Дзень беларускага пісьменства. Іванава чакае гасцей

Иваново копия

 Рашэннем нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускага пісьменства сталіцай свята ў 2018 годзе вызначаны горад Іванава Брэсцкай вобласці.

2 верасня ў гэтым палескім горадзе адбудзецца  юбілейны дваццаць пяты Дзень беларускага пісьменства.

Што ж з сябе ўяўляе Іванава? Чым слаўна гісторыя гэтага горада і яго ваколіц?

 Горад Іванава размешчаны ў самым сэрцы Заходняга Палесся, дзе Беларусь мяжуе з Украінай. Гісторыя Іванова бярэ свой пачатак з XV стагоддзя. У тыя часы на месцы сучаснага горада знаходзілася вёска Порхава (Порхаў). У 1423 годзе, як апавядаюць летапісныя крыніцы, Вялікі князь Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Вітаўт падарыў гэтую вёску з прылеглымі да яе землямі кафедральнаму сабору ў Луцку. А ў 1465 годзе біскуп Ян Ласковіч, жадаючы ўвекавечыць сваё імя, пераіменаваў гэты населены пункт у Янаў.

Згодна  Віленскага зборніка гарадок і яго наваколлі ў розныя часы былі часткай зямель Вялікага княства Літоўскага, належалі польскім каралям, а затым Шуйскім, Ажэшкам, Дмукоўскім.

На тэрыторыі раёна і гарады развіваліся многія гістарычныя падзеі дзяржаўнага значэння. Так, у 1771 годзе ў гэтай мясцовасці дзейнічала руская армія пад камандаваннем А. В. Суворава, якая 21 верасня прайшла праз Іванава на Драгічын. Не мінулі жыхароў горада і падзеі 1812 года. Тут разгарнуліся дзеянні правага крыла напалеонаўскай арміі.

Падчас першай сусветнай вайны ў 1915-1918 гг. тэрыторыя цяперашняга раёна была акупавана германскімі войскамі, у 1919-1921 гг. – польскімі. У 1921-1939 гадах Іванаўшчына ўваходзіла ў склад Польшчы, з восені 1939 года – у склад БССР.

Другая сусветная вайна пакінула на іванаўскіх землях страшны след. Насельніцтва раёна скарацілася больш чым у два разы. У гета і канцлагерах былі знішчаны тысячы мясцовых яўрэяў. Вызвалены раён быў 16 ліпеня 1944 года.

У 1965 годзе Іванава становіцца цэнтрам раёна, а праз пяць гадоў у 1971 годзе – набывае статус горада. За нейкія два дзесяцігоддзі Іванава ператварылася ў ўтульны, прасторны гарадок з больш чым 15 тысячамі насельніцтва.

Багатая і насычаная падзеямі  і культурнае жыццё горада. Арганізацыяй вольнага часу насельніцтва, развіццём мастацкай самадзейнасці займаецца Цэнтр культуры і народных традыцый. Асаблівым гонарам у сферы культуры раёна з’яўляюцца больш за дваццаць калектываў аматарскай творчасці, якім прысвоена ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь», «народны» і «ўзорны»:

У горадзе працуе музычная школа ім. Н. Орды, дзіцячая школа мастацтваў і школа харэаграфіі. У самым пачатку цяперашняга стагоддзя ў Іванаве адкрыта школа бондарства – адзіная ў нашай краіне. Бондарское майстэрства было развіта ў вёсцы Рыловічы. Іванаўскія бондары – нязменныя ўдзельнікі разнастайных выстаў вырабаў народнай творчасці.

 Недалёка ад Іванава размешчана мястэчка Моталь. Гэты населены пункт некалі быў вядомы ва ўсёй Усходняй Еўропе унікальнымі вырабамі сваіх рамеснікаў. Сюды на мясцовыя кірмашы прыязджалі купцы нават з суседніх краін, а мотальскія гандляры завозілі свае тавары і ў больш далёкія краі. Дзякуючы будучай каралеве Рэчы Паспалітай Боне Сфорце ў 1533 годзе Моталь атрымаў «Магдэбургскае права» – каралеўскую грамату, якая дазваляе мясцовае самакіраванне. Аб жыцці і рамёствах мотальцаў падрабязна можна даведацца ў Мотальскім музеі народнай творчасці, у фондах якога беражліва захоўваецца больш за 27 тысяч экспанатаў.

