У Калінкавічах адбылася сустрэчы ўраджэнцаў адселеных вёсак Хойнікскага раёна

 

в1

Хуткацечная плынь часу імкліва аддаляе ад бесклапотнай пары юнацтва, дзе маладая яшчэ маці гатавала ў печы смачныя аладкі, а бацька браў з сабой на рэчку вудзіць акунёў, дзе былі школьны вальс і першае каханне. З гадамі гэта пара ўзгадваецца ўсё часцей, усё мацней сціскае душу успамін, а сэрца кліча на той дзівосны востраў юнацтва, дзе прайшлі лепшыя дні жыцця. У кагосьці ўспаміны звязаныя са старым ціхім дворыкам у вялікім горадзе, а ў кагосьці з пасёлкам гарадскога тыпу альбо вёсачкай, што прытулілася да невялікай рачулкі за лесам. Добра, калі ёсць магчымасць у сталым узросце наведаць дарагія сэрцу мясціны. Добра, калі ўцалеў дом, дзе сустрэў юнацтва, калі не знеслі дворык, не вымерла вёска. Калі не крануў родныя мясціны Чарнобыль. Ураджэнцы ж вёсачак Хойнікскага раёна — Кажушкі, Нова-Пакроўск, Слабада і Кухнаўшчына — на вялікі жаль, ужо ніколі не змогуць прыехаць да родных хат.

З-за чарнобыльскай навалы гэтыя вёскі трапілі ў так званую зону адчужэння, іх жыхары адселены ў “чыстыя” краі, а падворкі зраўняны з зямлёй альбо пагарэлі ў час моцнага пажару, які тут здарыўся ў 2016 годзе.
Цудам уцалелі ў гэтых вёсках толькі могілкі, дзе ляжаць продкі тых, каго Чарнобыль прымусіў незваротна пакінуць родныя мясціны.
Шмат прайшло гадоў, вяскоўцы, што тады былі юнакамі і дзяўчатамі, стварылі сем’і, і ўжо сталі дзядулямі і бабулямі. Раз’ехаліся, разляцеліся яны хто куды па свеце, але не забываюць родных вёсачак, самыя мілыя сэрцу мясціны на гэтай планеце, не забываюць і людзей, што жылі калісь. Кожны год на Радаўніцу былыя вяскоўцы едуць у “зону”, каб схадзіць на могілкі і ўшанаваць памяць родных. Але ў такія рэдкія паездкі на малую радзіму з-за недахопу часу і бясконцых жыццёвых клопатаў ім бывала і не атрымлівалася грунтоўна паразмаўляць, распытаць, як жа склаўся лёс у таго альбо іншага земляка. Але родныя мясціны не адпускаюць, не даюць аб сабе забыць, і з цягам часу сустрэч і зносінаў з адновяскоўцамі хочацца ўсё больш.
І вось былыя жыхары Кажушак, Нова-Пакроўска, Слабады і Кухнаўшчыны ўпершыню за паслячарнобыльскі час масава сабраліся ўлетку 2016 г. у раённым цэнтры Хойнікі, каб хоць крышачку бліжэй быць да малой радзімы. Адбылася сустрэча школьных сяброў, тых, хто ў 1964 годзе скончыў кажушкаўскую васьмігодку. Да іх далучыліся тыя, хто памаладзей. Сабралася тады чалавек 20, атрымаўся цудоўны вечар успамінаў. Дзіва што, многія ж не бачыліся цэлых 40 гадоў! Цеплыня ад сустрэчы ахапіла душы і доўга сагравала іх, а галоўнае, што вестка пра гэту значную падзею хутка разнеслася праз сацыяльныя сеткі і выклікала ў многіх іншых ураджэнцаў узгаданых вёсак жаданне далучыцца. Абгаварылі час і месца наступнай сустрэчы — роўна праз год і зноў у Хойніках. І сабраліся, на гэты раз ужо каля 50 чалавек, на мерапрыемства былі запрошаныя выпускнікі ўсіх гадоў.
Ініцыятарам тых першых сустрэч аднавяскоўцаў стала ўраджэнка Нова-Пакроўска, выпускніца Кажушкаўскай базавай школы 1964 года Лідзія Прымачэнка, якая зараз жыве ў Санкт-Пецярбургу.
— Калі мы сустрэліся ў другі раз, то прыйшлі да высновы, што ў 2018 годзе лепш сабрацца ў Калінкавічах. Наш горад знаходзіцца на скрыжаванні чыгуначных і аўтамабільных дарог, і сюды прасцей, чым у Хойнікі, дабрацца адкуль бы то не было. Хоць з розных куткоў Беларусі, хоць з Расіі, Украіны альбо Прыбалтыкі. Да таго ж лёс так склаўся, што адсяленне з забруджаных вёсак адбывалася менавіта ў Калінкавіцкі раён, у вёскі Шыічы і Каплічы, якія за паслячарнобыльскі час сапраўды сталі для маіх землякоў другой малой радзімай, — расказала ўраджэнка вёскі Кажушкі, галоўны тэхнолаг Калінкавіцкага малочнага камбіната Марыя Пракапенка.
Сёлета на сустрэчы прысутнічала ўжо 60 чалавек. Месцам для яе выбралі рэстаран “Прыпяць”. Цудоўнаму настрою спрыяла і цудоўнае сонечнае надвор’е, што было ў суботу, 28 ліпеня. Не хопіць ніякіх слоў, каб перадаць тую радасць ад зносінаў аднавяскоўцаў, тых эмоцый, якімі былі напоўнены некалькі гадзін, што доўжылася сустрэча!

