Мы – з Шаўлова!  

 

IMG_0313аУ кожнага чалавека ёсць той непаўторны куток, да якога, як кажуць, сэрца прыкіпела назаўжды. Толькі там неба самае высокае, лясы і лугі самыя зялёныя, паветра самае чыстае, а вада самая празрыстая. З узростам пачынаеш разумець, якое шчасце – наведваць тыя мясціны, дзе з’явіўся на свет.

Ёсць такое месца ў мяне і маіх аднавяскоўцаў – вёска Шаўлоў. На жаль, няма яе больш на геаграфічнай карце. Як няма і Хобненскага сельсавета, да якога яна належала. Але ў розных кутках Беларусі і Расіі яшчэ жывуць 44 чалавекі, у пашпарце якіх месцам нараджэння ўказваецца вёска Шаўлоў.

А ў 1968 годзе ў вёсцы было 162 жыхары. І вось мы вырашылі сабрацца, наведаць тыя мясціны, дзе нарадзіліся і адкуль выправіліся ў вялікі свет. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць пра аднавяскоўцаў, сваіх родных і блізкіх, якія спачылі на вясковых могілках.

IMG_0297

Мы ехалі па былой вуліцы, якая даўно ператварылася ў лясную дарогу, і сумным шэлестам сустракалі нас маладыя бярозкі і сосны. Дзень для сустрэчы абралі адметны – 19 жніўня, у вялікае свята Яблычнага Спаса. Самымі старэйшымі сярод нас былі Станіслаў Ільіч Васькоўскі, Мікалай Зосімавіч Дзядкоўскі, Аляксандра Міхайлаўна Зінавенка, Ганна Іванаўна Дзядкоўская, Ганна Андрэеўна Бяляй, Марыя Міхайлаўна Хадакоўская (праз тыдзень пасля сустрэчы яе не стала).

Апошнім, хто выпісаўся з Шаўлова, стаў Фёдар Іванавіч Зінавенка. А хто быў першым жыхаром, пра гэта расказаў Станіслаў Васькоўскі, які ведае гісторыю Шаўлова ад свайго бацькі. Аказваецца, першымі тут пасяліліся шэсць сямей перасяленцаў з Украіны. Было гэта ў 1903 годзе. Пасяліліся, уладкаваліся, завялі гаспадарку. Потым прыехалі сем’і Зінавенка, Акулічы, Века, Худэнка, Чарнякі. Усе – працавіты народ.

І вось на сустрэчы пачаліся ўспаміны, розныя сямейныя гісторыі, якія цяпер ужо з’яўляюцца неад’емнай часткай агульнай гісторыі вёскі. Пра тое, як беларус Г. І. Зінавенка яшчэ ў дзяцінстве ўбачыў і ўпадабаў хахлушку Ганначку Дзядкоўскую. А калі падраслі, стварылі сям’ю, нарадзілі і ўзгадавалі пяцёра дзяцей. Знайшла свайго суджанага і украінка Усціння Кірылаўна – першага хлопца на вёсцы Аляксандра Пятровіча Веку.

Калі наш бацька Фёдар Іванавіч Зінавенка ішоў на вайну ў 1944-м, разам з роднымі плакала і 12-гадовая Шурка Стома. Ён сказаў дзяўчыне: “Не плач, Шурка. Будзеш чакаць мяне з арміі?”. І дзяўчына ўпэўнена адказала: “Буду!”. Яна чакала сем гадоў – і дачакалася. Ажаніліся, нарадзілі пяцёра дзяцей, выхавалі іх дастойнымі сумленнымі людзьмі.

Вялікая Айчынная вайна не абмінула нашу вёску. Падчас правядзення карных аперацый вораг спаліў Шаўлоў, ацалела толькі адна хата. Дзякуй Богу, жыхары паспелі схавацца ў лесе, і потым аднавілі вёску.

