на замок.

Па вёсцы ў тыя часы хадзілі старцы. Як правіла, сляпы мужчына з гармонікам і жанчына  — павадыр.  Цераз плячо сляпога вісела кайстра, у якую сабіралі прадукты. Прыбліжэнне старцоў было чуваць здалёк па жалобнаму плачу гармоніка. Жабрак іграў падыйшоўшы да чарговай хаты, а мы звычайна выносілі некалькі курыных яек. Лічылася грахом не даць старцам кавалка хлеба. Хаця і ў саміх  у засеках было  амаль пуста.

У такі час мы жылі. Нізкі паклон нашым бацькам, дзядам і прадзедам за іх вынослівасць і мужнасць. А наш абавязак памятаць аб гэтым, каб не згубіць той кавалачак гісторыі, дзякуючы якому мы сёння жывем”.

-Хто гэта напісаў? — запытала Зайцава  ў  Ендавіцкай.

— Выпускнік Даманавіцкай школы Рэберт Аляксандр Мікалаевіч, які нарадзіўся ў Лампеках у 1955 годзе. Зараз жыве ў Магілёве. Хаця па прафесіі з’яўляецца цеплатэхнікам, шмат сіл і часу паклаў на вывучэнне гісторыі сваёй  малой радзімы, — патлумачыла Майя  Адамаўна і дадала  — Вы прачытайце вось гэта.

Ларыса Станіславаўна ўзяла  пададзены лісток і прачытала: “Родная старонка прыцягвае, як магніт. Гэта пачуццё растлумачыць немагчыма. Шмат гадоў пражыў у Сургуце Цюменскай вобласці. Там нарадзіліся і выраслі мае дзеці. Але пачуццё любові і настальгіі да малой радзімы не пакідала ніколі. Хіба ж можна забыць тыя сцежкі-дарожкі, па якіх хадзіў у дзяцінстве па расе! Хіба можна забыць тое пачуццё павагі да акрайца хлеба, якое прывілі табе  бацькі з дзяцінства. Прыпамінаецца адзін выпадак з мінулага. Ішоў у школу з  акрайцам  хлеба, намазаным  зверху звычайным свіным тлушчам (масла было тады раскошай),  ды пасыпаным соллю. Нас, вясковых хлапчукоў з дзяўчаткамі, абагнаў трактар, які цягнуў за сабой валакушу – драўляныя сані вялікага памеру, якімі з палёў звозілі стагі саломы на калгасны падворак.Ну як тут дзетвары не пракатацца задарма. Зразумела, што ўсе на хаду пачалі заскокваць на  папутку. Аднак, мне не пашчасціла: жэрдкі пада мною раз’ехаліся, і я на поўным хаду праваліўся пад сані. Мяне працягнула пад валакушай і некалькі разоў перавярнула. На шчасце – застаўся жывым, росту быў невялікага. Толькі расплакаўся я не ад перапуду, што  мог загінуць, а ад таго, што акраец хлеба згубіў”.

– Гэта ўсё той жа Аляксандр Рэберт, — патлумачыла Ендавіцкая.- Чалавек шчыра любіць сваю Бацькаўшчыну і клапоціцца пра захаванне яе мінуўшчыны.

Ларыса Зайцава тады падумала пра сябе: “Гэта правільна. І зараз асабліва актуальна. Ідзе юбілейны год 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў  у гады Вялікай Айчыннай вайны. Набліжаецца 70-годдзе Вялікай Перамогі. І мы абавязаны ўспомніць усіх нашых герояў пайменна”.

Ужо па дарозе дамоў яна прыпомніла, што муж гаварыў і аб набліжэнні 25-годдзя з дня вываду Абмежаванага кантынгента савецкіх войск з Афганістана.”Хапіла ліха нашым хлопцам у гэтай  неўтаймаванай краіне — думала яна, успамінаючы расказы мужа пра сваю баявую маладосць. — Там у Афганістане яны не пасаромілі баявых подзвігаў сваіх бацькоў і дзядоў.

