Забалацце

Вёска Забалацце прытулілася сярод былых балот і лясных гушчароў. На жаль, сёння яна ў ліку малых паселішчаў. Пра гэта сведчыць  колькасць яго жыхароў, і апусцелыя хаты з паламанымі платамі і асеўшымі дахамі, і запушчаныя агароды. Рэдка ў вочы кінецца “жывая” хата. Але, калі прыгледзецца, яшчэ можна заўважыць дэталі, якія нагадваюць пра жыццё, якое тут калісьці біла ключом: шырокая дарога, адзічэлыя сады, то тут, то там зарастаючыя пустазеллем падмуркі.Забалацце знаходзіцца на тэрыторыі Азарыцкага сельсавета, за 51 км на поўнач ад Калінкавіч. На поўдзень ад яе раскінуліся меліярацыйныя каналы.

З мінулага

Як сведчаць пісьмовыя кры        ніцы, вёска была заснавана ў 19 стагоддзі. Вядома, што ў 1875 годдзе ў гэтай мясцовасці жыў дваранін па прозвішчу Валадзько, у фальварку якога дзейнічала вінакурня.

У 1908 годзе гэты фальварак узгадваецца ў складзе Азарыцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні. На той час у ім налічвалася 7 жыхароў. Вядома, што да рэвалюцыі 1917 года ў фальварку жыў пан Антон Манкевіч, якому належала 540 дзясяцін зямлі. Антон Раманавіч паходзіў з палякаў, а жонка яго была рускай. Уся маёмасць пана была запісана на яе. У іх было пяць сыноў і дзве дачкі. Адзін сын славіўся добрым ветэрынарам, другі працаваў у банку. Тры сыны жылі дома, дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Летам, калі работы было больш, пан Манкевіч наймаў сялян на працу, за якую іх карміў і плаціў 55 рублёў у год. Калі прыйшла рэвалюцыя, Антон Манкевіч разам з сям’ёй перабраўся на Украіну, дзе потым і памёр.

Найбольш актыўнае засяленне вёскі прыпадае на 20-я гады мінулага стагоддзя. У 1931 годзе жыхары Забалацця стварылі калгас. Першымі ў яго запісаліся Андрэй Рачкоў, Пётр Бойка і Зіновій Еўдаш.

У 1940 годзе ў вёсцы налічвалася 27 двароў, у якіх пражывала 110 жыхароў. А праз год у Забалацце прыйшла вайна. У студзені 1944 года нямецкія акупанты поўнасцю спалілі вёску і загубілі 18 мірных жыхароў. На фронце і ў партызанскай барацьбе загінуў яшчэ 21 вясковец.

У тым жа годзе да вёскі Забалацце быў далучаны хутар Востраў.

Паводле перапісу 1959 года ў паселішчы жылі 138 жыхароў, большасць з якіх працавала ў саўгасе “Азарычы”. Забудова вёскі складалася з кароткай мерыдыянальнай вуліцы, на поўдні — невялікі адасоблены ўчастак — былы хутар Востраў. Жылыя дамы драўляныя сядзібнага тыпу, пастаўлены рэдка.

У 2004 годзе ў паселішчы налічвалася толькі 10 гаспадарак і 12 жыхароў. Сёння, праз дзесяцігоддзі, усе жыхары вёскі памяшчаюцца на адну лаву. Іх засталося толькі пяць.

Астраўляне

Сустрэчных машын зусім не відаць, усё навокал нібы вымерла. Заязджаем у саму вёску — ні душы. На шчасце, на адной з хат бачым нумар 9 і шыльду “Пункт сацыяльных паслуг”. У сельсавеце нам казалі, што тут жыве Анастасія Рачкова, памочніца старшыні Азарыцкага сельвыканкама па гэтай вёсцы. Спыняемся. Заходзім у двор і стукаем у дзверы. Адказу не чуваць, але хата не зачынена. Уваходзім: “Ёсць хто дома?”. “Заходзьце”, — чуецца з дальняга пакою мужчынскі голас.