У Моталі да нашых дзён захаваўся дом, дзе з’явіўся на свет будучы першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман.

Выхадцам Іванаўшчыны з’яўляецца і Напалеон Орда – выдатны мастак, музыкант, кампазітар. Цяпер у вёсцы Варацэвічы, дзе знаходзіўся яго радавы маёнтак, створаны музейны комплекс. Музей Н.Орды, выставачныя залы, школа мастацтваў, дзе праводзяцца майстар-класы па развіццю народных рамёстваў, – усё гэта стала выдатным мемарыялам знакамітаму земляку.

Вядома ў раёне  і вёска Дастоева. Гэта былы маёнтак тых самых Дастаеўскіх, род якіх падарыў свету вялікага пісьменніка. Цяпер у Дастоева паміж Траецкай царквой і школай ўсталяваны помнік пісьменніку, у школе створаны і працуе музей Ф. М. Дастаеўскага.

Далёка за межамі вобласці вядомы ўнікальны музей народнай медыцыны, Геадэзічныя знакі Дугі Струве, якая рашэннем ЮНЕСКА ўключана ў спіс міжнароднай спадчыны.

Захаваліся і помнікі драўлянага дойлідства: Мікалаеўская царква ў Дружылавічах, Петрапаўлаўская ў Махро, Параскевы Пятніцы ў Аполе. Гэта далёка не поўны пералік унікальных помнікаў, асобныя з якіх некалі былі зроблены мясцовымі палескімі майстрамі без адзінага цвіка.

… Праграма Дня беларускай пісьменності прадугледжвае правядзенне прэзентацый знакавых выдавецкіх праектаў, выступленні беларускіх і замежных пісьменнікаў і паэтаў.

Напярэдадні свята пройдзе традыцыйны Міжнародны «круглы стол» з удзелам замежных літаратараў. Тэма круглага стала 2018 года – «Мастацкая літаратура як шлях адзін ды аднаго».

Таксама традыцыйна ў рамках Дня пісьменства  адбудзецца фінал Рэспубліканскага конкурса юных чытальнікаў «Жывая класіка».

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі правядзе Навукова-практычную канферэнцыю  «Іванаўскія чытанні», прысвечаную гісторыі горада – сталіцы свята і раёна.

Непасрэдна 2 верасня ў г. Іванава пройдзе адкрыццё памятнага знака, прысвечанага XXV юбілейнаму Дню беларускага пісьменства, на галоўнай сцэне свята ў цэнтральным парку адбудуцца ўрачыстыя цырымоніі адкрыцця свята (мастацка-тэатралізаванае дзеянне «Малой радзіме пакланюся!») і ўручэнне «Нацыянальнай літаратурнай прэміі».

На галоўнай сцэне на працягу дня пройдуць эстафета перадачы вымпела гораду Слоніму – сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2019 годзе, літаратурна-мастацкае дзеянні «Бачу Беларусь такі…», арганізаванае Саюзам пісьменнікаў Беларусі, рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Мы – разам!».

Увечары на галоўнай сцэне адбудзецца святочны канцэрт з нагоды закрыцця свята («Льецца песня над Палессем»).

Адначасова на прылеглых вуліцах будзе разгорнуты святочны гандаль. Будуць працаваць Фестываль кнігі і прэсы, пляцоўкі майстроў народнай творчасці, мастакоў, дзіцячыя мястэчкі, выставачныя экспазіцыі музеяў і бібліятэк. На працягу ўсяго дня будуць праходзіць прэзентацыі беларускіх выдавецтваў, выступленні творчых моладзёжных калектываў вобласці, іншыя мерапрыемствы, у тым ліку прэзентацыі кніжных праектаў, якія будуць прысвечаны знамянальным датам 2018 года – Году малой радзімы ў Рэспубліцы Беларусь, юбілейных дат класікаў літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1808-1884), Янкі Маўра (1883-1971), Канстанцыі Буйло (1893-1986); Максіма Гарэцкага (1893-1938), Сяргея Грахоўскага (1913-2002), Эдзі Агняцвет (1913-2000), Алеся Бачылы (1918-1983), Мікалая Ткачова (1918-1979) і інш.

Адным словам, Іванава чакае гасцей.

Янка СТАДАЛЮК.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.