На жаль, час хуткацечны. Сёння ў сельсавеце ўжо амаль не засталося ў жывых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Але ёсць Анучкін Анатоль Васільевіч, ураджэнец в. Давыдавічы, 1967 г. н., старшыня Даманавіцкага сельсавета з 1998 па 2000 год, Башак Міхаіл Пятровіч, ураджэнец в. Давыдавічы, 1961 г.н., яе муж Зайцаў Аляксандр Мікалаевіч, ураджэнец в. Авангард, 1969 г.н. Усе трое вярнуліся з афганскай вайны з раненнямі. Муж — з баявымі узнагародамі – медалямі “За баявыя заслугі” і “За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы СССР”. На той вайне пабылі і ўраджэнец в. Давыдавічы Прыходзька Ігар Міхайлавіч, які зараз працуе галоўным ветурачом на Брэстчыне, Лабанок Мікалай Мікалаевіч з Халоднік, Лаўда Алег Міхайлавіч з Дзенісовіч, Тозік Уладзімір Мацвеевіч з  Казанска, Мятлушка Сяргей Васільевіч, Бычкоўскі Мікалай Мікалаевіч. Вось яны і прадоўжаць работу па патрыятычнаму выхаванню моладзі, якую дагэтуль вялі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны”.

“2014 год будзе насычаны важнымі грамадска-палітычнымі падзеямі ў жыцці Беларусі і нашага раёна, — прыпомніла Ларыса Зайцава словы старшыні раённага Савета дэпутатаў Валерыя Ціханоўскага на нядаўняй нарадзе — Да юбілеяў вызвалення прыбаўляецца 90-гадовы юбілей з дня ўтварэння Калінкавіцкага раёна, а таксама выбары ў мясцовыя Саветы”.

Яна тады раптам адзначыла для сябе: “А ўжо ж мінула чатырнаццаць гадоў з таго часу, як яна кіруе Даманавіцкім Саветам. Колькі  ж змяненняў за гэты час адбылося  ў жыцці Савета і ў яе ўласным. Завочна закончыла Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Дачка Каця атрымала  спецыяльную адукацыю і ўжо працавала бухгалтарам у Гомелі, пакуль не пайшла ў дэкрэт. У іх цяпер ёсць унучка. Сын Дзмітрый закончыў Гомельскі ліцэй, працуе электрыкам  на Даманавіцкім заводзе. Муж — на ранейшым месцы,  у лясніцтве. У Даманавічах завяршаецца будаўніцтва новай царквы, якая ўжо ўпрыгожыла цэнтр вёскі. Працягваецца будаўніцтва жылля. Напрыклад, у 2013 годзе КПС “Даманавічы” ўзвяло пяць новых дамоў для працаўнікоў прадпрыемства. Адным словам, жыццё ідзе сваім парадкам. Адно засмучае, імкліва старэе вёска, скарачаецца колькасць яе жыхароў. Калі ў  час апошняга перапісу насельніцтва, у 2009 годзе, у Даманавічах у 257 дварах пражывала  724  жыхары, то на 1 студзеня 2014 года  ў  тых жа   257 дварах ужо  толькі 717”.

Любоў Кавалькова

Усё жыццё Любові  Кавальковай звязана з Давыдавічамі, у якіх  яна нарадзілася і жыла, і Даманавічамі, у якіх вучылася і працавала. Сорак пяць гадоў свайго жыцця аддала яна сельскай гаспадарцы, сорак тры з іх – калгасу і КСУП “Імя Кутузава”. Пачынала радавым паляводам у 1968 годзе, хаця да гэтага, як і многія яе аднагодкі, яшчэ будучы вучаніцай Даманавіцкай школы, дапамагала свайму калгасу і на палявых работах, і на зернетаку, працуючы нараўне з дарослымі.

Пасля заканчэння Чырвонабярэжскага тэхнікума ў  сакавіку 1970 года малады аграном вярнулася ў родную вёску і ўзначаліла паляводчую брыгаду №3 у Давыдавічах. Гэта сёння ў гаспадарках агульная колькасць работнікаў не перавышае 150-200 чалавек,  а  ў брыгадзе Кавальковай у той час працавала 420 паляводаў. Канешне, не параўнаць былое і сённяшняе тэхнічнае ўзбраенне гаспадарак. Бульбу, напрыклад,  у тыя гады ў калгасе садзілі звычайным канём пад плуг, а ўбіралі яе з поля кашамі. На ўвесь калгас  было тры “трусілкі”, так калгаснікі называлі тады КТН – бульба-ўборачны агрэгат.