На канапе адпачывала гаспадыня і з цікавасцю пазірала на няпрошаных гасцей. Мы павіталіся і пазнаёміліся. Вяскоўца, які нас запрасіў у хату, зваць Уладзімір Еўдаш. Ён зайшоў да старой жанчыны дапамагчы распаліць грубу, каб тая не змерзла, вады прынесці, ды і так — час хоць чымсьці заняць.

— А што тут яшчэ рабіць? – пытаецца Анастасія Аляксандраўна. – Гаспадаркі ў мяне аніякай няма. Толькі куры. Жывем на Востраве толькі я, Валодзя ды яшчэ адзін мужчына. Яго таксама Уладзімірам зваць.

У мяне апошні час вельмі ногі баляць. Амаль дзень ляжу. А гэты (паказвае на Уладзіміра Еўдаша) да мяне з самай раніцы прыходзіць дапамагаць. Можа засядзецца тут на цэлы дзень. Удвох весялей.

Вельмі цікава было чуць, як жанчына гаворыць пра Востраў, Забалацце, якое мясцовыя называюць Пасёлак, а яшчэ і Акцябр. Ужо даўно тры хутары сталі адной вёскай, а жыхары працягваюць іх называць так, як прывыклі з дзяцінства.

Анастасія Аляксандраўна нарадзілася і вырасла на Востраве. Яе бацька Аляксандр Рачкоў загінуў на фронце. Як пайшоў на зборы ў 1941 годзе, так усю вайну пра яго ніхто нічога не чуў. Толькі калі яна скончылася, родныя атрымалі “пахаронку”.

-Немцы стаялі ў Азарычах, але часта прыходзілі і да нас: выганялі і забіралі нашых кароў і авечак. Мы з маці хаваліся ў лесе, у месцы пад назвай Мох. Там некаторы час стаялі партызаны. Я нават помню, як аднойчы насіла ім у лес ежу, бо ў атрадзе быў і мой дзед Мікіта, — успамінае цяжкія ваенныя гады Анастасія Рачкова.

Пасля вайны ўдава салдата Хрысціна Рачкова працавала ў брыгадзе і адна гадавала дзяцей. А калі тыя падраслі, далучыліся да маці. Неўзабаве дачка Анастасія і замуж пайшла, нарадзіла двух сыноў. Але муж нядобрым аказаўся: кінуў яе адну з двумя дзеткамі. Пагаравала, пагаласіла, але ж справілася з бядой. Як і яе маці, адна выхавала дзяцей. Працавала ў брыгадзе. Апошнія дванаццаць гадоў перад пенсіяй – прадаўцом у краме.

Адзін з сыноў Анастасіі Рачковай трагічна загінуў дзесяць гадоў таму. Другі жыве ў Віцебску. У жанчыны пяць унукаў. Але яна не памятае, калі ў апошні раз іх бачыла…

— Так і жывём тут у ізаляцыі, як на сапраўдным востраве, — іранічна жартуе жанчына. — Два разы на тыдзень да мяне прыязджае сацыяльны работнік з Лясца…

— А па панядзелках і чацвяргах у нас аўталаўка, — далучаецца да размовы Уладзімір, які да гэтай хвіліны сядзеў моўчкі і толькі ўважліва нас слухаў. Было відаць, што ён таксама хоча пагутарыць з новымі людзьмі, расказаць пра свой лёс. Бо застаўся ён у бацькоўскай хаце зусім адзін. Так здарылася, што ні разу не жаніўся і дзецьмі не абзавёўся. А час ляціць – не спыніш…

Сёстры Уладзіміра Еўдаша жывуць у Калінкавічах, Светлагорску і Жыткавічах, прыязджаюць сюды толькі на Радаўніцу.

Бачна па мужчыне, што ў маладосці не паганы ён быў. Расказаў, што працы ніякай з дзяцінства не цураўся. Бацькоў сваіх паважаў і шанаваў. Яго бацька Емяльян Кузьміч прайшоў усю вайну, вярнуўся з узнагародамі.

