У Казловічах адсвяткавалі Спас і юбілей сельсавета

IMG_4409
Канец лета ў земляробаў самы напружаны і працаёмкі– час выспявання і збору ўраджаю. Трэба сабраць яго з палёў і садоў, дажаць жыта, назапасіць і захаваць на ўвесь будучы год шматлікія дары маці-зямлі – ягады, арэхі, грыбы.
Жнівень — асаблівая пара не толькі для тых, хто так ці інакш звязаны з сельскай гаспадаркай, але і для ўсіх хрысціянскіх вернікаў. У апошні летні месяц беларусы святкуюць адразу тры спасы — мядовы, яблычны і арэхавы або хлебны.
У народзе казалі: «Першы спас — на вадзе стаяць, другі — яблыкі есці, трэці — палотны прадаваць». «Спасаўка — ласаўка», — адзначалі сяляне, але адначасова і павучалі: «Спас — усім рабочы час».

У жніўні пачынаецца і адзін з самых строгіх пастоў — Успенскі.
Другі спас – яблычны, святкуецца ў дзень Праабражэння Гасподняга, 19 жніўня. Евангеллі распавядаюць аб тым, што Ісус з трыма сваімі вучнямі падняўся на гару для таго, каб памаліцца. Падчас гэтай малітвы і адбылося праабражэнне – твар Ісуса азарыўся святлом, а адзенне, у якое ён быў апрануты, стала бялей за снег. Потым з’явіліся два прарокі – Маісей і Ілля, яны гутарылі з Ісусам аб яго зыходзе, які ў хуткім часе адбудзецца ў Іерусаліме. Вучні, якія сталі сведкамі праабражэння, былі вельмі напалоханыя. Але Ісус супакоіў іх і забараніў расказваць пра тое, што адбылося падчас малітвы, пакуль Хрыстос не ўваскрэсне, як яму было наканавана. Лічыцца, што гэтае свята заклікана нагадваць людзям пра неабходнасць духоўнага праабражэння.
Народнае гулянне, прысвечанае тром жнівеньскім спасам у гонар Ісуса Хрыста, адбылося 19 жніўня ў вёсцы Казловічы. На ім сабралася шмат вяскоўцаў.
Працавалі выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гандлёвыя кропкі, дзіцячыя атракцыёны, прадавалася салодкая вата і цацкі. Для дарослых таксама былі арганізаваны розныя забавы, напрыклад, крэсла пажаданняў, гульня «Пападзі ў яблычка».
Раней да другога Спаса нельга было есці яблыкі. 19 жніўня іх неслі ў царкву для асвячэння, толькі пасля гэтага яблыкі дазвалялася ўжываць у ежу. Таму другі спас і завецца яблычным.

IMG_4443
Неўзабаве на небе пачалі з’яўляцца хмары, і за некалькі хвілін цудоўнае летняе надвор’е ператварылася ў непагадзь. Айцец Георгій, настаяцель Азарыцкай царквы служыў святочны малебен і асвячаў спасаўскія яблыкі пад праліўным дажджом.
Вяскоўцы на надвор’е не скардзіліся, казалі, што ўжо больш за тыдзень не бачылі дажджу, і калі ён вырашыў паліць іх агароды ў свята – так таму і быць, відаць, гэта божая ласка. І народнае гулянне з вуліцы перамясцілася ў Казловіцкі сельскі Дом культуры.

IMG_4502
Па традыцыі на яблычны спас спачатку частавалі яблыкамі родных, блізкіх, а таксама сірот, бедных, як памінанне пра памерлых продкаў, і толькі потым елі самі.
З гэтай добрай традыцыі і пачалося мерапрыемства. Жанчыны ў народным убранні раздалі ўсім у зале па пасвячонаму яблычку. Потым пачалася канцэртная праграма, падрыхтаваная артыстамі мастацкай самадзейнасці Казловіцкага СДК.
Так супала, што ў гэты дзень жыхары вёскі адзначалі яшчэ адно свята – 50-гадовы юбілей з дня заснавання Казловіцкага сельскага савета. Таму адно мерапрыемства плаўна перацякло ў другое.

IMG_4544
Вядучыя праграммы «Родны сэрцу куточак» пазнаёмілі ўдзельнікаў свята з гісторыяй сельсавета, першым старшынёй якога быў Пётр Тозік, а сакратаром Васіль Лацко. Потым Лацко змяніў Павел Савіцкі. З 1989 года і па сённяшні дзень гэту пасаду займае Кацярына Тупік.
З 1987 па 2004 год Казловіцкім сельсаветам і мясцовым дэпутатскім корпусам кіраваў Фёдар Гвоздзь. Зараз сельвыканкам узначальвае Людміла Гарбун.

IMG_4600
Людміла Ўладзіміраўна звярнулася да жыхароў з прывітальным словам, пажадала ім дабрабыту і моцнага здароўя, адзначыла некаторых жыхароў сельсавета асабіста. Напрыклад, старажылаў Аляксандру Лапушка з Казанска, Марыю Мятлушка з Казловіч, Пелагею Камыш з вёскі Кошчычы, Алену Лужкову з Цідава, працаўніцу тылу Ульяну Тозік з Казанска, якія ўсё жыццё плённа працавалі на роднай зямлі, а сёння карыстаюцца заслужанай павагай сярод сваіх землякоў.
Гаспадары і гаспадыні лепшых падворкаў – Павел і Валянціна Савіцкія, Аляксандр і Таццяна Яскавец, Мікалай і Таццяна Пасюк таксама прымалі віншаванні і падарункі.
Удзячнасць за добрасумленную працу адрасавалася настаўнікам школы, працаўнікам ФАПа, установы культуры, пошты, гандлю, участковым інспектарам, сацыяльным работнікам.
З віншавальнымі словамі да жыхароў вёскі звярнуўся і кіраўнік УП «Даманавічы-Агра» Уладзімір Ціт.

IMG_4631
Адзначылі на свяце самых малодшых жыхароў вёскі, юбіляраў, шматдзетныя сем’і, хлопцаў, якія зараз служаць у войску.
Атрымалі ад сельсавета падарункі — наборы канцылярскіх прылад — і пяцёра дзетак, якія 1 верасня ўпершыню сядуць за школьныя парты.
Асобна павіншавалі сямейныя пары, якія сёлета адзначаюць залатое вяселле – Вольгу і Міхаіла Мятлушак, Уладзіміра і Ніну Савіцкіх, Анатоля і Ніну Штурма.
Цудоўную музычную праграму вяскоўцам прапанаваў калектыў мастацкай самадзейнасці Дудзіцкага ЦНТіР. Удзельнікі свята ўвесь канцэрт з задавальненнем пляскалі ім ў далоні, а хто і навогул кінуўся скакаць каля сцэны.
Засталося дадаць, што гэтыя мерапрыемствы прайшлі ў рамках раённага фестывалю сельскіх святаў “Аграфэст-2018” і былі прысвечаны Году малой радзімы.
Паліна СВЯТЛОВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.