“Кіраўніком гаспадаркі з 1960 па красавік 1970 года, — успамінае Любоў Пятроўна , — быў франтавік, вопытнейшы гаспадарнік, мілейшы і дабрэйшы чалавек Пракопаў Міхаіл Паўлавіч. Ён стаў для мяне  першым настаўнікам, які вучыў практычным азам кіравання і арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. Рабіў гэта далікатна, лагодна, па-бацькоўску, без малейшага уціску, хамства і грубасці, якая, на жаль,была  прысутна многім малаадукаваным кіраўнікам таго часу. Бывала, зойдзе на золаку па дарозе на ферму да  мяне ў хату і пытаецца:

– А ты яшчэ, Любачка, не на працы? Не ў полі? А той жа, хто рана ўстае, таму Бог дае! – Скажа так, засмяецца, і пойдзе з хаты. А мне сорамна – сорамна. Добры быў чалавек, шкада, што адмерана яму было вельмі мала жыцця.

Пры Пракопаве  ў нашым калгасе паявіліся першыя працоўныя ардэнаносцы. У 1966 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР  камбайнер гаспадаркі  Прыходзька Фёдар Кузьміч за працоўныя дасягненні быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. Сам Міхаіл Пракопаў быў узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”. А ў  1971 годзе ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга атрымаў трактарыст Мельнікаў Пётр Данілавіч”.

Увогуле 1971 год быў багатым для даманаўцаў на ўрадавыя ўзнагароды. Тады ордэнам “Знак Пашаны” быў узнагароджаны старшыня Даманавіцкага сельсавета Скуранок Аляксандр Андрэевіч. Медалі “За працоўную адзнаку”  атрымалі цялятніца калгаса Кавалькова Ганна Пятроўна і  рабочая Даманавіцкага лясгаса Калініч Варвара Піліпаўна. Такім жа медалём у 1973 годзе была ўзнагароджана і даярка калгаса  Юшкавец Ганна Апанасаўна.

Вось, напрыклад,  што пісала аб буднях і клопатах кутузаўцаў у тыя гады раённая газета: “Два  дні назад пабывалі на сенажацях калгаса імя Кутузава. Тут працавалі сотні людзей, зграбалі і стагавалі сена.

– Яшчэ два-тры дні і работы будуць закончаны, — запэўніваў нас аграном калгаса  Алег Ком.

І ён меў рацыю. У гэтым мы самі пераканаліся. Толькі ў адной трэцяй брыгадзе, якую ўзначальвае руплівы гаспадар Аляксандр Гардзіенка, працавала сто чалавек. На сціртаванні асабліва стараецца пенсіянер Яфім Ціханавіч Шамбановіч. Гэты стары не мог сядзець дома ў такія гарачыя дні. А лепш яго наўрад ці хто здолее справіцца з такой работай. Не адставалі ад Яфіма Ціханавіча і Васіль Мацвеевіч Краўцоў, Рыгор Фёдаравіч Бабок.

Нельга не сказаць і аб сумленнай працы трактарыстаў Мікалая Сцепанеева, Івана Захаранкі, якія штодзённа ўдзельнічалі на сенакашэнні. Імкнуліся не адставаць і трактарысты Мікалай Кулёнак, Рыгор Карпенка.

Разам з сенакашэннем ні на адзін дзень на калгасным двары механізатары не спынялі рамонт уборачнай тэхнікі. Нядаўна тут вырасла новая тыпавая майстэрня. Мы сустрэліся з механікам Рыгорам Акуліным, загадчыкам майстэрань Уладзімірам Шаўцовым, якія расказалі, як ішоў рамонт камбайнаў.

Усе чатыры камбайны (адзін  з іх новы) хоць сёння гатовы да выхаду ў поле. Да іх падабраны ва-дзіцелі і памочнікі. Дзмітрый Кавалькоў, Цярэнцій Яфімовіч, Васіль Кавалькоў, Мікалай Сцепанееў са сваімі памочнікамі ведаюць ужо, дзе спярша трэба распачынаць жніво” (“За камунізм”, № 83, 13 ліпеня 1968 г.).