— Ну а маці… яна была такой, як усе маткі – добрай і пяшчотнай. Яна ў маёй памяці засталася назаўсёды такой, якой праважала мяне ў армію — маладой і прыгожай, — расказвае Уладзімір. — Больш яе я не бачыў. Маці забіла маланкай, калі яна працавала з брыгадай у полі…

Пасля арміі Уладзімір скончыў шафёрскія курсы, папрацаваў крыху у Акцябрскім раёне, потым у саўгасе “Азарычы” пасвіў быкоў, даглядаў цялят, хадзіў у брыгаду. Цяпер на пенсіі. Не ўтойвае, што калі душа вельмі просіць, то і сто грам можа выпіць, як і яго сусед па Востраву Уладзімір Хайнюк, што жыве ў хаце пад нумарам 12.

Калі мы да яе падыйшлі, то адразу не паверылі, што тут нехта жыве. Але хутка пераканаліся, што дарэмна сумняваліся. Усё ж такі тут жывуць! З вакна хаты нас уважліва разглядаў пухнаты чорна-белы каток. За шыбай другога мы заўважылі яшчэ аднаго. Дзе ж іх гаспадар?

— Ён, мабыць, на Пасёлак пайшоў Марфу з Наталляй адведаць. Паехалі, пакажу дарогу, — прапанаваў Уладзімір Еўдаш. – Пешшу да Пасёлка доўга ісці, кілометры два, ды і мокра сёння.

Калі селі ў машыну, запытала ў нашага добраахвотнага гіда, дзе знаходзіцца частка вёскі пад назвай Акцябр, ці жыве хто там? Ён адказаў, што гэта каля могілак. Пара хат там стаіць, але ў іх даўно ніхто не жыве.

— А вось тут была панская копанка, — паказвае на зараснікі хмызняку па правы бок ад дарогі. – Зараз яна ўся зарасла. А раней, калі мы былі малыя, то яшчэ ў ёй купаліся. Рэчкі ж паблізу нідзе няма. Нам добра было і ў копанцы паплёскацца… А вунь там была наша школа-чатырохгодка… Глядзіце, а вось і ён, наш падарожнік.

Сапраўды, спераду шпарка шыбаваў высокі, яшчэ не стары мужчына. Ён, здаецца, зусім не здзівіўся, калі пабачыў нас і свайго суседа. Сышоў з дарогі і пазіраў, пыхкаючы цыгаркай.

— А што пра нашу вёску казаць? – здзівіўся ён, калі даведаўся,  хто мы, адкуль і чаго завіталі. – Вымерла вёска. На Востраве тры хаты жылыя, на Пасёлку дзве. У нас раней была і школа, і магазін. Закапалі ўсё. Няма для каго іх трымаць…

Бацькі Уладзіміра Хайнюка працавалі ў калгасе. Сам ён у свой час вывучыўся ў Нароўлі на трактарыста, працаваў у Гомельскім упраўленні механізацыі, потым вярнуўся на радзіму, рабіў на трактары ў мясцовай гаспадарцы. А тут і на пенсію трэба. Здаецца, і не жыў. Як і яго цёзка і сусед Еўдаш, Уладзімір Хайнюк застаўся халасцяком.

— У вас што дзевак у вёсцы не хапала, што ўдвох халасцякамі засталіся? – пытаюся ў мужчын.

— Збеглі дзеўкі ў горад лепшых шукаць, — патупіўшы вочы долу, адказалі яны.

На пытанне, як ён навогул бавіць вольны час, Уладзімір Хайнюк адказаў:

— А што тут рабіць? Па гасцях хаджу. Пакуль на пасёлак зайду, пакуль там пасяджу, потым назад – паўдня ўжо пражыў.

У Азарычах жыве яго сястра. Час ад часу яны бачацца. Раней, калі матка была жывая, сустрэчы, зразумела, адбываліся часцей.

Наталля Банько, да якой так спяшаўся Хайнюк, як высветлілася, у гэты дзень накіравалася ў бальніцу. Таму дома мы яе не засталі.

А вось пазнаёміцца з яе роднай сястрой Марфай Стож, што жыве непадалёку, атрымалася. Сказаць праўду, у гэтай маленькай сагнутай жанчынкі, мне найбольш спадабалася. Адразу відаць, што яна вельмі добрая і гасцінная гаспадыня. Аб гэтым мы ёй сказалі.