в3
Глыбока закрануў струны душы, навеяў настальгічныя пачуцці дакументальны ролік “Как молоды мы былі”, прысвечаны адселеным вёскам. На экране з’яўляліся добра знаёмыя ўдзельнікам сустрэчы краявіды, шчымлівую тугу выклікалі фотаздымкі сённяшняга часу, на якіх на месцы гэтых вёсак толькі голая зямля. Раз-пораз у роліку з’яўляліся дзіцячыя і юнацкія здымкі людзей, што прысутнічалі ў зале, а таксама фота любімых імі настаўнікаў, многія з якіх, на вялікі жаль, ужо пакінулі гэты свет. Апошнім стаў кадр мемарыяльнага комплексу ў горадзе Хойнікі, на якім нанесены назвы ўсіх адселеных з Хойнікскага раёна вёсак.
Згодна моманту і настрою прысутных была складзена музычная праграма вечара. Увесь час у зале гучалі песні пра радзіму, пра самыя дарагія мясціны. Адказны за музычнае суправаджэнне Антон Кананчук цудоўна падабраў рэпертуар, у які ўвашлі творы “Родная хата”, «Родительский дом», «Домик окнами в сад», “Снится мне деревня» і інш. на тэму настальгіі па родным краі, па незваротных часах юнацтва. Прагучалі і песні ў выкананні саміх удзельнікаў сустрэчы. Так, Леанід Лягун пад гітару прыгожа праспяваў добра знаёмую “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались”. І тым закрануў самыя глыбокія струны душы.
З асаблівай пашанай прысутныя віталі старэйшых удзельнікаў сустрэчы, выпускнікоў Кажушкаўскай базавай школы 1963-65 гадоў выпуску: Надзею Дэмскую, Лідзію Прымачэнка, Ніну Лягун, Раісу Скрыпку, Раісу Харытанчук, Надзею і Кацярыну Бабенка, Кацярыну Каляду. Але найбольш цёплых слоў, і гэта цалкам справядліва, было адрасавана Марыі Рыгораўне Лягун — настаўніцы беларускай мовы і літаратуры і класнаму кіраўніку выпускаў 1964 года. Калі тыя яшчэ ў школу хадзілі, іх паважанаму настаўніку было крыху больш за 30, а 6 чэрвеня гэтага года споўнілася ўжо 90.

в2
Раіса Скрыпка ўзгадвае: “На ўроках нам ніколі не было сумна, таму што іх вяла ўнікальны і цудоўны педагог і чалавек. Марыя Рыгораўна дасканала валодала сваім прадметам, яна ўмела прывіць нам любоў да роднага слова, да беларускай літаратуры. Настаўніца вучыла нас важнай і карыснай справе — выкладаць свае думкі не толькі ў вуснай форме, але і на паперы. Такі вопыт самастойнага выкладання думак дапамог мне ў авалоданні ведамі. Але найперш Марыя Рыгораўна вучыла быць добрымі людзьмі. Усе мае аднакласнікі вельмі ўдзячныя ёй і ўсім іншым нашым настаўнікам за веды, якія мы атрымалі, за выхаванне, і за тое, што яны цалкам аддавалі сябе нам — іх вучням”.
Марыя Рыгораўна Лягун сказала, што ўпершыню прысутнічала на такой сустрэчы і менавіта таму, што яна прайшла ў Калінкавічах:
— У маім узросце з Мазыра, дзе жыву, у Хойнікі я ўжо не дабралася б. А вось у Калінкавічы вырашыла прыехаць, бо вельмі ж хацелася пабачыцца са сваімі былымі вучнямі.
Сустрэча ў рэстаране “Прыпяць” непрыкметна зацягнулася дапазна. Але яе ўдзельнікі і не заўважылі, як праляцеў час. Перад развітаннем яны напісалі калектыўную падзяку работнікам рэстарана, таксама выказалі цёплыя словы музыкантам, што парадавалі цудоўнымі песнямі.
Нямала шчырых падзяк за арганізацыю мерапрыемства ў нашым горадзе было выказана ў адрас Марыі Пракапенка.
Паабяцаўшы сутрэцца праз год ізноў у Калінкавічах, удзельнікі сустрэчы вырашылі арганізаваць збор сродкаў на абнаўленне помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны землякам у вёсцы Кажушкі.