Пасля смерці Пракопава калгас  імя Кутузава  ўзначаліў ураджэнец Магілёў-шчыны Марчанка Аляксандр Фаміч. Ён прыйшоў з саўгаса “Беразнянскі”, дзе дагэтуль працаваў галоўным ветурачом. На пачатку малады кіраўнік нядрэнна ўзяўся за справу, пачаў укараняць новыя тэхналогіі: закладваць сянажныя ямы, закупляць маладняк сементальскай пароды, стварыў чырвоныя куткі на фермах у Ані-савічах, Давыдавічах і Лампеках, завяршыў будаўніцтва двухкватэрных жылых дамоў. Аднак, затым чамусьці справы не зала-дзіліся, і ў  пачатку 1974 года яго вызвалілі ад займаемай пасады.

У  Кавальковай  у гэты час усё складвалася найлепшым чынам. Праз год брыгадзірства яе назначаюць галоўным аграномам гаспадаркі. Яшчэ праз год яна выходзіць замуж за свайго аднакласніка Гарбатоўскага Аляксандра Міхайла-віча, які сорак гадоў адпрацаваў у гаспадарцы камбайнерам, меха-нізатарам і вадзіцелем. А у 1975 годзе ў іх сям’і паявіўся першынец Валера, які з маленства стаў сапраўдным памочнікам бацьку на камбайне  ў час уборкі хлеба.

Любоў Кавалькова

У лютым 1974 года старшынёй праўлення калгаса імя Кутузава  выбралі Шпака Адама Ціханавіча, які нарадзіўся ў 1946 годзе у вёсцы Любань Акцябрскага раёна. Працоўную дзейнасць ён пачаў на радзіме ўчотчыкам паляводчай брыгады, чатыры гады працаваў брыгадзірам комплекснай брыгады, упраўляючым аддзялення  саўгаса “Заазер’е” Акцябрскага раёна. Завочна закончыў Беларускую сельгасакадэмію па спецыяльнасці “Агранамія”, адслужыў тэрміновую службу ў арміі і прыбыў на работу ў Калінкавіцкі раён.

“Адам Ціханавіч, — успамінае Любоў Кавалькова, — быў чалавекам вялікай душэўнай шчодрасці, адкрытасці  і даступнасці. Ён заўсёды ўмеў сумясціць патрабавальнасць да падначаленых з клопатам аб іх. Быў сапраўдным паслядоўнікам наватарства ў сельгасвытворчасці, вучыўся лепшаму ў іншых і патрабаваў вучыцца гэтаму сваіх спецыялістаў.  Шпак вельмі шмат намаганняў   прыклаў для ўмацавання матэрыяльна-тэх-нічнай базы калгаса, павышэння яго эканомікі і жыццёвага ўзроўню працаўнікоў гаспадаркі. Шмат часу патраціў на павышэнне ўраджайнасці сельгаскультур і ўздыму прадуктыўнасці грамадскай жывёлы. Адам Ціханавіч быў сапраўдным гаспадаром”.

Любоў Пятроўна нахвальвае свайго былога кіраўніка і сціпла ўмоўчвае асабістыя заслугі ў дасягненнях  калгаса імя Кутузава, які  ў тыя гады становіцца адным з лідараў сельгасвытворчасці ў Калінкавіцкім раёне. Перамогі і атрыманне Пераходных Чырвоных сцягоў кутузаўцамі ў рэспубліканскіх, абласных і раённых  спаборніцтвах сталі звычайнай з’явай пры Шпаку і яго намесніку, сакратары калгаснай партарганізацыі Кавальковай, якім яна стала ў верасні 1976 года. У гаспадарцы актыўна вялося будаўніцтва, набывалася тэхніка, пастаянна раслі ўраджаі, надоі і прывагі. Слава кутузаўцаў грымела на ўсю акругу.

“Гады працы  пад кіраўніцтвам Адама Ціханавіча былі лепшымі гадамі ў маёй працоўнай біяграфіі, — гаворыць Любоў Пятроўна. —  Працаваць з гэтым чалавекам было адным задавальненнем. Ён проста вылучаў энергію,  праменіўся ідэямі і жаданнем тварыць. І зараджаў гэтай энергіяй і сваімі ідэямі ўсіх, хто яго акружаў”.

