Валянціна Кужэлка — майстар выдатнага настрою

 

Кужелко Валентина

У многіх краінах свету ў верасні святкуюць сваё прафесійнае свята працаўнікі індустрыі прыгажосці: цырульнікі і касметолагі, стылісты і візажысты, фітнэс-трэнеры і іншыя спецыялісты – усе тыя, хто кожны дзень спяшаецца дарыць людзям прыгажосць.

Такую задачу ў цырульні «Прыгажосць», якая знаходзіцца на вуліцы Калініна  ў Калінкавічах, ужо на працягу многіх гадоў годна выконвае Валянціна Кужэлка.

 Сустрэўшыся з Валянцінай Уладзіміраўнай, ніколі не скажаш, што яе працоўны стаж складае амаль паўстагоддзя. Дагледжаная прычоска, акуратны макіяж і прыемная ўсмешка на твары дапамагаюць выглядаць ёй значна маладзей свайго ўзросту. Выраз «Шавец без ботаў» дакладна ёй не падыходзіць.

Пра тое, што абярэ прафесію цырульніка Валянціна Уладзіміраўна ведала яшчэ школьніцай. Ужо ў падлеткавым узросце яна захаплялася цікавымі і моднымі прычоскамі, гадзінамі напралёт магла рабіць укладкі сваім сяброўкам і сваякам, спрабавала стрыгчы. Таму адразу ж пасля заканчэння школы, хоць настаўнікі настойліва раілі ёй звязаць сваю прафесію з матэматыкай і чарчэннем, Валянціна накіравалася паступаць у Гомельскае вучылішча бытавога абслугоўвання (зараз «Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання»).

– Тады мне здавалася, што ўсе, хто ехаў разам са мной у вагоне цягніка, абмяркоўвалі мой выбар, – дзеліцца ўспамінамі Валянціна Уладзіміраўна. – Мама спрабавала мяне адгаварыць, дзялілася сваімі перажываннямі са спадарожніцай, якая, як і яна, не разумела, чаму я, маючы ў атэстаце толькі некалькі чацвёрак, раблю такі выбар. Але ім я адказвала цвёрда, што глядзець па жыцці хачу не ў паперы, а ў люстэрка.

Скончыўшы навучанне, у 1969 годзе жанчына выйшла замуж, і разам з мужам накіраваліся  ў Магілёўскую вобласць, у горад Горкі, дзе пражылі адзін год. У гэты час яна нарадзіла дачку, але ўсё ж яшчэ перад дэкрэтным адпачынкам, паспела  крыху папрацаваць па абранай прафесіі.

Вярнуўшыся ў родны горад, Валянціна ўладкавалася цырульнікам у камбінат бытавога абслугоўвання, да якога тады была прымацавана цырульня «Прыгажосць».

– У той час гэта была адзіная ў горадзе цырульня. – распавядае яна. – Кліентаў было вельмі шмат, з самай раніцы, яшчэ да адкрыцця на ганку збіралася вялікая чарга. Але мы ўсё паспявалі: радавалі людзей новымі  прычоскамі  і стрыжкамі.

Тым не менш, нягледзячы на насычаны працоўны графік, яна ўспамінае гэты час, як самы цікавы. Тады для цырульнікаў арганізоўваліся розныя конкурсы: раённыя, абласныя і рэспубліканскія, удзельніцай якіх часта была і яна. З захапленнем  расказвае Валянціна Уладзіміраўна, як разам з калегай Любоўю Барысенка яны атрымалі перамогу ў раённым конкурсе стрыжак, а па выніках абласнога тура – увайшлі ў дзясятку лепшых цырульнікаў Гомельскай вобласці.

Пасля таго, як Калінкавіцкі камбінат бытавога абслугоўвання распаўся, будынак цырульні выкупілі працаўнікі «Прыгажосці», якія пасля працягнулі сваю справу ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Сярод іх была і Валянціна. 

За свой 49-гадовы працоўны стаж Валянціна Кужэлка, дзякуючы адданасці і любові да справы свайго жыцця, атрымала нямала грамат і падзяк. Быў час, калі яе фота ўпрыгожвала гарадскую Дошку гонару.

– У нас шмат такіх цырульнікаў, якія, як і я, многія гады дапамагаюць людзям быць прыгожымі, – дзеліцца Валянціна Уладзіміраўна. – Сярод маіх калег, чый стаж складае амаль паўстагоддзя  –  Валянціна Якавенка, Алена Еўжык, Надзея Макаранка. Трохі менш тут працуюць Людміла Сіраж, Алена Мажар, Наталля Багамаз і Валянціна Бандарэнка. Усе яны – годныя майстры, у кожнага ёсць свая гісторыя, свае дасягненні ў прафесіі.

Дачка Валянціны Святлана таксама працуе ў індустрыі прыгажосці, праўда за межамі Беларусі, у Маскве. Дзяўчына, маючы дзве вышэйшыя адукацыі: юрыдычную і педагагічную, усё-такі вырашыла пайсці па слядах сваёй маці. Яе плямянніца Ліза, таксама сёння працуе цырульнікам ў салоне «Таццяна», якая, па словах Валянціны Уладзіміраўны, «амаль вырасла ў цырульні побач з ёй».

Сёння Валянціна Кужэлка нават не думае пра тое, каб пайсці  на заслужаны адпачынак, і пры тым, што свой працоўны графік яна кантралюе сама, выхадных  у яе не шмат. Амаль кожны дзень да майстра звяртаюцца яе пастаянныя кліенты, многія з якіх прыходзяць ўжо шмат гадоў. І гэта не дзіўна, бо, майстар імкнецца не проста выканаць сваю работу, але умее выслухаць, і падтрымаць тых, хто хоча падзяліцца сваімі перажываннямі і праблемамі.

Сваю працу цырульнік любіць усёй душой.

«Бачыць, як пасля тваіх намаганняў кліент задаволены, а на яго твары квітнее ўсмешка – вось дзеля чаго варта кожны дзень спяшацца на працу, каб у чарговы раз падарыць людзям прыгажосць і выдатны настрой» – гаворыць майстар.

Ала ВЕКА.

 

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.