Думкі ўслых: Патрэбна ўнутраная культура  душы

 

ДУМКИ копия

У дзіўны і незразумелы час мы жывём. У нас пастаянна  адбываюцца   адметныя  культуралагічныя мерапрыемствы, праходзяць фестывалі і фэсты,  адкрываюцца цікавыя  выставы.  Выдаюцца кнігі, часопісы, газеты. Працуюць бібліятэкі, кнігарні,   кінатэатры, тэатры, філармоніі, музеі.  Здавалася б, усё выдатна. Аднак  многія мерапрыемствы сучаснікі  не хочуць наведваць, выкладчыкі вядуць туды выхаванцаў пад прымусам – дзеля напаўняльнасці залы. Адкрыццё выстаў нярэдка нагадвае  “карагод”, калі куратары  адны і тыя ж, а  самі аўтары і іх запрошаныя  сябры толькі і з’яўляюцца  гледачамі. Многія ачагі культуры, асабліва вясковыя клубы проста зачыняюцца, не маючы магчымасці справіцца з фінансавымі цяжкасцямі.  Іншыя пачалі займацца камерцыяй: у палацах мастацтваў гандлююць мёдам і курткамі…

Чытальныя залы апусцелі, бібліятэкі закрываюцца, моладзь наогул перастала чытаць. Можна пачуць: чытаюць у смартфонах, аднак  што там чытаюць – “жаўцізну”? Кнігарні ж стогнуць ад пылу на незапатрабаваных кнігах.  Кінатэатры пустыя, у тэатры таксама не спяшаецца глядач. Многія музеі (а іх адкрываецца ўсё больш і больш!) таксама не цікавяць сучаснікаў.  Людзі перасталі падпісвацца на газеты і часопісы, але ж менавіта тут і падаецца ўзвешаная, правераная інфармацыя, а не “надумана-гіпербалічныя” звесткі, што размяшчаюцца ў сеціве, дзе ў пагоні за колькасцю наведвальнікаў сайта усе сродкі добрыя, галоўнае – быць у трэндзе.

І што ў выніку? А ў выніку маці гуляюць з дзіцем у калясцы: у адной руцэ цыгарэта, у другой смартфон. Побач шчаслівы бацька: у адной руцэ смартфон, у другой – бляшанка піва.  Паглядзіце ў крамах: амаль кожны пакупнік набывае спіртное, цыгарэты. Усё больш шпаркімі крокамі пачынае  наступаць наркатычная залежнасць.  Кураць сёння амаль усе – і малыя, і старыя. Вакол пануюць хамства, мат. Мова многіх сучаснікаў нагадвае мову Элачкі Людаедкі: “блин, типа, как бы, вау» і т.п. Адным словам, адсутнічае ўнутраная культура, культура душ. А адсутнасць унутранай культуры многія беспаспяхова імкнуцца замаскіраваць самымі наварочанымі смартфонамі, аўто. Не атрымаецца. Бо калі чалавек абыякавы, чэрствы, не мае душы і сэрца, а ў галаве – вата, нічога добрага чакаць не даводзіцца. Так і хочацца сказаць: “Пустоту своей души заполнить пивом (дымом, водкой) поспеши!»

На жаль, мы назіраем ненармальную сітуацыю, калі пры наяўнасці невычэрпнага культурнага патэнцыялу, назапашанага папярэднімі пакаленнямі і сучаснікамі, ідзе працэс духоўнай дэградацыі. У нас культура традыцыйна знаходзілася на пазадворках. Аднак нельга забываць, што масавае бескультур’е – найпершасная прычына многіх сацыяльных бед грамадства.  Смерць маралі, яе нормаў, азлобленасць, рост злачыннасці – гэта ўсё парасткі на глебе бездухоўнасці.

Добра, што дзякуючы таму ж інтэрнэту многія духоўныя каштоўнасці, назапашаныя чалавецтвам, становяцца даступнымі за некалькі секунд, аднак кожнаму чалавеку як паветра і вада  патрэбна наяўнасць унутранай культуры ў душы, каб здолець дакрануцца да гэтых неабсяжных багаццяў. Бо неадукаваны, нявыхаваны чалавек нават не здольны адрозніць, што добра, а што дрэнна.

Штодзённыя зносіны з класікай, добрай, змястоўнай культурай патрэбны кожнаму нармальнаму чалавеку, каб стаць духоўна багацейшым. Нельга да культуры ставіцца як да нейкай забаўлянкі. Творы культуры могуць прымусіць працаваць  душу, загартоўваць сэрца. Менавіта культура можа так арганізаваць наша жыццё, што яно стане цікавым, карысным, змястоўным. І Прыгожым! Сапраўднай культуры трэба вучыцца кожнаму пакаленню, бо яна не перадаецца генетычна. Сама страта помнікаў культуры – з’ява  неўзнаўляльная, помнікі адрозніваюцца сваёй індывідуальнасцю. І таму калі знішчаецца чарговы помнік, гэта ўжо назаўсёды.