в4

 

Мы папрасілі віноўнікаў урачыстасці падзяліцца ўражаннямі.
Галіна ДУБРОЎСКАЯ, перакладчык  ААТ “Цэнтраліт”, г. Гомель: “Такая сустрэча — гэта нібы падарожжа ў часы дзяцінства і юнацтва. Людзі прыехалі як з Беларусі, так і з іншых краін — Расіі, Украіны, Літвы. Да прыкладу, мой родны брат Уладзімір Дуброўскі дабіраўся з Вільнюса. Усіх нас аб’яднала і сабрала тут любоў да роднага краю, да малой радзімы, да вёсак, дзе нарадзіліся і жылі, і якія спасціг такі сумны лёс. Малая радзіма нас не адпускае. І вельмі прыемна было сустрэцца з людзьмі, якіх не бачыла ўжо шмат гадоў. Вялікі дзякуй за арганізацыю сённяшняй сустрэчы цудоўнаму чалавеку Марыі Паўлаўне Пракапенка, якая шмат зрабіла, каб мы змаглі вось ужо ў трэці раз сабрацца разам”.

Васіль ЛЯГУН, пенсіянер: “Маёй роднай вёскі ўжо даўно няма. Засталіся толькі вясковыя могілкі, куды па магчымасці прыязджаю, каб пакланіцца блізкім людзям, якія, на жаль, пакінулі гэты свет. А такая сустрэча — настальгічнае падарожжа ў мінулае, успамін аб родным краі, аб часе, які прабег хутка і незваротна…”.

Уладзімір ДУБРОЎСКІ, настаўнік замежнай мовы Вільнюскай гімназіі: “Вось ужо 25 гадоў, як жыву і працую ў Літве. Зараз выкладаю ў гімназіі, што ў прыгарадзе літоўскай сталіцы. Колькі б не жыў удалечыні ад радзімы, ніколі так добра не будзеш сябя адчуваць, як дома. Незвычайную энергетыку, якая надае бадзёрасці і сіл, адчуваеш, адразу, як толькі перасякаеш мяжу і аказваешся ў Беларусі. А на такіх сустрэчах гэта энергетыка яшчэ большая! У духоўным плане цяжка прыдумаць што небудзь лепшае, чым гэта мерапрыемства. Многіх аднавяскоўцаў на сённяшняй сустрэчы я пазнаў з цяжкасцю, бо колькі год прайшло! І тым прыемней было сустрэцца”.

Наталля ЛАЗАВІК (МУРАШКА), пенсіянер: “У адрозненні ад большасці іншых, для мяне сённяшняя сустрэча першая. Наш Нова-Пакроўск — невялічкая вёсачка, у якой да аварыі была 51 хата. Адразу ж пасля Чарнобыля яе знеслі, закапалі, зраўнялі з зямлёй. У 1986-м у мяне на руках было 4-месячнае немаўля — сын Дзяніс, падрастала двухгадовая дачка Святлана. З такімі малымі дзецьмі выехала ў Слонім да сваёй роднай сястры Ніны. Яна жыла ў інтэрнаце, і ў яе самой сям’я была. Да таго ж да яе прыехала жыць сяброўка з дзецьмі. Вось так — тры сям’і, 10 чалавек у дзвюх пакойчыках і жылі. Але правільна кажуць, што ў цеснаце ды не ў крыўдзе. Не прыпамятаю, каб увогуле за што-небудзь мы сварыліся, а тую цеснату і не заўважалі. Затое было весела. Жыву ў Слоніме і зараз. А пабыць на такой сустрэчы аднавяскоўцаў — вялікае шчасце. І дзякуй, што мяне знайшлі і запрасілі сюды”.

Лідзія ПРЫМАЧЭНКА, спецыяліст па рэабілітацыі Санкт-Пецярбургскага Цэнтра сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў: “Я таксама прыехала здалёк, з Санкт-Пецярбурга. Чарнобыльская навала асабіста мяне не закранула. У 1978 годзе выехала ў Ленінград, дзе і асела. Закончыла Вышэйшую прафсаюзную школу культуры. А ў 2016 г., ужо на сёмым дзясятку год, атрымала і другую вышэшую адукацыю ў Санкт-Пецярбургскім інстытуце псіхалогіі і сацыяльнай работы.
Я вельмі блізка да сэрца прымаю чарнобыльскую бяду беларускага народа. У вёсцы Нова-Пакроўск, на малой радзіме, засталіся родныя і блізкія, якіх адразу выселілі, а вёску зняслі. Гэта — вялікі боль душы.
Пакуль будуць сілы, і пакуль будуць арганізоўвацца такія вечары, я з радасцю буду на іх прыязджаць. Для душы няма нічога лепшага, чым сустрэцца з землякамі”.
Сяргей САКОВІЧ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.