IMG_0230а

На фронт пайшлі 15 мужчын-шаўлоўцаў. Сярод іх у 1941-м і 18-гадовы Міхаіл Зосімавіч Дзядкоўскі. Ён служыў шафёрам 81-га асобнага батальёна хімабароны, быў адзначаны медалём “За баявыя заслугі”, а ў 1945-м удзельнічаў у штурме Берліна і ад імя усіх аднавяскоўцаў пакінуў сваё прозвішча на сценах рэйхстага. Пасля заканчэння вайны ён застаўся ў арміі, служыў у Германіі, Польшчы, Беларусі, на Далёкім Усходзе. У званні маёра выйшаў у адстаўку. Калі стварыў сям’ю, то дзе б ни служыў, у адпачынак прыязджаў толькі ў Шаўлоў. Дзеці прасілі: “Тата, паехалі на мора!”. А ён адказваў: “На моры ўсе былі, і вы яшчэ не раз там пабудзеце, а вось у Шаўлове – толькі вы!”.

У першыя дні вайны 19-гадовым юнаком пайшоў змагацца з ворагам і Рыгор Іванавіч Зінавенка. Быў паранены, пасля чаго змагаўся з акупантамі ў партызанскім атрадзе, вызваляў раён і горад Калінкавічы, зноў быў цяжка паранены. Удзел Рыгора Зінавенкі ў Вялікай Айчыннай вайне быў адзначаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.

А яго брату Мікалаю ў 1941-м было толькі 17. Нягледзячы на гэта, ён пайшоў на фронт, быў адчайным салдатам, на Одэры атрымаў цяжкае раненне і вярнуўся дамоў інвалідам. Быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.

З 22 чэрвеня 1941 года на фронце быў і Андрэй Пятровіч Дзядкоўскі. Ваяваў на Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім франтах, быў сержантам, камандзірам мінамёта 241-га мінамётнага палка 25-й мінамётнай брыгады 21-га артдывізіёна РГК. Змагаўся адважна, яго разлік быў адным з лепшых у палку. Быў адзначаны медалём “За адвагу”.

Старшым тэлефаністам 231-га гвардзейскага зенітнага артпалка 48-й артдывізіі РГК быў на фронце Іван Кірылавіч Васькоўскі. З 12 ліпеня 1941-га да 9 мая 1945-га граміў ён ворага, а 9 жніўня 1945-га ўступіў у бой з японцамі на Далёкім Усходзе. Баявы шлях нашага земляка быў адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Японіяй”.

З першага да апошняга дня дарогамі вайны прайшоў і Аляксей Пятровіч Века. У родную вёску вярнуўся толькі ў 1946-м і адразу ўзяўся за будаўніцтва дома, бо ў яго падрастала дачушка Маруська.

IMG_0162

Па ўзросту Рыгор Зосімавіч Дзядкоўскі не падыходзіў для прызыву, а таму юнак пайшоў  у партызанскі атрад. Толькі пасля вызвалення Шаўлова яго прызвалі ў армію. Трапіў ён у 896-ы асобны карпусны сапёрны Ялцінскі батальён, вызначыўся ў баях пры вызваленні Літвы, быў прадстаўлены да ордэна Славы 3-й ступені, але ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Другі ордэн Чырвонай Зоркі атрымаў ужо ва Ўсходняй Прусіі. А калі вярнуўся дамоў, ажаніўся, нарадзіў чацвёра дзяцей, працаваў трактарыстам.

Ёсць сярод нашых аднавяскоўцаў і тыя, хто заплаціў за Перамогу самым дарагім – сваім жыццём. Малодшы лейтэнант Іван Васькоўскі ў арміі служыў з 1936-га, быў кадравым ваенным, вайну сустрэў намеснікам камандзіра мінамётнай роты 239 сп 27 сд. Ён прапаў без вестак у самым пачатку вайны – 2 жніўня 1941 года пад Ваўкавыскам. У 1930-я Іван атрымаў прафесію часавога майстра, быў накіраваны на работу ў Заходнюю Беларусь, а ў 1936-м яго прызвалі ў армію…

Не вярнуліся з вайны таксама Рыгор Пятровіч Акуліч, Іван Уладзіміравіч Васькоўскі, Фёдар Рыгоравіч Кастрэнка, Міхаіл Мікалаевіч Фалінскі, Мікалай Іванавіч Худэнка, Мікалай Іосіфавіч Хадакоўскі і Якаў Іванавіч Хадакоўскі…

