Сёлета стогадовы рубеж перасягнулі дзве калінкавічанкі

100

У нашым раёне пражывае толькі тры чалавекі, якія размянялі другое стагоддзе. І ўсе трое – жанчыны. Сёлета стогадовы рубеж перасягнулі дзве нашы зямлячкі – гэта Аляксандра Лапушка і Вольга Рубан.

У Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь мы наведалі старажылаў, каб павіншаваць са стагадовым юбілеем, паслухаць іх расказы пра ўласнае жыццё, якое маладым пакаленнем беларусаў, іх унукамі і праўнукамі, успрымаецца як параграф з падручніка па айчыннай гісторыі.

“Я была шчаслівая з Сяргеем”

IMG_9505Каб сустрэцца з Аляксандрай Дарафееўнай Лапушка, выпраўляемся ў Казанск. Там яна нарадзілася, там пражыла ўсё жыццё. Праўда, цяпер, у сталым веку, дочкі забіраюць яе на зіму да сябе ў горад. Але вясной, як толькі сонца зганяе снег, яе сэрца рвецца ў родную вёску, дзе дыхаецца лягчэй і душа акрыяе.

Шмат падзей было ў жыцці жанчыны. І якіх больш, шчаслівых ці нешчаслівых, сёння яна ўжо і не вызначыцца. Усякае было. Дзяцінства і маладосць прыйшліся на цяжкія гады станаўлення савецкай улады на сяле. І ўсплываюць у памяці ўспаміны пра тое, як да вайны аднавясковец Сяргей Лапушка дражніў яе, казаў, што будзе яго жонкай. А ёй смешна было ад тых словаў, бо хлопец быў старэй на 11 гадоў, і яна ўспрымала яго, як дзядзьку. Ён і ў арміі паспеў адслужыць, працаваў потым у Калінкавічах. А яна жыла ў вёсцы, выйшла замуж за суседа Максіма Кабзара, нарадзіла дачку Надзею. І хто яго ведае, як далей склаўся б лёс маладой сям’і, каб не  ўмяшалася вайна.

Максім пайшоў на фронт, адкуль ужо не вярнуўся, а Аляксандра з Надзейкай і маці трапілі ў Азарыцкі лагер смерці. Тыф забраў у яе і дачушку, і маці. Яна і сама была ў гарачцы, але вайсковыя медыкі выхадзілі-выратавалі.

Калі вярнулася ў вёску, ад роднай хаты засталася толькі адна сцяна. Давялося туляцца па чужых людзях. Да тых пор, пакуль з фронта Сяргей Лапушка не вярнуўся. У ваеннай форме, з ордэнам і медалямі на грудзях. У 1946-м яны ажаніліся, нарадзілі чатыры дачкі і сына, пражылі ў згодзе і ладзе 37 гадоў. Для сям’і Сяргей Лапушка дом збудаваў, дзеці атрымалі адукацыю. Сяргей Андрэевіч і Аляксандра Дарафееўна выдалі дочак замуж, ажанілі сына, дачакаліся ўнукаў…

Яго няма ўжо столькі ж, колькі яны пражылі разам. Але ён глядзіць з партрэта ў хаце, якую некалі збудаваў, у ваеннай форме з ордэнам Славы і двумя медалямі “За адвагу” на грудзях. Углядаецца Аляксандра Дарафееўна ў партрэт, успамінае, як моцна муж любіў і шкадаваў дзяцей, як на яе ніколі слова дрэннага не сказаў, ні за што не ўпікнуў, быў такі добры. І раптам гаворыць: “Я была шчаслівая з Сяргеем”. А потым дадае: “Век праляцеў адным імгненнем. Калі тое і было? Здаецца, мы і не жылі, а толькі ўсё сабіраліся жыць”.

“Мы маглі ляжаць на дне той студні…”

IMG_9473На першы погляд, дык лёс Вольгі Іванаўны Рубан мала чым адрозніваецца ад лёсу Аляксандры Лапушкі. Можа, толькі нешчаслівых нотак на яе вяку было трошкі болей. Сёння яна жыве з дачкою Галінаю ў Калінкавічах. Але яе родная вёска – Ужынец. У Івана і Маланні Рубанаў выжылі толькі трое дзяцей – сын Аляксей, дочкі Мальвіна і Вольга. Жылі, як і ўсе, гаравалі. Іван Рубан быў мужчына талковы, старанны і працавіты, аднавяскоўцы яго паважалі. Дзецям сваім жадаў лепшага лёсу, а таму аддаў у школу.

Чатыры класы закончыла і Вольга. Вельмі добра памятае сваю школьную настаўніцу Ганну Міхайлаўну, дачку юравіцкага бацюшкі, строгую і патрабавальную. Успамін пра тое, як настаўніца лупіла дзяцей лінейкаю за нявывучаныя ўрокі, выклікае ў Вольгі Іванаўны настальгічную ўсмешку.

Яшчэ адзін радасны ўспамін звязаны з прастольным святам на Уздзвіжанне. Тады на Ужынцы праводзіўся кірмаш, і многа людзей з’язджалася з навакольных вёсак. А чаго толькі не мянялі і не прадавалі на тым кірмашы? Цэркаўка прыгожая стаяла ў вёсцы, і юравіцкі бацюшка айцец Міхаіл праводзіў святочную службу.

