Заступніцу Залатухі перанеслі ў хату Любові Алісейка

image (3)

Штогод 28 жніўня, на Першую Прачыстую ў вёсцы Залатуха адбываецца старадаўні абрад “Перанос свячы”. І не мае значэння, на які дзень тыдня – выхадны ці рабочы – прыпадае свята, туды ўсё роўна з’язджаюцца дзеці, унукі і іншыя родзічы вяскоўцаў. Многія, каб прыняць удзел у абрадзе, прыбываюць з другіх рэгіёнаў і абласцей.

Жыхары Залатухі спакон вякоў пераносяць свячу на Успенне Прасвятой Багародзіцы – адно з галоўных святаў праваслаўнага календара, бо яна заўсёды лічылася міласэрніцай і заступніцай.

Вялікая Прачыстая — самае значнае свята канца лета: «Прачыстая прынясе хлеба чыстага». Як Спас славіцца асвячэннем яблыкаў, так Прачыстая — асвячэннем хлеба. Адразу пасля яе пачыналася сяўба азімых.

8

На Прачыстую асвячалі апошні снапок, зернем якога пачыналі на другі дзень азімыя засеўкі. “Дажыначны” сноп ставілі ў чырвоным куце і захоўвалі ўсю зіму. Зерне з яго выкарыстоўвалі ў сямейных абрадах — на вяселлях, радзінах, пахаванні, частавалі ім хатнюю жывёлу, каб яна была здаровай і пладавітай.

А незамужнім дзяўчатам нашыя продкі давалі такую параду: “На Прычыстую не нагледзеш — зіму ў дзеўках праседзеш”. Пасля 28 жніўня пачыналіся вясельныя абрады.

У гэты святочны дзень нашы продкі праводзілі і абрад свечкі — з песнямі пераносілі з адной хаты ў другую ікону Прасвятой Багародзіцы і запаленую, уваткнутую ў зерне новага ўраджаю свечку, астаўлялі іх там да наступнага года.

image (5)

У Калінкавіцкім раёне такая традыцыя захавалася толькі ў Залатусе. Старажылы вёскі клапоцяцца пра тое, каб не страціць карані, перадаць спадчыну нашчадкам, як калісьці ім перадалі яе бацькі.

На жаль, такіх вяскоўцаў застаецца ўсё менш. Не ўсе маладыя даюць згоду прыняць свячу. Таму здараецца так, што ікона Маці Божай застаецца ў старых гаспадароў яшчэ на год, а тое і даўжэй, ці несці яе прыходзіцца ажно на другі бок вёскі.

У Наталлі Жук свяча прастаяла два гады. Летась ікону ад яе прыняла Валянціна Жук. А ў мінулы аўторак пасля таго, як айцец Павел адслужыў малебен, па засланай тканым палатном дарозе свячу ўрачыста перанеслі ў хату новай гаспадыні – Любові Алісейка.

image (7)

Дарэчы, шлях быў няблізкім: ікону прыйшлося несці амаль з кіламетр пад дажджом. Затое падскочыць пад яе і папрасіць у Багародзіцы здароўя і дабрабыту паспеў кожны вернік.

Перанос свячы суправаджаўся абрадавай песняй, якую склалі мясцовыя жыхары яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя: “Прачыстая маці Божая, кудою йшла дарогаю. Дарогаю шырокаю, цэраз мора глыбокае…”

Пакуль неслі свячу, песню спявалі старэйшыя жанчыны вёскі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Залатушскага сельскага клуба.

Абрадаваю песню пра Багародзіцу ў 1999 годзе запісала былая загадчыца клуба Праскоўя Захаранка са слоў жыхаркі вёскі Пелагеі Пінчук, 1919 года нараджэння. Шесць гадоў таму яна прымала ўдзел у рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”, што праходзіў у Любліне.

Жыхары Залатухі вераць, што свяча ахоўвае не тольку хату гаспадароў, але і ўсю вёску. Ці збываюцца жаданні, якія людзі загадваюць, калі праходзяць пад ёй? Вяскоўцы кажуць, што так.

Таццяна КАПІТАН.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.