Шмат пачулі мы расказаў пра свае родныя мясціны, родных і знаёмых людзей. Дзяліліся ўспамінамі і ўнукі, якія апошнімі нарадзіліся ў вёсцы. Эліна Міхалкевіч – самы апошні з тых, у каго ў пашпарце месцам нараджэння ўказваецца Шаўлоў. Цяпер яна жыве ў Мінску, працуе ўрачом-пульманолагам. Яе маці Аляксандра Рыгораўна Зінавенка нарадзілася ў вайну, таксама стала урачом-тэрапеўтам, узначальвала адну з паліклінік у Мінску. Дзеці і ўнукі пайшлі па тым жа шляху, таксама сталі ўрачамі.

З хваляваннем успаміналі і расказвалі прысутныя пра нашу школку. У пасляваенны час дзеці вучыліся ў хатах Іллі Іванавіча Васькоўскага і Арсенія Шашолкі. Толькі ў 1962-м у Шаўлове пабудавалі пачатковую школу. Са слязамі на вачах узгадалі мы сваю незабыўную любімую настаўніцу Антаніну Паўлаўну Фалінскую, праз рукі якой прайшло не адно пакаленне шаўлоўцаў. У 5-8 класы мы ўжо хадзілі ў Глінную Слабаду, а ў 9-10 класы – у Хобнае. Некаторыя ездзілі ў Калінкавічы.

Калгас, створаны ў пачатку 1930-х гадоў, у 60-я далучылі да хобненскага калгаса. І жыхары сталі пакідаць родную вёску, перабірацца хто ў Хобнае, хто ў Калінкавічы, хто ў Васілевічы і Рэчыцу, а хто і далей. І паступова пусцела наша вёсачка хата за хатай. Вось так і не стала Шаўлова…

Але мы па-ранейшаму памятаем сваю малую радзіму, і пакуль будзем жывы, ніколі не забудзем. Бо добрымі людзьмі былі і ёсць нашы шаўлоўцы – спагадлівыя, добразычлівыя, працавітыя. І хай не было сярод нас ні прафесароў, ні касманаўтаў, але былі ляснікі, будаўнікі, механізатары, даяркі, экскаватаршчыкі, медыкі, настаўнікі, работнікі гандлю, следчыя – адным словам, прадстаўнікі самых народных і запатрабаваных прафесій.

У дзень сустрэчы мы павіншавалі з днём нараджэння Паўла Іванавіча Зінавенку, якому споўнілася 76 гадоў. Усё сваё жыццё ён прысвяціў мору. Павел Іванавіч быў прыемна здзіўлены нечаканым калектыўным віншаваннем і расчуліўся, калі мы праспявалі яму песню маладосці “Две девоньки танцуют на палубе”.

Альбом памяці гарталі мы і па фотаздымках, якія прывезла на сустрэчу Аляксандра Рыгораўна Зінавенка. Рыгор Іванавіч, яе бацька, быў фатографам-любіцелем, ён жа першым у вёсцы набыў фотаапарат. Кожны з тых здымкаў – ужо гісторыя. Асабліва той, на якім сем’і першых шаўлоўскіх калгаснікаў…

Памятаць свае карані, гісторыю сям’і, роду – святы абавязак кожнага чалавека. І не важна, хто ты такі. Важна – які ты. Крыўда, безумоўна, што жыццё для Шаўлова і яго жыхароў склалася менавіта так. Таму і слёзы навярталіся на вочы. Але жыццё не закончылася, яно працягваецца – у нас, у нашых дзецях і ўнуках. Вельмі добра, што ў Беларусі гэты год аб’яўлены Годам малой радзімы. Трэба, ой як трэба сёння нагадваць самім сабе і іншым, скуль мы, дзе нашы карані, якога мы роду, хто быў нашым папярэднікам…

 

Вера Дарошкіна (Зінавенка) – ад імя ўсіх шаўлоўцаў.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Optionally add an image (JPEG only)

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.