Магчыма, гэта адны з нямногіх шчаслівых успамінаў з той пары. Далей ужо было не так весела. Аднойчы бацька сказаў Вользе, што да яе сватаецца Пятро Танкевіч з Маклішчаў.

—Ты не глядзі, што ён рабаваты, затое на ўсе рукі масцяр, і на гармоніку грае, – успамінае Вольга Іванаўна сваё замужжа. – От я і пайшла.

Пятра гадавала цётка. Бацька пакінуў сына на яе рукі, а сам пайшоў у прымы ў Глінную Слабаду. Жылі яны ў маленькай цеснай хатцы, якую пазней накрылі чаротам. Калі падрос, выправіўся ў пастушкі. Зарабіў цялятка, якое трымалі ў хатцы. Калі Пятро і Вольга ажаніліся, пачалі жыць у той жа хатцы.

Але нядоўгім быў іх шлюб. Толькі шэсць гадоў і пажылі, нарадзілі дзве дачкі, Галю і Любу. Пятру было 26, як ён памёр. Пайшоў лавіць уюноў, налавіў цэлы мех, вяртаўся дахаты, упаў і ўдарыўся спіной. Ад таго стаў чахнуць і памёр.

Вольга з дзецьмі засталіся жыць з мужавай цёткай, якая дапамагала дзяўчынак на ногі ставіць. Пазней Вольга дагледзела да самай смерці мужаву цётку, якая пражыла 89 гадоў. Сама ж працавала ў калгасе.

—Свайго калхозу ў Маклішчы не было, а толькі ў Глінішчы, – успамінае Вольга Іванаўна. – Ездзілі туды за 12 кіламетраў. Некалі дзед Міхед, бацькаў бацька, пас авечкі ў Глінішчы, і яму плацілі воўнаю. Дак ён аддаваў тую воўну маці маёй.

Праца была ручная. Калі пачыналася жніво, жанчыны з калыскамі выпраўляліся ў поле каля Глінішча або ў Каранёўку, цэлымі днямі спіны не разгіналі. А як пачалася вайна, Вольга з дзецьмі вярнулася на Ужынец. Хутка высветлілася, што і гэта не самае бяспечнае месца.

—Бацька мой быў 1893 года, і яго забралі на вайну, – гаворыць Вольга Рубан. – Мы з ім развіталіся, моцна плакалі. Ішоў ён з другімі мужыкамі. Дак тыя мужыкі хутка вярнуліся, а наш бацька не вярнуўся, недзе прапаў.

Немцы ў вёсцы з’яўляліся рэдка. Але аднойчы яны ўстроілі сапраўдную аблаву. Гэта была карная аперацыя супраць партызан у чэрвені 1943 года “Веснавы карагод”.

—Думалі, паб’юць, – кажа жанчына. – І многіх пабілі. Але я з маці і дочкамі схаваліся ў лесе, адкуль нас выгналі, і нейкі бургамістр адправіў нас у Крышычы, падсяліў у хату. Аднойчы гаспадыня тае хаты прыйшла дай гаворыць маёй матцы: “Малання, выйдзі, глянь, ваша сяло гарыць”. Ой, Божа, сум-страх, сум-страх…

Толькі праз тры дні яны адважыліся цішком пайсці ў родную вёску. А калі прыйшлі, жахнуліся: замест хат – адны папялішчы. Як ні стараліся, але свайго селішча жанчыны не знайшлі – проста не пазналі. А як глянулі ў адну студню, не на жарт перапужаліся: немцы пакідалі туды забітых людзей.

—Там не толькі забітыя людзі былі, нашы і чужыя, але і свіней пастралялі і туды пакідалі, і рознымі рэчамі прыкідалі, – успамінае жудасную карціну Вольга Іванаўна. – І мы маглі ляжаць у той студні. Засталася толькі адна студня нячэпаная, чыстая. Колішняя. Яшчэ мая бабка казала, што гэтая студня ў сяле самая колішняя. Нічога не ўцалела, нават цэркаўку нашу спалілі.

Жыць давялося ў саламяным курані, а потым аказаліся ў Нябытаве. У хаце, у якой пасяліліся, быў нясцерпны холад. І дроў – ні паленца. Пазней да іх прыехаў дзядзька, матчын брат, прапанаваў забраць дзяцей…

Звыш сарака гадоў працавала Вольга Іванаўна ў калгасе. Жыла ў Маклішчы, потым у Ігната-Фабіянаўцы. Цяпер вось у Калінкавічы перабралася. Здаецца, можна было б і пажыць у сваё задавальненне, дык за дачку Галіну, якая ў мінулым годзе страціла любімага сына, Вольга Іванаўна вельмі перажывае. А ўвогуле ў жанчыны шэсць унукаў і сем праўнукаў.

З векавым юбілеем павіншаваць жанчын выправілася цэлае дэлегацыя. У Дзень незалежнасці да іх завіталі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Дзяргач, старшыня райсавета ветэранаў Мікалай Буцэнка, дырэктар ТЦСАН Ірына Шэкалян і старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Ала Зіновіч. Кветкі, падарункі, святочныя паштоўкі, віншаванні, частаванні… Жанчыны былі вельмі ўзрушаны, рады і ўдзячны, што пра іх не забываюць, клапоцяцца, адведваюць. А ці можна інакш ставіцца да ўласнай гісторыі, жывым увасабленнем якой з’яўляюцца Аляксандра Дарафееўна і Вольга Іванаўна.

Аляксандр Века.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.