— Якая я гаспадыня! Ох! Вунь, паглядзіце, якая гарбатая хаджу! – уздыхае жанчына.

Гарбатая ці не, а па яе двары ў дзень нашай сустрэчы  шпарка бегалі куры, кукарэкаў  певень, у садзе роўнымі радочкамі стаялі пчаліныя вуллі. А ўздоўж сцяны хлеўчыка на свежым паветры сушыліся кружочкі яблык, нанізаныя на дрот, амаль, як вавёрчыны запасы. На двары то тут, то там у вочы кідаліся рэчы, якім самае месца ў краязнаўчым музеі ці этнаграфічным кутку: чугункі і гладышкі, бідоны для вады, дзіцячыя санкі з адмысловымі кованымі ўзорамі. Сама Марфа Пятроўна таксама вельмі каларытная: у галошах і хустцы з махрамі.

Нарадзілася Марфа, у дзявоцтве Баранава, яшчэ да вайны. Але расказаць пра яе не можа: малая зусім была. Бацьку свайго, які загінуў на фронце, зусім не памятае. Маці пасля вайны пайшла замуж у другі раз за калгаснага конюха і, як кажа яна, з айчымам ім пашанцавала. Ігнат Смалюга быў добры і працавіты, хата і ўсё, што сёння ёсць на падворку, зроблена яго рукамі.

— Я ў маладосці была вельмі сарамлівая і ціхая, — расказвае жанчына. – На вячоркі хадзіць-хадзіла, толькі заўсёды моўчкі сядзела, спяваць саромелася, ні разу рот не адкрыла. Я і зараз такая. Помню, пойдзем на канаву траву касіць ці кароў даіць, дык той, у каго рот вялікі, амаль нічога не робіць, толькі на другіх паглядае ды камандуе. А такія, як я, шчыруюць, аж сем патоў сходзіць…

І хоць Марфа Пятроўна была нясмелай і сарамлівай, але шчасце сваё знайсці змагла. Толькі не надоўга. Памёр яе муж у 29 гадоў з-за слабага сэрца, пакінуўшы яе адну з двумя дзеткамі.

— Сашку майму тады было сем годзікаў. Замуж я больш не хадзіла. Я сваім дзецям — не вораг. Гэта мне з айчымам пашанцавала. А хто ведае, як было б ім?

Так і гадавала сваіх дзяцей сама. Сёння ў Марфы Стож трое ўнукаў. Сын Аляксандр — будаўнік, жыве ў расійскім Сургуце. А дачка даглядае маці ў якасці сацыяльнага работніка.

— Яна жыве недалёка, у Салавейках, прыязджае да мяне два разы на тыдзень. (Саловушкі – былая вёска. Мясцовыя называюць яе Салавейкі. У 1966 годзе яна была далучана да вёскі Лясец). Гэта не мае вуллі, а дачкі і зяця. Раней я ім дапамагала з пчоламі ўпраўляцца, сама рамкі даставала. Зараз ужо не здолею…

Мы пакідаем дом гэтай гас-ціннай гаспадыні, жадаем ёй здароўя і дабрабыту.

З дарогі яшчэ раз акідваем позіркам падворак, сад, дзе ў вуллях мірна спяць працавітыя пчолы, і які хутка сам засне да вясны пад белай снежнай коўдрай. А ў галаве круціцца адна думка: добра, што мы сюды з’ездзілі. Праз два-тры дзесяцігоддзі Забалацце зусім знікне з карты нашага раёна. Пра такія мясціны паэты нават складаюць вершы. Як, напрыклад, Алег Буйніцкі.

…Тут хутар быў, ці ляснікова мыза,

Сярод гушчару, раптам, як аазіс –

Каробка хаты – а з яе сярэдзіны –

Увысь сасна вылазіць.

А побач зруб калодзежа – вадзіцы кладзезь,

І “журавель” над ім з вядром драўляным…

Ніхто не скраў – бо ланцугом  прымацавана насмерць.

І цішыня, аж дрыжыкі…

Як быццам усё наўмысна…

 

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

 

 

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.