У пачатку 1983 года  Адама Шпака забралі кіраваць будаўніцтвам новага саўгаса ў Калінкавіцкім  раёне, які атрымаў назву “Радзіма”. Адам Ціханавіч запрашаў паехаць у новую гаспадарку і свайго на-дзейнага намесніка Любоў Кавалькову. Не згадзілася  зрывацца з родных мясцін. Потым не раз шкадавала.

Кіраваць калгасам імя Кутузава  раён накіраваў ураджэнца в. Мнагаверш (цяпер Міроненкі) Калінка-віцкага раёна Пырко Мікалая Іванавіча, які, як і Кавалькова, закончыў Чырвонабярэжскі сельгастэхнікум, а затым — сельгасакадэмію па спецыяльнасці “Агранамія”.

Мікалай Іванавіч да прыезду ў Даманавічы  паспеў ужо папрацаваць начальнікам участка  і намеснікам дырэктара ў эксбазе “Ліпава”. Так што ў сельскагаспадарчых справах быў далёка не навічком. У першыя гады пад яго кіраўніцтвам  справы ў кутузаўцаў складваліся вельмі няблага. У 1986 годзе група калгаснікаў  удастоілася высокіх урадавых узнагарод. Так, даярка Казачэнка Наталля Рыгораўна была ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, трактарыст Грышан Васіль Фёдаравіч – ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені, вадзіцель Тупік Аляксандр Яфімавіч – медалём “За працоўную адзнаку”.

Васьмідзесятыя гады ўвогуле былі  гадамі  росквіту і небывалага ўздыму ў сельскай гаспадарцы Савецкага Саюза і Беларусі ў прыватнасці. Нездарма дасягнутыя паказчыкі вытворчасці сельгаспрадукцыі 1990 года прыняты за эталон, да якога патрэбна імкнуцца. Праўда, у кутузаўцаў  дзевяностыя  былі, бадай, аднымі з горшых у гісторыі калектыўнай гаспадаркі. І хаця гэтыя гады былі няпростымі і для ўсіх іншых калгасаў-саўгасаў таго часу, у 1997 годзе начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Віктар Піліпец, які ведаў сітуацыю ў Даманавічах як ніхто лепш, вымушаны быў паставіць пытанне аб назначэнні  новага кіраўніка ў  калгас імя Кутузава.

Піліпец прапанаваў узяць старшынства Любові Кавальковай. Яна адмовілася. Тады ўпраўленне сельскай гаспадаркі райвыканкама назначыла сваім загадам яе выконваючай абавязкі  кіраўніка калгаса. У хуткім  часе агульны сход калгаснікаў пацвердзіў правільнасць гэтага рашэння ўпраўлення.

-Як удалося тады падняцца на ногі, сёння нават успомніць страшна,- гаворыць Любоў Пятроўна. — Моцна тады нам дапамог наш зямляк  Віктар Піліпец, які стаў старшынёй Калінкавіцкага райвыканкама. Амаль цераз дзень ён бываў у нашай гаспадарцы, дапамагаў добрым словам, парадай, разам праводзілі планёркі, нарады. У 1999 годзе мы ўсталі на ногі: запрасавалі ўсю салому, нарыхтавалі сена, кармы. Надоі на ўмоўную галаву паднялі з 1814 літраў да 2124 кілаграмаў, ураджайнасць збожжавых паднялі з 12 да 17 цэнтнераў з гектара, сярэднясутачныя прывагі —  з 262 да 311 грамаў.

Мэтанакіраваная работа прынесла свой вынік. Ужо ў 2002 го-дзе калгас імя Кутузава па надою на  карову пераўзышоў свой вынік 1990 года:  ён падняўся з 2579 літраў да 2611. Ураджайнасць збожжавых таксама ўзнялася з 22,5 цэнтнера з гектара да 26,7. Па выніках 2003 года калгас імя Кутузава стаў пераможцай спаборніцтва сярод гаспадарак раёна. З гэтага года Пераходныя сцягі і Дыпломы з грашовымі прэміямі зноў вярнуліся ў гаспадарку  даманавіцкіх  аграрыяў. А  кіраўнік гаспадаркі Любоў Кавалькова  Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь была ўзнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”.