Наша планета Зямля – як бібліятэкі свету, прычым цывілізаванага. Культурнае жыццё – самая каштоўная кніга. Мы павінны скрупулёзна штодзённа перагортваць старонкі жыццёвых добрых кніг, узбагачацца ідэямі аўтараў. Да самога жыцця як дарагой кнігі мы павінны ставіцца з любоўю, не вырываць з яго старонак.  Павінны перадаваць лепшыя  культуралагічныя, духоўныя, класічныя кнігі сваім дзецям і ўнукам, каб тыя потым зноў перадалі нашчадкам. Трэба складаць сваё генеалагічнае дрэва.

Культура – гэта памяць чалавецтва. Калі вы чалавек цікаўны, то вас усё яшчэ чакаюць у госці таямнічыя замкі і родавыя сядзібы Беларусі, непаўторныя храмы і манастыры, унікальныя куткі некранутай прыроды-матухны, старадаўнія інжынерныя збудаванні, мноства музеяў і этнагрфічных вёсачак. А хіба не шчасце пабываць у родных мясцінах  знакамітых мастакоў і пісьменнікаў. Дарэчы, вы можаце і не звяртацца ў экскурсійныя бюро, а складаць ўласныя, сямейныя  марштруты падарожжаў па сінявокай  краіне, што знаходзіцца ў цэнтры Еўропы.  У час вандровак можна адраджаць і сямейныя чытанні.

Легендарная Брэсцкая крэпасць і ў ХХІ стагоддзі вядома ўсяму свету. А старажытны лес   Белавежская пушча, дзе жывуць велічныя зубры – гэта сапраўдная казка і быль, яднанне старажытнай і сучаснай прыроды. Прыдзвінне   дало свету святую абраніцу Еўфрасінню Полацкую, першадрукара Францішка  Скарыну, мастака  Марка Шагала… У горадзе над Дзвіной   авангардыст Казімір Малевіч напісаў галоўную працу аб супрэматызме, а  мастак  Ілья Рэпін у сядзібе Здраўнёва стварыў дзясяткі карцін і малюнкаў.  Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”  славіцца сотнямі маляўнічых азёр і астравоў,  у ландшафтным заказніку “Ельня”  знаходзіцца адзін з самых вялікіх у Еўропе масіваў старадаўніх вярховых балот і ледавіковых азёр.

На Гродзеншчыне захавалася больш як паўтары тысячы помнікаў гісторыі і культуры:  замкавы комплекс “Мір”Дуга Струвэ.  У старажытным Навагрудку зараджалася Вялікае Княства Літоўскае. Сам “каралеўскі горад” Гродна з’яўляецца ўнікальнай архітэктурнай жамчужынай Беларусі. Казачна-чароўнае Палессе  аб’ядноўвае Гомельшчыну і Брэстчыну. Яшчэ грэчаскі гісторык Герадот пісаў аб таямнічай краіне Неўрыдзе і агромністым  тутэйшым моры – магчыма, прарадзіме Прыпяці.  Нават  у 21 стагоддзі тут знаходзяць  марскія ракавінкі, тут жа  радовішчы солей… У Нацыянальным парку “Прыпяцкі” месцамі захавалася некранутая  прырода-матухна, дзе ёсць унікальныя пойменныя дубровы, багацейшая фаўна. Тут жа —   адзін з самых старадаўніх усходнеславянскіх гарадоў – Тураў. Турысты не могуць не зацікавіцца палацава-паркавы ансамблем Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, горадам старавераў Веткай, старажытнымі  Мазыром, Рэчыцай, Чачэрскам, што ўваходзяць у “Залатое кальцо Гомельшчыны”.

Сярод знакамітых  мясцін Міншчыны – сусветная каштоўнасць Нясвіжскі палац Радзівілаў, касцёл бернардзінцаў у Будславе, старадаўнія гарады Заслаўе, Барысаў, Слуцк, Маладзечна, Мядзел, прыродная жамчужына нацыянальны парк “Нарачанскі”. А пра крывавыя падзеі войнаў, пра тое, каб яны больш не паўтараліся, нагадаюць    Брылёўскае поле каля ракі Бярэзіны, ХатыньТрасцянец, Курган Славы, “Лінія Сталіна”… Праз усходнія землі Беларусі праходзіў знакаміты гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі”, часткай якога быў Дняпро – адна з буйнейшых рэк Еўропы. Ужо з ХII-XIII ст.  вядомы гарады Мсціслаў (1135), Крычаў і Прапойск (Слаўгарад) (1136), Магілёў (1267)… Сярод выдатных мясцін Магілёўшчыны — цудоўныя помнікі архітэктуры губернскага Магілёва, замак XVII стагоддзя і ўнікальная сінагога ў Быхаве, палацава-паркавы ансамбль у Жылічах, палац Пацёмкіна ў Крычаве, Пустынскі манастыр, старажытны Мсціслаў, Бабруйская крэпасць

У шлях, дарагія суайчыннікі! Вас чакаюць гарады, мястэчкі  і вёсачкі Бацькаўшчыны!  І толькі культурна адукаваны і выхаваны чалавек можа ацаніць духоўны сэнс паняццяў “Радзіма і Айчына”!

Канстанцін КАРНЯЛЮК.

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.