Калінкавіцкія артысты здзівяць на “Клічы Палесся”

снимок 101

У суботу, 22 верасня, у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна ў пяты раз пройдзе Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». Яркую і незабыўную праграму плануюць прадставіць творчыя калектывы 11 раёнаў з Гомельскай і Брэсцкай абласцей, у тым ліку і артысты з нашага раёна.

Ужо на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця госці фестывалю змогуць пазнаёміцца з прадстаўнікамі народнага тэатру народнага гумару «Вясёлыя аўцюкоўцы», якія не раз станавіліся лаўрэатамі многіх рэспубліканскіх конкурсаў. Аматарам народнага гумару, жартаў і мастацкага пераўвасаблення – Каласку і Калінцы выпала ганаровая місія – быць вядучымі дадзенай імпрэзы. У гэты ж час на галоўнай сцэне пацешаць гледачоў сваімі галасамі артысты вакальнага ансамбля «Альва».

Прэзентуюць сябе на выставе «Палескія брэнды» пяць нашых экспазіцый, сярод якіх будуць прадстаўлены брэнды Рэспубліканскага фестывалю народнага гумару «Аўцюкі» і Юравіцкага Свята-Багародзічнага мужчынскага манастыра. Асаблівая ўвага на выставе будзе нададзена старажытнаму народнаму абраду «Перанос свячы», арыгінальную сувенірную прадукцыю падрыхтаваў малочны камбінат і мясакамбінат. Прымуць удзел у фестывалі кнігі і прэсы супрацоўнікі рэдакцыі раённай газеты.

Абяцае быць цікавай і праграма фальклорнага калектыву «Бярозаўскія пералівы» пад кіраўніцтвам Паліны Лапацік з вёскі Бярозаўка, якая разгорнецца на тэматычным свяце «Сярод вёскі карагод» і прынясе з сабой песні, якія папулярызуюць народную творчасць.

Пагуляюць на дзіцячай пляцоўцы з юнымі гасцямі «Кліча Палесся» і правядуць для іх конкурсы і пацехі навучэнцы Дудзіцкага цэнтра народнай творчасці і рамёстваў, а «Вясёлыя аўцюкоўцы» навучаць незвычайнай гульні пад назвай «Гарбузоўнік».

Самыя актыўныя і энергічныя ўдзельнікі змогуць атрымаць у падарунак медаль “Ганаровы булаўкавец”.

На тэматычнай пляцоўцы «У сваім краі, як у раі» на сваё падвор’е запросіць усіх вёска Булаўкі. Кожны з гасцей свята зможа завітаць у госці ў булаўкаўскую хатку, аформленую ў этна-стылі, дзе будзе накрыты стол «Складчына», які з’яўляецца атрыбутам народнага абраду на свята Успенне, якому ў Булаўках надаецца асаблівае значэнне.

Тут кожны зможа перамясціцца на некалькі дзесяцігоддзяў назад і паглядзець, як адзначалі гэтае свята раней. Тут жа прыгажуня з вёскі Булаўкі раскажа пра тое, чаму на Успенне нельга хадзіць басанож і колькі часу ў гэты дзень трэба хадзіць у старым абутку, каб ажыццявіць загаданае жаданне. Яшчэ адна дзіўная тэатралізаваная пастаноўка калінкавіцкіх артыстаў дапаможа даведацца пра легенду паходжання назвы вёскі.

Заключным мерапрыемствам стане выступленне вакальнага ансамблю «Галасы Калінкавічаў», якое пройдзе на галоўнай сцэне падчас цырымоніі закрыцця фестывалю. Частыя госці сельскіх і гарадскіх сцэнічных пляцовак, у скарбонцы дасягненняў якіх ужо шмат розных ўзнагарод, выканаюць песні са свайго рэпертуару без музычнага суправаджэння.

Ала ВЕКА.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.