Да 2011 года яна знаходзілася на чале  КСУП “Імя Кутузава”, пакуль не выйшла на заслужаны адпачынак. Аднак нядоўга бавілася на пенсіі. Зараз працуе намес-нікам дырэктара ААТ “Радзіма”, куды яе калісьці клікаў Шпак і  якое  зараз узначальвае яе сын Валерый Гарбатоўскі.

А  гаспадарку ў Даманавічах  тым часам узначаліў Уладзімір Яўгенавіч Казачэнка, які  нарадзіўся і вырас на даманавіцкай зямлі,  працаваў  галоўным аграномам  у КСУП “Імя Кутузава”. Праўда, нядоўга  давялося яму самастойна гаспадарыць у Даманавічах, кіраўніцтва раёна перакінула яго  кіраваць у Ліпава, а КСУП “Імя Кутузава”  ўзначаліла  Алена Міхайлаўна Пшанічная, ураджэнка Тарканоў, якая дагэтуль працавала галоўным аграномам у КПС “Даманавічы”.

Калектыў КСУП “Імя Кутузава”, нягледзячы на складанасці надвор’я, нядрэнна спрацаваў у 2013 годзе. Валавая вытворчасць малака саставіла 2796 тон пры надоі 3317 кілаграмаў на адну карову, валавая вытворчасць мяса — 253 тоны пры сярэднясутачных прывагах  у  672 грамы. Беднаватай, праўда, была ўраджайнасць, усяго 18,7 цэнтнера з гектара (ды што рабіць — такі год), але “вал” саставіў 2483 тоны збожжа пасля дапрацоўкі. Адным словам, кутузаўцы ў чарговы раз прадэманстравалі, што яны здольны дасягаць нядрэнных вынікаў у  сельгасвытворчасці і рэзерваў у  іх яшчэ досыць.

Новы дзень

Яшчэ  ў прыцемках з Калінкавіч на  Даманавічы бярэ курс аўтобус, у якім спяшаюцца на працу работнікі Даманавіцкага завода.

У пачатку пяцідзесятых гадоў разам са сваімі баявымі сябрамі будаваў яго, як прадпрыемства Міністэрства абароны, салдат тэрміновай службы, ураджэнец Украіны, бацька сённяшняга старшыні Калінкавіцкага  райвыканкама Івана Піліпца Іван Іосіфавіч. Тут ён сустрэў і пакахаў давыдавіцкую дзяўчыну з роду Тупікаў, завёў сям’ю, пабудаваў дом у Давыдавічах, нарадзіў пецярых дзяцей: чатырох сыноў і дачку Валянціну, якая зараз загадвае магазінам  у Даманавічах; тут, на даманавіцкіх могілках, разам з жонкай  Праскоўяй Сцяпанаўнай  і ўпакоіўся з мірам.

А гароднінасушыльны завод  у 1955 годзе выпусціў першыя 100 тон сваёй прадукцыі, якая была прызначана для маракоў Паўночнага флоту. Гэта была сушаная бульба. Затым завод асвоіў выпуск  сушанай морквы, буракоў, цыбулі. У 1970 годзе тут наладзілі выпуск кансерваванай гародніны і садавіны. У залежнасці ад перыяду года  на прадпрыемстве працавала  ад 100 да 120 чалавек. За высокія вытворчыя дасягненні калектыў завода неаднаразова ўзнагароджваўся  Пераходнымі Чырвонымі сцягамі. Работніца  завода  Люд-міла Рыгораўна Бабок была ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, а Ульяна Аляксандраўна  Міронава – медалём “За працоўную доблесць”. У ліку перадавікоў прадпрыемства былі А.К.Манько, Ф.І.Чорны, І.С.Нікіцін, І.А.Мятлушка, М.Н.Шанько, І.І.Маскалевіч, многія іншыя.

У розныя гады заводам кіравалі Г.І.Салаўёў, І.П.Цітавец, Н.І.Канцавы, Ф.К.Ламаш, Т.Н.Дворын, Д.М.Круглякоў, Е.І.Нагорны, А.К.Есьман, Ю.Н.Аліеў, М.Я.Ком,  Э.С. Башак, А.І.Дулуб, В.М.Сцепановіч.

