У СУП “Ліпава” правялі «Зажынкі»


снимок 002

Зрання 19 ліпеня неба хмурылася, а каласы на жытнёвым полі ля Косетава, набрыняўшыя ад начнога дажджу, панура апусцілі свае галовы  да зямлі.  Камбайны СУП “Ліпава” разам са сваімі гаспадарамі выстраіліся тут на ўскрайку ў чаканні, калі выгляне сонейка, падуе ветрык, прасушыць залатое жніўнае поле, каб пусціць у ход усю моц камбайнавага парка гаспадаркі і прыняць паспелае зерне.

снимок 038

снимок 016

снимок 032

І чаканне хлебаробаў было пачута. Апоўдні на небе ярка зазіхацела сонца, а шчыры ветрык умомант прасушыў збажыну. Да таго часу  на поле да ліпаўскіх  хлебаробаў  завіталі супрацоўнікі Ліпаўскага і Міроненкаўскага сельскіх дамоў культуры, старшыня Ліпаўскага сельсавета Любоў Бакіноўская, дырэктар СУП “Ліпава” Андрэй Собалеў і спецыялісты гаспадаркі.

снимок 039

Хаця першыя камбайны выйшлі  на палеткі гаспадаркі яшчэ 27 чэрвеня для ўборкі рапсу, на 19 ліпеня вырашана было правесці старадаўні абрад “Зажынак”.

снимок 056

— У Беларусі з даўніх гадоў народ святкаваў “Зажынкі”. Нашы продкі ведалі, што спачатку жніва трэба было з любоўю дамовіцца з зямлёй — матухнай і падзякаваць яе за падораны ўраджай. Таму і першы сноп не малацілі, а заўсёды зберагалі, бо ён быў цаной гэтага цудоўнага любоўнага згавору. Сёння і мы з вялікай павагай гаворым нашай матухне – зямліцы: “ Вялікі дзякуй” – пачала святочнае мерапрыемства вядучая Алеся Кажадуб.

снимок 099

снимок 025

Удзельнікі мастацкай самадзейнасці  пад акампанемент вядомага ліпаўскага музыкі Уладзіміра Тачкова падтрымалі яе прыпевам вядомай песні з рэпертуару беларускага ансамбля “Бяседа” “Будзь здаровы, гаспадар!”:

Будзь здаровы, гаспадар,

Будзь здарова гаспадыня!

На стале тут не вада,

За сталом вы не адныя.

Хай абыйдзе вас бяда,

Ну а шчасце не пакіне.

Будзь здаровы, гаспадар,

Будзь здарова, гаспадыня!

снимок 092

Сёлета ўборку хлеба ў СУП “Ліпава” будуць вясці сем камбайнавых экіпажаў, якія сфарміраваны з вопытных механізатараў-хлебаробаў: Віктара Брухацкага і Аляксандра Алісейкі, Аляксандра Жука і Аляксандра Кажадуба, Алега Брухацкага і Сяргея Грушэцкага, Віктара Горбача і Васіля Зайчанкі, Ігара Навіцкага і Рамана Малаквас, Васіля Даўгуненкі і Дзмітрыя Савіцкага, Алега Якуша і Андрэя Краўцова. Адвозку  хлеба новага ўраджаю з поля на зернеток будуць ажыццяўляць Сяргей Зайчанка,  Анатоль Цык і інш.

З прывітальным словам і шчырым наказам да хлебаробаў звярнуўся дырэктар сельгаспрадпрыемства Андрэй Собалеў:

– Год вы працавалі на  гэты ўраджай. Цяпер перад намі стаіць задача не проста ўбраць хлеб з поля, а ўбраць якасна і без страт. Барацьба за ўраджай заўжды была няпростай, а сёлета, як паказвае надвор’е, яна будзе цяжэйшай  удвая. Таму хачу пажадаць усім земляробам добрага надвор’я, поспеху і ўдачы, здароўя і разумення з боку родных людзей, каб вы заўсёды адчувалі іх падтрымку.  Каб і Дажынкі сустракалі з такім жа добрым настроем, з сонцам на небе і ў душы. Каб лілася такая ж звонкая песня. 

…У поле ў нацыянальным адзенні пад жніўную песню у выкананні  сваіх сябровак накіроўваецца  пенсіянерка — удзельніца мастацкай самадзейнасці Ліпаўскага СДК Валянціна Гвоздзь, якая  зажынае першы сноп.  

снимок 070

Удзельніцы мастацкай самадзейнасці сустрэлі жнейку са снапом новага ўраджаю і пачалі пад  песню “Стоит стеной пшеница золотая” вадзіць карагод.

Затым  Валянціна Гвоздзь ўручыла  першы  сноп кіраўніку гаспадаркі з пажаданнем, каб сельгаспрадпрыемству прыбыло столькі тон збожжа, колькі зярнятак у яго калоссях.

снимок 123

Снапочак-абярэг, які  з’яўляецца сімвалам багацця і прыгажосці нашай роднай зямлі, будзе захоўвацца на ганаровым месцы ў канторы гаспадаркі да наступнага году. А тым часам камбайнераў частуюць духмяным караваем. снимок 106

Андрэй Собалеў пераразае чырвоную стужку і аддае каманду:

– Экіпажы, па машынах!

Хвілінка — другая – і над жытнёвым полем раздаўся магутны гул камбайнавых рухавікоў. Адна  за другой у радок  выстраіліся магутныя машыны, і тэхніка ўклінілася  ў хлебную ніву. Імгненне – і першыя тоны збожжа паліліся ў іх бункеры.

А жанчыны ў нацыянальных касцюмах  услед ім пяюць чарговую хлебаробскую песню:

Каб свята зажынак вясёлым было,
Каб свята дажынак вяселлем гуло,
Каб жыта плыло па засеках ракой,
Каб жорны млыноў аж раўлі пад мукой! 

снимок 121

Са святам, дарагія хлебаробы! Поспехаў вам усім і добрага намалоту сёлета!

Іван Гарыст.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.