Пасля  мадэрнізацыі, у 2009 годзе, Даманавіцкі гароднінасушыльны завод  стаў структурным падраздзяленнем  КУП  “Камбінат ”Усход” Гомельскага раёна. Гэта сельгаспрадпрыемства спецыялізуецца на вырошчванні агародніны і садавіны, якая стала добрай крыніцай сыравіны для перапрацоўкі на Даманавіцкім заводзе. Акрамя вытворчасці далікатэсных кансерваў, на заводзе вырошчваюць грыбы шыітаке і вешанку. Дарэчы, распачынаючы  мадэрнізацыю, прадпрыемства і планавалася перапрафі-ліраваць на  вырошчванне грыбоў магутна-сцю 74 тоны ў год. У выніку Даманавіцкі завод стаў адзіным прамысловым прадпрыемствам у Беларусі па вырошчванні грыбоў.

У 2013 годзе, як паведаміў нам кіраўнік гэтага падраздзялення  Віктар Лаеўскі, завод   вырасціў на сваіх  “градках” 74, 9  тон грыбоў: 57,7 тоны шыітаке і 17,2 тоны вешанкі. Акрамя гэтага  выпусціў 725 туб  кансерваванай прадукцыі, якая ўжо за непрацяглы час здолела заваяваць шэраг высокіх узнагарод на прэстыжных конкурсах і выставах.

…У той час , як аўтобус з завадчанамі, а сёння на прадпрыемстве працуе 105 чалавек, большасць з якіх калін-кавічане і жыхары Бабровіч, накіроўваецца з Калінкавіч у Даманавічы, з Даманавіч  бярэ курс у бок Тарканоў аўтобус, поўны  рабочых, якія дабіраюцца на свінакомлекс, што размясціўся паміж Даманавічамі   і Тарканамі.  Даманавіцкі комплекс па вытворчасці свініны ўступіў у строй у 1990 годзе. Першым яго будаўніком і дырэктарам быў Тупік Павел Цярэнцьевіч, ураджэнец вёскі Казанск Калінкавіцкага раёна, які ўжо дагэтуль папрацаваў кіраўніком эксбазы “Ліпава” ў родным раёне, галоўным спецыялістам у гаспадарках за межамі раёна. Цяжка давалася будаўніцтва. Яшчэ цяжэй прыйшлося выходзіць на планавую вытворчасць. Комплекс быў разлічаны на 12 тысяч галоў.

У дзевяностыя планавая эканоміка  ўжо трашчала па ўсіх швах. Комплексу не хапала звычайных кармоў, камбікорму. Пагалоўе скарачалася. Сітуацыя складвалася катастрафічная. І хто ведае, што сталася б з прадпрыемствам, каб  не цвёрдая воля і  наватарскае  мысленне  тадышняга кіраўніка Калінкавіцкага камбіната хлебапрадуктаў, кандыдата эканамічных навук Івана Мікалае-віча Новака. Гэта ён прапанаваў раённаму і абласному кіраўніцтву далучыць  Даманавіцкі свінакомплекс да Калінкавіцкага КХП і стварыць адзіны ланцуг вытворчасці, перапрацоўкі і  рэалізацыі гатовага прадукта. І не толькі прапанаваў, а і  давёў задуманае да лагічнага завяршэння. Іван Новак запрасіў  з Лельчыцкага раёна  і свайго земляка Мікалая Іванавіча Хваціка на месца памерлага  кіраўніка КПС “Даманавічы”. Літаральна праз два-тры гады Хвацік вывеў свінакомплекс на планавую вытворчасць, а затым і перавысіў яе.

У 2013 годзе, напрыклад, да пачатку мерапрыемстваў па барацьбе з афрыканскай чумой, у памяшканнях  КПС “Даманавічы” гадавалася ўжо 18491 свіння.

…Пакуль аўтобусы вязуць  рабочых  і спецыялістаў на свінакомплекс і завод, школьны аўтобус збірае на заняткі ў Даманавіцкую сярэднюю школу вучняў з Казловіч, Кошчыч і Халоднік. Цемра  па-ціху раствараецца ў першых промнях дзённага святла. Для вёскі Даманавічы  і яе насельнікаў  пачынаецца новы працоўны дзень. Жыццё працягваецца.

Іван Гарыст.

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.